Грамадства11

«Мне не далі жыцця — увесь час правяралі, трэціравалі». Былы палітвязень расказаў, чаму праз тры гады пасля вызвалення ўсё ж выехаў з Беларусі

Аляксей Раманаў — гомельскі актывіст і былы палітвязень, які меў інваліднасць 2-й групы праз анкалагічнае захворванне. Месяц таму Раманаў пераехаў з Гомеля ў Беласток, ратуючыся ад новых пераследаў. «Салідарнасць» распытала яго пра тое, што папярэднічала пераезду, а таксама як складваецца жыццё на новым месцы.

Аляксей Раманаў у Вільні. Фота з асабістага архіва

Суразмоўца расказвае, што ён выехаў з Беларусі 11 кастрычніка, пераначаваў у Вільні і ўжо 13-га чысла быў у Варшаве.

Што прымусіла выехаць? Лукашэнкаўскі тэрор — вось як яго апісвае былы палітвязень:

«Мне не далі жыцця — мяне ўвесь час правяралі, трэціравалі. Праводзілі самавольныя ператрусы, нічым не абгрунтаваныя. Мяне некалькі разоў затрымлівалі, месяц правёў у СІЗА за падпіску, па сфабрыкаваных артыкулах.

ІЧУ ў Гомелі быў цалкам забіты: было шэсць «палітычных» камер, у кожнай з якіх змяшчалася не менш за шэсць чалавек. Прэвентыўнага нагляду ў мяне афіцыйна не было, але іх гэта не хвалявала, таму што вы ўяўляеце пагрозу іхняй бяспецы — не дзяржаўнай, заўважце, а іхняй. Правяралі мяне некалькі разоў на тыдзень, і днём, і ноччу, ноччу маглі прыйсці два разы, проста здзекаваліся з мяне».

Раманаў быў адным з затрыманых 23 студзеня 2024 года, гэта значыць у сувязі з аказаннем харчовай дапамогі палітвязням і іх сем'ям у рамках ініцыятывы INeedHelp.

Аляксей згадвае, што тады сілавікі ўварваліся да яго дахаты а 6-й раніцы, як толькі празвінеў будзільнік. Суткі мужчыну дапытвалі ў КДБ, а затым за падпіску на «экстрэмісцкія матэрыялы» яму далі месяц арышту ў СІЗА: спачатку прысудзілі 15 сутак, а затым дадалі яшчэ 15.

Пазней Раманаў атрымаў штраф у памеры 800 рублёў, а таксама яго абавязалі «кампенсаваць» усе грошы, выдаткаваныя на прадукты, якія людзі купілі, каб дапамагчы яму. А нядаўна з'явілася новая пагроза, кажа ён.

«Мяне выклікалі ў Следчы камітэт па справе пра жанчын, якія дапамагалі палітвязням, і я таксама дапамагаў. Мне сказалі, што гэта сувязь з экстрэмісцкай арганізацыяй. Далі сігнал, што супраць мяне хочуць распачаць крымінальную справу, а СК папярэдзіў, што мяне могуць перавесці са сведкі ў абвінавачанага.

Спачатку я прыехаў у Варшаву, дзе мяне сустрэлі мясцовыя актывісты «Да волі». Мне дапамаглі, чым маглі, далі месца ў шэлтары, але на руках у мяне заставалася ўсяго 70 злотых. А потым мне патэлефанавалі дзяўчынкі з фонду Okno na Wschód і сказалі прыехаць да іх у Беласток — сказалі, што знойдуць мне і працу, і жыллё. Я прыехаў сюды і працую на заводзе ўжо амаль месяц. Мне падабаецца, і заробак добры — менш за тысячу еўра, але жыць можна», — дзеліцца суразмоўца «Салідарнасці».

Цяпер мэта мужчыны — атрымаць лекі, якія ён павінен пастаянна прымаць для падтрымання здароўя. Ужо знайшлі лекара, які зможа іх выпісаць, але, кажа Аляксей, грошай на лекі ў яго пакуль няма. А пасля цяжкай працы, прызнаецца Раманаў, яму фізічна цяжка яшчэ чымсьці займацца, тым больш што здароўе ў яго ўжо не тое.

Аляксей працуе на мясцовай мэблевай фабрыцы, дзе рэжа і пілуе дэталі для мэблі — ложкі, шафы. Калісьці ён вучыўся дрэваапрацоўцы, таму справа гэтая яму знаёмая.

Раманаў на фабрыцы ў Беластоку, дзе цяпер працуе. Фота з асабістага архіва

Экс-палітвязень таксама згадвае амаль тры гады, якія пражыў у Беларусі пасля вызвалення.

«Пасля вызвалення жыў вельмі цяжка, амаль нідзе не мог уладкавацца на працу. Калі не казаў, што я былы палітвязень, мяне маглі і ўзяць, але яны хутка пра гэта даведваліся. Цяпер на кожным дзяржпрадпрыемстве сядзіць сілавік, усё правярае, задае пытанні.

Неяк я ўладкаваўся на працу, была патрэба ў чалавеку, вось мяне і прынялі. А ў ІЧУ я сустрэў хлопца, які прыйшоў уладкоўвацца на працу, і там у яго папрасілі тэлефон ды знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія матэрыялы». І вось яны, ідэолаг і кадравік, адвезлі яго ў міліцыю, ён атрымаў 15 сутак.

Яны ператвараюць краіну ў канцлагер. 30 гадоў нас дурылі ідэалогіяй, якая засталася з часоў СССР, казалі, што ў нас сацыяльная краіна, але нічога сацыяльнага ў ёй няма. Яны стварылі краіну, каб жыць для сябе», — мяркуе Аляксей.

Пасля вызвалення Раманаву адмянілі 2-ю групу інваліднасці — спачатку панізілі да 3-й, а потым і зусім адабралі. Адпаведна, мужчына пазбавіўся пенсіі па інваліднасці, у якой ён так меў патрэбу, паколькі пасля нядаўняй аперацыі Раманаў выдаткоўваў на лекі каля 500 рублёў у месяц. Хоць гэтага было недастаткова: пенсія па 2-й групе інваліднасці была, успамінае раманаў, 350 рублёў, па 3-й — яшчэ менш.

Былы палітвязень таксама згадвае настроі ў краіне перад яго ад'ездам:

«Многія людзі ў Гомелі жывуць вельмі цяжка. Заробкі афіцыйна выраслі, але добра, калі чалавек атрымлівае тысячу рублёў. Прадукты, адзенне дарагія. Калі я прыехаў у Беласток, то не паверыў сваім вачам, тут усё значна танней. Куртка, якая ў Беларусі каштавала 300 рублёў, тут будзе каштаваць 300 злотых. Часам цэны адрозніваюцца ў разы».

Аляксей просіць пра дапамогу яму ва ўладкаванні на новым месцы (калі для вас гэта бяспечна).

Жыхары Польшчы могуць зрабіць мужчыну перавод праз аплатную сістэму BLIK, нумар +48731693106. А таксама можна перавесці грошы на карту: Банк Польскі PKO, 4251251357260808, ALIAKSEI RAMANAU, 10/29.

Каментары1

  • ekekek
    22.11.2024
    i так амаль усе былыя палiтвязнi

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа4

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

У Вільні пройдзе акцыя ў падтрымку Васіля Верамейчыка5

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага7

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа4

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцэра. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →