«Панікі няма. Ворагі хлусяць». Як асадаўская прапаганда рэагуе на перспектыву падзення ўласнага рэжыму ў Сірыі
Наратывы і спробы стварэння альтэрнатыўнай рэальнасці ў асадаўцаў вельмі падобныя на паводзіны расійскіх і лукашэнкаўскіх прапагандыстаў, калі тыя сутыкаюцца з неабходнасцю тлумачыць паразы Крамля ва Украіне. Аднак у цяперашніх рэаліях нават расійская прапаганда пасмейваецца над адчайным аптымізмам сірыйскай.
Пачнем з таго, што сірыйская ўрадавая прапаганда па прыкладзе расійскай і беларускай актыўна карыстаецца тэлеграмам і за апошнія гады займела там вялікую і разнастайную сетку каналаў, што належаць сірыйскім дзяржінфармагенцтвам, вайсковым і сілавым структурам, ваенкарам і гэтак далей (некаторыя сірыйскія прапагандысцкія рэсурсы маюць старонкі нават у «Аднакласніках»).
Тым часам асобныя праўрадавыя медыйныя эксперты, прадстаўнікі сістэмнай інтэлегенцыі і бачныя актывісты аддаюць перавагу фэйсбуку.
Падзеі апошніх дзён у Сірыі, калі паўстанцы з поўначы краіны імкліва займалі важныя буйныя гарады, вайсковыя базы і велізарныя тэрыторыі, што яшчэ нядаўна кантраляваліся рэжымам Башара Асада, шакавалі расійскіх прапагандыстаў і ваенкараў, прымусіўшы некаторых з іх рабіць прагнозы пра хуткі крах сірыйскіх уладаў.
А як рэагуюць самі асадаўцы? «Наша Ніва» разабралася ў пытанні і зрабіла падборку выказванняў сірыйскай прапаганды.
«Усё хлусня. Мы не адступаем»
Асноўныя сірыйскія дзяржаўныя тэлеканалы і радыёслужбы, такія як SANA, «Аліхбарыя», ORTAS (аналаг беларускай БТ), Sham FM і іншыя, ва ўнісон заяўляюць пра нібыта захаванне кантролю над тэрыторыямі, якія былі захоплены паўстанцамі, пра нібыта адсутнасць панікі на месцах і нават пра нібыта ўцёкі апазіцыйных сілаў пад націскам урадавых войскаў.
У дадатак да гэтага сірыйская дзяржаўная прапаганда паказвае кадры «спакойных вуліц» Дамаска і іншых гарадоў (частка з якіх ужо актыўна штурмуецца паўстанцамі) і сцвярджае, што ўсе замежныя рэсурсы, акрамя дзяржаўных, расійскіх і іранскіх, «паказваюць фэйкі».
Вось як гэта выглядае (праз убудаваны ў тэлеграме пераклад на беларускую мову).
«На ўскраіне Дамаска дзейнічае вельмі моцнае ачапленне, і ніхто не можа яго прарваць», — піша сёння ўвечары дзяржаўнае агенцтва SANA са спасылкай на кіраўніцтва МУС Сірыі.
У той жа час адзін з буйных расійскіх ваенкараў назваў допіс SANA «тупой камічнай заявай», напісаўшы пра ўваходжанне сірыйскіх паўстанцаў у паўднёвыя прыгарады сірыйскай сталіцы.
«Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што РФ працягвае падтрымліваць сірыйскую армію ў ліквідацыі тэрарыстаў і выступае супраць спробаў «Хаят Тахрыр аш-Шам» [адна з груповак паўстанцаў] змяніць баланс сіл на месцы», — цытуе Лаўрова сірыйскі дзяржаўны тэлеканал «Аліхбарыя».
Пры гэтым канал прамінуў той факт, што Лаўроў падчас прэс-канферэнцыі назваў сілы паўстанцаў «законнай апазіцыяй».
Тым часам афіцыйны тэлеграм-канал канцылярыі прэм'ер-міністра Сірыі сёння днём піша пра тое, што сірыйская армія кантралюе паўднёвую частку Сірыі і нікуды не выводзіла адтуль свае сілы, называючы паведамленні і відэазапісы заходніх СМІ і паўстанцаў «фэйкамі».
Сцвярджэнні канцылярыі прэм'ера тут жа выпадкова абвяргаюцца дзяржаўным агенцтвам ORTAS, аднак тое заяўляе, што сірыйская армія не адступае з поўдня краіны, а «ажыццяўляе натуральную перадыслакацыю і разгортванне ў адпаведнасці з планамі і загадамі вайскоўцаў» (а перад гэтым у папярэднім допісу паказвае кадры з вуліц паўднёвага горада Дэр'а, дзе «ўсё спакойна»)
Па версіі каналаў, блізкіх да сірыйскага Мінабароны, сітуацыя таксама выглядае кантраляванай і аптымістычнай.
Адзін з іх са спасылкай на вайсковае камандаванне піша, што «наша доблесная армія працягвае праводзіць свае якасныя аперацыі супраць груповак тэрарыстаў у кірунках гарадоў Хама, Хомс і паўночнай сельскай мясцовасці Дэр'а, у выніку чаго тэрарысты гінуць сотнямі, дзясяткі транспартных сродкаў і машын знішчаныя, як і іх штабы, склады зброі і боепрыпасаў».
Канал да таго ж публікуе фатаграфію старэйшага сына прэзідэнта Сірыі Башара Асада Хафеза Аль-Асада, якое было нібыта зроблена сёння ўвечары ў Дамаску (сам 23-гадовы Хафез Аль-Асад яшчэ некалькі дзён таму абараняў дысертацыю ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце).
А вось як выглядае актуальная карта баявых дзеянняў у Сірыі, паводле расійскіх ваенкараў (чырвонае — тэрыторыя пад кантролем урада, зялёнае — паўстанцы). Сталіцу Дамаск з усіх бакоў бяруць у абцугі.
Каментары
- Гэта не Асад
- Гэта не швабра
- Дупа не яго
- Гэта новы від мэдытацыі, карысны для здароўя!