Культура11

У Нацыянальным мастацкім музеі выстава да 120‑годдзя Андрэя Бембеля, заснавальніка беларускай школы скульптуры

Ён стварыў Курган Славы і мемарыял «Брэсцкая крэпасць-герой», а яго алегарычная скульптура, якая прапануе ўзяць вянок славы творцам, вянчае сам музей.

Бюст Янкі Купалы працы Бембеля. Фота: БелТА

30 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася юбілейная выстава «Андрэй Бембель. Шляхамі эпохі».

Выстава прымеркаваная да 120‑годдзя з дня нараджэння народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара, скульптара і ўдзельніка Другой сусветнай вайны Андрэя Ануфрыевіча Бембеля (1905 — 1986).

Адкрыццё адбылося ў дзень яго нараджэння — сімвалічны жэст ушанавання асобы, якая пакінула глыбокі след у гісторыі беларускай культуры.

Майстар эпохі

Андрэй Бембель за працай. Фота: тэлеграм-канал «Сапраўдны БДУКМ» / БДАКФФД

Асоба Андрэя Бембеля — адна з самых значных у гісторыі беларускай скульптуры XX стагоддзя. Ягонае імя непарыўна звязана з фармаваннем нацыянальнай школы скульптуры, якую ён фактычна стварыў пасля вайны.

Больш за 30 гадоў ён прысвяціў выхаванню маладога пакалення ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), двойчы ўзначальваў Саюз мастакоў БССР, абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Ягоныя манументальныя творы, прасякнутыя героіка-грамадзянскім зместам і ўзнёслай рамантычнасцю, сталі неад’емнай часткай візуальнай памяці Беларусі.

«Працы Андрэя Бембеля — гэта частка нашага культурнага кода», — падкрэсліла падчас адкрыцця першы намеснік дырэктара музея па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце Вікторыя Кузьміна. 

Шляхамі жыцця і творчасці

Выстава ахоплівае творчы шлях Бембеля з 1940‑х па 1980‑я гады — ад ваенных гадоў да позніх прац. У гэты час Бембель стварыў свае найвядомейшыя творы: гарэльеф «9 Мая 1945 года» на Мануменце Перамогі, статую «Беларусь сацыялістычная» перад павільёнам БССР на ВДНГ, Курган Славы і мемарыял «Брэсцкая крэпасць-герой», а таксама партрэты Янкі Купалы і Адама Міцкевіча. 

Скульптура «Слава» працы Бембеля вянчае галоўны будынак музея. Фота: CityDog
Частка экспазіцыі, прысвечаная скульптуры «Слава» і іншым жаночым вобразам у творчасці скульптара. Фота: тэлеграм-канал «Сапраўдны БДУКМ»

Адзін з твораў Андрэя Бембеля таго часу, можна сказаць, заўсёды прысутнічае ў «пастаяннай экспазіцыі» музея. Гэта яго алегарычная скульптура «Слава» — жаночая постаць з вянком у руцэ, які нібыта працягвае наведвальнікаў, вянчае атык галоўнага корпуса Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Мадэль алегарычнай скульптуры «Радзіма-маці» — жанчыны з вянком на галаве, якая трымае сноп, устаноўленай на вежы павільёна Беларусі на ВДНГ у Маскве. Фота: тэлеграм-канал «Сапраўдны БДУКМ»

Прадстаўленыя на выставе скульптуры паходзяць са збору Нацыянальнага мастацкага музея і калекцыі сям’і — унучкі Таццяны Бембель і праўнучкі Веры.

Экспазіцыю дапаўняюць архіўныя дакументы і фотаздымкі з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, а таксама з Літаратурнага музея Петруся Броўкі і архіваў БелТА.

Бюст Янкі Купалы працы Бембеля. Фота: БелТА

Побач з творамі самога Бембеля — партрэты мастакоў, створаныя ягонымі калегамі, жывапісныя, графічныя і скульптурныя работы з фондаў музея і Саюза мастакоў, а таксама захаваныя творы першай жонкі майстра — скульптаркі Вольгі Дзядок.

У экспазіцыйнай прасторы можна пачуць радыёперадачы і паглядзець відэафільмы пра Бембеля з фондаў Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.

Скульптурныя партрэты працы Бембеля. Фота: тэлеграм-канал «Сапраўдны БДУКМ»

Куратарка Анастасія Карнейка тлумачыць, што выставачны праект паказвае не толькі станковыя, «камерныя» творы мастара, але і разгорнуты погляд на яго жыццё і эпоху:

«Андрэй Ануфрыевіч мысліў маштабна. Ён быў скульптарам-манументалістам, які стварыў аб’екты, значныя не толькі для Беларусі, але і для ўсяго Савецкага Саюза».

Настаўнік і заснавальнік нацыянальнай школы

Народны мастак Беларусі Іван Місько, вучань і калега Бембеля, назваў яго «заснавальнікам беларускай школы скульптуры». Менавіта Бембель, паводле яго слоў, стварыў у пасляваенныя гады нацыянальны скульптурны цэх і сваю ўласную педагагічную традыцыю: «Мы ўсе ўдзячныя Андрэю Ануфрыевічу за тое, што ён у цяжкі час стварыў тую школу, якая існуе і цяпер. Кафедра скульптуры Акадэміі мастацтваў — гэта ягоная асабістая заслуга».

Місько прапанаваў увекавечыць імя Бембеля ў гарадской тапаніміцы Мінска, назваўшы адну з вуліц у яго гонар.

Скульптурныя партрэты працы Бембеля. Фота: БелТА

Іншы народны мастак, Уладзімір Слабодчыкаў, згадаў Бембеля як «неардынарную асобу з вялікім адчуваннем гумару» і «крыніцу шматлікіх анекдотаў, якія дагэтуль жывуць у мастацкім асяроддзі». Ён падкрэсліў, што да Бембеля як такой акадэмічнай школы скульптуры ў Беларусі не існавала.

Юбілейная выстава «Андрэй Бембель. Шляхамі эпохі» будзе працаваць выставачным корпусе музея (вул. К. Маркса, 24) да 14 снежня.

Фотаздымкі Андрэя Бембеля. Фота: тэлеграм-канал «Сапраўдны БДУКМ»

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • нашай беларускай школы скульптуры нашмат больш за 120 год.
    11.11.2025
    "120‑годдзя Андрэя Бембеля, заснавальніка беларускай школы скульптуры"

    што за совковыя казкі, зайшоў на стараноку нашага нац. музэя artmuseum, і бачу : “Two Bishops. 18th Century Statues after Restoration” , нашай беларускай школы скульптуры нашмат больш за 120 год.

Цяпер чытаюць

Пачобут паразважаў, ад чаго залежыць будучыня Беларусі1

Пачобут паразважаў, ад чаго залежыць будучыня Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

На гарадзішчы пад Карэлічамі знайшлі рэшткі абарончай сцяны XVI стагоддзя

У Баранавічах заўважылі дарожны знак з фільма жахаў ВІДЭА2

У расійскай калоніі затрымалі ката-наркакур'ера9

Навукоўцы прымацавалі відэакамеры да найбуйнейшых рыб у свеце і даведаліся пра іх шмат цікавага1

Са схемы дастаўкі дызелю для аграрыяў выключылі чыгунку2

Лукашэнка правёў новыя прызначэнні сярод генералаў7

Сталі вядомыя падрабязнасці крушэння мотадэльтаплана пад Мінскам7

Фірма Modum захоўвала на складах Wildberries у Электрасталі і Катоўску траціну сваёй касметыкі17

Паглядзелі тую самую «Адысею» — якім выйшла самае спрэчнае кіно года46

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пачобут паразважаў, ад чаго залежыць будучыня Беларусі1

Пачобут паразважаў, ад чаго залежыць будучыня Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць