Свет11

Балсанару пачаў адбываць 27‑гадовы тэрмін па справе аб спробе перавароту

Вярхоўны суд Бразіліі ў аўторак распарадзіўся, што былы прэзідэнт Жаір Балсанару павінен пачаць адбываць турэмны тэрмін па справе аб спробе перавароту, бо палітык вычарпаў усе магчымасці абскарджання прысуду, пiша Бі-бі-сі.

Фота: Eraldo Peres / AP

Балсанару, прысуджаны да 27 гадоў і трох месяцаў зняволення, будзе адбываць пакаранне на тэрыторыі штаб-кватэры Федэральнай паліцыі ў сталіцы краіны Бразіліа, куды быў дастаўлены на мінулым тыдні.

Як паведамляюць бразільскія СМІ, 70‑гадовы Балсанару знаходзіцца ў невялікай камеры плошчай 12 кв. м, у ёй ёсць тэлевізар, невялікі халадзільнік і кандыцыянер.

Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю на яго прысуд у пачатку гэтага месяца, а ў аўторак пастанавіў, што прысуд з'яўляецца канчатковым.

Балсанару быў асуджаны ў верасні, пасля таго як яго прызналі вінаватым у змове з мэтай перашкодзіць Луісу Інасіу Луле да Сілве ўступіць на пасаду прэзідэнта пасля выбараў 2022 года.

Пракуроры заявілі, што змова правалілася толькі з-за адсутнасці падтрымкі з боку вышэйшага вайсковага кіраўніцтва.

Балсанару знаходзіўся пад хатнім арыштам у жылым комплексе ў Бразіліа, але ў мінулыя выхадныя быў змешчаны пад варту, паколькі ўлады палічылі яго схільным да ўцёкаў.

Як гаварылася ў рашэнні суддзі Вярхоўнага суда Бразіліі Алешандрэ дэ Мараеса, затрыманне было неабходна ў якасці прэвентыўнай меры ў сувязі з тым, што Балсанару спрабаваў пашкодзіць электронны бранзалет на шчыкалатцы, а ягоны сын Флавіа заклікаў да публічнай акцыі пратэсту каля дома, дзе жыў экс-прэзідэнт.

Дэ Мараес заявіў, што былі прыкметы таго, што Балсанару мог паспрабаваць збегчы падчас гэтай акцыі. Па словах суддзі, паблізу ад жылога комплексу знаходзіцца пасольства ЗША, і палітык мог мець намер атрымаць там палітычны прытулак.

Балсанару прызнаў, што пашкодзіў электронны бранзалет паяльнікам і заявіў, што падобныя паводзіны былі наступствам прыёму лекаў. Спробу ўцёкаў ён адмаўляў.

Раней адвакаты былога прэзідэнта звярнуліся ў Вярхоўны суд з просьбай дазволіць яму адбыць увесь тэрмін зняволення пад хатнім арыштам з гуманітарных меркаванняў.

Яны прасілі дазволіць Балсанару пакідаць свой дом для візітаў да лекара, заявіўшы, што іх кліенту патрабуецца рэгулярнае лячэнне. У аўторак суддзя дэ Мараес распарадзіўся забяспечыць Балсанару кругласутачны медыцынскі догляд.

Пасля візіту да Балсанару ў аўторак яго сын Карлас апісаў бацьку як «надзвычай слабога і псіхалагічна разбітага» чалавека.

«Ён вельмі мала есць — чалавек, які ведае, што не здзяйсняў злачынства, не можа лічыць гэта нармальным», — цытуе яго AFP.

Балсанару, які быў прэзідэнтам Бразіліі з 2019 па 2022 год, неаднаразова сцвярджаў, што невінаваты і з'яўляецца ахвярай палітычнага пераследу.

Каментары1

  • цыкада
    26.11.2025
    в мире вообще мало мест где царит демократия, а так одни политические интриги, но в Бразилии хотя бы тепло

Цяпер чытаюць

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё18

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё

Усе навіны →
Усе навіны

Затрыманага ў Грузіі беларуса выслалі ў Арменію, дзе яго таксама затрымалі2

Чаму ў Японіі няма сметніц, але на вуліцах усё роўна чыста13

Па студэнцкіх інтэрнатах у Мінску правялі раптоўны рэйд з аўчаркай7

Хакеры атакавалі інфармацыйную сістэму МУС Літвы, у якой захоўваліся звесткі пра іншаземцаў2

Сабаленка памералася брыльянтавымі пярсцёнкамі з жонкай Крышціяну Раналду12

На рэндарах — адно, у рэальнасці — іншае. Жыхары мінскага «Паўночнага берага» збянтэжаныя выглядам свайго двара15

Васіль Хамутоўскі цяпер працуе трэнерам у клубе «Дынама-БДУФК»

Bloomberg: Трамп прапанаваў Зяленскаму правесці сустрэчу з Пуціным у Маскве21

Пасля поціску рукі Зяленскаму Трамп зрабіў дзіўны знак. Сацсеткі зашумелі ВІДЭА17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё18

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць