Здароўе1212

Як доўга можна прымаць антыдэпрэсанты?

Антыдэпрэсанты з'яўляюцца аднымі з самых распаўсюджаных прэпаратаў і часта становяцца для людзей выратаваннем у крызісныя моманты. Але пасля палягчэння непазбежна паўстае пытанне: ці трэба працягваць піць таблеткі гадамі і што гэта азначае для арганізма? Гэтыя пытанні журналісты The New York Times задалі прафесійным псіхіятрам.

Фота: Kostiantyn Postumitenko / Vecteezy.com

Як адзначае выданне, сітуацыя ўскладняецца тым, што нават праз дзесяцігоддзі пасля з'яўлення сучасных прэпаратаў на рынку навукоўцы маюць мала звестак пра наступствы іх працяглага ўжывання. Рэгулятары давалі дазвол на выкарыстанне лекаў, абапіраючыся на выпрабаванні працягласцю ўсяго некалькі месяцаў, а клінічныя рэкамендацыі даволі размытыя і не вызначаюць аптымальную колькасць часу, цягам якога іх варта прымаць.

Вось што кажуць эксперты пра тое, як вызначыць, калі прыйшоў час спыніцца, а калі варта працягваць лячэнне.

Што варта ўлічваць пры прыняцці рашэння

Псіхіятры падкрэсліваюць, што рашэнне працягваць або спыняць прыём лекаў лепш за ўсё прымаць сумесна з доктарам. Гэта індывідуальны працэс, які залежыць ад сімптомаў, дакладнага дыягназу, рэакцыі арганізма на прэпарат і наяўнасці пабочных эфектаў.

Аднак эксперты адзначаюць, што часта такія абмеркаванні проста не адбываюцца. Дактары працягваюць выпісваць антыдэпрэсанты пацыентам з нізкай рызыкай рэцыдыву па інерцыі, што з'яўляецца праблемай.

Хоць многія пабочныя эфекты знікаюць па меры прывыкання арганізма, некаторыя з іх — напрыклад, павелічэнне вагі і сэксуальная дысфункцыя — могуць захоўвацца доўга. Часам гэта прыводзіць да таго, што пацыенты адчуваюць штучную стабільнасць і хочуць спыніць прыём, нават насуперак парадам тэрапеўтаў.

Рэкамендацыі па тэрмінах

Для лячэння вялікага дэпрэсіўнага расстройства, згодна з клінічнымі рэкамендацыямі, прапануюць прымаць лекі да таго часу, пакуль пацыенты не адчуюць сябе «амаль як раней». Пасля гэтага важна працягваць лячэнне яшчэ як мінімум ад чатырох да дзевяці месяцаў, каб замацаваць выздараўленне. Даследаванні паказваюць, што занадта ранняе спыненне тэрапіі павялічвае верагоднасць рэцыдыву.

Пасля гэтага перыяду пацыенты могуць працягваць прыём лекаў яшчэ на адзін-два гады — гэта называецца падтрымліваючай тэрапіяй.

Такія рэкамендацыі заснаваныя, у тым ліку, на даследаваннях, дзе параўноўвалі рызыку рэцыдыву ў людзей, якія працягвалі прымаць антыдэпрэсанты, і тых, хто іх спыніў: у другой групы дэпрэсія вярталася часцей. Гэты падыход замацаваны, напрыклад, у рэкамендацыях Амерыканскай псіхіятрычнай асацыяцыі і Канадскай сеткі па лячэнні дэпрэсіі і трывожных разладаў.

Тры фактары для доўгатэрміновага прыёму

Пры разглядзе пытання аб доўгатэрміновым выкарыстанні дактары звычайна ацэньваюць некалькі ключавых фактараў.

Па-першае, працягласць і частата хваробы. Калі ў чалавека дэпрэсія доўжылася два гады і больш або здаралася некалькі дэпрэсіўных эпізодаў, верагоднасць іх паўтарэння значна ўзрастае.

Па-другое, цяжкасць захворвання. Улічваецца, ці трапляў пацыент у бальніцу, ці меў цяжкасці з функцыянаваннем у паўсядзённым жыцці і ці даводзілася падбіраць шмат прэпаратаў, перш чым знайсці эфектыўны. Цяжкае захворванне прадугледжвае доўгае лячэнне.

Па-трэцяе, эфектыўнасць. Калі лекі працуюць, але застаюцца рэшткавыя сімптомы, працяг тэрапіі часта мае сэнс для прадухілення «рызыкі ўспышкі».

Таксама варта памятаць, што антыдэпрэсанты выкарыстоўваюцца для лячэння трывожнасці, нервозу дакучлівых станаў (абсесіўна-кампульсіўнага разладу), посттраўматычнага стрэсу і хранічнага болю. Для гэтых праблем доўгатэрміновае лячэнне часта неабходнае.

Складанасці адмены пасля працяглага выкарыстання

Даных пакуль недастаткова, але некаторыя даследаванні паказваюць, што працяглы прыём можа выклікаць моцныя сімптомы адмены. Прыкладна кожны шосты чалавек, які спыняе прыём антыдэпрэсантаў, сутыкаецца з непрыемнымі наступствамі, такімі як галавакружэнне, стомленасць і адчуванне «электрычных разрадаў» у галаве, парушэнне сну, трывожнасць.

Для прыкладна аднаго з 35 пацыентаў гэтыя сімптомы становяцца вельмі цяжкімі, настолькі, што чалавек не даходзіць да поўнай адмовы і вяртаецца да лекаў. Спецыялісты падкрэсліваюць: каб паменшыць рызыку, дозу трэба змяншаць паступова, па распрацаванай з доктарам схеме.

Ці ёсць небяспека для фізічнага здароўя?

Адказ на гэта пытанне пакуль што не адназначны. Некаторыя назіральныя даследаванні сведчаць пра тое, што антыдэпрэсанты ў цэлым бяспечныя, але фармацэўтычныя кампаніі не фінансавалі даследаванні па іх выкарыстанні цягам дзесяцігоддзяў.

Эксперты адзначаюць: улічваючы велізарную колькасць людзей, якія прымаюць гэтыя лекі (каля 11% дарослых у ЗША), калі б існавалі крытычныя праблемы, іх было б цяжка не заўважыць.

Тым не менш прэпараты не пазбаўленыя рызык. Некаторыя з іх звязаныя з павышэннем ціску, сардэчнага рытму і халестэрыну, зніжэннем узроўню натрыю і рызыкай утварэння тромбаў. Нядаўняе даследаванне навукоўцаў з Даніі выявіла, што людзі, якія прымалі лекі ад аднаго да пяці гадоў, мелі больш высокую рызыку смерці ад сардэчных захворванняў. Аднак незразумела, ці вінаватыя ў гэтым лекі, ці сама псіхічная хвароба.

Нягледзячы на патрэбу ў дадатковых даследаваннях, псіхіятры падкрэсліваюць: любыя магчымыя мінусы доўгатэрміновага лячэння трэба заўсёды параўноўваць з рызыкамі яго адсутнасці. Дэпрэсія, якая не лечыцца, павялічвае рызыку суіцыду, пагаршае працу сэрца і іншых органаў, разбурае адносіны і кар’еру.

Каментары12

  • Опрос
    14.12.2025
    Жмите красное, если антидепрессанты вам помогли.
    Жмите черное, если не помогают и побочек слишком много.
  • цыкада
    14.12.2025
    скоро пока сытые, но подлые ябатьки сами антидепрессанты пачками глотать будут
  • Žvir
    14.12.2025
    Padobnyja pytanni nie pavinny abmiarkoŭvacca na nieprafesyjnych resursach. Adkaz pavinny davać doktar, jaki naziraje i viadzie pacyjenta i viedaje ŭsie niuansy kankretna jaho vypadku praciakannia chvaroby.
    Takija artykuły mohuć naškodzić. Niaŭžo nie zrazumieła ?

Цяпер чытаюць

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў8

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

У «Мінск-Свеце» ў наступным годзе плануюць перастаць будаваць жыллё2

Пуцін: Расія зойме свае гістарычныя тэрыторыі24

У сувязі з нападам школьніка на вучняў у Падмаскоўі ўзмацняюць меры бяспекі ў школах Беларусі2

«Кожны рух яму даецца няпроста, але ён не здаецца». Унуку Рыгора Кастусёва трэба дапамога

У Гомелі адбыўся выбух у кватэры

Выхаванцы школы-інтэрната просяць Дзеда Мароза падарыць ім шторы, пасцелю і абутак4

ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць расійскай нафты, калі Расія адхіліць мірнае пагадненне1

Вызваленыя палітвязні едуць з Украіны ў Варшаву34

Алесь Бяляцкі расказаў, чаму праваабаронцы ў разгар рэпрэсій вырашылі не пакідаць краіну4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў8

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць