Вы марылі пра гэтыя месцы гадамі, разглядаючы ідэальныя фота ў сацсетках, але пры асабістай сустрэчы яны часта аказваюцца суцэльным расчараваннем. На жаль, не кожная славутасць вартая таго, каб праціскацца да яе праз натоўпы іншых турыстаў. Выданне The Telegraph склала рэйтынг самых пераацэненых славутасцяў Еўропы, каб вы ведалі, чаго варта пазбягаць, каб не сапсаваць сабе адпачынак.

Балкон Джульеты ў Вероне
Спіс адкрывае знакаміты балкон у Вероне. Хоць Шэкспір, хутчэй за ўсё, ніколі не бываў у гэтым італьянскім горадзе, тысячы людзей штодня збіраюцца пад каменным выступам, які прыбудавалі да сярэднявечнага дома толькі ў 1930‑х гадах. Больш за тое, за магчымасць паглядзець на гэты сімвал літаратурнай фікцыі і дакрануцца да статуі Джульеты (створанай увогуле ў 1970-х) турыстам даводзіцца плаціць каля 12 еўра.

Лестэр-сквер
Аўтар артыкула Роб Кросан апісвае Лестэр-сквер у Лондане як адно з самых стрэсавых месцаў брытанскай сталіцы. Гэта зона суцэльнай камерцыі, сумнеўнай ежы і дробнай злачыннасці. Журналіст іранізуе, што гэта месца падобнае на Лас-Вегас, якім кіруе дырэктар лаўкостэра Ryanair. Ён раіць турыстам як мага хутчэй з'ехаць адтуль у сапраўдны, жывы Лондан — напрыклад, у Брыкстан ці Далстан.
Unwind and rejuvenate on your Icelandic travels at the Blue Lagoon. https://t.co/9VFSaqootx pic.twitter.com/WhpRTY9WiP
Блакітная лагуна ў Ісландыі
Трэцяе месца ў рэйтынгу расчараванняў займае Блакітная лагуна. Як сцвярджае аўтар артыкула, замест геатэрмальнай казкі вы атрымліваеце «атмасферу залы чакання аэрапорта, пагружаную ў брудную ваду». Па словах аўтара, шчыльнасць людзей такая высокая, што гэта нагадвае «чалавечы суп», і гэта зусім не спрыяе рэлаксацыі, на якую спадзяюцца людзі, купляючы дарагія квіткі.

Камень Бларні
Чарговым пунктам у спісе стала ірландская славутасць — камень Бларні. Стагоддзямі людзі караскаюцца па вузкіх лесвіцах замка, каб павіснуць уніз галавой і пацалаваць гэты вільготны камень, веручы ў легенду пра дар красамоўства. Насамрэч, як лічыць аўтар, гэта выдатны маркетынгавы ход, які прыдумалі гіды яшчэ ў XVIII стагоддзі. Цяпер жа гэта проста самы негігіенічны кавалак скалы ў свеце. Як сцвярджае Кросан, пасля пацалунку вы будзеце ўвесь астатак адпачынку думаць не пра прыгажосць Ірландыі, а пра тое, ці не падхапілі вы монануклеоз.

Рыпербан у Гамбургу
У спіс патрапіў таксама знакаміты раён «чырвоных ліхтароў» Гамбурга. На погляд аўтара, ён даўно страціў сваю багемнасць і дух часоў маладога Джона Ленана. Сёння ён выглядае як танная сталовая, якую захапіла аматарская каманда па рэгбі. Замест легендарных клубаў тут месцяцца аднолькавыя піўныя і сумнеўныя стрыптыз-бары. Роб Кросан заўважае, што праз 15 хвілін прагулкі па гэтай вуліцы вам захочацца вярнуцца ў гатэль.
Малыя памеры — вялікае расчараванне
У спіс пераацэненых славутасцяў таксама трапілі два знакамітыя сімвалы еўрапейскіх сталіц.

Пісаючы хлопчык. Гэтую 50‑сантыметровую фігурку, якая трывала асацыюецца з Брусэлем, лёгка наогул не заўважыць. Кросан жартуе: калі вы падключыце садовы шланг да гнома ў сваім двары, вы атрымаеце той жа эфект, але без выдаткаў на паездку.

Русалачка ў Капенгагене. Сімвал Капенгагена выглядае вельмі маленькім і адзінокім на фоне прамысловага пейзажу порта. Турысты, якія выходзяць з аўтобусаў, часта дранцвеюць ад здзіўлення: «І гэта ўсё?» Зрабіць фота без чужых галоў у кадры амаль немагчыма. Як заўважае аўтар, больш «дацкім» досведам было б схадзіць у супермаркет і сфатаграфаваць пачак бекону.

Мона Ліза ў Луўры. Замест мастацтва — чарговая праверка на вынослівасць. Вы будзеце бачыць шэдэўр Леанарда да Вінчы праз лес рук са смартфонамі ўсяго некалькі секунд, пакуль натоўп не выцісне вас далей.
Венецыя і Шатландыя: ілюзія рамантыкі і геаграфіі

Яшчэ адна папулярная забава, ад якой Кросан раіць адмовіцца, — прагулка на гандоле па Венецыі. Як ён сцвярджае, за 90 еўра вы атрымаеце не рамантыку, а 30 хвілін у водным заторы. Гандальер, хутчэй за ўсё, будзе не спяваць, а перакрыквацца з калегамі ці заляцацца да іншых турыстак. Замест рамантычнага падарожжа ў цішыні, з усіх бакоў чуваць галасы іншых турыстаў, якія імкнуцца зафіксаваць сваю паездку на смартфоны.

Антырэйтынг завяршае шатландскі пасёлак Джон-О'Гротс, які аўтар называе самай недарэчнай славутасцю з усіх магчымых. Уся канцэпцыя гэтага месца — суцэльная хлусня: насуперак папулярнаму перакананню, яно ніколі не было самым паўночным пунктам вострава Вялікабрытанія. Гэты тытул насамрэч належыць мысу Данэт-Хед, размешчанаму за некалькі кіламетраў побач.
Тых турыстаў, якія ўсё ж вырашаць наведаць гэты «абавязковы» пункт праграмы, чакае сумная «ўзнагарода»: звычайная паркоўка, непазбежна жахлівая сувенірная крама і грамадская прыбіральня. Раней за фота з указальнікам нават бралі грошы, цяпер жа гэта «задавальненне» стала бясплатным.
Каментары
недоумение неўразуменне , -ння
(изумление) здзіўленне , -ння
(растерянность) збянтэжанасць , -ці , разгубленасць , -ці