Неверагодная гісторыя пра дабрыню: каб забраць хворую дзяўчынку з маці, ва Украіне цягнік зрабіў прыпынак па-за раскладам
Усё пачалося з адчайнага звароту маці ў сацыяльнай сетцы Threads да «Укрзалізніцы». Праз моцныя снегапады вёска апынулася ў блакадзе, а дзяўчынцы трэба было тэрмінова трапіць на абследаванне ў сталічную бальніцу «Ахматдыт».

«Трэба 12.01.2026 патрапіць на цягнік 772О Хмяльніцкі — Кіеў-Пасажырскі з хворым дзіцем, трэба патрапіць у «Ахматдыт» (скарочана ад «Ахова мацярынства і дзяцінства». — НН). Квіткі маем на заўтра 12.01.2026 на 11:00, выезд з Хмяльніцкага.
На жаль, мы жывём у пасёлку, і праз маразы ды завіруху нас няма каму з дачушкай адвезці да цягніка. Ці магчыма, каб цягнік 772O зрабіў прыпынак на станцыі Коржыўцы Хмяльніцкага раёна? Дачушка ляжачая, 7 гадоў, дачка зніклага вайскоўца, квіткі ў нас у першы вагон, 5‑е і 7‑е месцы», —
звярнулася Ірына Уласенка да Украінскай чыгункі 11 студзеня ў 17:49.
Пазней у Threads жанчына патлумачыла, што жыве ў пасёлку Лазавое каля станцыі Коржыўцы. Ад іх да Хмяльніцкага 28 кіламетраў напрамую, у аб’езд — 40 кіламетраў. Праз снегапады замяло дарогі: «Па вёсцы прачышчана аграфірмай ад чыгуначнага пераезда да царквы і ад пераезда да пагорка, але ў адным месцы занадта высока, і аўтамабілі садзяцца «брухам», і іх потым цягне трактар».
Стан маці быў блізкі да панікі:
«Калі мне а 17:00 паведамілі, што не змогуць адвезці да цягніка, я напісала ў вясковую групу — і цішыня. Я сядзела з камяком у горле 40 хвілін».
Па словах жанчыны, яна не толькі пакінула паведамленні ў Threads, але і тэлефанавала на гарачую лінію Украінскай чыгункі.

А пачатку дзявятай гадзіны вечара жанчына атрымала смс ад Украінскай чыгункі:
«Мы спынім цягнік у Коржыўцах. Але могуць быць затрымкі». Жанчыне параілі адсочваць актуальную інфармацыю на сайце.
Таксама Ірыне адказала лакаматыўная брыгада цягніка ў Threads:
«Так, мы зробім прыпынак на станцыі Коржыўцы для вашай пасадкі. Трымайцеся, мы з вамі. Жадаем здароўя дзіцяці».
«Калі мне адпісалі, што спыняць цягнік, я расплакалася. Я шукала людзей не толькі з вёскі, а і з горада, хто б мог прыехаць ды адвезці. Знайшоўся чалавек, які ўжо быў гатовы ахвяраваць сваім адпачынкам перад зменай (дарэчы, таксама работнік «Укрзалізніцы»), але прыпынак цягніка на хвілінку — гэта самае лепшае рашэнне. Я бязмежна ўдзячная», — напісала Ірына.
На наступны дзень Ірыне паведамілі, што цягнік будзе на станцыі ў 11:21.
«Мы зрабілі гэта за дзве хвіліны… Шчыра дзякуем, мы ў цягніку. Вы неверагодныя. Лакаматыўная брыгада, вы цудоўныя людзі. Моцнага вам здароўя і мірнага неба. Сябры па Threads, і вам мы вельмі ўдзячныя. Асабліва Вікуся», —
паведаміла шчаслівая жанчына ўсім тым, хто хваляваўся за яе.
На пытанне, ці ёсць каму сустрэць іх у Кіеве, Ірына адказала:
«Кума нас забярэ і адвязе адразу ў «Ахматдыт», бо ў яе, на жаль, няма святла, вады, цяпла, і жыве яна аж на 15‑м паверсе. Шчыра спадзяюся, што хутка ўсё вернецца да нормы, наш нязломны народ».
Дачка Ірыны атрымала траўму сем месяцаў таму ў дзіцячым садку. Пасля няўдалага лячэння ў Хмяльніцкай абласной дзіцячай бальніцы развіўся астэаміэліт — інфекцыйна-запаленчае захворванне, пры якім паражаюцца касцявы мозг, касцявая тканка і надкосніца.

Як тлумачыць Ірына, у бальніцы яе дачцэ будуць рабіць МРТ, па выніках якога вырашаць, ці можна зняць спецыяльны каўнер з шыі. А сама малеча марыць аб тым, каб «хоць трохі пасядзець ці ўстаць».
Наконт бацькі дзяўчынкі Ірына напісала:
«Тата зараз на ўсходзе. Так сталася, што ў дачушкі два таты: адзін біялагічны, які знік сем месяцаў таму на вайне, а другі па сэрцы і душы — таксама вайсковец».
Карыстальнікі Threads не хаваюць свайго захаплення як маці, так і Украінскай чыгункай:
«Божа, неверагодна! Вы малайчына, што адважыліся, не пасаромеліся папрасіць аб дапамозе дзеля дачушкі, што знайшлі спосаб, як вырашыць праблему. Вы моцная. Няхай дачушка як мага хутчэй выздараўлівае. На жаль, у маім асяроддзі ёсць людзі, якія толькі і скардзяцца на тое, як усё вакол ва Украіне дрэнна, ніколі не шукаюць магчымасці вырашыць праблемы самастойна, ім усе вінаватыя штосьці пастаянна. Укрзалізніца, вы ў каторы раз даказалі сваю чалавечнасць, дзякуем».
«Пасля такіх пастоў я разумею… Гэты свет яшчэ можна выратаваць!!»
«Божа, як прыемна чытаць такія навіны. Няхай ваша дзіця будзе здаровае, а Укрзалізніцы — нізкі паклон».
«Укрзалізніца, вы малайцы, неверагодны ўчынак, дзякуй ад усіх украінцаў. Так мала трэба для шчасця — усяго толькі прыпынак на некалькі хвілін, і няхай увесь свет пачакае! І ведаеце, мы ўсе верылі, што ў Ірыны і ў вас усё складзецца!!!!»
Каментары
Тое, што напісаў ты - гэта вядомы дэмамагічны прыём пад назвай "Анектадычнае сведчанне" (Anecdotal Evidence). Калі бярэцца выпадак і выдаецца за тэндэнцыю.