Мова1010

«Узяць лахі пад пахі». А што такое лахі?

Выраз «лахі пад пахі» чуў ці ўжываў пэўна кожны беларус. Але не кожны ведае, а што ж гэта за такія загадкавыя лахі і ў якіх сітуацыях іх бяруць пад пахі.

Анатоль Вайцяхоўскі, узяўшы лахі пад пахі, вяртаецца ў Беларусь, каб зняцца ў прапагандысцкім фільме «Уцёкі дадому». Скрыншот відэа

Слова «ла́хі» ў беларускай мове абазначае старое, паношанае адзенне, рыззё, абноскі. Часта яно ўжываецца ў зборным значэнні — як абазначэнне наогул усяго небагатага скарбу, пажыткаў, часам з выразным адценнем пагарды ці іроніі. 

«Эх ты, Лейба Яхніч!.. Новага кажуха не знасіў за век. І дзеці твае носяць старыя лахі. Твае абноскі», — так пісаў у рамане «Світанне» беларускі пісьменнік Аркадзь Чарнышэвіч.

Слова гэтае — множналікавае і не мае формы адзіночнага ліку (прынамсі ў літаратурнай норме), гэтак жа як нажніцы ці штаны, хоць у дыялектах беларуская мова дэманструе зайздросную разнастайнасць слоў, утвораных ад таго ж кораню. 

Так у Круглянскім раёне на Магілёўшчыне можна пачуць слова лахады́р'е, утворанае ад «лахі» і «дзірка», якім грэбліва называецца старое, парванае адзенне. У Глускім раёне ўжываюць слова лахты́р.

На Палессі, у Нараўлянскім раёне анучы і лахманы называюць лахала́ткай (параўнайце з украінскім лахолата), утвораным пры спалучэнні са словам латка. А скарочаным варыянтам, лыха́ткай, там жа называюць мачалку.

У некаторых варыянтах карнявое а перайшло ў э: лэхі ды ле́хі на Гродзеншчыне і нават лэхтар, як называюць вынашаную падраную адзежыну ў ваколіцах Лагойска.

Паходжанне слова «лахі»

Карані слова «лахі» сягаюць углыб стагоддзяў і звязваюць нас з агульнаеўрапейскай моўнай спадчынай. Польскі славіст Францішак Слаўскі паказвае, што слова паходзіць ад паўночна-праславянскага lachъ, якое азначала 'лахман, ануча'.

Яно, у сваю чаргу, роднаснае старажытнагрэчаскаму λακίς (lakis), утворанамі ад дзеяслова λακίξω (lakizo) 'дзяру', і лацінскаму lacer — 'падраны, разарваны на кавалкі'.

Такім чынам, першапачатковае значэнне слова звязана з нечым падраным, пашкоджаным, старым. Гэтае слова добра вядомае і нашым суседзям: ва ўкраінскай мове ёсць лах, лахи, у польскай — łach, у чэшскай — lach, у літоўскай — lãkatas 'анучка, абрэзак'. 

Дарэчы вытлумачэнне слова лахі праз слова лахманы мае пэўныя складанасці, бо апошняе паходзіць ад таго ж паўночна-праславянскага lachъ: lachmanъ утварылася пры дапамозе суфікса ‑manъ. Тым жа чынам ад слова рыззё ўтварылася слова рызман, ад сукна — сукман, і, відаць, ад слова дурны — дурман. 

Цікава, што слова лахманы і яго шматлікія формы прадстаўлены ў многіх рускіх дыялектах, але пераважна тых, што мяжуюць з арэаламі беларускіх і ўкраінскіх гаворак — у цвярскіх, смаленскіх, варонежскіх, пскоўскіх гаворках, а таксама разанскіх гаворках. А вось лахаў у рускай мове няма нідзе.

Назву няскончанай карціны La Scapigliata, якая прыпісваецца Леанарда да Вінчы, па-беларуску можна было б перакласці і як Лахудра. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ адно добра вядомае слова з тым жа коранем — лаху́дра. Так называюць неахайнага, апушчанага ці дрэнна апранутага чалавека, непрычасаную жанчыну. Яно было ўтворана пры словаскладанні з derti ’абадранец’. А вось сугучнае слова лаханда́, як называюць легкадумную жанчыну, якая многа і хутка гаворыць, навукоўцы выводзяць з зусім іншага праславянскага слова laxati.

Чаму выраз гучыць так

Фразеалагізм «(узяць/браць) лахі пад пахі» мае некалькі адценняў, але ўсе яны звязаны з хуткім і рашучым перамяшчэннем, часта вымушаным.

Па-першае, гэта значыць сабраць небагатыя пажыткі і выбірацца. Часта ўжываецца, калі чалавек вымушаны пакінуць месца жыхарства ці працы, часам не па сваёй волі або ў пошуках лепшай долі. 

«Не цеш сябе, хлопча, марнымі надзеямі, а лепш паціхеньку бяры лахі пад пахі і выбірайся», — пісаў Якуб Колас у сваёй трылогіі «На ростанях».

«Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, — я ўжо ў садзе пад акном буду на цябе чакаць. Ты аконца адчыні, лахі пад пахі, ды скакель з хаты ў сад, як пятух!», — пісаў Янка Купала ў «Паўлінцы».

Па-другое, выраз можа азначаць імклівыя ўцёкі, калі трэба «браць ногі ў рукі». Сяргей Грахоўскі ў аповесці «Рудабельская рэспубліка» апісваў такую сітуацыю:

«Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу».

Сяргей Бяспалаў і Сцяпан Пуціла ўцягаюць ад міліцыянта ў кліпе «Кот» гурта «Дай Дарогу!»

Чаму «пад пахі»? Таму што калі ў чалавека мала рэчаў, тых самых лахаў, ён можа проста схапіць іх у ахапак, пад пахі і пайсці, не абцяжарваючы сябе цяжкімі куфрамі ці, сёння, валізкамі з дабром. Гэта вобраз беднага вандроўніка або ўцекача, які гатовы сарвацца з месца ў любы момант — вобраз, які сёння вельмі зразумелы многім беларусам. 

Так што, калі жыццё прымушае вас нешта мяняць, не бойцеся «браць лахі пад пахі» — гэта стары і правераны спосаб пачаць усё спачатку, галоўнае зрабіць гэта раней, чым вас «павядуць пад белыя ручанькі».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары10

  • Žvir
    21.02.2026
    Dyk mo i anhielskaje slova luggage taho ž starasłavianskaha pachodžannia ? Jość padabienstva, praŭda ? I ŭ značenni taksama jość padabienstva.

    P.S. A łachudra tam pryhožaja, na malunku. I čamu jana łachudra ?
  • выходзіць цалкам Давальны
    21.02.2026
    утвораных ад таго ж кораню. ?

    корань м. НВ корань, кораня, кораню, коранем, корані; мн. НВ карані, каранёў, караням, каранямі, каранях
  • Што можна зрабіць?
    21.02.2026
    З-за мяжы не набагата больш зробіш, а дабрабыт наладжваць у расеі рад бокам гэта латарэя.

Цяпер чытаюць

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнт Фінляндыі расказаў, якія пасланні ад Украіны перадаў Пуціну падчас размовы з ім3

Амерыканец два месяцы насіў у кашальку латарэйны білет, не ведаючы, што ён выйграў мільён

У мінскім метро расказалі, што рабіць у выпадку падзення на рэйкі

На пратэстах у Германіі людзей было не вельмі шмат, але давялося прымяняць вадамёты і пярцовы газ7

У верасні беларусы паставілі рэкорд па крэдытах на жыллё1

Кампанія супраць Хэлоўіна мае далёкасяжныя мэты25

На «Варшаўскім мосце» хтосьці кінуў ката. Гаспадар знік, на польскім баку прыняць жывёлу не могуць ФОТАФАКТ3

Калісьці тут жылі мільёны. Лазерныя тэхналогіі раскрываюць маштаб загінулай цывілізацыі Амазоніі3

«Дзіяна выпіла шэсць бляшанак энергетыку і папрасілася за руль». Дэталі катастрофы ў Вілейскім раёне, дзе загінула трое маладзёнаў12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць