Стала вядома, чаго хацеў чалавек, які ўчора падпаліў сябе ў цэнтры Варшавы
Грамадзянін Украіны, які напярэдадні падпаліў сябе каля прэзідэнцкага палаца ў Варшаве, патрабаваў, каб у Польшчы да ўкраінцаў ставіліся гэтаксама, як да палякаў. Пра гэта стала вядома выданню Fakt.

Паводле інфармацыі польскіх СМІ, мужчыну завуць Эдвард, яму 22 гады, ён вучыцца ў Варшаўскім політэхнічным універсітэце. Да прэзідэнцкага палаца ён прыйшоў з заплечнікам, у якім былі лёгкаўзгаральная вадкасць і дакументы.
Перад самападпалам мужчына меў пры сабе транспарант або аркуш паперы, на якім, імаверна, выклаў прычыны свайго пратэсту. Аднак дакладны змест гэтага паслання пакуль невядомы.
Украінец атрымаў сур'ёзныя траўмы: апёкі твару, шыі, верхніх канечнасцяў і тулава. Яго адзенне цалкам згарэла. Калі мужчыну забірала хуткая дапамога, ён яшчэ быў прытомны. Пацярпелага даставілі ў Вайскова-медыцынскі інстытут у Варшаве.
26 лістапада раніцай прэс-сакратар бальніцы Марыюш Гірэй пацвердзіў выданню Fakt, што мужчына жывы.
Самападпал адбыўся ўвечары 25 лістапада на плошчы паміж прэзідэнцкім палацам і будынкам Міністэрства культуры Польшчы.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны раней заявілі, што з высокай верагоднасцю пацярпелы з'яўляецца грамадзянінам Украіны. Польскі бок праводзіць працэдуры для канчатковага пацвярджэння ягонай асобы.
Каментары