Культура

Цырульнік і пісьменнік Сяргей Календа: «Ёсць людзі, якія кажуць: «Пасля такой кнігі я б не пайшоў да вас стрыгчыся»

Пісьменнік і цырульнік Сяргей Календа ў інтэрв’ю «Салідарнасці» распавёў пра эміграцыю, сіндром адкладзенага жыцця і свае ўлюбёныя справы.

Сяргей, як вы прадстаўляецеся чалавеку, які вас не ведае: пісьменнікам ці цырульнікам?

— Па-рознаму. Частка людзей прыходзіць да мяне па паслугі цырульніцкія, частка ведае як літаратара. Ёсць стасункі, калі людзі могуць і абмяркоўваць кнігі са мной, і стрыгчыся. Мне калісьці спадабалася, калі на «Радыё Свабода», здаецца, напісалі фразу «стыліст-пісьменнік». Падумаў, што добра пасуе — дзве мае галоўныя справы ў жыцці.

— У вашым Інстаграме пазначана, што вы вучыліся цырульніцкаму мастацтву ў Лондане, Венецыі, Празе і Рызе, а як літаратар — у Германіі, Швецыі, Латвіі, Літве і Чэхіі.

— Так, гэта адны з маіх галоўных стыпендыяльных праграм.

— Ці можна навучыцца пісаць кнігі? Ці ўсё ж такі з гэтым талентам чалавек нараджаецца?

— Складанае пытанне. Яно такое ж вечнае ў літаратуры, як і жыццё. Ёсць класныя кнігі, якія пішуць пісьменнікі, якія мэтанакіравана вучыліся літаратурнаму пісьму. А ёсць пісьменнікі-самавучкі, якія цудоўна пішуць, маюць пачуццё мовы.

У мяне зараз пачалася літаратурная праграма — і мне здаецца, я больш нічога ізноў не ведаю, не ўмею. Жыццё паказвае, што недастаткова мець жаданне пісаць, але і вялікі стос працы за гэтым павінен стаяць.

Пасля таго як выйшла ваша кніга Стрыжэ і піша, заснаваная на рэальных гісторыях жыцця, ці не перасталі вашы кліенты і кліенткі ў цырульні давяраць вам свае таямніцы, распавядаць пра сябе асабістае?

— Не, збольшага з'явіліся жарты сярод кліентаў кшталту: «Слухай, я прачытаў апавяданне, ты ж так не зробіш?». Я кажу: «Не, гэта ж літаратура». То бок наадварот, ёсць кліенты, якія могуць збіраць наўмысна нейкія гісторыі, каб распавесці.

Сама кніга таксама складаецца не толькі з майго асабістага вопыту, але і з гісторый іншых майстроў-цырульнікаў, з аповядаў людзей, якія чулі нейкую гісторыю. Гэта такое радыё, якое штосьці транслюе на розных сваіх хвалях, і ты іх проста круціш, штосьці знаходзіш для сябе, занатоўваеш.

Калі я пераехаў у Вільню, змянілася асяроддзе, іншыя гісторыі з'яўляюцца. Але кожны раз, з'язджаючы ў іншую краіну, ты ўсё роўна знаходзіш тое атачэнне, якое табе патрэбнае. І яно часта нічым не адрозніваецца ад папярэдняга.

Ёсць тыя людзі, якія выказваліся: «Пасля такой кнігі я б не пайшоў там да вас стрыгчыся». Я кажу: «Ну і добра, значыць мы не пасуем адно аднаму». Я выдаў кнігу не дзеля таго, каб з чагосьці пакпіць. Я назбіраў па шчырасці тое, што рэальна можа адбывацца ў гэтым жыцці, у прафесіі.

— Ці адрозніваюцца кошты на паслугі ў мінскіх і віленскіх цырульнях?

— Ва ўсім свеце ўсё аднолькава. Ёсць сегменты салонаў дарагіх, сярэдняга класу і танныя. Можна за пяць даляраў дзе хочаш пастрыгчыся ў падвале, а можна ў гатэлі ў спа-цэнтры за 50 еўра.

Дзесьці, напрыклад, будзе 10% VIP-салонаў дарагіх, а ў іншым буйным горадзе такіх салонаў будзе 50% ад агульнай колькасці. Усё залежыць ад колькасці кліентаў, якія здольныя плаціць за такія паслугі.

У гэтай прафесіі майстар сам абірае, куды яму рухацца. Хтосьці можа з залатымі рукамі застацца на ўзроўні пяць еўра за стрыжку. І ён будзе пакутаваць — па-першае ад кліентаў, бо іх будзе шмат, па-другое — як паказвае практыка, чым танней стрыжка, тым больш у цябе будзе з'яўляцца незадаволеных кліентаў.

Але самае важнае, што я заўважыў — ёсць сегменты кліентаў, якіх можна структураваць па адпаведных паводзінах, культурных зносінах, працах, поглядах, субкультурах і гэтак далей. І на кожнага з іх знойдзецца адпаведны майстар. Напрыклад, той, які будзе працаваць толькі з людзьмі, якім патрэбен камфорт у жыцці.

Яны прыходзяць, каб атрымаць не толькі стрыжку і мыццё галавы, але і масаж галавы падчас мыцця альбо нейкую дадатковую паслугу. Але гэта ўсё павольна, спакойна.

Ёсць, напрыклад, «бізнэс-кліент», з якім трэба быць вельмі акуратным, далікатным і хуткім, асабліва з такімі кліентамі не гутараць.

Больш за ўсё я люблю кліентаў, якія называюцца «трэндсэтары» (trendsetter — чалавек, брэнд або супольнасць, якія першымі ўкараняюць, папулярызуюць і фармуюць новыя тэндэнцыі ў модзе, тэхналогіях, стылі жыцця або культуры, — С.). З імі можна прыдумляць штосьці новае. 70-80% працы цырульніка — гэта тое, што ён кожны дзень робіць.

З трэндсэтарам ты пачынаеш згадваць, што ў цябе таксама ёсць месца на працы для мастацтва, для выбуху чагосьці новага, цікавага. І з імі ты адкрываеш нейкія новыя межы ў гэтым бязмежжы творчасці.

Ёсць кліенты, якіх я называю «бія-кліенты». Для іх самае галоўнае — гэта хімічны складнік фарбы, стайлінга, шампуняў. Гэта людзі, якія імкнуцца прыбраць як мага больш кепскага ў сваім жыцці, пачынаючы з таго, што яны ўжываюць.

— Вернемся да вашай другой справы жыцця літаратуры. Ваш сын Томас стаў галоўным героем кнігі для дзяцей, якую вы напісалі. Раскажыце, калі ласка, як гэта адбылося. І што адчуваў ваш сын, калі выходзілі кнігі пра яго?

— У мяне з'явіўся «дзіцячы» перыяд у жыцці, як ва ўсіх бацькоў. Кожны дзень я чытаў дзіцячыя кніжкі. За першы год жыцця сына ў мяне назапасілася некалькі дзясяткаў кніг — Андэрсан, браты Грым… Зразумела, што я гэта фільтраваў, бо калекцыя братоў Грым была без цэнзуры ў першых выданнях, і зразумела, не ўсё можна прачытаць дзіцёнку. Калі пачаў адкрываць для сябе больш падрабязна свет дзіцячых кніг, зразумеў, што мяне гэта вельмі моцна зацягвае і ўражвае. Мы кожны вечар чытаем. А дзявятай вечара пачынаецца — і ўсё, і панеслася.

Чытаю сыну адаптаваную кнігу — «Дон Кіхота». Калі вучыўся ва ўніверсітэце, для мяне ён быў рыцар сумнага вобразу. А цяпер я па-іншаму на яго гляджу і разумею, наколькі ён усё ж такі хоць і недарэка, але вельмі моцна адлюстроўвае чалавечае жыццё. Вось гэтыя спробы змагацца і быць рыцарам там, дзе табе не вераць і лічаць вар'ятам.

…Мы з Томасам прыдумалі некалькі казак. Аднойчы ўвечары сын мне кажа: «Мы з табой прыдумалі новую казку, давай яе запішам».

Я кажу: «Ну добра, можна зрабіць кнігу казак». Ён на мяне глядзіць і кажа: «Але трэба, каб яна добра прадавалася». І я зразумеў, наколькі ў нас розныя пакаленні. Маё пакаленне расло рамантыкамі: напісаць кніжку — выказаць свае эмоцыі, думкі. А тут падыход просты і прагматычны: пісаць будзем так, каб яна прадавалася.

Першая гісторыя ў кнізе Хлопчык Томчык з'явілася пасля адпачынку ў Егіпце, калі Томас пастаянна плакаў. Мы прыдумалі гісторыю, у якой плакала ўсё на свеце: і мора, і пустыня, і афіцыянты. Томас кажа: «І валізы плакалі». — «Так, і валізы плакалі». У такім узросце дастаткова за дзіцёнкам назіраць, каб ствараць кнігі дзіцячыя. 

Томас сталеў — з'явілася другая кніга, з больш дарослымі гісторыямі. Цяпер яму шэсць, і ў мяне ўжо гатовая апошняя трэцяя кніга — «Хлапчанё Том». Пачатак школы — мяжа, калі дзіцёнку становіцца няёмка расказваць, што пра яго выйшлі кніжкі.

Першую кніжку сын у садочку ўсім паказваў, насіў з сабой, расказваў. Калі выйшла другая кніжка, мяне запрасілі распавесці пра сваю прафесію, і я прыйшоў у школу да сына, не папярэдзіўшы, што вазьму кнігу. Я заходжу, ён на мяне глядзіць: «О-о… О не…»

І вось усё, я ўжо разумею, што прэзентацыі трэцяй кнігі пра Томаса я не зраблю ў ягоным класе. Заканчваецца перыяд, калі гэта было весела і цікава. То бок ён будзе рады, калі кніга выйдзе, але не захоча яе нікому паказваць.

Сын пытаўся, як прадаецца кніга?

— Некалькі разоў Томас за ўвесь гэты час пытаўся: «Як прадаецца?» Я кажу: «Нармальна». — «А колькі?»

Разумею, што стане дарослым, можа сказаць: «Так, тата, а дзе мае працэнты?» Адкажу яму, што аформіў на яго спадчыну. 

Сяргей, раскажыце гісторыю вашага ад'езду з Беларусі ў Вільню. Калі вы ўвогуле зразумелі, што заставацца больш не можаце ці не хочаце?

— З 2018 года складвалася так, што мы з жонкай шмат падарожнічалі і думалі пра тое, дзе хацелі б жыць.

2020 год падштурхнуў нас да таго, каб мы пачалі больш дзейнічаць у гэтым кірунку. Калі пачаліся пратэсты, мы захацелі застацца — удзельнічаць, назіраць, што адбываецца, не з'язджаць. Ну а потым, ведаеце, глядзіш на дзяцей, на сваю сям'ю і разумееш, што табе хочацца іншага жыцця. Больш спакойнага.

24‑га лютага падштурхнула нас да ад’езду. Мы не з'язджалі з думкамі, што пакідаем Беларусь назаўжды. Вырашылі паехаць паглядзець. Сустрэліся з сябрамі, якіх не бачылі ўжо даўно.

Цяпер наш старэйшы сын вучыцца ў сёмым класе гімназіі Скарыны. У яго сваё атачэнне, футбольная каманда, сябры. Томас там заканчвае нулявы клас. Наша жыццё тут прарастае каранямі ўсё глыбей і глыбей. І я бачу тут сябе таксама. 

Успамінаю сябе падлеткам у сярэдзіне 90‑х — не было магчымасці ні на падарожжа, ні на што. У нас была бедная сям'я, бацька на заводзе працаваў.

Калі мне было 12 год, праз пратэстанцкую царкву, у якую хадзілі бацькі, а я наведваў нядзельную школу, мяне адправілі летам на цэлы месяц у Шатландыю. Калі я вярнуўся, у мяне моцна змяніўся светапогляд. Я зразумеў, што мне недастаткова Мінска і Беларусі.

Тады я вучыўся ў школе з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і марыў патрапіць у Лондан. Такая магчымасць з’явілася праз некалькі год, калі пасля ўдзелу ў цырульніцкім конкурсе мяне запрасілі ў Лондан на працу ў франшызу Toni&Guy. Пасля я шмат падарожнічаў, жыў у розных краінах.

Для мяне свабода і магчымасць быць там, дзе я хачу, вельмі важная. Я не магу застацца ў краіне, якая пад санкцыямі і за жалезнай заслонай.

Таму я вельмі рады, што магу адкрыць зараз сайт, набыць квіток у Нідэрланды і паляцець. Гэта вельмі важнае такое адчуванне жыцця і напоўненасці жыцця. Я ніколі не пажадаю сваім дзецям трапіць у краіну, дзе яны нічога не змогуць. Будуць раніцай прачынацца, ісці ў школу, пець гімн, атрымліваць урокі ідэалогіі. Ніводная дыктатарская краіна не прымае, калі людзі шмат разважаюць і зашмат разумныя.

Як увогуле на вас эміграцыя паўплывала? Ці не было ў вас «сіндрому адкладзенага жыцця», калі ты не набываеш рэчы, таму што думаеш, што неўзабаве вернешся дадому?

— Даўно да гэтага крытычна стаўлюся. Гэта ідыятызм. Сыркі ці згушчонка не тая — ідзе гэта ўсё да сракі. Тут ёсць іншыя рэчы нашмат смачнейшыя і цікавейшыя. А сумаваць па радзіме можна па-рознаму. Можна чакаць вяртання, а можна жыць сваё адзінае жыццё. І ў гэтым плане я нашмат прасцей, аптымістычней гляджу на эміграцыю. Можа быць, праз тое, што я шмат дзе пажыў.

Чаго мне не хапае — гэта з'ездзіць да мамы на могілкі. Я згубіў на радзіме надзел зямлі, на якім хацеў будаваць лецішча. Але адначасова я разумею, што калі буду за гэта пастаянна чапляцца думкамі, то я не буду жыць. У мяне сапраўды будзе адкладацца жыццё. А гэта зрабіць я не магу, бо ў мяне ёсць сям’я, сабака. І што мне куды адкладаць? Я хутчэй буду прыглядацца і развіваць жыццё тут. 

Калі мы толькі прыехалі — гэта звычайнае для кожнага чалавека неразуменне абставін, дзе што знаходзіцца. Але з часам ты кожны дзень пазнаеш штосьці новае. Ты заходзіш на новую вуліцу, адкрываеш яе для сябе.

Тое самае можна рабіць і ў Мінску. Можна падумаць, як быццам кожны з нас, хто з'ехаў са свайго горада ў Беларусі, ведае яго як свае пяць пальцаў. Не. Для цябе такі ж незнаёмы твой родны горад, дзе ты нарадзіўся, як і незнаёмая Вільня. Бо ты не можаш цалкам спазнаць ніводзін горад, ніводную прастору. І трэба жыць тым жыццём, якое ёсць тут і цяпер.

Я больш за ўсё хачу ведаць, што ў маёй сям'і адбываецца, а не біяграфію і жыццё Трампа. Вельмі шмат у прасторы шуму, які замінае табе прыслухацца да сваіх думак і жаданняў. Адкладаць грошы альбо планы на будучыню — гэта марнае жыццё.

Нядаўна раптоўна памёр Раман Цымбераў, малады выдавец. Нічога не прадвяшчала. Мы з ім бачыліся некалькі тыдняў таму…

Так што жыць, адкладаючы жыццё, — гэта вельмі неразумна.

— Вы не так даўно пісалі ў Facebook пранікнёны пост, поўны адчаю, дзе казалі, што ў вас вялікае расчараванне літаратурай, бо вы прайшлі праз хейт, не адчувалі ніякай падтрымкі, і таму не маеце жадання займацца той справай, ад якой фанацелі. А цяпер вы шукаеце карэктара для сваёй новай кнігі. Што дае вам сілы і натхненне працягваць? І хто ў ваш талент верыў і працягвае верыць?

— Гэта я напісаў яшчэ перад Новым годам, каб закрыць тое, што мяне турбуе. Часам я такое практыкую — пагутарыць з кімсьці, не толькі з самім сабой. Я атрымаў вельмі моцную падтрымку. ПЭН-цэнтр мяне падтрымлівае. Мне напісалі асабіста і пісьменнікі, і выдаўцы. Некалькі лістоў атрымаў ад чытачоў з Амерыкі і Канады. «Ты зусім здурэў, нам усё падабаецца, пішы далей» — такі быў пасыл. І я адчуў у сабе моц, каб працягваць далей.

Калі вы знаходзіце час на літаратуру? Праца, сям'я, жыццё ў эміграцыі — гэта шмат высілкаў патрабуе.

— Пакуль не з'явілася сям'і, я працаваў так: кожны дзень пісаў пяць старонак. Потым забываўся на іх. Праз месяц-два знаходзіў тэкст, рэдагаваў. У мяне была наладжаная праца — штогод выходзіла кніжка альбо было шмат публікацый у розных часопісах. А калі з'явілася сям'я, часу на творчасць паменела, і я пачаў яго знаходзіць у такіх прамежках, дзе ў мяне ёсць гадзінка-дзве на дзень штосьці напісаць ці пачытаць. Ідэальны час — сёмая-восьмая гадзіна раніцы і да дванаццаці.

— Сяргей, што робіць вас шчаслівым?

— Простыя рэчы. Нядаўна з'ездзіў з Томасам у Берлін. Шчаслівы я быў, калі набыў бутэльку халоднага піва. То-бок я не магу сказаць, што радуюся закатам. Я радуюся таму, што, бывае, за дзень штосьці адбываецца прыкольнае. Можа парадаваць кліент, які прыйдзе і распавядзе, што адбылося ў яго за месяц, пакуль не бачыліся. Я потым тыдзень магу радавацца гэтай гісторыі. Вось так адбываецца.

Замовіць кнігі Сяргея Календы можна тут:

«Хлопчык Томчык»

«Хлопец Томас»

«Стрыжэ і піша»

Некаторыя кнігі можна слухаць:

«Мімікрыя»

«Падарожжа на край ложка»

«Часам панкі паміраюць»

«Балтыйскія шкарпэткі» можна слухаць у прыкладанні «Кніжны Воз», тут спасылка на pdf.

Замовіць кнігі і часопіс можна праз Patreon.

Каментары

Цяпер чытаюць

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі

Усе навіны →
Усе навіны

«Я не хаджу ў суд, мяне носяць у кайданках». Ліст Алеся Пушкіна да Валянціна Стэфановіча з-за кратаў 2

Новы альбом Мадонны ўзначаліў брытанскі хіт-парад

Надакучылі восы? Адвадзіць іх дапаможа звычайны папяровы пакет

Іспанія вырвала перамогу ў Бельгіі і выйшла ў паўфінал чэмпіянату свету4

Трамп загадаў разбамбіць Іран у выпадку сваёй гібелі6

Амерыканскія сенатары ўзгаднілі законапраект аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі з Белым домам2

Гомель накрыла залева ВІДЭА

Памёр Юры Качук3

У Мінску закрываецца этнакрама «Рагна»6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі

За «экстрэмісцкія» падпіскі пры праверцы на мяжы больш не саджаюць на суткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць