Грамадства66

Хто жыве ў лукашэнкаўскім эксперыментальным пасёлку побач з прапагандыстам Турам?

Недалёка ад Мінска будуецца катэджны пасёлак Новая Аколіца, які Лукашэнка асабіста праінспектаваў і дазволіў узводзіць там «па-гаспадарску». Выданне «Люстэрка» даведалася, каму дасталіся ў ім участкі. Сярод навасёлаў — прапагандыст, начальнік мінскай ДАІ і супрацоўнік сталічнага крымінальнага вышуку.

Забудова ў Новай Аколіцы. Фота: stroykonkurs.by

«Ідзі і будуй па-гаспадарску»

Асаблівасць Новай Аколіцы ў тым, што дамы там будуюць 12 розных дзяржпрадпрыемстваў. Пабудовы адрозніваюцца паміж сабой: ёсць драўляныя, цагляныя, газасілікатныя. У публікацыях гэта месца называлі «грандыёзным будаўніцтвам» паводле «амбіцыйнага плана»: усяго там збіраюцца ўзвесці больш за 200 малапавярховых дамоў на тэрыторыі амаль у 50 гектараў.

У 2023 годзе будоўлю наведваў Аляксандр Лукашэнка. Ён сцвярджаў, што асабіста ініцыяваў праект і дазволіў віцэ-прэм'еру Анатолю Сіваку дзейнічаць паводле свайго меркавання: «І я яму сказаў: ідзі і будуй па-гаспадарску, так, як ты палічыш патрэбным».

Лукашэнка наведвае будаўніцтва Новай Аколіцы. Фота: прэс-служба палітыка

Палітыку тады расказалі, што ў Новай Аколіцы забудоўшчыкі спрабавалі зрабіць будоўлю таннейшай і паскорыць будаўніцтва прыватных дамоў, называючы цану ў 2400 рублёў за квадратны метр. Праўда, заміналі «бюракратычныя перашкоды», праз якія выніковы кошт дома атрымліваўся вышэйшым. Лукашэнку прапанавалі «ўнесці змены ў наяўныя нарматыўныя прававыя акты, каб прыбраць гэтыя недахопы», — той, відаць з усяго, пагадзіўся.

Палітык дзяліўся, як прыклаў руку да праекта: асабіста папрасіў зрабіць пад'язныя дарогі з бетону, а не з асфальту. Яшчэ адна «інавацыя»: на вуліцах унутры забудовы прадугледжаны аднабаковы рух, а грузавы і тэхнічны транспарт можа ездзіць толькі па ўскраіне тэрыторыі. Па фота з пасёлка можна разгледзець, што паміж дамамі няма агароджаў, таксама не відаць гаражоў і навесаў для аўто.

Фота: mlyn.by

Прапагандыст, кіраўнік ДАІ і начальнік крымінальнага вышуку

Цяпер частка катэджаў у Новай Аколіцы ўжо гатовая. «Люстэрка» атрымала ад крыніцы дакументы пра іх уладальнікаў, а пры дапамозе ініцыятывы «Кіберпартызаны» сабрала пра іх звесткі.

Яшчэ ў лютым 2025 года дом у Новай Аколіцы набыў прапагандыст АНТ Ігар Тур, які пазней з тэлеэкрана тлумачыў беларусам, як правільна працаваць, каб зарабляць. Інтэр'еры ягонага катэджа так часта з'яўляліся ў сацсетках, што журналісты «Нашай Нівы» змаглі па фота нават вылічыць яго дакладны адрас.

Ігар і Ксенія Тур у новым доме. Фота: kuhni_cherry.by, Instagram / nashaniva.com

Непадалёк ад супрацоўніка дзяржТБ пасяліліся высокія чыны мінскай міліцыі: напрыклад, начальнік аддзела вышуковай работы Упраўлення крымінальнага вышуку Андрэй Пятровіч і Сяргей Бабіч, які ўзначальвае сталічную ДАІ. Аднапавярховымі дамамі там абзавяліся і міліцыянеры з райцэнтраў Мінскай вобласці — Капыля, Валожына і Лагойска.

Уласныя метры ў Новай Аколіцы атрымаў Андрэй Прысмыцкі, які ў мінулым узначальваў штаб Дэпартамента аховы МУС (чым ён займаецца зараз, невядома). У ананімным тыкток-акаўнце Андрэй часам дзеліцца краявідамі жыцця ў пасёлку: уборкай снегу перад домам, самалётамі, што пралятаюць над участкам, і шашлыкамі ў двары.

Пейзажы Новай Аколіцы. Скрыншоты: uperr3, TikTok

Мяркуючы па дакументах, навасёлы атрымлівалі жыллё рознымі шляхамі. Некаторыя арандуюць зямлю за 30—40 рублёў, іншым яна дасталася ў «пажыццёвае спадчыннае валоданне» па рашэнні мясцовых уладаў.

Як мінімум чацвёра служачых — у тым ліку Бабіч і Прысмыцкі — аформілі на катэджы іпатэку пры дапамозе структур МУС. Сумы — ад 230 да 338 тысяч рублёў, выплачваць іх трэба на працягу 15 гадоў. Пры гэтым двум сілавікам з Мінскай вобласці аднапавярховікі дасталіся бязвыплатна. Прапагандыст Ігар Тур, мяркуючы па дакументах, купіў свой дом без растэрміноўкі.

Інтэр'ер аднаго з дамоў у Новай Аколіцы. Фота: sb.by

«Спецназ Карпянкова» і дыпламаты

У «старой» частцы вёскі Аколіца размяшчаецца вайсковы гарадок вайсковай часці 3310. Яна адносіцца да ўнутраных войскаў МУС, імі цяпер камандуе намеснік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў. На базе гэтай часці ў 2023 годзе з'явіўся атрад спецыяльнага прызначэння «Тарнада», у задачы якога ўключылі бяспеку «вышэйшых службовых асоб», ахову дзяржмяжы і падтрымку пры затрыманні злачынцаў. Вясной 2026 года ўсю часць вырашылі пераўтварыць у брыгаду спецыяльнага прызначэння.

Сустрэча службоўцаў вайсковай часці 3310 з Мікалаем Карпянковым. Мінскі раён, лістапад 2025 года. Фота: Унутраныя войскі МУС, Telegram

Менавіта в/ч 3310 атрымала ў арэнду 18 участкаў у эксперыментальнай Новай Аколіцы. Верагодна, у катэджах размясціліся службоўцы часці. Дамову заключылі яшчэ ў 2024 годзе на сто гадоў наперад, арэндная плата за ўсё склала 667 рублёў у год.

Па некалькі ўчасткаў выдзелілі і іншым сілавым падраздзяленням: ГУУС Мінгарвыканкама, УУС Мінаблвыканкама, Дэпартаменту фінансаў і тылу МУС, Дэпартаменту аховы, Дэпартаменту выканання пакаранняў. Умовы падобныя: арэнда на сто гадоў, гадавая плата — ад 34 да 40 рублёў за ўчастак.

Вясной 2026 года яшчэ пяць участкаў перадалі ў пастаяннае карыстанне «Дыпсэрвісу» — гэта дзяржаўная арганізацыя, якая абслугоўвае дыпламатычны корпус і афіцыйныя дэлегацыі. Яна ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, здае ў арэнду адміністрацыйныя плошчы і жыллё, а таксама валодае крамамі бяспошліннага гандлю.

Ці могуць пасяліцца ў Новай Аколіцы звычайныя людзі? Верагодна, так, але пакуль іх няма. Два дамы разам з участкамі выстаўлялі на аўкцыён у ліпені 2025 года. Пачатковая цана за больш прасторны дом склала 365 тысяч рублёў (на той момант — 123 тысячы даляраў), за больш сціплы варыянт — 284,9 тысячы рублёў (95 тысяч даляраў). Падобна на тое, што тады іх ніхто не купіў: аб'екты працягваюць лічыцца за Упраўленнем капітальнага будаўніцтва Мінаблвыканкама.

Каментары6

  • Цім
    07.05.2026
    Ва ўсіх мафіёзных дзяржавах так: сілавая і ідэалагічная абслуга верхаводаў жыве ў ахоўных спецпасёлках.
  • !!!
    07.05.2026
    Тур быў у бабарыканскім чаце рэфарматараў і рэфарматарак - факт. Нават вы пра гэта пісалі - факт. У чаце тусуюцца розныя бабарыканцы, фемініскі, КР-аўцы і былыя рэдактары Спутніка (Казарцаў цяпер у Еўрарадыё) - факт, пра апошняга вы пісалі.

    У чым праблема з каментаром?
  • Рэд.
    07.05.2026
    !!!, у гэтым - няма праблемы

Цяпер чытаюць

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі88

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхара Жлобіна асудзілі за пратэсты, хоць тэрмін даўніны павінен быў выйсці. Як такое магчыма?6

Саудаўская Аравія рыхтуецца паставіць на месца еменскіх хусітаў1

Ва Украіне прадухілілі замах на камандзіра «Хартыі»

Зяленскі дабіваецца, каб Маск дазволіў Украіне выкарыстоўваць Starlink для навядзення дронаў на тэрыторыі Расіі1

Вось якое хараство за 40 мільёнаў даляраў прадае сябар-трэнер Лукашэнкі3

У Мінску мантуюць грандыёзны аквапарк на вадзе амаль на 2000 квадратных метраў2

Пад украінскім Хмяльніцкім дэтанавалі боепрыпасы на вайсковым палігоне

На Смаргоншчыне правялі заняткі народнага апалчэння ФОТЫ17

Прадстаўніцу беларускай арганізацыі выключылі з Кансультацыйнай рады НДА нацыянальных меншасцяў Латвіі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі88

Сяргей Ціханоўскі запусціў свой ютуб-канал з вершамі і казкамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць