Грамадства44

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам

Перамога партыі «Альтэрнатыва для Германіі» ў Саксоніі-Анхальт яшчэ не азначае хуткага прыходу ультраправых да ўлады ва ўсёй Германіі і новага пакта з Крамлём. Аднак яна паказвае, што палітычны ландшафт Еўропы змяняецца. Гаворка не толькі пра тэмы міграцыі ці сацыяльныя пытанні. Падтрымка Украіны і антылукашэнкаўскіх беларусаў больш не ўспрымаецца як нешта само сабой зразумелае. Ёсць тыя, хто адкрыта супраць гэтага. І галоўная рызыка для беларусаў у тым, што ў нейкі момант у Берліне могуць вырашыць: Беларусь — гэта проста частка расійскай сферы, забудзем пра яе. «Наша Ніва» апытала аналітыкаў: наколькі рэальны такі сцэнар.

Ілюстрацыйная выява, згенераваная з дапамогай нейрасетак

«Альтэрнатыва для Германіі» атрымала на выбарах у Саксоніі-Анхальт 43,8% галасоў — найлепшы вынік ультраправых на зямельных выбарах у пасляваеннай Германіі. Партыі не хапіла ўсяго трох мандатаў да абсалютнай большасці. Наколькі рэальны яе прыход да ўлады ва ўсёй краіне і ці такі прыход азначаў бы збліжэнне Берліна з Масквой? І ці такое збліжэнне было б коштам Усходняй Еўропы?

Палітычны землятрус

Яшчэ пяць гадоў таму «Альтэрнатыва для Германіі» атрымала ў былой ГДРаўскай Саксоніі-Анхальт 20,8% галасоў. Цяпер яе вынік вырас больш чым удвая — да 43,8%. AfD атрымала 39 з 83 месцаў у зямельным парламенце. Для самастойнай большасці патрэбныя 42.

Хрысціянска-дэмакратычны саюз канцлера Фрыдрыха Мерца набраў толькі 17,2%. Для партыі, якая перамагла тут на папярэдніх выбарах з 37,1%, гэта сапраўдны правал. 

«Гэта палітычны землятрус. Нават 43,8% у AfD не такая вялікая сенсацыя, бо апытанні прадказвалі ёй больш за 40%. Сапраўдная катастрофа — вынік хрысціянскіх дэмакратаў», — кажа гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

«Альтэрнатыва для Германіі» ўзнікла ў 2013 годзе як еўраскептычная партыя, якая пратэставала супраць выратавання краін еўразоны за кошт нямецкіх падаткаплатнікаў. Сёння AfD патрабуе максімальна абмежаваць міграцыю, вярнуць частку паўнамоцтваў з узроўню ЕС нацыянальным дзяржавам, адмовіцца ад цяперашняй кліматычнай і энергетычнай палітыкі, развіваць атамную энергетыку і падтрымліваць традыцыйную сям’ю. У замежнай палітыцы партыя выступае супраць ваеннай дапамогі Украіне, патрабуе зняць санкцыі з Расіі і аднавіць з ёй эканамічнае супрацоўніцтва.

Асаблівасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што зямельнае аддзяленне AfD у Саксоніі-Анхальт мясцовае Ведамства па ахове Канстытуцыі з 2023 года лічыць «даказана праваэкстрэмісцкім». У свежай справаздачы ведамства яно названа найбольшай пагрозай для дэмакратыі ў гэтай федэральнай зямлі.

Пры гэтым 43,8% яшчэ не азначаюць, што AfD аўтаматычна атрымала ўладу. Традыцыйныя партыі доўгі час прытрымліваліся прынцыпу «санітарнага кардону» і адмаўляліся ствараць з ёй кааліцыі. Але цяпер яны самі не маюць дастаткова галасоў, каб сфармаваць стабільную большасць.

Вырашальным можа стаць «Альянс Сары Вагенкнехт», які атрымаў пяць мандатаў. Калі АдГ называюць правапапулісцкай, то АСВ — левапапулісцкай. Гэтая партыя крытыкуе санкцыі супраць Расіі і заклікае аднавіць эканамічныя адносіны з Масквой. Менавіта яе галасоў тэарэтычна хапіла б, каб прывесці AfD да ўлады ў Магдэбургу.

Чаму немцы галасуюць за AfD

Аляксандр Фрыдман бачыць у выніку выбараў сведчанне глыбокай незадаволенасці немцаў эканамічнай сітуацыяй у краіне.

Германская эканоміка некалькі гадоў перажывае стагнацыю: закрываюцца прадпрыемствы, скарачаюцца працоўныя месцы, у складаным становішчы апынуўся аўтапрам. Да эканамічнай няўпэўненасці дадаецца канкурэнцыя мігрантаў за працоўныя месцы, страх страціць ранейшы ўзровень дабрабыту і расчараванне ў здольнасці ўрада нешта змяніць. Асабліва моцна гэта адчуваецца ў землях былой ГДР, дзе заробкі і назапашанае багацце па-ранейшаму ніжэйшыя, чым на захадзе краіны.

«У людзей знікае адчуванне, што яны жывуць у краіне, якая ім належыць. Ёсць страх, што сацыяльная і эканамічная сітуацыя будзе толькі горшаць, а ўрад не здольны вырашыць праблемы», — тлумачыць Фрыдман.

Аляксандр Фрыдман. Фота: baj.media

AfD здолела сабраць гэтыя страхі ў простыя перадвыбарчыя формулы: закрыць межы, выслаць нелегальных мігрантаў, адмовіцца ад дарагой кліматычнай палітыкі, вярнуць танны газ і перастаць траціць грошы на чужыя войны. Асобна спрацаваў аргумент, што Берлін знаходзіць мільярды на зброю і дапамогу Украіне, але не знаходзіць грошай для ўласных грамадзян.

«Ураду цяпер давядзецца нашмат больш і лепш тлумачыць, чаму падтрымка Украіны важная для самой Германіі. Тое тлумачэнне, якое гучала дагэтуль, відавочна, не спрацавала», — адзначае Фрыдман.

Рудкоўскі не лічыць AfD радыкаламі

Палітолаг Пётра Рудкоўскі прапануе глядзець на поспех AfD інакш. Ён лічыць, што паняцці «радыкальныя правыя» і «нацыянал-папулісты» часта выкарыстоўваюцца як этыкеткі, якія мала тлумачаць змест праграмы партыі.

«Калі адкінуць эмоцыі і ідэалагічныя акуляры, мы пабачым праграму, якая ў многіх пунктах магла б належаць Хрысціянска-дэмакратычнаму саюзу 1990‑х або пачатку 2000‑х гадоў», — мяркуе Рудкоўскі.

На яго думку, радыкальнымі былі якраз некаторыя рашэнні ранейшых уладаў: адмова ад атамнай энергетыкі пры адначасовай залежнасці ад расійскага газу, дарагі энергетычны пераход і прыём у 2015 годзе больш як мільёна мігрантаў без дастаткова эфектыўных механізмаў інтэграцыі. Таму поспех AfD Рудкоўскі называе рэакцыяй на радыкалізм папярэдніх гадоў.

Фрыдман, у сваю чаргу, звяртае ўвагу на іншую тэндэнцыю: у той час як некаторыя еўрапейскія правыя, атрымаўшы шанец на ўладу, робяцца больш памяркоўнымі, AfD рухаецца ў супрацьлеглым кірунку.

«У Італіі і часткова ў Францыі мы назіраем дэрадыкалізацыю правых. AfD, наадварот, становіцца ўсё больш радыкальнай. Таму нават італьянскія і французскія правыя не хочуць з ёй супрацоўнічаць», — кажа ён.

Што «Альтэрнатыва для Германіі» сапраўды можа змяніць

Саксонія-Анхальт — зямля з насельніцтвам каля двух мільёнаў чалавек і невялікай эканамічнай вагой. Нават калі AfD сфармуе там урад, яна не зможа самастойна спыніць нямецкую дапамогу Украіне, адмяніць санкцыі супраць Расіі або вывесці Германію з НАТА. Замежная палітыка належыць да кампетэнцыі федэральнага ўрада.

Затое зямельныя ўлады маюць значны ўплыў на адукацыю, культуру, паліцыю, мясцовыя медыі і працу адміністрацыі.

AfD абяцала аднавіць школьныя абмены з Расіяй і пашырыць выкладанне рускай мовы. Партыя таксама прапаноўвала пераводзіць дзяцей уцекачоў з няпэўным статусам у асобныя класы, а дзяцей з інваліднасцю — у спецшколы.

«Гэта яны сапраўды могуць паспрабаваць рэалізаваць. Але прыход AfD да ўлады ў Магдэбургу не азначае, што Германія адразу спыніць дапамогу Украіне. Магчымыя і эканамічныя наступствы. Частка замежных кампаній можа адмовіцца ад інвестыцый у зямлю, якой кіруе праваэкстрэмісцкая партыя. У самой AfD гэта разумеюць», — падкрэслівае Фрыдман.

Перад партыяй узнікае дылема. Яе кіраўніцтва хоча ўпершыню прыйсці да ўлады, але значную частку радыкальных абяцанняў немагчыма выканаць у межах паўнамоцтваў зямельнага ўрада і нямецкага заканадаўства. Рэальнае ж кіраванне можа паказаць выбарцам, што простых рашэнняў не існуе, і ў выніку аслабіць падтрымку AfD.

Ці можа «Альтэрнатыва для Германіі» ўзяць уладу ва ўсёй краіне

Перамога ў адной усходняй зямлі яшчэ не азначае непазбежнай перамогі ва ўсёй краіне. Вынікі AfD на ўсходзе традыцыйна значна вышэйшыя, чым на захадзе. Паўтарыць 43,8% на федэральных выбарах у найбліжэйшы час партыі будзе цяжка.

Але недаацэньваць яе таксама нельга. На выбарах у Бундэстаг у 2025 годзе AfD атрымала больш за 20% галасоў і стала другой палітычнай сілай краіны. Цяпер яе рэйтынг ужо абагнаў ХДС/ХСС.

Галоўнай перашкодай для AfD застаецца адсутнасць прымальных кааліцыйных партнёраў. Пакуль хрысціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты, «Зялёныя» і левыя адмаўляюцца з ёй супрацоўнічаць, аднаго першага месца на выбарах недастаткова.

Сітуацыя зменіцца, калі «санітарны кардон» пачне разбурацца — напрыклад, частка ХДС вырашыць, што лепш увайсці ў кааліцыю з AfD, чым ствараць няўстойлівыя ўрады з ідэалагічна далёкімі партыямі. Іншы сцэнар — тактычны саюз AfD з левымі папулістамі Сары Вагенкнехт. Менавіта яго Рудкоўскі лічыць найбольш спрыяльным для развароту Германіі ў бок нармалізацыі адносін з Масквой.

Тут узнікае гістарычная паралель з міжваеннай Германіяй. Ставіць знак роўнасці паміж AfD і нацысцкай партыяй некарэктна, але можна параўноўваць асобныя палітычныя механізмы: падзел грамадства на «сапраўдны народ» і «чужых», пошук вінаватых сярод меншасцяў і мігрантаў — толькі тады гэта былі яўрэі і славяне, абяцанне нацыянальнага адраджэння, атакі на медыя і палітычны істэблішмент, паступовае пашырэнне межаў таго, што лічыцца дапушчальным у публічнай палітыцы.

Яшчэ адна трывожная паралель — спадзяванне традыцыйных кансерватараў, што радыкальную партыю можна дапусціць да ўлады, скарыстацца яе папулярнасцю, а пасля ўтрымаць пад кантролем. Падобным чынам разважала частка нямецкіх кансерватыўных эліт перад прызначэннем Гітлера канцлерам у студзені 1933 года. У першым урадзе Гітлера нацыстам дасталіся толькі тры пасады, і іх партнёры былі перакананыя, што змогуць абмежаваць новага канцлера. Аднак ужо праз некалькі месяцаў нацысты знішчылі парламенцкую дэмакратыю.

Але нельга казаць, што Германія паўтарае шлях 1933 года. Сучасная краіна прынцыпова адрозніваецца ад Веймарскай рэспублікі: у ёй дзейнічаюць моцныя суды, федэральная сістэма, свабодныя медыя і канстытуцыйныя механізмы, створаныя ў тым ліку дзеля таго, каб не дапусціць новай дыктатуры.

«Нават прыход AfD да зямельнай улады не азначае, што заўтра знікнуць незалежная юстыцыя і свабодныя медыі. У партыі няма такіх магчымасцяў. Я не ўпэўнены нават, што ў яе ёсць жаданне ісці настолькі далёка», — кажа Фрыдман.

Ці будуць Германія і Расія зноў дзяліць Усходнюю Еўропу на сферы ўплыву

Яшчэ адзін гістарычны страх — магчымая дамоўленасць Берліна і Масквы за спінай дзяржаў, якія знаходзяцца паміж імі.

Чакаць, што Германія і Расія сёння літаральна накрэсляць на мапе новыя межы, падстаў няма. Германія звязаная членствам у ЕС і НАТА, а яе сучасны дзяржаўны лад прынцыпова адрозніваецца ад Трэцяга рэйха. Але ў ХХІ стагоддзі падзел сфер уплыву неабавязкова выглядае як сакрэтны пратакол. Ён можа адбыцца інакш: праз спыненне падтрымкі Украіны, прызнанне расійскіх заваяванняў, аднаўленне эканамічнага супрацоўніцтва з Масквой і маўклівую згоду з тым, што Беларусь застаецца ў расійскай сферы кантролю.

Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу, што AfD цікавіцца перадусім Расіяй, а не Беларуссю.

«Некаторыя яе дэпутаты прыязджалі ў Беларусь і накіроўвалі ў нямецкі ўрад запыты, у тым ліку пра фінансаванне беларускіх дэмакратычных сіл. Аднак для кіраўніцтва AfD у Саксоніі-Анхальт Беларусь застаецца маргінальнай тэмай. Калі б вы запыталіся ў Ульрыха Зігмунда пра Беларусь, ён, хутчэй за ўсё, не змог бы шмат сказаць. Іх цікавіць Расія.

Калі яны і ўспрымаюць Беларусь, то ў расійскім кантэксце. У AfD вельмі русацэнтрычны погляд на Усходнюю Еўропу і асабліва на Беларусь», — кажа Фрыдман.

Што будзе з Лукашэнкам і дэмакратычнымі сіламі

Пётра Рудкоўскі не чакае, што ў выпадку ўдзелу AfD ва ўрадзе Германія імгненна адкрыецца рэжыму Лукашэнкі. Але спробы абмежаванай нармалізацыі магчымыя, асабліва там, дзе гэта дазволіць знізіць выдаткі нямецкага бізнэсу або развязаць канкрэтныя праблемы бяспекі. Напрыклад, прадстаўнікі AfD маглі б лабіраваць саступкі Мінску ў абмен на спыненне міграцыйнага шантажу на межах ЕС.

Нашмат больш імавернае іншае наступства — скарачэнне падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл, незалежных медыя і грамадскіх арганізацый.

«З логікі праграмы AfD вынікае, што беларускія НДА могуць успрымацца як справа саміх беларусаў, якім нямецкія падаткаплатнікі нічога не павінны», — кажа Рудкоўскі.

Пётра Рудкоўскі. Фота: Будзьма беларусамі

І для такога павароту AfD неабавязкова самой уваходзіць ва ўрад. Яе рост ужо прымушае традыцыйныя партыі пераймаць яе парадак дня, не толькі ў пытанні міграцыі, але і замежнай дапамогі.

Што будзе з беларусамі ў Германіі

Для беларусаў, якія жывуць у Саксоніі-Анхальт, прыход AfD да зямельнай улады можа мець канкрэтныя наступствы, асабліва для людзей з няпэўным міграцыйным статусам, уцекачоў і сем’яў з дзецьмі.

Беларусы не з’яўляюцца асобнай мішэнню партыі. Яе рыторыка перадусім накіраваная супраць мігрантаў з краін Азіі ўцекачоў з Украіны, якіх вінавацяць у выкарыстанні нямецкай сацыяльнай сістэмы.

Больш за тое, кажа эксперт, частка рускамоўных грамадзян Германіі, уключаючы некаторых выхадцаў з Беларусі, сама падтрымлівае AfD. Антыміграцыйную рыторыку яны не заўсёды прымяраюць на сябе, бо лічаць сябе інтэграванымі, працуюць і плацяць падаткі. Аднак пры агульным узмацненні абмежаванняў розніца паміж «добрымі» і «дрэннымі» мігрантамі можа аказацца не такой відавочнай.

«Нельга казаць, што без AfD Германія застанецца цалкам адкрытай, а з AfD раптам закрыецца. Міграцыйная нагрузка і адміністрацыйныя праблемы ўжо прымушаюць улады ўводзіць абмежаванні. Розніца ў тым, што AfD гаворыць пра гэта адкрыта, а традыцыйныя сілы робяць тое самае цішэй», — мяркуе Рудкоўскі.

Пётра Рудкоўскі лічыць, што найбольш рэальныя пагрозы для беларусаў — змяншэнне падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. 

Якая правільная тактыка беларусаў у пытанні AfD

Аляксандр Фрыдман заклікае не ўпадаць у паніку. AfD яшчэ не сфармавала нават зямельны ўрад у ГДРаўскай зямлі, а яе магчымасці абмежаваныя законам і моцнымі дэмакратычнымі інстытутамі.

«Гэта сур’ёзны выклік для нямецкай дэмакратыі, але небяспеку пакуль не трэба перабольшваць. Сітуацыю варта ацэньваць рацыянальна і спакойна», — кажа Фрыдман.

Рудкоўскі бачыць у правым павароце сігнал для беларускіх дэмакратычных сіл: старая рыторыка «мы ахвяры рэжыму, таму дапамажыце нам» будзе працаваць усё горш. На яго думку, беларусам варта менш уцягвацца ва ўнутраныя ідэалагічныя войны Еўропы і больш тлумачыць, чым дэмакратычная Беларусь і беларуская дыяспара карысныя самім еўрапейцам.

«Трэба паказваць, што беларусы ў ЕС — гэта дактары, інжынеры, айцішнікі і будаўнікі, якія працуюць, плацяць падаткі, паважаюць законы і лёгка інтэгруюцца. А дэмакратычная Беларусь не толькі ахвяра, якой патрэбная дапамога, але патэнцыйны саюзнік у забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі і эканамічнай стабільнасці», — кажа Рудкоўскі.

Каментары4

  • :O
    09.09.2026
    Крыху баюся крытыкаваць АдГ, каб не абазвалі гамафобам і ксенафобам з увагі на кіраўніцу партыі.
  • Ja
    09.09.2026
    "Палітолаг Пётра Рудкоўскі прапануе глядзець на поспех AfD інакш. Ён лічыць, што паняцці «радыкальныя правыя» і «нацыянал-папулісты» часта выкарыстоўваюцца як этыкеткі, якія мала тлумачаць змест праграмы партыі"

    Тое самае рэгулярна чытаю і чуў ад іншых палітогалаў, якіх думкі тут не прадстаўляюцца, толькі ў замежных СМІ.
  • .
    09.09.2026
    Дурань будзе сцвярджаць, што ўсе іхнія ўрады дагэтуль не думалі гэтак жа пра РБ(БССР)

Цяпер чытаюць

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам4

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам

Усе навіны →
Усе навіны

Наступленне УСУ на Ліманскім кірунку: што вядома пра аперацыю і чаму OSINT-аналітыкі называюць яе прарывам1

Выйшаў на свабоду 18‑гадовы блогер, якога судзілі за махінацыі з грашыма, сабранымі на лячэнне Вані Сцяцэнкі11

Капітан лонданскай футбольнай каманды стаў каралём ва Угандзе

Лісічкі ад 3 рублёў, рыжыкі — ад 8. Дзе выгадней за ўсё купляць грыбы ў Мінску

Рыба-гібрыд здзівіла навукоўцаў: яна ўмее рухацца бокам і назад

У Літве збіраюцца абмежаваць беларусам магчымасць куплі нерухомасці6

Пуцін і Трамп пагаварылі пра вайну ва Украіне1

Абнавілі Дырэктыву №1 аб умацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны3

У Беларусі з’явіўся вінаград са смакам клубніц1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам4

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць