Disney рыхтуе перазапуск папулярнага мультсерыяла пачатку 1990‑х гадоў «Чорны плашч». Новая версія выйдзе на стрымінгавым сэрвісе Disney+ прыкладна праз 35 гадоў пасля прэм’еры арыгінала. Аўтары хочуць захаваць знаёмых герояў і атмасферу класічнага мультсерыяла, але расказаць цалкам новую гісторыю.

Паводле сюжэту, Дрэйк Мэлард шмат гадоў правёў у паралельным свеце, дзе ніхто не ведае пра яго мінулае, подзвігі і барацьбу са злачынцамі. Вярнуўшыся ў звыклы свет, ён вымушаны фактычна наноў прызвычаіцца да ўласнай легенды. Яму дапамагае маладая і свавольная Дакі, якая добра ведае гісторыю ягоных прыгодаў і становіцца яго напарніцай.
Героям зноў давядзецца сутыкнуцца з вядомымі прыхільнікам арыгінальнага серыяла зладзеямі, сярод якіх Мегавольт, Негадзюк і іншыя.
Дрэйка Мэларда ў новай версіі будзе агучваць Марк Хэміл, вядомы па ролі Люка Скайуокера ў «Зорных войнах». Сэт Роген стане голасам Зігзага МакКрака і адначасова выканаўчым прадзюсарам праекта. Гуся Мэларда агучыць Лізі Каплан, а Дакі — Лілімар. У агучцы таксама ўдзельнічаюць Дэн Стывенс, Кэтрын Ньютан і іншыя акцёры.
Да працы над праектам далучыўся Тэд Стоўнс, стваральнік арыгінальнага «Чорнага плашча». Ён будзе кансультантам новай версіі, што павінна дапамагчы захаваць сувязь з класічным мультсерыялам.
Вытворчасцю займаецца Disney Television Animation пры ўдзеле Point Grey Pictures, кампаніі, звязанай з Сэтам Рогенам і Эванам Голдбергам. Новы мультсерыял не будзе непасрэдным працягам арыгінальных серый або перазапушчаных у 2017 годзе «Качыных гісторый» — гэта будзе асобная гісторыя.
Арыгінальны «Чорны плашч» выходзіў у 1991—1992 гадах і налічваў 91 эпізод. Пазней герой зноў з'явіўся ў перазапуску «Качыных гісторый». Цяпер Дрэйку Мэларду рыхтуюць новыя прыгоды ў сучасным фармаце для аўдыторыі Disney+.
Каментары
Только свистни он появится
Чёрный плащ
Ну как от винта
Чёрный плащ.