У выніку ўдару УСУ па дата-цэнтры «Яндэкса» ва Уладзіміры пацярпелі пяць з васьмі яго памяшканняў
У выніку ўдару Узброеных сіл Украіны па цэнтры апрацоўкі даных «Яндэкса» ва Уладзіміры 11 кастрычніка былі пашкоджаныя пяць з васьмі яго памяшканняў. Пра гэта сведчыць спадарожнікавы здымак, апублікаваны 19 кастрычніка маніторынгавым каналам Supernova+. Паводле папярэдніх звестак, тры памяшканні атрымалі крытычныя пашкоджанні, піша The Moscow Times.

У цэнтры апрацоўкі даных знаходзіцца другі па магутнасці суперкамп’ютар «Яндэкса» — «Галушкін». Ён мае 136 вылічальных вузлоў і 1088 паскаральнікаў NVIDIA A100. У апошняй даступнай версіі сусветнага рэйтынгу TOP500 за чэрвень ён займаў 134‑е месца.
«Галушкін» стварылі ў 2021 годзе. Разам з двума іншымі суперкамп’ютарамі кампаніі — «Чырваненкісам» і «Ляпуновым» — яго выкарыстоўвалі для навучання моўных мадэляў сямейства YaLM, на аснове якіх распрацоўвалі YandexGPT і галасавога памочніка «Алісу».
У «Яндэксе» пацвердзілі, што беспілотнікі пашкодзілі інфраструктуру цэнтра апрацоўкі даных ва Уладзіміры, у выніку чаго яго праца была цалкам спыненая.
Раней УСУ атакавалі яшчэ два цэнтры апрацоўкі даных кампаніі: у Сасаве Разанскай вобласці, дзе размяшчаліся суперкамп’ютары «Чырваненкіс» і «Ляпуноў», а таксама ў Калузе. На гэтых аб’ектах адбыліся пажары.
Паводле выдання T-Invariant, у выніку атак пад пагрозай выхаду са строю маглі апынуцца ўсе тры суперкамп’ютары «Яндэкса». Карыстальнікі ў Расіі і суседніх краінах сутыкнуліся з перабоямі ў працы сэрвісаў таксі, банкаўскіх праграм, разумных калонак «Аліса» і воблачнай інфраструктуры.
Пасля пажару ў Сасаве адключылася зона даступнасці ru-central1-b, а пасля пашкоджанняў ва Уладзіміры — ru-central1-a. Платформу Yandex Cloud перавялі ў аварыйны рэжым, а астатнюю ІТ-інфраструктуру прызналі нестабільнай. Праблемы таксама закранулі сістэмы Федэральнай падатковай службы Расіі, арбітражных судоў і іншых кампаній, у тым ліку «ДоДо Піцу», «М.Відэа», «Ленту» і «Магніт».
12 кастрычніка кіраўнік Міністэрства лічбавага развіцця Расіі Максут Шадаеў заявіў, што «Яндэкс» сутыкнуўся з беспрэцэдэнтнай атакай. Паводле яго слоў, ведамства разам з Міністэрствам абароны абмяркоўвае, як абараніць цэнтры апрацоўкі даных у Расіі.
Намеснік старшыні «Растэлекама» Валерый Ермакоў, у сваю чаргу, прапанаваў стварыць так званы цэнтр апрацоўкі даных «Суднага дня» — рэзервовую пляцоўку, якая дазволіла б аднаўляць працу пашкоджаных сэрвісаў.
Акрамя трох пацярпелых аб’ектаў, у «Яндэкса» ёсць яшчэ два буйныя цэнтры апрацоўкі даных у Маскоўскай вобласці — у Мыцішчах і Іванцееўцы.
Паводле ацэнак крыніц выдання «Коммерсантъ» на рынку, замена пашкоджанага абсталявання можа заняць каля шасці месяцаў.
Ці пакараюць «Яндэкс таксі» за збоі ў Беларусі?
У Беларусі перастаў працаваць яшчэ адзін сэрвіс «Яндэкса»
Украінскія дроны атакавалі буйны дата-цэнтр Сбербанка ў Саратаўскай вобласці
Беларускія рэпетытары ў паніцы: праз праблемы «Яндэкса» яны могуць страціць матэрыялы, якія напрацоўвалі гадамі
У Беларусі немагчыма выклікаць «Яндэкс-таксі» пасля атакі дронаў на дата-цэнтр ва Уладзіміры
Украінцы паразілі дронамі найбуйнейшы дата-цэнтр «Яндэкса» ў Расіі
Пасля атакі дронаў на дата-цэнтр «Яндэкса» Рунэт накрыў маштабны збой
Цяпер чытаюць
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары