Грамадства

Беларуска патаемна нарадзіла дзіця, якое хацела аддаць знаёмым. Усё скончылася трагічна

Следчыя Мінскай вобласці завяршылі расследаванне крымінальнай справы супраць маладой сямейнай пары, якую абвінавачваюць у заведамым пакіданні нованароджанага дзіцяці ў небяспецы. Пасля хатніх родаў дзяўчынка памерла, а яе цела паклалі ў заплечнік і пакінулі ў лесе. Пра абставіны здарэння расказала «Мінская праўда».

Фота: «Мінская праўда»

Паводле матэрыялаў справы, Ірына і Яўген Івановы (імёны і прозвішчы змененыя) жылі ў Мінскай вобласці. Мужчыну не было і 30 гадоў, ягоная жонка была на некалькі гадоў маладзейшая. Пра чарговую цяжарнасць Ірына даведалася летам 2024 года і даслала мужу фатаграфію тэсту з дзвюма палоскамі.

Аднак гэта навіна не ўзрадавала сям'ю. Грошай не хапала, муж і жонка з цяжкасцю забяспечвалі старэйшых дзяцей. Яўген заявіў, што яшчэ адно дзіця ім не патрэбнае і ад цяжарнасці трэба пазбавіцца. Як менавіта гэта зрабіць, ён абяцаў вырашыць пазней.

Ірына не пярэчыла мужу і цалкам падпарадкавалася ягонаму рашэнню. На працягу ўсёй цяжарнасці яна хавала свой стан ад бацькоў, суседзяў і знаёмых, не станавілася на ўлік у жаночай кансультацыі і не звярталася па медыцынскую дапамогу.

Скрыншот з відэа Следчага камітэта

У студзені 2025 года да пары прыйшла знаёмая Марына разам са сваім мужам Дзмітрыем Сідаравым. Падчас размовы дамовіліся, што Ірына народзіць дзіця ў суседняй краіне, у доме Сідаравых, а пасля аддасць яго ім. Марына і Дзмітрый, паводле слоў мужа і жонкі, вельмі хацелі мець дзіця, але не маглі нарадзіць уласнае.

Планавалася, што менш чым праз месяц Дзмітрый прыедзе па Ірыну і Яўгена на сваім аўтамабілі і адвязе іх да сябе. Тэрмін падыходзіў да адпачынку Яўгена, таму ўсе маглі выправіцца ў дарогу разам.

Сям'я загадзя дамовілася, што роды пройдуць без удзелу медыкаў, а па дапамогу ў бальніцу не будуць звяртацца ні падчас нараджэння дзіцяці, ні пасля. Яўген, паводле інфармацыі следства, разумеў, што немаўля будзе цалкам бездапаможны і без медыцынскай дапамогі можа не выжыць. Двое ягоных старэйшых дзяцей нарадзіліся ў радзільні, таму мужчына ведаў, як звычайна адбываюцца роды.

Скрыншот з відэа Следчага камітэта

Калі пачаліся роды, Яўген быў нецвярозы. Пазней ён прызнаўся следчым, што ўсведамляў небяспеку для дзіцяці і прадбачыў магчымую трагедыю, але заставаўся абыякавым. У яго было дастаткова часу і магчымасцяў, каб выклікаць хуткую дапамогу або папрасіць пра гэта іншых прысутных, аднак ён нічога не зрабіў.

Роды прымалі Марына, Дзмітрый і іхняя сваячка. Ніхто з іх не меў медыцынскай адукацыі або прафесійных навыкаў. Яны націскалі рукамі на жывот жанчыны, дапамагалі дзіцяці выйсці з родавых шляхоў і самастойна перарэзалі пупавіну.

Паводле паказанняў Яўгена, ён час ад часу заходзіў у пакой, дзе нараджала жонка. Мужчына чуў, як немаўля пачало крактаць, і разумеў, што яно з'явілася на свет жывой. Аднак да дзіцяці не падыходзіў і на рукі яго не браў. Ён бачыў, як Марына вынесла дзяўчынку, загорнутую ў прасціну, у суседні пакой.

Скрыншот з відэа Следчага камітэта

Дзяўчынка нарадзілася жывой, даношанай і цалкам сфармаванай. Аднак праз хранічную плацэнтарную недастатковасць у маці яна цярпела ад недахопу кіслароду і паспела заглынуць амніятычную вадкасць з меконіем. Без тэрміновай медыцынскай дапамогі і спецыяльнага догляду дзіця не магло выжыць. Прыкладна праз паўгадзіны пасля нараджэння дзяўчынка памерла.

Пасля смерці немаўляці Сідаравы паклалі ягонае цела ў шчыльны поліэтыленавы пакет. Яўген загарнуў край пакета, а Марына змясціла скрутак у заплечнік і зашпіліла яго.

Пасля гэтага Яўген, ягоная жонка, якая толькі што нарадзіла, і Дзмітрый, што быў за стырном, селі ў той самы аўтамабіль і паехалі да лесу непадалёк ад вёскі. Там яны пакінулі заплечнік з целам дзіцяці. 8 сакавіка 2025 года яго знайшоў выпадковы мінак.

Скрыншот з відэа Следчага камітэта

Спачатку падчас следства Яўген даваў ілжывыя паказанні. Ён пацвердзіў, што ездзіў у суседнюю краіну, але сцвярджаў, што не ведаў пра цяжарнасць жонкі, бо яна была поўная. Мужчына таксама прызнаваў, што на зваротным шляху яны спыняліся каля лесу, аднак тлумачыў гэта неабходнасцю схадзіць у прыбіральню. Пра роды і нараджэнне дзіцяці, паводле ягоных першапачатковых слоў, ён нічога не ведаў.

Аднак следства з самага пачатку сумнявалася ў праўдзівасці гэтых сцвярджэнняў. Неўзабаве мужчына прызнаўся і расказаў, як усё адбывалася. Падчас вочнай стаўкі паказанні мужа і жонкі пра абставіны нараджэння і смерці дзіцяці цалкам супалі.

Абодвух сужэнцаў абвінавачваюць паводле часткі 3 артыкула 159 Крымінальнага кодэкса — за заведамае пакіданне ў небяспецы, калі сам абвінавачаны сваімі папярэднімі дзеяннямі паставіў пацярпелага ў небяспечнае для жыцця або здароўя становішча, а затым наўмысна не аказаў яму дапамогі.

Следчыя сцвярджаюць, што віна Яўгена і Ірыны цалкам даказаная. Сярод доказаў — іхнія ўласныя паказанні, пратаколы следчых эксперыментаў і вочнай стаўкі, сведчанні іншых людзей, матэрыялы агляду месца здарэння, аўдыязапісы, заключэнні экспертаў і рэчавыя доказы.

Крымінальную справу ўжо перадалі ў суд.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА33

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА

Усе навіны →
Усе навіны

Рэжысёр «Сабачага сэрца» Бортка — чый дзед-беларус быў расстраляны ў 1938‑м — зняў скандальны серыял пра Сталіна19

У Полацку знайшлі жанчыну, якая ратавала хлопцаў ад войска. Даводзіла да 27 гадоў — і разводзілася, каб выйсці за наступнага4

У Гродне на таргі выставілі старадаўні вадзяны млын на Ласасянцы2

Трамп заявіў, што падчас сустрэчы ў Кітаі заклікаў Пуціна спыніць агрэсію супраць Еўропы

Ціханоўская правяла трохгадзінную сустрэчу з Віктарам Бабарыкам28

«Сувязі з заграніцай» прыроўніваюцца да злачынства. Некалькі высноваў са «справы EU4Belarus — SALT»16

У SALT пацвердзілі выцек персанальных звестак, праз што ў Беларусі ідуць ператрусы20

У Сербіі арыштавалі прапагандыста, які заклікаў «біць і ламаць рэбры» пратэстоўцам5

У Магілёве абрабавалі банк10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА33

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць