Грамадства77

Беларус адзін пабудаваў у Польшчы драўляны дом за 86 гадзін. Колькі ён каштуе і ці можна ў ім жыць зімой?

37‑гадовы Аляксандр Бабіч у адзіночку сабраў у Польшчы драўляны дом за 86 гадзін. Дом плошчай 36 кв. метраў з тэрасай каштаваў заказчыкам прыкладна 17 тысяч еўра, не лічачы падмурка і сантэхнічных работ. Most пагутарыў з ім пра незвычайны эксперымент, кошт такога жылля і магчымасць жыць у ім круглы год.

86 гадзін на дом. Але можна было хутчэй

Памер дома, які Аляксандр сабраў самастойна, — 6 на 6 метраў. Да яго прымыкае тэраса памерам 2 на 6 метраў. Сцены зроблены з мінібруса таўшчынёй 45 міліметраў.

Дом прызначаны перш за ўсё для дачнага адпачынку. Але яго можна прыстасаваць і для круглагадовага пражывання. Аляксандр кажа, што ў большасці выпадкаў для ацяплення выкарыстоўваецца электрычнасць: цёплая падлога, батарэі, а найлепшы варыянт — кандыцыянер. Але можна знайсці больш бюджэтны варыянт — печ на дровах — чыгунная, на 5 кВт.

Па словах Аляксандра, раней яму даводзілася самастойна збіраць невялікія канструкцыі, напрыклад тэрасы і лазні. Але цэлы дом у адзіночку ён будаваў упершыню.

Вынік за 86 гадзін беларус не лічыць рэкордным.

— 86 гадзін — насамрэч далёка не ідэальны час. Думаю, 10—15 гадзін смела можна адгуляць. Але ўсе дамы розныя, з рознымі запытамі, канфігурацыямі і складанасцямі, — кажа ён.

Аляксандр сцвярджае, што ўсе работы выканаў самастойна. Прычым самай складанай часткай аказалася не зборка сцен або даху, а падрыхтоўчая работа.

— Самая складаная работа — тая, якой не відаць: раскладванне дошак з палет і зборка, — тлумачыць ён.

Працаваць у такім тэмпе было няпроста. Ужо на трэці дзень Аляксандр адчуваў моцную стомленасць, але працягваў будаўніцтва. Кажа, што хацеў праверыць сябе на трываласць.

Аднак паўтараць эксперымент ён не збіраецца.

— Скажу шчыра, гэта, хутчэй за ўсё, быў апошні досвед, — кажа Аляксандр пра будаўніцтва цэлага дома ў адзіночку.

Дом абышоўся заказчыкам у 75—80 тысяч злотых

Па словах Аляксандра, уладальнікі заплацілі за дом каля 75—80 тыс. злотых (17‑18 тысяч еўра). Але фундамент яны рабілі асобна, як і замаўлялі паслугі сантэхніка. Колькі сам будаўнік зарабіў за 86 гадзін, ён не раскрывае.

— Агучваць сумы лічу непрыстойным. Насамрэч у Польшчы нізкі ўзровень заробку ў маёй прафесіі. Напрыклад, у той жа Германіі я б пачуваў сябе нашмат камфортней, — кажа ён.

Беларус лічыць, што невялікі драўляны дом у Польшчы можна пабудаваць і за 50 тыс. злотых (11 300 еўра). Але гаворка ідзе пра кампактную пабудову з мінімальнымі выдаткамі.

Нядаўна Аляксандр разлічваў кошт будаўніцтва дома плошчай 70 кв. метраў для сябе. У адрозненне ад гатовых камплектаў, якія застаецца толькі сабраць, ён планаваў вырабіць канструкцыю самастойна. Па яго падліках, такі дом пад ключ абыдзецца прыкладна ў 220 тыс. злотых (50 тысяч еўра). Гэта ўжо з улікам падмурка, будаўнічых работ і базавай мэблі.

Ці складана пабудаваць такі дом самому?

Галоўным недахопам такіх дамоў Аляксандр называе шумаізаляцыю. Затое іх перавагамі лічыць хуткасць будаўніцтва і адносна невысокі кошт.

У якасці прыкладу Аляксандр прыводзіць іншы праект са сваёй практыкі. Двухпавярховы дом жылой плошчай каля 120 кв. метраў (плошча забудовы — 70 кв. метраў) тры чалавекі пабудавалі за два месяцы. Работы выканалі цалкам пад ключ.

Самастойна збіраць падобныя дамы людзям без будаўнічага досведу Аляксандр не раіць.

— Я вельмі не рэкамендую збіраць такога кшталту пабудовы без навыку карыстання базавымі інструментамі, асабліва лазерным узроўнем, ударным шрубавёртам і хаця б пілой. Лазню, хлеў, навес для машыны — гэта калі ласка, трэніруйцеся. Дом пакіньце прафесіяналам, — тлумачыць ён.

Ці можна проста купіць участак у Польшчы і паставіць дом?

Аляксандр звяртае ўвагу, што ў Польшчы невялікія дамы можна будаваць па спрошчанай працэдуры, без атрымання класічнага дазволу на будаўніцтва. У прыватнасці, гаворка ідзе пра дамы плошчай забудовы да 70 кв. метраў. Аднак гэта не азначае, што дастаткова купіць любы ўчастак і пачаць работы.

Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўлення будаўнічага нагляду (GUNB), будаўніцтва такога жылога дома па спрошчанай працэдуры патрабуе падачы апавяшчэння (zgłoszenie) разам з неабходнымі дакументамі, у тым ліку будаўнічым праектам.

Акрамя таго, будаўніцтва павінна адпавядаць мясцоваму плану прасторавага развіцця. Калі такога плана няма, можа спатрэбіцца рашэнне аб умовах забудовы (warunki zabudowy). Значэнне маюць і прызначэнне ўчастка, і параметры будучага будынка.

Таму перад купляй зямлі важна праверыць, які менавіта дом на ёй дазволена пабудаваць.

Развіваць сваю справу

Аляксандр прызнаецца, што будаўніцтва драўляных дамоў для яго не проста праца. Яму падабаецца прыдумляць новыя канструкцыі і ўдасканальваць ужо існуючыя.

— Гляджу на рэч, любую, і перш за ўсё думаю, як яе вырабляюць і як бы яе можна было палепшыць, — расказвае беларус.

Заказы на зборку гатовых канструкцый ён бярэ пераважна тады, калі з'яўляецца вольны час паміж іншымі праектамі.

Адна з прычын, па якіх Аляксандр імкнецца больш працаваць і развіваць сваю справу, звязана са зменамі ў асабістым жыцці.

— У мяне з'явілася дачка, дзеля якой я стараюся яшчэ хутчэй заняць сваё месца пад сонцам, — кажа ён.

Каментары7

  • Tut
    28.10.2026
    45 мм гэта проста летняя хатка для адпачынку. Жыць у ёй узімку немагчыма, нават з печкай бо яе трэба будзе паліць кругласутачна. Можна было зрабіць танную хатку па каркаснай тэхналогіі з уцяпляльнікам з каменнай ваты 200мм, і зімою было б цепла і летам не спякотна.
  • 0101
    28.10.2026
    Сення польскія будаўнічыя нормы патрабуюць каб цеплавы супраціў вонкавай сцяны для жылых дамоў быў роўнв 5. Калі рабіць такую сцяну з дрэва , то таўшчыня сцяны павінна быць 60 і болей сантыметраў. Але заўседы знойдуцца “ прафесіяналы” якія скажуць , што і 4,5 см ( у 13 разоў менш!)выдатнае рашэнне. Тым больш яны ўмеюць карыстацца лазерным узроўнем.
  • Ну
    28.10.2026
    НН (ці хто пісаў загаловак да артыкула), "сабраў" - не роўна "пабудаваў".

У Запарожскай вобласці расіяне ўдарылі па школе, дзе раздавалі гуманітарку. Загінулі як мінімум 24 чалавекі2

У Запарожскай вобласці расіяне ўдарылі па школе, дзе раздавалі гуманітарку. Загінулі як мінімум 24 чалавекі

Усе навіны →
Усе навіны

У 45 гадоў памёр вядомы гомельскі прапагандыст Станіслаў Галкоўскі8

У ЗША вынеслі прысуд беларусцы, якую судзілі за пастаўкі авіяцыйнага абсталявання ў Расію2

ЗША прасоўваюць ідэю аднаўлення паставак расійскага газу ў Еўропу праз Украіну6

Чацвёра ўдзельнікаў эксперыменту NASA выйшлі з ізаляцыі пасля 378 дзён на «Марсе»1

«Я зрабіў сэлфі каля будынка КДБ». Уладальнік «Новага зроку» запэўнівае, што таемна з'ездзіў у Мінск17

Ва Украіне і Расіі ўзламалі сістэмы апавяшчэнняў. Людзям прыходзілі паведамленні пра хімічную небяспеку і ядзерную пагрозу1

Сёння Дзяды — дзень памяці продкаў2

20‑гадовы Андрэа Кімі Антанелі датэрмінова стаў чэмпіёнам «Формулы-1» у сезоне-20261

Беларуска пазнаёмілася анлайн з інданезійцам і праз тры месяцы выйшла за яго замуж, папярэдне прыняўшы іслам32

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Запарожскай вобласці расіяне ўдарылі па школе, дзе раздавалі гуманітарку. Загінулі як мінімум 24 чалавекі2

У Запарожскай вобласці расіяне ўдарылі па школе, дзе раздавалі гуманітарку. Загінулі як мінімум 24 чалавекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць