Балсанару, які прайграў выбары ў Бразіліі і ўцёк з краіны, прыняў Трамп у ЗША
Бразільскі сенатар Флавіу Балсанару, які ў гэту нядзелю прайграў прэзідэнцкія выбары, прыляцеў у ЗША разам з жонкай і дочкамі. Дазвол на выдачу віз яго сям’і даў сам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, піша Euronews.

Самалёт з палітыкам прызямліўся ў аэрапорце Опа-Лока ў Фларыдзе, якім карыстаюцца амерыканскія памежныя і мытныя службы. Да гэтага больш за суткі дакладнае месцазнаходжанне Балсанару і яго сям’і заставалася невядомым.
Напярэдадні ад’езду, 26 кастрычніка, Вярхоўны суд Бразіліі абавязаў экс-кандыдата здаць пашпарты паліцыі. Яго падазраюць у карупцыі і адмыванні грошай пры стварэнні фільма пра яго бацьку — былога прэзідэнта Бразіліі Жаіра Балсанару. Флавіу Балсанару не выканаў патрабаванне суда, пасля чаго паліцыя анулявала яго дакументы.
Акрамя таго, Вярхоўны суд даручыў праверыць выбарчую кампанію палітыка на прадмет магчымага фінансавання з-за мяжы.
Сам Флавіу Балсанару адмаўляе ўсе абвінавачанні. Дзяржаўны дэпартамент ЗША аформіў візы для яго сям’і. Дональд Трамп, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў, што не пярэчыць супраць надання Балсанару прытулку. Амерыканскі прэзідэнт таксама назваў нядаўнія выбары ў Бразіліі дзіўнымі і жахлівымі.
25 кастрычніка 45‑гадовы сенатар прайграў у другім туры прэзідэнцкіх выбараў дзейнаму кіраўніку дзяржавы Луісу Інасіу Луле да Сілве. За Лулу прагаласавалі 51,79% выбарцаў, а за Балсанару — 48,21%.
Флавіу Балсанару, які лідзіраваў пасля першага тура, не прызнаў афіцыйных вынікаў галасавання і запатрабаваў іх ануляваць. Пры гэтым ён аб'явіў сябе «сапраўдным абраным прэзідэнтам» Бразіліі і падзякаваў за падтрымку Дональду Трампу і прэзідэнту Аргенціны Хаўеру Мілею.
Флавіу Балсанару, які прайграў прэзідэнцкія выбары ў Бразіліі, пакінуў краіну
Партыя Флавіу Балсанару афіцыйна прызнала ягоную паразу на выбарах прэзідэнта Бразіліі
Лула да Сілва пераабраўся на пасаду прэзідэнта Бразіліі
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Бразіліі: кандыдаты патрабуюць дыскваліфікацыі суперніка з-за злоўжыванняў у сацсетках
Мілей падтрымаў сына Балсанару на выбарах у Бразіліі. Прэзідэнта Лулу ён назваў злодзеем
Каментары