Пакаралі літоўскіх памежнікаў, якія стаялі на шухеры пры перакідванні цыгарэт праз мяжу
Агулам дронамі перакінулі з Беларусі ў Літву цыгарэт амаль на 150 тысяч еўра.

Суд прызнаў вінаватымі шасцярых удзельнікаў групы, якая займалася кантрабандай беларускіх цыгарэт. Сярод асуджаных — двое малодшых спецыялістаў Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, паведамляе ведамства.
Паводле матэрыялаў справы, у ноч на 27 кастрычніка 2024 года група разам з саўдзельнікамі ў Беларусі за некалькі пералётаў даставіла дронамі ў Літву 33 тысячы пачкаў «Queen Menthol» з беларускімі акцызнымі маркамі на 150 тысяч еўра.
Аперацыю рыхтавалі загадзя: знайшлі сядзібу для захоўвання цыгарэт, набылі дроны, сродкі кіравання і абсталяванне для сувязі.
Двое памежнікаў забяспечвалі, каб у месцы перакідвання кантрабанды не было патрулёў.
Іх выкрылі супрацоўнікі ўпраўлення ўнутранай бяспекі той жа памежнай службы. Ад пачатку расследавання абодва былі адхіленыя ад пасад.
Памежнікаў прызналі вінаватымі ў кантрабандзе, незаконным абарачэнні падакцызных тавараў і злоўжыванні службовым становішчам.
Аднаму прызначылі штраф 21,9 тысячы еўра, другому — 22,2 тысячы. Абодвум на чатыры гады забаранілі працаваць дзяржаўнымі службоўцамі.
Астатнія чацвёра атрымалі штрафы ад 17 да 25 тысячы еўра. Адзін з іх таксама адказваў за незаконнае захоўванне паляўнічай дубальтоўкі, якую знайшлі на сядзібе падчас ператрусу.
Прысуд можна абскардзіць.
Цяпер чытаюць
Адвакат Аляксандр Данілевіч: Мяне адвялі ў клетку на КПП і зачыталі ўказ для службовага карыстання пра памілаванне па просьбе Міжнароднага алімпійскага камітэта
Каментары