Гісторыя

Чаму праз смерць спявачкі беларускага хору ад знакамітага мастака Рушчыца адвярнуліся людзі. Таямніца трагедыі на віленскім Звярынцы

На піку славы вакол жывапісца раптоўна ўзнікла халодная пустэча, якая астудзіла стаўленне да яго многіх віленчукоў. «Наша Ніва» ўзнавіла гэту малавядомую гісторыю з урыўкаў тагачасных публікацый.

Мастак Фердынанд Рушчыц на фоне адной са створаных ім вокладак. Калаж: «Наша Ніва». Партрэтнае фота палепшана і каларызавана з дапамогай ШІ

Двухтомны «Dziennik» Фердынанда Рушчыца выйшаў у Варшаве ў 1994—1996 гадах пасля шасцідзесяці гадоў захоўвання ў сямейным архіве. У першым томе, які ахоплівае перыяд з 1894 па 1919 год, у запісах за 1909—1911 гады пастаянна фігуруе дзяўчына, якую аўтар называе выключна мянушкай «Mała» («Малая»).

Мастак ні разу не называе яе сапраўднага імя. У паказальніку асобаў і кароткай зносцы сын жывапісца і ўкладальнік выдання Эдвард Рушчыц патлумачыў гэты псеўданім адным радком: «Залуская Марыя, «Малая», памерла ў 1913 годзе — хатняя настаўніца, выхавальніца; памерла трагічна».

На момант пераезду з Кракава ў Вільню пры канцы 1908 года Фердынанду Рушчыцу было 38 гадоў. Спадчынны шляхціц з маёнтка Багданава сучаснага Валожынскага раёна і аўтар вядомых у Еўропе палотнаў «Зямля» ды «Nec mergitur» заставаўся халасцяком. Ягоны віленскі сябра і фатограф Ян Булгак у выдадзенай у 1939 годзе пасмяротнай манаграфіі «Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło» пісаў, што

саракагадовы мастак «меў у пані незвычайны поспех, пра які ў Вільні гаварылі шмат і не заўсёды з належнай бесстароннасцю».

Булгак тлумачыў гэта выключнай знешнасцю сябра: «размашыстая палавая расліннасць [на твары] і светлы хвалісты чуб заўсёды надавалі ягонай галаве скандынаўскі характар», а сам «вытанчаны, зіхатлівы прыгажосцю» мастак «міжволі ўздзейнічаў на жаночую ўразлівасць і авалодваў уяўленнем з першага погляду». У Вільні яму адкрыта «зайздросцілі трыумфам, якіх ён дасягаў дзякуючы сваёй прыгажосці і незвычайным знешнім даным».

Паводле дзённікавых запісаў канца лета і восені 1909 года, паміж 39‑гадовым прафесарам і 20‑гадовай Марыяй Залускай, якая тады давала прыватныя ўрокі ў Вільні, завязаліся блізкія адносіны. Рушчыц сустракаўся з ёй у доме віленскага доктара Баляслава Ганусовіча, праводзіў яе вечарамі і шпацыраваў з ёй удвох па наваколлях горада.

Запіс ад 28 жніўня 1909 года фіксуе, як пасля экспертызы на выставе мастак зайшоў да Ганусовіча, адкуль разам з «Малой» правёў дадому жонку свайго сябра дзяцінства Рэлю Вяжынскую. А 10 верасня 1909 года Рушчыц занатаваў:

Малюнак Фердынанда Рушчыца «Матыў з Каралінак» (Motyw z Karolinek). Фота: «Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło»

«У Ганусовічаў. З Малой у Звярынцы. Кажа мне, што атрымала ад Юзя Вяжыньскага «дыплом на чалавека». Ідзём берагам Вяллі ў бок Каралінак. Плывуць плыты. Лес на другім беразе ў цёплым пасляпаўдзённым сонцы. Хтосьці там з вудай. Гэтак жа, як, можа, на поўначы — у Нарвегіі. Сядзім побач. Потым адводжу яе на Новы Свет на ўрок. А 8‑й выязджаю».

Наступны, 1910 год стаў часам найбольшай актыўнасці віленскага літаратурна-мастацкага гуртка «Банда», які збіраўся па панядзелках у кватэры Рушчыца ў доме № 24 на беразе Вілейкі на Зарэччы. Гэта быў і перыяд ягонага найбольшага збліжэння з Марыяй Залускай ды беларускімі дзеячамі Вільні.

Салон кватэры Фердынанда Рушчыца на Зарэччы, дзе па панядзелках збіраўся гурток «Банда». 1910‑я гг. Фота Яна Булгака

Аднак менавіта за ўвесь 1910 год у варшаўскім выданні дзённікаў надрукавана толькі паўтары старонкі ўрыўкавых нататак. Эдвард Рушчыц паведаміў, што запісы з кішэнных календароў бацькі за гэты год «загінулі падчас дзвюх сусветных войнаў».

Пры гэтым сам Фердынанд Рушчыц вылучаўся выключнай архіўнай педантычнасцю. Як сведчыў у манаграфіі 1939 года Ян Булгак, мастак да апошніх дзён жыцця ў Багданаве захоўваў у асобных пачках з апісаннямі кожны свой нататнік, кожны ліст, газетную выцінку, афішу і тэатральную праграмку з 1894 па 1932 год.

На фоне захаванасці дзясяткаў іншых сшыткаў знікненне запісаў менавіта за 1910 год — гэтаксама як і адсутнасць у апублікаваным томе любых запісаў за першыя тры тыдні сакавіка 1913 года, пра якія пойдзе гаворка далей, — выглядаюць вельмі зручным для захавання сямейнай таямніцы Рушчыцаў.

Беларускі хор Рагоўскага

У каментарыях да дзённіка Марыя Залуская названая толькі «хатняй настаўніцай і выхавальніцай». Аднак успаміны лідара беларускага нацыянальнага руху Антона Луцкевіча, надрукаваныя ў лістападзе 1936 года ў віленскім выданні «Przegląd Wileński», і газетныя некралогі 1913 года даюць значна шырэйшую біяграфію дзяўчыны.

Марыя Залуская паходзіла з заможнай віленскай сям’і — яе маці валодала лецішчам у прадмесці Звярынец каля Вяллі. Дзяўчына адвучылася ў у Маскоўскай кансерваторыі і атрымала прафесійную музычную адукацыю.

Пасля вяртання з Масквы ў Вільню яна ўвайшла ў багемнае кола Рушчыца. Адным з найбліжэйшых паплечнікаў мастака па віленскай «Бандзе» быў кампазітар і дырыжор Людамір Міхал Рагоўскі, чыя жонка, паэтка Людміла Рагоўская, паводле запісу ў дзённіку Рушчыца, насіла ў паўсядзённым жыцці «русінскі строй».

У 1910 годзе Людамір Рагоўскі ўзначаліў у Вільні беларускі хор, напісаў «Сюіту беларускую» на аснове народных мелодый і ўпершыню паклаў на музыку знакаміты верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?». Марыя Залуская стала спявачкай гэтага беларускага хору, праз што яе добра ведалі ўсе віленскія беларускія дзеячы.

У 1909—1911 гадах сам Фердынанд Рушчыц актыўна супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Наша Ніва». Як згадваў у 1936 годзе Антон Луцкевіч, яны пазнаёміліся ў 1909‑м на банкеце ў бацькоў паэта Ежы Янкоўскага, пасля чаго жывапісец наведаў рэдакцыю «Нашай Нівы» і агледзеў беларускія старажытнасці са збораў Івана Луцкевіча.

Рушчыц у іспанскім строі на касцюмаванай вечарыне «Банды» 1910 года. Фота: «Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło»

У адказ мастак запрасіў Антона Луцкевіча на касцюмаваную вечарыну «Банды» ў сваю кватэру на Зарэччы. Луцкевіч прыйшоў туды ў пазычаным у тэатры «Лютня» строі часоў Людовіка XVI, а гаспадар паказваў яму ў майстэрні палатно «Nec mergitur».

Менавіта ў 1909—1910 гадах Рушчыц бясплатна выканаў некалькі мастацкіх работ для беларускіх выданняў, якім варта прысвяціць асобны артыкул. 

У захаваных нататніках Рушчыца за вясну і лета 1911 года сустрэчы з Антонам Луцкевічам і спатканні з «Малой» ідуць запар. Запіс ад 2 (15) мая фіксуе: «Ян Булгак, новыя здымкі. Луцкевіч заязджае па мяне. Аглядаем месца для плябаніі пры касцёле святога Міхала. У пана Ігнація Турскага. Запрашаю яго да камісіі этнаграфічнай выставы. «Панядзелак» — 21 асоба».

«Nec mergitur» («Не патоне», 1904—1905): таямнічы карабель пад ветразямі, які Рушчыц паказваў Антону Луцкевічу ў сваёй майстэрні на Зарэччы. Фота: Wikimedia Commons

Назаўтра, 3 мая, пасля пасяджэння камісіі па арганізацыі «Першай краёвай выставы дробнага промыслу і народнага мастацтва Літвы і Беларусі» Рушчыц разам з «Малой», Ганусовічамі, Булгакам і Садкоўскім едзе за горад на Каралінкі, адкуль яны вяртаюцца а першай гадзіне ночы.

Праз тры дні, 6 мая, мастак удвох з «Малой» наведвае пасмяротную выставу Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса, а 22 мая запісвае: «А 8‑й гадзіне сход моладзі ў справе этнаграфічнай выставы. Рэферуем: Міхал Ромер, Луцкевіч і я. Больш за 40 асобаў».

Краёвец Ромер быў вялікім прыхільнікам беларускага руху, любіў бываць у рэдакцыі «Нашай Нівы», адзначаючы глыбокую адданасць справе, якой супрацоўнікі газеты літаральна жылі. Так што Рушчыц быў у вельмі неблагой, прабеларускай кампаніі. 

У жніўні і верасні 1911 года лірычная сувязь паміж мастаком і харысткай працягвалася. 8 жніўня Рушчыц занатаваў у Вільні:

«Увечары гавару з Малой пра тое, як мала ўсведамляюць нават блізкія прыяцелі, што я іх прызываю да службы».

А 8 (21) верасня 1911 года ў Багданаве, адчуваючы прыступ адзіноты, 40‑гадовы жывапісец запісаў: «Часта ўцякае думка да Малой. Сёння яе дзень».

У каментары да выдання дзённіка сын мастака патлумачыў гэты запіс менавіта як «дзень імянінаў Малой (Марыі Залускай)».

Тут трэба адзначыць, што на землях былога Вялікага Княства Літоўскага паводле ўказа імператара Паўла I ад 26 ліпеня 1799 года і адмысловага папскага дазволу з 1 студзеня 1800 года да лістапада 1915 года нават рыма-каталіцкі касцёл адзначаў свае святы паводле юліянскага календара ў адзін дзень з праваслаўнымі. Таму свята Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і імяніны Марыі ў Віленскай дыяцэзіі тады прыпадалі менавіта на 8 верасня старога стылю, што адпавядала 21 верасня паводле новага календара.

Новая 20‑гадовая абранніца

Навучальны 1911/1912 год Марыя Залуская сустрэла ў Варшаве — яна паступіла ў драматычную (так званую аплікацыйную) школу пры варшаўскіх урадавых тэатрах. Дзяўчына апынулася на адным курсе з усяго дванаццаці вучаніц, дзе пад першым нумарам у спісе значылася Апалонія Халупец — будучая сусветная зорка нямога кіно Пола Негры. Да пачатку 1913 года Залуская вучылася ўжо на другім курсе. Выкладчыкі адзначалі яе сцэнічную прыгажосць і прадказвалі поспех у лірычным рэпертуары.

Тым часам у сакавіку 1912 года на катку ў Вільні 41‑гадовы Фердынанд Рушчыц пазнаёміўся з Рэгінай — Гінай — Роўк, дачкой дырэктара віленскага аддзялення страхавога таварыства Оскара Роўка.

Фердынанд Рушчыц з жонкай Гінай. Фота: Wikimedia Commons

Як і Марыя Залуская ў пачатку іхніх адносінаў, новая абранніца Гіна Роўк была больш чым удвая маладзейшая за мастака: яна нарадзілася ў 1892 годзе, і ёй толькі споўнілася 20 гадоў.

Улетку і ўвосень 1912 года ў дзённіку Рушчыца разгарнуўся раман з Гінай Роўк — з чытаннем яе дзявочага дзённіка, сустрэчамі на могілках Росы і ў Парудаміне. Згадкі пра «Малую» са старонак ягоных сшыткаў зніклі.

Кульмінацыя драмы наступіла на пачатку сакавіка 1913 года. Паводле запісу ад 24 лютага (9 сакавіка н. ст.) Рушчыц прыехаў па тэатральных справах у Варшаву, дзе ў гэты час вучылася 24‑гадовая Марыя Залуская. Наведваючы варшаўскія тэатры, мастак штодня адпраўляў сваёй новай каханай Гіне Роўк у Вільню лісты з прызнаннямі: «Але насамрэч я ж з Вільні нават не выехаў, бо я пры Табе заўсёды — заўсёды».

Запісы з 25 лютага па 25 сакавіка 1913 года ў апублікаваным дзённіку Рушчыца адсутнічаюць.

Падзеі гэтых дзён дакладна рэканструююцца паводле паведамленняў віленскай і варшаўскай прэсы за сакавік 1913 года. Знаходзячыся ў Варшаве ў цяжкім псіхалагічным стане, Марыя Залуская не здала экзамен для пераводу з другога на трэці курс драматычнай школы. У суботу, 2 (15) сакавіка, яна села ў цягнік і выехала да сваякоў у Вільню — як пісалі варшаўскія газеты, «на велікодныя святы» (у Варшаве каталіцкі Вялікдзень у 1913 годзе адзначаўся па новым стылі ўжо 23 сакавіка, таму ў тамтэйшых школах пачыналіся канікулы). Пасля свят дзяўчына нібыта збіралася вярнуцца ў Варшаву.

Стрэл у сэрца на тым самым беразе Вяллі

Ужо ў нядзелю пасля абеду, 3 (16) сакавіка 1913 года, па Вільні разнеслася вестка пра трагедыю. Марыя Залуская прыйшла ў прадмесце Звярынец на лецішча паблізу берага Вяллі, якое яшчэ нядаўна належала яе маці.

Віленскае прадмесце Звярынец. 1907 г. Фота: pastvu.com

Месца, выбранае ёй для развітання з жыццём, было, відаць, сімвалічным: гэта быў той самы бераг Вяллі на Звярынцы, дзе ў цёплы вераснёўскі вечар 1909 года яны сядзелі побач з Фердынандам Рушчыцам, глядзелі на плыты і марылі пра далёкую Нарвегію.

Там 24‑гадовая дзяўчына стрэліла сабе з рэвальвера ў сэрца.

Пахаванне адбылося ў аўторак 5 (18) сакавіка а 6‑й гадзіне вечара на Евангеліцкіх могілках у Вільні. Як паведамляла віленская газета «Kurjer Litewski», у вынасе цела і пахаванні ўзялі ўдзел шматлікія члены сям’і і сябры.

Выбар Евангеліцкіх могілак на Пагулянцы мог быць звязаны не з пратэстанцкім веравызнаннем, а з традыцыйнай забаронай каталіцкага касцёла хаваць самагубцаў у асвечанай зямлі на каталіцкіх некропалях. Магіла дзяўчыны не захавалася: у савецкі час, у 1956 годзе, Евангеліцкія могілкі ў Вільні былі ліквідаваныя, а ў захаваных спісах іхніх пахаванняў прозвішча Залускай не фігуруе.

Той жа «Kurjer Litewski», які рэдагаваў блізкі сябар і сусед Рушчыца па Ашмянскім павеце Чэслаў Янкоўскі, надрукаваў некралог з максімальна асцярожнай фармулёўкай, намагаючыся не кінуць цень на першага мастака горада:

«Прычына самагубства не была высветлена. Затое ў шырокіх таварыскіх колах шмат пра гэта гавораць, агульны голас адзываецца з глыбокім спачуваннем да сям’і, страшна закранутай апошняй бядой».

А вось варшаўскія газеты ад 19 сакавіка 1913 года — ранішні дадатак да «Kurjera Warszawskiego» (№ 78), «Goniec Wieczorny» (№ 131) і пасляпаўдзённы выпуск «Nowej Gazety» (№ 131), — не звязаныя віленскімі таварыскімі абавязкамі, выйшлі з тэлеграмамі з Вільні пад прамымі і бескампраміснымі загалоўкамі «Любоўная драма» («Dramat miłosny») і «Самагубства ад кахання» («Samobójstwo z miłości»).

Варшаўскія рэпарцёры паведамілі, што прычынай стрэлу ў сэрца прыгожай і таленавітай 24‑гадовай студэнткі Марыі Залускай сталі «каханне без узаемнасці» (miłość bez wzajemności) і «любоўнае расчараванне» (zawód miłosny).

Трагедыя, якая замарозіла ў многіх пачуцці сімпатыі да мастака

Пасля трохтыднёвай лакуны ў дзённіку Рушчыца першы запіс з’яўляецца толькі 26 сакавіка 1913 года — праз тыдзень пасля пахавання Марыі Залускай.

Адчуўшы вакол сябе ў Вільні раптоўнае адчужэнне знаёмых, мастак запісаў словы, сказаныя ім маладой нявесце: «Кажу Гіне: чым больш адчуваю сваю самотнасць, тым больш хачу рабіць — для людзей».

13 (26) кастрычніка 1913 года 42‑гадовы Фердынанд Рушчыц пабраўся шлюбам з 21‑гадовай Рэгінай Роўк у касцёле святога Варфаламея, насупраць якога жыў на Зарэччы. Сёння гэты касцёл належыць беларускай грамадзе. 

Жонка Гіна з дзецьмі. Малюнак Рушчыца, 1916. Фота: «Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło»

У віленскім грамадстве і, мабыць, асабліва ў беларускім асяродку, дзе ведалі Марыю Залускую па беларускім хоры Людаміра Рагоўскага, гэтая смерць выклікала вялікае засмучэнне, якому, аднак, не было дазволена праявіцца ў мясцовым друку.

Толькі ў лістападзе 1936 года, неўзабаве пасля смерці жывапісца, Антон Луцкевіч у часопісе «Przegląd Wileński» назваў прычыну іхняга разрыву:

«Ва ўласным жыцці Рушчыца насталі перамены. Трагічная смерць Марыі Залускай, якая брала ўдзел у беларускім хоры пад кіраўніцтвам Рагоўскага і з якой з гэтай прычыны я сустракаўся, замарозіла ў многіх віленчукоў пачуцці сімпатыі да мастака. Сустракаў я яго ўжо рэдка, мімаходзь».

Калі ў траўні 1939 года Камітэт ушанавання памяці Фердынанда Рушчыца ў Вільні пад рэдакцыяй Яна Булгака выпусціў 500‑старонкавую манаграфію «Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło», укладальнікі не толькі апусцілі любыя згадкі пра гэтую гісторыю, але нават пра даваенныя кантакты мастака з беларускім рухам — хоць маглі пра апошнія, па праўдзе, і не ведаць. 

Нават успаміны Антона Луцкевіча ў «Przeglądzie Wileńskim» не ўключылі ў бібліяграфію з 97 пасмяротных публікацый пра Рушчыца, а прозвішча Луцкевіча прыбралі са спіса арганізатараў выставы народнага мастацтва 1913 года.

Ян Булгак змясціў на старонках манаграфіі асобны пасаж, у якім паспрабаваў абараніць рэпутацыю памерлага сябра ад віленскіх размоў пра ягоныя дашлюбныя раманы:

«Можа, яго б судзілі больш справядліва, менш павярхоўна, калі б ведалі, якімі марнымі былі самыя панадлівыя жаночыя чары перад прыгажосцю ягонага ўласнага свету і як жаласна выглядала б кожная жанчына, якая паспрабавала б уварвацца ў гэты свет з амбіцыяй каралявання. Плоскія падазрэнні з’яўляюцца толькі крывым люстэркам, у якім адбіваецца не аблічча Рушчыца, а зайздросныя маскі пустых балбатуноў і пляткарак. Таму меркаванні пра Рушчыца часта былі несправядлівыя, крыўдныя, далёкія ад разумення ягонай сутнасці і ягонага стаўлення да кахання».

Сапраўднае імя «Малой» з’явілася ў друку толькі праз 55 гадоў пасля выхаду кнігі Булгака — у кароткім паказальніку да варшаўскага выдання дзённікаў мастака. Аднак і пасля гэтага постаць Марыі Залускай заставалася белай плямай для гісторыкаў: калі ў 2004 годзе Анатоль Сідарэвіч у артыкуле «Чый апостал і геній?» у «Нашай Ніве» звярнуў увагу на цьмяную «гісторыю» Рушчыца са спявачкай хору Рагоўскага, а ў 2021 годзе ім жа быў апублікаваны беларускі пераклад успамінаў Антона Луцкевіча, у зносках да якога аўтар адзначаў, што «знайсці больш-менш поўную інфармацыю пра асобу М. Залускай і пра абставіны яе смерці пакуль што не ўдалося». Толькі газетныя хронікі сакавіка 1913 года дазваляюць узнавіць гэтую драму.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша9

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша

Усе навіны →
Усе навіны

Гомельшчына і не толькі. Дзе і як паміралі расійскія вайскоўцы ў Беларусі2

«Параўнала цэны з польскімі — ашалела». Як айцішніца працуе ў Грэцыі, дзе няма ксенафобіі, спешкі і амаль няма айцішкі31

З’явіліся невядомыя здымкі візіту Ніксана ў Мінск з яго архіва ШМАТ ФОТА5

Палітзняволеныя жанчыны не трапяць пад амністыю3

«Заходзіць без стуку і пытаецца, чаму так часта мыюся». Мінчане расказваюць пра дзіўных гаспадароў3

«99,9%, што ён загінуў». Таццяна Шостак — пра знікненне мужа «Тора» і жыццё ва Украіне пасля страты11

Беларуска сышла ад мужа з двума маленькімі дзецьмі — і стала зоркай інстаграма29

«Раніцай ён ужо нічога не памятае». Супрацоўніца польскай кампаніі паскардзілася на п'янства беларускіх дальнабойшчыкаў — тыя адказалі11

Кушнер назваў Пуціна «гістарычнай асобай»9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша9

У СІЗА памёр 63‑гадовы палітвязень Юрый Лукша

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць