Меркаванні3434

Мама Раманчука: «Гарантую, што ўлада не сапсуе Ярыка!»

Пані Марыя чытае незалежную прэсу, глядзіць «Белсат» і абараняе беларускую мову.

Мястэчка Сапоцкін — самы край Гродзенскай вобласці. Адсюль усяго 20 км да абласнога цэнтра, а да Польшчы і Літвы яшчэ бліжэй. За Сапоцкінам пачынаюцца лясы, сцежкамі якіх можна за гадзіну-другую пехам дабрацца да Еўрасаюза. Край называюць беларускай Прусіяй, бо пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай ён, адзіны ў Беларусі, пэўны час належаў не да Расійскай імперыі.

У інтэрнэт-энцыклапедыі называецца ўсяго адзін вядомы ўраджэнец краю — эканаміст Яраслаў Раманчук.
Гэты факт і стаў нагодай завітаць у Сапоцкін. Тут жыве маці кандыдата ў прэзідэнты. Ужо паўгода як жыве адна. Бацька Яраслава памёр. Жалоба па ім, казаў Раманчук, і адклала яго меркаванае вяселле з выбранніцай Алесяй.

Польскасць вымірае

За кіламетраў пяць да Сапоцкіна скрозь туман заўважаем мужчыну, што рушыць у бок мястэчка і без асаблівай надзеі галасуе. Можа, раскажа што цікавае пра сям’ю Яраслава?

Аказваецца, выпадковы спадарожнік працаваў з бацькам палітыка. «Часлаў рабіў усё жыццё электрыкам, як і я, а маці на ферме малако прымала. Вельмі добрая сям’я!» — кажа ён.

У пары слоў абмалёўвае «сітуацыю на месцах»: «У Сапоцкіне ёсць свая апазіцыя. Недзе

палова насельніцтва гатовая галасаваць за Раманчука. Настаўнікі — дык усе за яго.
Палякі Раманчука больш падтрымліваюць, а вось беларусаў тут мала» — «А вы самі за каго?» — «А ні за кога, — ці то шчыра прызнаецца, ці то пускае пыл у вочы ён. — Мая жонка замест мяне галасуе, я не ўнікаю ў гэта ўсё».

Кажа, што Сапоцкін вымірае. Няма працы — цагельню і крухмальную вытворчасць закрылі. І пякарню таксама. Бальніцу скарацілі. З трох калгасаў зрабілі адзін СВК, і той у суседніх Рацічах.

Моладзі амаль няма, а тыя, хто ёсць, едуць у Гродна. У Польшчу мала хто з’язджае. А як жа: «Тут усе цяпер размаўляюць па-расійску, польскай трымаюцца толькі старыя людзі. Калі я ў 1970-х прыехаў сюды з Гомельшчыны, нічога не мог зразумець — усё па-польску. А цяпер іначай».

Хата катоў

Паварот, і справа з’яўляецца акуратны жоўты дом. На падворку — яшчэ адна хата.

Марыя Адольфаўна, мама Яраслава, запрашае да сябе: «Ах, родненькія! Аж з Мінска прыехалі!»

Заходнебеларуская гасціннасць — на стале адзін за адным з’яўляюцца прысмакі. І ні кроплі алкаголю — дзіва што Раманчук зусім не п’е.
На падлозе кешкаюцца каты. Адзін, другі, трэці… — не злічыць!

Заварваючы гарбату, Марыя Адольфаўна тлумачыць, чаму жыве ў меншай хаце: «Там вялікі дом, на чатыры пакоі, мне не хапае сіл нацягаць дроў, каб прапальваць яго, дык я перабазавалася сюды». Пані Марыя размаўляе з гасцямі на трасянцы, але часцяком пераскоквае на роднае «пшэпрашам».

Яна запрашае паглядзець вялікі дом. У ім чыста і прасторна, на паліцах — сотні кніг. І класічная літаратура, і падручнікі, і працы Яраслава. «О, Ярык чытаў! Пакуль у школу пайшоў, дык усе кнігі — і дзіцячыя, і дарослыя!» — з гонарам кажа мама палітыка.

Сярод дэмакратычнай беларускай прэсы заваляўся спецвыпуск расійскага мужчынскага часопіса GQ, прысвечаны «ліхім 90-м».

У пакоях многа абразоў, а на адной са сценаў вісіць велізарнае палатно Божай маці ручной працы. Яго падарыў Раманчукам на залатое вяселле ксёндз.

«Мы вернікі. Я заўсёды кажу: хто з Богам, той усё робіць добра»,
— расказвае Марыя Адольфаўна.

У шафе — дзясяткі грамат Яраслава. «Вось залаты медаль за школу, — паказвае мама. — А пасля яшчэ і чырвоны дыплом быў!»

Выходзім у двор. Цяперашняя гаспадарка — дзесяць курэй, сабачка на ланцугу ды каты. Іх ажно пяць. «Калісьці і свіней трымалі, а вось каровы сваёй не было, — прызнаецца пані Марыя. — Я 45 гадоў працавала на малаказаводзе, дык малака не трэба было купляць».

Яшчэ не бацька, але ўжо дзядуля

Марыя Адольфаўна пачынае расказваць пра сыноў. Старэйшы брат Яраслава — Гена. Але па пашпарце не Генадзь, а Генрых. Старэйшы за Ярыка на сем гадоў.

Аказваецца, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ўжо дзядуля! У Генрыха двое дзяцей — сын і дачка, якая ўжо выйшла замуж і паспела нарадзіць двух дзетак. Адзін з іх, Артур, цяпер вучыцца ў Любліне. А перад тым два гады хадзіў у Гродне ў польскую школу. Яраслаў дапамагае стрыечнаму ўнуку. Прывёз з Амерыкі ноўтбук.

Восем гадоў таму брат Яраслава з’ехаў на заробкі ў Партугалію, але неўзабаве мае вярнуцца. Піша адтуль, што цяпер няма працы, як у Беларусі, а мо яшчэ і горш.

Яраслаў бывае ў бацькоўскай хаце раз на месяц. Паколькі гаворка зайшла пра сям’ю, пытаемся, што скажа свякруха пра будучую нявестку, Яраслававу абранніцу? На жаль, сын яшчэ не паспеў пазнаёміць маму з Алесяй. Пра нявестку пані Марыя чула толькі з яго словаў.

«Кулака» ў старшыні

«Мой бацька памёр у 49 гадоў, бо яго раскулачылі. Яго хацелі зрабіць старшынёй калгаса, а ён адмовіўся, бо не мог зразумець, як жыць у такіх умовах. Яго не выслалі, але забралі ўсё ў калгас. Бацька за два месяцы і згарэў, хоць крэпкі мужык быў, — расказвае гаспадыня. — Працавіты быў! Нават у вайну мы ніколі не галадалі».

«Немцы нам нічога дрэннага не рабілі, бо партызанаў у нас не было, — кажа мама Раманчука. — Але як прыйшлі саветы, то нацярпеліся».

Марыя Адольфаўна нарадзілася на мяжы, пад польскай Кузніцай. Калі пераехала ў Сапоцкін, будучы муж Часлаў быў яшчэ ў арміі.

Жыццё ў Саюзе стала для яе часам змагання: «Тут нельга было па-польску размаўляць, нельга было ў касцёл хадзіць, але я наперакор усім ішла. Я ў свой час вывучылася ў Пінску на тэхнолага. Людзей з такой адукацыяй не было, таму мяне і не звальнялі. Начальнік прасіў: будзе праверка, размаўляй хаця б з імі па-расійску. А я адказвала: як умею, так і буду казаць».

Браты Раманчукі былі хрышчоныя яшчэ ў маленстве. Прычым калі Яраслава ў касцёл адвезлі адкрыта, то Генрыха давялося хрысціць таемна, у дзве гадзіны ночы.
Такія былі часы.

Марыю Адольфаўну абурае, што моладзь адыходзіць ад касцёла. Яраславу яна сказала адразу: «У Мінску ты як хочаш, але тут мусіш ісці ў касцёл».

Парадаксальна, але

ліберальныя погляды Раманчука, якія выказваліся ў інтэрв’ю пра легалізацыю прастытуцыі і прымальнасць групавога сэксу, ніякім чынам не суадносяцца з поглядамі на жыццё пані Марыі.

Сіноптык з-пад Казахстана

Па словах мамы, Яраслаў ніколі ў жыцці не зубрыў. Вельмі адораны. «Аднойчы ў чацвёртым класе прыйшоў і плача. «Мама, я напісаў сачыненне, настаўніца прачытала, сказала, што гэта не я зрабіў!» А ён пры мне пісаў, без кніжак, без нічога… Тады я сустрэла гэтую настаўніцу, усё ёй растлумачыла. І пасля таго яна пачала яму ставіць пяцёркі», — узгадвае пані Марыя.

Ва ўніверсітэце Яраслаў атрымліваў спачатку павышаную стыпендыю, а пасля — ленінскую. Грошы прывозіў дахаты: «Ён жа не курыць, не п’е.

Я іх адкладала на ашчадкніжку, — са шкадаваннем прызнаецца Марыя Адольфаўна. — Дык яны і ляснулі ўсе, як Савецкі Саюз скончыўся».

Калі Раманчук вучыўся на першым курсе, яго забралі ў армію, хоць звычайна забіралі з трэцяга. Яраслаў напісаў у дакументах, што паляк. «Ну, мы табе, паляку, пакажам!» — сказалі Раманчуку і заперлі яго на мяжу з Казахстанам. Там ён служыў на аэрадроме сіноптыкам.

На ўніверсітэцкіх здымках Яраслаў выглядае сапраўдным навукоўцам у вялікіх акулярах. Цяпер, пасля ўдалай аперацыі, зробленай у ЗША, яму не трэба насіць ні акуляраў, ні кантактных лінзаў.

Калі Раманчук скончыў лінгвістычны ўніверсітэт, яго пакінулі выкладаць. Аднойчы, прыехаўшы дамоў, ён пачаў разважаць:

«Мама, каб мне купіць кватэру ў Мінску, трэба будзе працаваць на цяперашнім месцы 54 гады». І пайшоў у бізнэс.

«Я не прашу ў Бога, каб Ярык стаў прэзідэнтам»

«Я не хацела, каб ён балатаваўся, бо нашы выбары — гэта ж абы-што, а не выбары. Старшыня сельсавета з Яраславам у дзяцінстве сябравалі. Я сказала яе маці: хай толькі падтасуе сёлета ў Сапоцкіне!» — жартам пагражае Марыя Адольфаўна.

Людзі Раманчука паважаюць. Пару гадоў таму Ярык прыехаў выступаць, і так людзям спадабалася ягоная прамова, што адзін нават назваў сваю дачку ў ягоны гонар, Яраславай.

Пані Марыя выпісвае «Народную волю», глядзіць «Белсат», разважае пра інфляцыю і рост грашовай масы.

«Калі Яраслаў прыязджае, ён на сваім ноўтбуку мне ўсё паказвае», — хваліцца гаспадыня.

«У 1994-м я галасавала за Лукашэнку, — прызнаецца Марыя Адольфаўна. — А Ярык тады ўжо казаў: мама, ён дурнаваты.
Больш я за Лукашэнку не галасавала. А вось Пазняка я не люблю. Краіна шматнацыянальная, нельга так, што ўсё раз — і па-беларуску. Хоць ва ўрадзе чыноўнікі павінны размаўляць па-беларуску, як і на тэлебачанні.
Калі ў народа няма мовы — то няма і народа».

Парады Пазняку

У хату заходзіць сусед-украінец, які жыве ў Гродне, але купіў участак у Сапоцкіне. Ён адразу ж падхоплівае тэму: «Ярыка ўчора па «Белсаце» паказвалі! Але малавата яму часу далі».

У мястэчку ледзь не ўсе хаты маюць спадарожнікавае тэлебачанне.

Сусед таксама згадвае Пазняка: «Калі б ён быў не такім нацыяналістам, даўно былі б у дэмакратычнай Еўропе! А ён усіх на беларускую пераводзіць пачаў…»

Марыя Адольфаўна адразу ж перабівае: «Не, беларус павінен размаўляць па-беларуску!»

Паэт ні ў чым не разбіраецца

«Ну хто падтрымае Раманчука? Палякаў на Магілёўшчыне не любяць…» — задаем правакацыйнае пытанне. «Прычым тут паляк? — шчыра не разумее Марыя Адольфаўна. — А Лукашэнка хто? Ніхто, цыган нейкі.

Ярык не за палякаў, а за ўсіх.
Някляеў, ён хто? Паэт нейкі, ні ў чым не разбіраецца. Наш дык працаваў шмат. Я вам гарантую, што Яраслава не сапсуе ўлада. Ён звычайны, просты чалавек. Няхай бы стаў прэзідэнтам. Ён ведае, як вывесці краіну з крызісу. Але я не прашу ў Бога, каб Ярык быў прэзідэнтам. На ўсё воля Божая».

Каментары34

Цяпер чытаюць

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі27

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Усе навіны →
Усе навіны

Мурал беларускім пісьменнікам адкрылі ў Касцюковічах1

Грузавы самалёт Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі зачасціў у Мінск4

Боснія адклікае амаль усіх супрацоўнікаў пасольства ў Сербіі 7

Плаціць за праезд у наземным транспарце Мінска можна будзе карткай любога банка

Беларусаў запрасілі рабіць пусканаладку на першай турэцкай АЭС6

У Беларусі адчувальна падаражэлі аўтазапчасткі — вось чаму4

Беларусам сталі радзей выдаваць ДНЖ у ЕС. Хто, куды і навошта з'язджаў у 2025 годзе5

Пінскі суднабудаўнічы завод упершыню за доўгі час пабудаваў новае судна ВІДЭА5

Пасля перамогі АдГ скандальны кубак «Армія Расіі» выставілі на аўкцыён10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі27

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць