«Гелі пераліваюць у розныя бутэлькі — ад ёгуртаў або ад кефіру». Як і што купляюць і прадаюць беларусы на польскім рынку ў Беластоку
Пажылы паляк бегае па паркоўцы ў пошуках беларускіх цыгарэт. У абменніку мяняюць даляры крыху больш выгадна, калі здаць адразу тысячу. А прадавец у крамцы бытавой хіміі вучыць, як непрыкметна правезці капсулы для мыцця праз мяжу.

Most схадзіў на Кавалерыйскі рынак у Беластоку і паглядзеў, што купляюць беларусы, якія прыязджаюць у Польшчу па тавары.
Крыху воддаль ад асноўнай стаянкі стаіць Hyundai з гродзенскімі нумарамі, побач — аўтамабіль з польскімі. У абодвух адкрытыя багажнікі.
Мужчына каля польскай машыны старанна выцірае каністру і ставіць яе ў аўтамабіль: мяркуючы па ўсім, ён толькі што купіў паліва ў беларуса. Бак красовера змяшчае 50—55 літраў, а каб даехаць ад Брузгоў да Беластока і назад, трэба ўсяго 12—15. Калі падысці да справы грунтоўна, можна зліць каля сарака літраў без асаблівых праблем.
На вялікай стаянцы таксама шмат машын з беларускімі нумарамі. Сярод іх сноўдае пажылы мужчына. Ледзь убачыўшы новы аўтамабіль, ён бяжыць да яго — шукае, хто перапрадае беларускія цыгарэты. Гэта становіцца зразумела, калі ён звяртаецца да мужчыны, які выйшаў з машыны, і жэстам паказвае курэнне. Беларус у адказ адмоўна хістае галавой.

— Пан шукае цыгарэты?
— У пані ёсць цыгарэты?
— Не. Хацела спытаць, па чым іх звычайна прадаюць беларусы.
— Навошта пані такая інфармацыя? — раздражнёна кідае мужчына і бяжыць да наступнага аўтамабіля.
«У сярэднім здаюць па 300—400 даляраў»
Купляючы каву ў кебабнай, пытаемся ў прадаўца, ці шмат сюды прыязджае беларусаў.
— Шмат! Па нядзелях менш, але таксама хапае, — адказвае прадавец, хутка заварваючы каву. Пара лыжак нераспушчальнай кавы, залітай кіпенем, — пяць злотых. Цукар і малако не прапануюць.
Разлічыцца карткай тут нельга — толькі наяўнымі або праз Blik па нумары тэлефона. Мяркуючы па ўсім, бізнэс разлічаны менавіта на турыстаў.

Побач — абменнік. Курс на табло ў гэты момант — 3,66 злотага за даляр. Сямейная пара ўдакладняе ў валютчыка, колькі атрымаецца за 300 даляраў. Той бярэ калькулятар, уводзіць лічбы і паказвае вынік беларусам. Яны ківаюць і мяняюць валюту.
— У вас курс залежыць ад колькасці даляраў?
— Натуральна, — коратка адказвае паляк.
— А колькі беларусы звычайна мяняюць?
— Па-рознаму. Бывае, і сотню прынясуць — тады курс такі, як на табло. А бывае, адразу тысячу здаюць — тады палічу ўжо больш, больш выгадна будзе беларусам. У сярэднім здаюць па 300—400 даляраў — у такім выпадку таксама дадаю грошай зверху.
Хаваюць капсулы па кішэнях, а гелі пераліваюць у бутэлькі
Тым часам паркоўка працягвае запаўняцца машынамі з беларускімі нумарамі. Пакупнікі з Беларусі накіроўваюцца туды, дзе прадаюць бытавую хімію, шакалад і каву.
Невялікі павільён запоўнены таварам даверху. Шакаладкі і кава суседнічаюць з пральнымі парашкамі, таблеткамі для посудамыйных машын, апаласківальнікамі і адбельвальнікамі. Тут жа — шыпучыя вітаміны.
Прыкметна, што на многіх цэнніках указаныя адразу дзве цаны: напрыклад, скрынка цукерак Toffifee каштуе 8 злотых, а другая цана на яе — 6,50. Мяркуючы па ўсім, гэта цана да выліку ПДВ і пасля яго.

Пакупнікі ходзяць па вузкіх шэрагах з тэлефонамі ў руках — у многіх адкрытая галерэя з фатаграфіяй патрэбнага тавару. Бяром упакоўку капсул для мыцця.
— Правязу ў Беларусь?
— Калі добра схаваеце — правязеце, — адказвае прадавец і ўдакладняе, для сябе ці капсулы. Пачуўшы, што для сябе, дадае:
— Я вам дам пакет, высыплеце ў яго капсулы, а каробку выкінеце. Так усе вашы і робяць — хаваюць капсулы па кішэнях.
— А калі гель захачу перавезці, як з ім быць?
— Гелі пераліваюць у розныя бутэлькі — ад ёгуртаў, напрыклад, або ад кефіру, — дзеліцца сакрэтамі перавозкі санкцыйнага тавару прадавец.
Трэба сказаць, пакупнікоў з парашком мы так і не ўбачылі — напэўна, нямногія хочуць рызыкаваць на мяжы з «санкцыйкай». За гэта можна атрымаць штраф і адправіцца «на разварот».
У асноўным бяруць каву, гарбату, шакаладкі і шакаладную пасту Nutella.
«Памятаеце, раней нават візы спецыяльныя былі — на закупы»
Ля ўваходу ў павільён стаіць беларус з велізарным пакетам туалетнай паперы і тлумачыць камусьці па тэлефоне, дзе менавіта на паркоўцы стаіць яго машына.
У Беласток ён прыехаў не па пакупкі — тут яму трэба сустрэць сваякоў, якія вяртаюцца з курорта: з Варшавы яны даедуць да Беластока на аўтобусе, а тут ужо перасядуць у яго машыну.
— Калі б не трэба было забіраць, я б наогул сюды не ехаў, — кажа мужчына. — Няма тут больш такога шопінгу, як раней. Вось узяў туалетную паперу па старой звычцы — раней яе багажнікамі вазілі. А цяпер і ў нас яна каштуе не даражэй: у Fix Price тыя ж цэны, што і тут. Ды і якая розніца, якой мне карыстацца — расійскай ці польскай.

Мужчына ўспамінае, што калісьці шопінг у Польшчы сапраўды быў выгадным.
— Памятаеце, раней нават візы спецыяльныя былі — на закупы? Ідзеш у консульства, нясеш усе патрэбныя дакументы, чэкі з Auchan — і вось табе ўжо падстава для візы. А цяпер што? Нават турыстычныя выдаюць аднаразовыя… А калі запрашэнне купляць у якога-небудзь паляка — дык гэта 300 долараў толькі за дакумент. А яшчэ запіс, а страхоўка… І прыязджаеш сюды — дзеля чаго? Зэканоміць на каве два даляры? Ды ну, — махнуўшы рукой, мужчына забірае туалетную паперу і ідзе да паркоўкі.
«Ты бачыла цэны на наша баранавіцкае?»
У гандлёвых радах з адзеннем каля павільёнаў не так шмат людзей — і, мяркуючы па размовах, у асноўным гэта палякі. Вялікае скопішча людзей ёсць у павільёнах з ювелірнымі вырабамі і электраінструментамі.
Каля шапіка з пасцельнай бялізнай спыняюцца дзве беларускі.
— Двухспальны камплект за 55 злотых (15 даляраў). Можа, узяць?
— Ты адкрый, паглядзі, якая там якасць будзе. Лепш пераплаціць і купіць наша, баранавіцкае…
— А ты бачыла цэны на наша баранавіцкае? 200 рублёў за камплект — у пяць разоў даражэй!
Спрэчка заканчваецца на карысць польскай бялізны — у выніку яе купляюць абедзве жанчыны.
У палатцы з пральным парашком прадавец расхвальвае цану на Tide — 110 злотых (30 даляраў) за 10 кілаграмаў.
— А ў Беларусь правязу такую ўпакоўку?
— Не, нельга. Вашы ў асноўным капсулы бяруць, а гэтую ўпакоўку ніяк не схаваеш — так што не купляйце, — сумленна папярэджвае прадавец.

На паркоўцы машын становіцца ўсё больш. Хтосьці ўжо грузіць пакупкі ў багажнік, хтосьці толькі накіроўваецца на шопінг.
А мужчына ў пошуках беларускіх цыгарэт па-ранейшаму падбягае да кожнай новай машыны — але, мяркуючы па яго пустым пакеце, пошукі пакуль застаюцца беспаспяховымі.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары