Затрыманы бацька пацярпелай, які хадайнічаў пра перанос суда
Сама Інэса Крутая ў шоку, загаварыла пра палітычны прытулак для сябе.
У сувязі з затрыманнем Аляксандра Крутога, іншы пацярпелы пад час выбуху ў метро Самвэл Саакян заявіў, што ён збіраецца наведваць усе судовыя пасяджэнні, бо не мае гарантый, што і яго не затрымаюць. Саакян як і Круты з’яўляецца самым актыўным з удзельнікаў працэсу з боку пацярпелых. Яны падаюць хадайніцтвы і актыўна задаюць пытанні.
У канцы сённяшняга пасяджэння пацярпелая Інэса Крутая хацела перадаць заяву суддзі наконт затрымання яе прадстаўніка ў судзе, якім з’яўляецца яе бацька. Суддзя Федарцоў заявіў, што прыме заяву толькі заўтра, сёння пасяджэнне скончана і дэманстратыўна пакінуў залу суда.
Суддзя Федарцоў не адрэагаваў на словы пацярпелай пра тое, што ёй цяжка знаходзіцца на судзе, бо яна прыйшла на мыліцах і з цяжкасцю адседзела сённяшняе пасяджэнне. На заўтрашняе паседжанне яна з’явіцца не зможа.
Як паведаміла Інэса Крутая «НН», на яе бацьку будзе заведзена крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства», якая прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.
У заяве да суда Інэса Крутая патрабуе, каб суд працэс быў прыпынены да таго моманту, калі яе бацьку выпусцяць, таксама патрабуе палітычнага прытулку для сябе, маці і бацькі, спасылаючыся на словы аднаго з прадстаўнікоў абвінавачвання, які падчас аднаго з пасяджэнняў на рэплікі збоку прысутных у зале адрэагаваў словамі: «Калі вы такія абаронцы, то сядайце побач з імі».
Заяву Інэса Крутая накіруе поштай.
Пазней стала вядома, што па накіраванні пракурора Аляксандр Круты адпраўлены ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя (Навінкі). Пра гэта сваякам паведамілі ў Маскоўскім РУУС сталіцы.
16.46-16.56
Зачытваецца пратакол допыту Канавалава ад 8.06.2011.
Цалкам пацвярджае свае паказанні па выбухах.
Канавалаў пацвердзіў, што пад ціскам даў паказанні пра сваю датычнасць да выбухаў у 2005 годзе ў Віцебску. Дадзеныя ніякія яму следчыя не давалі. Даведаўся пра іх са сродкаў масавай інфармацыі. Некаторыя дэталі выдумваў. Так, пра выкарыстанне пры тых выбухах ножак ад гадзіннікаў даведаўся падчас ператрусу на кватэры яго сям’і.
Пацвярджае сваю датычнасць да выбуху ў метро 11 красавіка 2011 года.
16.34-16.46
Зачытваецца пратакол чарговага допыту Канавалава.
Дае паказанні па факце выбуху ў бібліятэцы ў 2002 годзе. Быў выхадны. Дзверы бібліятэкі былі замкнёныя. Выбуховы пакет Канавалаў замацаваў на акне. Пасля падпаліў фіціль. Хвіліны праз дзве адбыўся выбух. Было пашкоджана шкло – мелася дзіра ў ім. Пры гэтым выбуху былі Румянцаў і Кавалёў. Канавалаў ад гэтага эпізоду адмаўляўся. Таму што думаў, што гэтае злачынства будзе інкрымінавацца Румянцаву і Кавалёву. Але калі зразумеў, што для іх гэта не мае значэння, пачаў расказваць.
Летам 2001 года разам з Кавалёвым у пад’ездзе аднаго дома ўзарвалі выбуховы пакет. Выбухам было выбіта акно. На наступны дзень пасля выбуху з Кавалёвым вярнуліся на тое месца, каб паглядзець.
Расказвае яшчэ пра адзін эпізод. Разам з Румянцавым і Кавалёвым падпалілі ў адным з пад’ездаў гумовы дыванок. Было гэта летам 2001 года. Падвальваў дыванок непасрэдна Канавалаў.
16.23-16.34
Зачытваецца пратакол допыту Канавалава ад 2.06.2011.
Просяць расказаць пра тое, дзе Канавалаў знаходзіўся ў верасні 2005 года, калі адбыліся выбухі ў Віцебску. Не лічыць, што мае дачынне да тых выбухаў.
Падчас ператрусу на кватэры быў дома. Шукалі ножкі ад будзільніка. Пры сабе міліцыянты мелі фота такіх ножак. У бацькі Канавалава знайшлі. Пасля шукалі рэшткі выбухоўчых рэчаў. У працэсе ператрусу Канавалаў не выходзіў. Кавалёў на вочнай стаўцы паведаміў, што менавіта падчас таго ператрусу Канавалаў прыносіў яму дамкрат. Канавалаў кажа, што ўвогуле дамкрата ў яго не бало.
Сведка Шпак паказаў, што ў Канавалава ў падвале былі “кактэйлі Молатава”. Канавалаў сказаў, што гэта няпраўда. Былі бутэлькі з бензінам, але без фіцілём, закрытыя коркамі.
15.37-16.22Зачытваецца пратакол допыту Канавалава ад 14.05.2011.
Зачытваецца пратакол допыту Канавалава ад 16.05.2011.
У студзені 2011 года ўзарваў дрэва, якое разламалася. Сфатаграфаваў яго на мабільнік. Пры выбуху выкарыстоўваў каля 1 кг выбухоўчага рэчыва на аснове аміячнай салетры.
Адзін ў пяцярпелых хацеў зрабіць хадайніцтва. Суддзя не дазволіў. Маўляў, пасля.
Зачытваецца пратакол допыту Канавалава ад 23.05.2011.
Канавалава знаёмілі з урыўкам з аднаго з пратаколаў допыту Кавалёва. Гаворка вядзецца пра тое, што Дзмітрый на просьбу Уладзіслава даў яму ключы ад свайго падвала, каб узяць там ядавіты парашок (Уладзіславу для чагосьці патрэбен быў той парашок). З дапамогай гэтага парашку, па словах Кавалёва, Дзмітрый хацеў скончыць жыццё самагубствам. Канавалаў сказаў, што не збіраўся скончыць жыццё самагубствам пасля выбуху. Не стаў каментаваць словы Кавалёва.
* * *
Наступны ўрывак з допыту Кавалёва. Апошні казаў, што Канавалаў ставіў расцяжку з выбухоўкай. Ад таго выбуху загарэлася аддзене на нейкім мужчыну. За гэтым назіраў Канавалаў з бінокля з кустоў непадалёку.
Такі ж выбух і да гэтага Канавалаў хацеў здзейсніць. Але тады мужчына праехаў па расцяжцы на ровары, і на яго не патрапіла запальная вадкасць.
Канавалаў пра гэта сведчанне сябра сказаў, што не ведае, пра якія падзеі вялася гаворка. Ён такога не рабіў.
* * *
Наступны ўрывак з пратаколу допыту Кавалёва. Так, Канавалаў папярэджваў Кавалёва, што хоча ў цэнтры Віцебска здзейсніць выбух. Нібыта хацеў на лаве паставіць бляшанку, якая будзе часткай выбухоўкі. Канавалаў пра гэтыя паказанні Кавалёва сказаў, што не планаваў такога рабіць і не рабіў.
* * *
Наступны фрагмент допыту Кавалёва. Ён сведчыў, што Канавалаў заклаў выбухоўку ў клумбу. Падчас тако выбуху ніхто не пацярпеў. Быў пашкоджаны толькі шапік. Пра гэта яму расказваў сам Дзмітрый. Той выбух Канавалава не задаволіў, бо ніхто не пацярпеў. Таму хацеў вырабіць больш моцную выбухоўку, каб пры яе выбуху пацярпелі людзі. Канавалаў пра гэтыя паказанні Кавалёва сказаў, што не ведае, пра што расказваў Уладзіслаў.
* * *
Чарговы фрагмент з допыту Кавалёва. Ён расказвае пра другі выбух у Віцебску насупраць краязнаўчага музея. Канавалаў пасля расказваў Кавалёву, з чаго вырабіў выбухоўку. Таксама расказаў пра акалічнасці ўстаноўкі выбухоўкі. Канавалаў у той момант знаходзіўся недалёка. Па просьбе Канавалава Кавалёў адводзіў яго ў інтэрнэт-кавярню і паказваў навіны пра выбух у Віцебску. Калі праводзіўся ператрус дома ў Канавалавых, Дзмітрый прынёс Уладзіславу дамкрат, які папрасіў схаваць. Пры дапамозе дамкрата Дзмітрый вырабляў выбухоўкі. Па словах Кавалёва, бацька Канавалава ведаў пра выбухі. Канавалаў пра гэтыя словы сябра сказаў, што такія яго паказанні не зразумелыя. І да выбухаў у Віцебску не мае дачыненняў. І нічога не хаваў у Кавалёва.
* * *
Чарговы фрагмент допыту Кавалёва. Ён паведаміў, што ведае пра іншыя выбухі, здзейсненыя Канавалавым. Пасля заканчэння 8-га класа ён разам з Канавалавым пайшлі гуляць. Дзмітрый паказаў выбухоўку, якую сам зрабіў. У выглядзе кавалка трубкі металічнай. Магчыма, з лыжнай палкі. Канавалаў прапанаваў узарваць яго ў адным з пад’ездаў. Мэты пакалечыць людзей не было. Падняліся на лесвічную пляцоўку. Канавалаў прымацаваў трубку да шкла на акне на ўзроўні галава. Падпаліў кнот. Выбеглі на вуліцу. У выніку выбуху шыба вылецела з рамаў і разбілася. Сышлі і больш на гэтае месца не вярталіся.
Канавалаў сказаў, што хацеў адкруціць болт на трубе, па якой у адзін з дамоў падаваўся газ. Каб была ўцечка, а пасля ад любой іскры адбыўся б выбух. Сам Канавалаў не думаў узрываць газавую трубу.
Канавалаў расказваў, што неяк прынёс на апошні паверх аднаго з дамоў запальную вадкасць. Да бутэлькі быў падведзены кнот. І падпаліў.
Аднойчы Кавалёў пачуў хлапкі як ад петардаў. Выглянуў у акно. І пабачыў, што на стаянцы гарыць стары мікрааўтобус. Канавалаў праз тыдзень сказаў, што гэта ён падпаліў той аўтамабіль. Кавалёў зразумеў, што сябра кінуў на задняе сядзенне бутэльку з запальнай сумессю.
Канавалаў расказваў Кавалёву, што хоча пад адхон пусціць цягнік. З дапамогай дамкрата ён хацеў падняць рэйку ці хаця б скрывіць, у выніку чаго пад адхон пайшоў бы цягнік. Але не ўдалося. Паднялася не толькі рэйка, але і шпала. І Дзмітрый забаяўся нагрузкі і што дамкрат зламаецца. Па словах Канавалава, такім чынам падчас вайны змагаліся партызаны.
Канавалаў пра гэтыя паказанні сябра заявіў, што не рабіў нічога таго, пра што сказаў Уладзіслаў. Заявіў, што не будзе даваць паказанняў на вочнай стаўцы з Кавалёвым. Усё, што ён хацеў расказаць пра ўдзел у выбуху Кавалёва, ужо сказаў і больш нічога не мае паведаміць.
Пад пратаколам заява адваката Канавлава. Маўляў, Дзмітрыю паказвалі не цалкам пратаколы допытаў Кавалёва, а толькі іх фрагменты.
15.29-15.36
Пратакол допыту Канавалава ад 13.05.2011.
Знаёмілі з заключэнне экспертызы. Паказвалі раздрукоўкі фота з яго мабільніка. На адным з фота – сяброўка Віка. На другім фота – надпісы “псіхалогія тэрарызму”. Назвы рэфератаў, якія спампаваў з інтэрнэту.
Яшчэ на здымках фота Мінска.
Рэцэпт вырабу абсэнту захоўваўся на мабільніку Канавалава.
Інфармацыя пра выбуховыя рэчы была на мабільніку. Але не можа сказаць, ці гэтай інфармацыяй карыстаўся для выраблення выбуховак.
15.13-15.28
Зачытваецца пратакол допыту Канавалава ад 11 мая 2011 года.
Нітрыт натрыю быў знойдзены ў падвале Канавалава. Узяў яго на працы. Збіраўся выкарыстоўваць для выбухоўкі. Моцнасць яе павінна была быць роўнай у эквіваленце трацілу. Выбух гэтага рэчыва быў бы мацнейшы, чам ад трыперакісу ацэтону. Але так і не зрабіў.
У пратаколе ўзнікла прозвішча Наталлі Каралёвай, з якой Канавалаў сябраваў з 2006 года да 2008 года, да сыходу ў войска.
У лістападзе 2009 года Канавалаў ляжаў у шпіталі ў Мінску, дзе яму рабілі аперацыю.
У пачатку 2006 года ў кватэры Канавалава праводзіўся ператрус.
Кавалёву Канавалаў не расказваў і не паказваў падвал, у якім вырабляў выбухоўкі.
14.45-15.13
Пасяджэнне працягваецца пасля перапынку.Зачытваецца пратакол допыту Канавалава ад 6 мая 2011 года.
Серная кіслата была знойдзена ў падвале Канавалава. Ён сказаў, што выкарыстоўваў яе для атрымання трыперакісу ацэтону. Купіў кіслату дзесьці ў 2010 годзе на Смаленскім рынку.
У студзені 2011 года ў лесе Канавалаў здзейсніў каля станцыі Грышаны выбухоўку. Узарваў з дапамогай тумблера, злучанага дратамі з выбухоўкай. Выбух здымаў на відэа на фотоаапарат. Запіс на камп’ютар не скідваў. Моцнасць выбуху ацаніў у 300 г трацілу ў эквіваленце.
У лютым 2011 года зрабіў яшчэ адзін выбух. Выбухоўку зрабіў у 1,5-літровай пластыкавай бутэльцы. У параўнанні са студзеньскай выбухоўкай ён дадаў яшчэ і алюмініевай пудры.
Да часу гэтых выбухаў ужо вызначыўся, што хоча ўзарваць станцыю метро “Кастрычніцкая” ў Мінску. Планаваў гэта зрабіць у маі ці чэрвені. Для паездкі планаваў пайсці на бюлетэнь. Бо на працы адгул не далі б.
Тасол яшчэ быў знойдзены ў падвале. Ён таксама быў яму патрэбен для вырабу выбухоўкі. Варыянт ён "знайшоў у інтэрнэце" і “перапісаў у свой сшытак”. Але выбухоўкі з тасолам так і не рабіў. Бо затратны нават варыянт.
Ацэтон быў знойдзены ў падвале Канавалава. Таксама выкарыстоўваў для выбухоўкі на 11.04.2011.
Зачытваецца пратакол допыту Канавалава ад 7 мая 2011 года. Пра выбух у Мінску ў 2008 годзе.
Ідэя здзейсніць выбух на 3.08.2008 узнікла ў пачатку 2008 года. Да гэтага на месцы не быў. Купіў у віцебскай краме мапу Мінска, каб вывучыць ваколіцы месца каля стэлы.
Мэта выбуху – “Дэстабілізаваць абстаноўку, для застрашвання насельніцтва”.
Вырашыў выкарыстаць пакеты ад сокаў для выбухоўкі, бо думаў, што на свяце будзе валяцца шмат такіх пустых пакетаў. Таму, маўляў, ніхто не зверне ўвагі на іх.
Выбраў пакеты на 2 л і на 1 л.
На Смаленскім рынку знайшоў, хто прадае 300 грамаў тратылу. За 30 ці 40 тысяч рублёў купіў яго. На Полацкім рынку купіў гайкі, гадзіннікі кітайскія, тры тумблеры.
Зрабіў два “тэставыя” выбухі. Убачыў, што вышэй за 1-1,2 метры аскепкі не разлятаюцца. Канавалава гэта задавальняла. Маўляў, ён не хацеў, каб хтосьці загінуў, але хацеў, каб было як мага больш пацярпелых.
У красавіку 2008 года Канавалаў ездзіў у Мінск, каб выбраць месца для закладкі выбухоўкі.
3 ліпеня 2008 года прыехаў у Мінск. У сталіцы адразу выключыў мабільнікі і выняў сім-картку, каб яго не маглі вылічыць. Купіў таксафонную карту. Пазваніў наконт зыдмнай кватэры. За 70 тысяч зняў кватэру на вуліцы Заслаўская на суткі.
Хацеў узарваць спачатку адзін зарад, а пасля схадзіць па другі пакет і праз 15 хвілін узарваць другую выбухоўку.
Каля 22.45 уключыў тумблер на выбухоўцы. Паставіў час выбуху на 23.00. У гэты час выбуху не было. Чакаў яшчэ 25-30 хвілін. Час выбраў таму, што ведаў, што ў гэты час будзе выступаць прэзідэнт. Але выбуху не было.
Пайшоў па другі пакет. Паставіў. Уключыў тумблер. Хвілін праз 10 выбухнула. Глядзеў хвілін 10 за абстаноўкай. Пайшоў на кватэру і лёг спаць. Раніцай паглядзеў навіны пра выбух. Задаволены, што не было ахвяраў. Вярнуўся ў Віцебск.
“У нейкая ступені я дэстабілізаваў абстаноўку” ў краіне.
У студзені 2009 прыязджаў у Мінск. Зняў кватэру. Ні з кім не сустракаўся. Мэту паездкі не назваў.
* * *
Паведамляе БелаПАН:
Вечарам 20 верасня з невядомых прычын у Мінску быў затрыманы Аляксандр Круты. На судзе па справе аб тэракце ў мінскім метро ён прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, пацярпелай падчас выбуху 11 красавіка.
Як сказала Інэса Крутая, бацька патэлефанаваў ёй напярэдадні прыкладна ў 20 гадзін і сказаў толькі, што яго затрымалі і даставілі ў Маскоўскае РУУС. Аб прычынах затрымання ён нічога не казаў.
Як удалося высветліць сваякам прыкладна ў 14 гадзін 21 верасня, Круты знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС. Яму інкрымінуецца ўчыненне злачынства, прадугледжанага часткай
Аляксандр Круты актыўна паводзіў сябе ў працэсе па справе аб тэракце. Менавіта яму належала хадайніцтва аб пераносе суда да вырашэння пытання аб адмене ў Беларусі смяротнай кары, стварэнні інстытута прысяжных засядацеляў і ўвядзення іх у працэс.
Інэса Крутая сёння ўпершыню прыйшла на пасяджэнне суда і мяркуе звярнуцца да суддзі з заявай, у якой запатрабуе прыпыніць працэс да таго час, пакуль яе бацька не будзе зноў дапушчаны ў суд у якасці яе прадстаўніка. Сама Інэса Крутая наведваць суд не ў стане, бо атрымала сур’ёзныя траўмы падчас тэракта.
* * *
21 верасня на судовым працэсе па справе аб выбухах у Мінску і Віцебску зачытваліся пратаколы допытаў галоўнага падазронага Дзмітрыя Канавалава, праведзеныя 13 і 18 красавіка.
Падчас допыту 18 красавіка Канавалаў адмовіўся ад дадзеных раней паказанняў аб сваёй замешанасці ў выбухах у Віцебску ў 2005 годзе.
Следчаму ён заявіў, што раней прызнаўся ва ўчыненні гэтых злачынстваў пад уціскам супрацоўнікаў міліцыі пасля затрымання 12 красавіка.На пытанне следчага, у чым уціск, Канавалаў адказаў: «Прымяненне катаванняў».
Ён расказаў, што ўсё адбывалася ў памяшканні Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Двое супрацоўнікаў міліцыі паклалі яго на жывот, рукі ў наручніках зацягнулі пад складзеныя ззаду накрыж ногі. Паводле слоў Канавалава,
яму сказалі, каб ён даў паказанні па выбухах у Мінску ў 2011 і 2008 гадах і ў Віцебску ў2005-м .
Разам з тым на гэтым жа допыце Канавалаў заявіў, што прызнае сваю замешанасць у выбухах у Мінску ў 2008 і 2011 гадах.
* * *
Хто такі Аляксандр Круты
Аляксандр Круты — адзін з асуджаных за абразу Лукашэнкі. Крымінальную справу паводле арт. 368 КК распачалі ў маі 2003 г. На той момант ён жыў у Нясвіжы, займаўся праваабарончай дзейнасцю. Пасля завядзення справы яго адпусцілі пад распіску. Ён з’ехаў у Мінск, дзе знаходзіўся да восені 2007 года. Ён быў ізноў затрыманы і змешчаны ў жодзінскае СІЗА.
24 студзеня 2008 года суд Нясвіжскага раёна прызнаў Аляксандра Крутога вінаватым у публічнай абразе Лукашэнкі. З прычыны адсутнасці вялікай пагрозы для грамадства яго вызвалілі ад адказнасці і спынілі справу. Аднак дамоў ён патрапіў не адразу.
У часе следства праводзілася
У лютым 2008 года судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда адмяніла пастанову суда Нясвіжскага раёна і адмяніла вытворчасць па справе Крутога.
У свой час Аляксандр Круты, фізік па адукацыі, працаваў на Міністэрства абароны, потым стаў прадпрымальнікам.
«Гэта бескампрамісны і валявы чалавек, меў вялікі архіў дакументаў, бо не прапускаў ніводнага выпадку парушэння правоў сваіх землякоў», — характарызаваў у 2007 годзе Крутога грамадскі актывіст з Нясвіжа Алесь Язвінскі.
Каментары