У Віцебску пад следчы камітэт высяляюць дзевяціпавярховы будынак?
У Віцебску арандатарам дзевяціпавярховага дома № 120 на Маскоўскім праспекце раяць вызваліць займаныя памяшкання да 10 студзеня 2012.Яго плануюць аддаць стваранаму следчаму камітэту, пра гэта расказалі «Народным навінам Віцебска» ўладальнікі і работнікі размешчаных тут прадпрыемстваў і арганізацый.
Цяпер будынак належыць Галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленню Упраўлення справамі прэзідэнта. На дзевяці паверхах асноўнага корпуса і ў двухпавярховай прыбудове працуе некалькі сотняў чалавек: тут размяшчаецца мноства арганізацый розных відаў уласнасці, самыя буйныя з іх — інстытут «ВитебскСельСтройПроект» (больш за 200 супрацоўнікаў) і інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Першамайскага раёна Віцебска.
Са словаў арандатараў, пра неабходнасць вызваліць займаныя памяшкання ім паведамілі вусна. Ніякіх пісьмовых паведамленняў аб разрыве дамоваў арэнды ніхто з тых, хто пагадзіўся пагаварыць з карэспандэнтам «Народных навінаў Віцебска», пакуль не атрымліваў.
Няма размовы і аб прадстаўленні раўнацэннай замены памяшкання.Арандатарам давядзецца шукаць новыя офісы самастойна. Толькі на ўваходных дзвярах вывешаныя ўлёткі з інфармацыяй пра аўкцыёны за права арэнды памяшканняў, праўда, апошні з іх быў месяц таму.
Асабліва абураныя тыя, каму давядзецца перавозіць вытворчасць — знайсці ў горадзе вытворчыя памяшканні, куды зручна было б дабірацца работнікам і кліентам, нялёгка. Многія фірмы размяшчаюцца ў будынку не першы год і немалыя сумы патрацілі на рэкламу свайго адрасу.
Паводле інфармацыі кіраўніка адной з фірмаў, з 10 студзеня 2012 года ў будынку павінныя пачацца рамонтныя працы, а пасля iх заканчэння ў свае кабінеты маюць заехаць 300 супрацоўнікаў следчага камітэта.
Пакуль усе арандатары ў разгубленасці. Хтосьці ўжо заняўся пошукамі новага памяшкання, хтосьці піша скаргі старшыням гар- і аблвыканкама ці нават кіраўніку дзяржавы.
Нагадаем, што ўказ аб стварэнні следчага камітэта ўступіць у сілу 1 студзеня 2012 года. Начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці прызначаны Уладзімір Шалухін, які цяпер займае пасаду намесніка пракурора Віцебскай вобласці.
Каментары