Дэпутаты Бундэстага ФРГ Ута Цапф, Гернат Эрлер і Франц Тэнес звярнуліся з адкрытым лістом да Мікалая Статкевіча, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме. У пасланні яны выказваюць палітвязню поўную падтрымку, як аднаму з лідараў апазіцыі ў Беларусі.
«Мы ведаем, — пішуць дэпутаты, — што на цябе аказваўся і працягвае аказвацца моцны маральны, псіхічны і фізічны ціск. Глыбока закранулі нас два няшчасныя выпадкі, якія адбыліся з табой у калоніі. Моцным рэпрэсіям і ціску падвергнулі не толькі цябе, але і тваю сям’ю. Тым не менш, ты стойка перанёс гэта і змог захаваць свае палітычныя перакананні і пазіцыю для будучыні Беларусі. Гэта не змянілася нават пасля таго, як у студзені гэтага года ты быў прысуджаны да трох гадоў узмоцненага турэмнага рэжыму».
Дэпутаты Бундэстага працягваюць патрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных з турмаў і калоній, а таксама выканання ў дачыненні да іх канстытуцыйных працэдур і прадастаўлення ім медыцынскага забеспячэння.
Каментары