Культура33

У асяроддзі нячысцікаў, або Купалле на Люкшыне

Вандроўныя нататкі старога валацугі.

Паклікала Валацугу галоўная арганізатарка турызму і народных абрадаў на Лепельшчыне Вольга Маханенка ўзяць удзел у святкаванні Купалля ў фермерскай гаспадарцы «Люгжына», што на возеры Люкшына.
З-за адной даты нельга было адмовіць — 23 чэрвеня, Дзень летняга сонцастаяння, калі народнае свята адзначалі нашы прашчуры тысячы гадоў таму назад. Дзень выдаўся змрочны, пахмурны, з раніцы дождж імжыў. А пад 19 гадзін, на колькі быў прызначаны пачатак урачыстасці, хмары дружна ўцяклі за небакрай, і прастору запаланіла лагоднае сонечнае святло. Валацугаў «Дракон» ад гарадскога мікрараёна Сельгастэхніка да галоўнага корпуса «Люгжына» намераў 13,1 кіламетра. Праўда, апошнія 1,3 кіламетра давялося папацець, лавіруючы паміж глністымі каляінамі з вадой.
Толькі вынырнуў з ляска да брамы фермерскай гаспадаркі і аслупянеў — транспарту панаехала столькі, што «Дракона» няма куды ўціснуць.
Неяк прыладкаваў свайго двухколавага ўсюдыхода і на двор галоўнага корпуса падаўся. Бачу, пекныя маладзіцы нейкага страшыдлу, бы паклонніцы Алена Дэлона, абляпілі. Намеснік начальніка ўпраўлення па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама Наталля Елісеева патлумачыла, што гэта зусім не страшыдла, а добры, хоць і нязграбны, Палявік, і не кахання маладзіцы дамагаюцца ад апекуна палёў і лугоў, а просяць у яго добрага ўраджаю для фермерскай гаспадаркі. Мелодыю знаёмай дуды пачуў здалёк. Пасунуўся на чароўныя гукі. Ва ўзбярэжным узлеску — сцэна. На ёй — скокі ва ўсе бокі пад дуду Васіля Шкіндзера, баян Наташы Маляўкі і бубен Іры Шкіндзер. Гэта тры пары дзецюкоў і дзевак спаборнічаюць на права называцца Купалюшом і Купалінкай, якім будзе дазволена падпаліць купальскае вогнішча.
На прыазёрнай паляне размясціўся купальскі базар. Свае вырабы выставілі лепельскія майстры-ўмельцы. Не паленаваліся прывезці сувеніры прадстаўнікі сталічнага згуртавання «Куфэрак».
Найбольш ажыўлена было ля гандлёвай кропкі гаспадара аграсядзібы «У Гаўрылавіча» Аляксея Часнакова. Ён з бутэлькі ў 4,8 літра наліваў самагон «Гаўрылавіч» забойнай моцай 45 плюс-мінус 5 градусаў і мёдам закусваць даваў. — Такой смакаты каштаваць яшчэ не даводзілася, — захаплялася ўзгарачальнай прадукцыяй аршанская пенсіянерка Наталля Таратухіна. Спрытна прыладкавалася аматарскае аб’яднанне «Стайскія прысмакі» — насупраць Гаўрылавіча. Святкоўцы глынуць «Гаўрылавіча», лізнуць мёду ды імчаць хутчэй закусіць стайскімі блінамі з тварагом ці цыбуляй. Паўздыхаў Валацуга, што здуру прыехаў на свята на «Драконе», ды з роспачы кінуўся абдымацца з пяцілітровікам «Гаўрылавіча». Сам Гаўрылавіч яго зафатаграфаваў! Але ж трэба іншых Нячысцікаў шукаць — аднаго Палевіка мала. Бачыць, людзі па ўсходах падымаюцца з азёрнага пірса. Пытае, ці бачылі ў вадзе Цмока. Не, не бачылі. А што за спрытныя маладзіцы ўселіся на траве вянкі плесці каля палетка збажыны? Можа гэта жытнія русалкі гуртуюцца? Падыходзіць Валацуга да галоўнай, называецца.
А яна прадстаўляецца консулам Латвіі ў Беларусі Дагніяй Лацэ-Ата. Праводзіць майстар-клас для беларусак па пляценні вянкоў.
Радасна кажа, што вельмі задаволена запрашэннем на Купалле, бо ў Латвіі 23 чэрвеня заўсёды праводзіцца латышскае народнае свята «Ліга», і ўвечары ніхто не застаецца ў горадзе — усе выязджаюць на прыроду. Лепельцы стварылі для яе такую магчымасць. У абрыве ахайную зямлянку адшукаў. Зазірнуў у акенца і аслупянеў — пры свечках варажбітка дзеўцы на картах гадае. Прыадчыніў дзверы і ціхенька напрасіўся на інтэрв’ю. Сам не верыў, што свайго роду Нячысціца пагодзіцца. А яна згадзілася! Назвалася варажбіткай Катрынай. Пагадаць прапанавала, аднак Валацуга пабаяўся даведацца пра сваю будучыню, хоць Катрына і запэўнівала, што выдае людзям толькі добрыя падзеі ў будучыні, а дрэнныя замоўчвае, каб не трывожыць іх сэрцы. Дзіўныя людзі ў нацыянальных строях сустрэліся — Янэк і Яня Грэскія з паўтарагадовай дачкой Арынай.
Чатыры гады назад згулялі яны вяселле ў нацыянальных беларускіх традыцыях, купілі старую хату ў апусцелай вёсачцы Ліпавец пад Красналукамі і зажылі бы ў даўніну. Цяпер у гаспадарцы маюць 8 коз і казла, якія аказілі 16 козачак, каня Орліка, іншую хатнюю жыўнасць. У горад не хочуць.
Сцямнела. А нячысцікаў няма. Ну не можа быць, каб не назіралі яны за такой людской весялосцю з гушчэзных кустоў? Занырнуў у самы гушчар і… Вось цуд! Натрапіў на таямнічую пару — Багнік з Балотнай Кікімарай, прыхінуўшыся адзін да другога, стаялі. Ён пачварны, смярдзючы, аброс багавіннем. А яна — ну пісаная прыгажуня. Адштурхнуў вырадка прэч, а сам да Кікімары прытуліўся. А яна і рада мужчынскай увазе — мацней да мяне ціснецца. Тут маланкай бліскае фотаўспышка, і Нячысцікі імгненна знікаюць. Можа і выратаваў мяне Васіль Хацкевіч, своечасова падаспеўшы з фотаапаратам. Інакш Кікімара магла спачатку прывабіць фальшывай пяшчотай, а потым разам з Багнікам зацягнуць мяне ў балотную твань. І пусцілі дзеўкі з пірса свае вянкі па возеры. І паплылі яны, асвечаныя свечкамі. Хтосьці ў гэтым разбіраўся, а я глядзеў, быццам бык на новыя вароты — не разумеў, што да чаго. Адзінае, што зрабіў, сфатаграфаваў некалькі іх на вадзе. У канчатковым спаборніцтве Купалішоў і Куплінак перамглі Алесь Белы і Насця Стараверава. Як пачаў знаёміцца, за галаву схапіўся: Насця — з Мінску, Алесь — з Амерыкі. Вось гэта арганізацыя Вольгай Маханенкай Купалля! Апоўначы Купалінка Беларуска і Купалюш Амерыканец падпалілі купальскае вогнішча.

Каментары3

Цяпер чытаюць

«Патрабавалі, каб я з калегамі пры дзецях па-беларуску не размаўляла». Ці сутыкаюцца беларускамоўныя з булінгам у краіне13

«Патрабавалі, каб я з калегамі пры дзецях па-беларуску не размаўляла». Ці сутыкаюцца беларускамоўныя з булінгам у краіне

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп з сям’ёю хочуць атрымаць 10 мільярдаў даляраў ад Мінфіна ЗША1

Apple набыла сакрэтную ізраільскую тэхналогію счытвання мімікі1

У Расіі школьнік забіў чыноўніка, які адказваў за блакаванне інтэрнэту8

Кілеру з банды Марозава вынеслі прысуд у Гомелі6

Зяленскі прызначыць спецпрадстаўніка па Беларусі4

Лукашэнка зрабіў Качанаву адказнай за Год жанчыны7

Калеснікава: «Мяне шакуе маштаб нянавісці і агрэсіі». Марыя патлумачыла, што для яе значыць вяртанне да нармальнасці51

Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР5

Вячорка: Ціханоўская і яе Офіс пакуль не пераехалі з Вільні11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Патрабавалі, каб я з калегамі пры дзецях па-беларуску не размаўляла». Ці сутыкаюцца беларускамоўныя з булінгам у краіне13

«Патрабавалі, каб я з калегамі пры дзецях па-беларуску не размаўляла». Ці сутыкаюцца беларускамоўныя з булінгам у краіне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць