Літаратура11

Уладзімір Някляеў. Знакі прыпынку

Новыя запісы.

Ёсць вершы з сакрэтамі — і ёсць з таямніцамі. Сакрэт разгадаў — і ўсё, верш назаўсёды скончыўся. Таямніцу ж не разгадаць.
Да прыкладу, таямніцу Багдановіча: «Ў краіне светлай, дзе я ўміраю, у белым доме ля сіняй бухты…» Альбо таямніцу Бараташвілі ў перакладзе Пастэрнака: «Этот синий-синий иней мглы над именем моим».

* * *

Ганна Ахматава ў размове з Усеваладам Івановым:

«Я была в великой славе, испытала величайшее бесславие и убедилась, что в сущности это одно и то же».

Хто не пражываў такое, ніколі ў такое не паверыць. Але гэта праўда.

* * *

Выступаючы ў Менску на ІІІ пленуме праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў (1936 г.), Барыс Пастэрнак сказаў: «В течение некоторого времени я буду писать плохо с прежней точки зрения, вплоть до того момента, пока не свыкнусь с новизной тем и положений, которых хочу коснуться».

З чаго раптам ён пастанавіў пісаць кепска «вплоть до того момента, пока...»

Зразумець гэта немагчыма, калі не ведаць, чаго Пастэрнак баіцца. За два месяцы да пленума ў газеце «Известия» былі надрукаваныя два ягоныя вершы («Я понял: все живо…» і «Мне по душе строптивый норов…»), якія не спадабаліся нікому: ні літаратарам (Ю. Тынянаў, як сведчыць К. Чукоўскі, сказаў у звязку з гэтай публікацыяй: «Пастернак опустошен и пишет черт знает какую ерунду»), ні ўладзе, якая палічыла згадванне ў гэтых вершах імёнаў Леніна і Сталіна («И смех у завалин, И мысль от сохи, И Ленин, и Сталин, И эти стихи») здзеклівымі. Вось Пастэрнак і спрабуе патлумачыць гэта тым, што стаў пісаць (і будзе пісаць яшчэ нейкі час) кепска, і пра тыя два свае вершы кажа амаль што словамі Тынянава, нібы Чукоўскі яму (што магло быць) іх пераказаў: «Два таких стихотворения я напечатал в январском номере «Известий», они написаны сгоряча, черт знает как…»

Праз 20 гадоў, калі Сталіна ўжо не стане, Пастэрнак напіша, што ў вершы «Мне по душе строптивый норов...» ён меў на ўвазе Сталіна і сябе:
«Но кто ж он? На какой арене / Стяжал он поздний опыт свой? / С кем протекли его боренья? / С самим собой, с самим собой». І скажа, што гэта была «искренняя, одна из сильнейших (последняя в тот период) попытка жить думами времени и ему в тон».

Гэта ўжо спроба апраўдання не перад некім (Тынянавым ці Сталіным), а перад самім сабой. Маючы свой досьвед (дзякуй Богу, без пагрозы расстрэлу) у памкненнях «жыць думамі часу і яму ў тон», магу сказаць, што спробы такія безвыніковыя. Ні іншых (Тынянава ці Чукоўскага), ні самога сябе імі не падманеш.

* * *

Творчасць — гэта больш чым жывапіс, музыка, паэзія. Яна — практыкаванні ў свабодзе.

* * *

Ён любіць рух, жэст, дэталь.

Ягоныя вершы — строгая графіка.

Экспрэсіі, пры якой праявы пачуцця вулканічныя, амаль бескантрольныя, воля даецца зрэдку:

Там, дзе ў лузе з любай
Мёд пілі пчаліны,
закусілі губы
да крыві каліны.

Амаль заўсёды на першым плане ў яго зрокавы вобраз — аб’ёмны, шматпланавы. Таму для стварэння верша яму бывае дастаткова аднаго радка: «На голас Блока выпаўзла змяя».

З ім не бывае пустых сустрэч. Бадай што прымаўкай стала знакамітае ягонае хочаш, я табе скажу…

Ён прамаўляе гэта без пытальніка.

— Хочаш я табе скажу: у Паўла Васільева ёсць радкі, якія мала каму сніліся… — І, прыжмурыўшыся, прачытае: «Так идет, что соловьи чумеют. Так идет, что облака стоят». Памаўчыць пасля, а ў паўзе ягонай — здзіўленне і радасць: як хораша, што ёсць яны, гэтыя радкі!.. Бо магло не быць.

Ён ганарыцца тым, што ў свеце існуе паэзія.

Бо паэт. Бо Анатоль Вялюгін. Бо адмірал, як называе яго Барадулін.

* * *

«Лета дзевяноста другога года выдалася ў Беларусі спякотным і незвычайна засушлівым.
На Меншчыне раз-пораз узгараліся лясы, не хапала ні сродкаў, ні сіл на тое, каб тушыць пажары — і над Менскам днямі і начамі віселі дымы, якія цяжка і душна клаліся на горад.

Па замаруджаным, запаволеным горадзе, выціраючы насаткай маладую і здаровую лысіну, а болей ніяк не звяртаючы ўвагі ні на спёку, ні на духату, шпарка бегаў хіба што адзін чалавек — у чорным гарнітуры, у чорных чаравіках, у белай кашулі і пры гальштуку. Гарнітур ягоны зусім не адпавядаў надвор’ю, затое цалкам адпавядаў палітычнаму цэнзу, грамадскаму статусу гэтага чалавека, а дакладней — асабістаму ягонаму ўяўленню пра здабыты ім цэнз і нададзены яму статус».

Так распачаў я некалі (пасля выпадковы знішчаны) раман «Крэматорый». Прататыпам аднаго з герояў (чалавекам з маладой і здаровай лысінай) быў знаёмы мне дырэктар саўгаса «Гарадзец», дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Неяк я спаткаў яго, зашпіленага ў парадны гарнітур, каля будынку былога ЦК КПБ, дзе мясціўся ў той час Вярхоўны Савет.

— Ты паглядзі, што робіцца! — выціраючы пот, усклікнуў Лукашэнка і ткнуў пальцам у газон пры фасадзе Вярхоўнага Савета.

Я паглядзеў — і нічога не ўбачыў, апроч травы, якую пякельнае сонца перапаліла ў пажоўклы пыл. Тут неспадзявана павеяў лёгкі ветрык, пыл прыпадняўся трохі — і зноў бязважка апаў на спарахнелую зямлю.

— Спаліла ўсё, — сказаў я. — Лета такое.

— Ды кіраўнікі такія, а не лета такое! — катэгарычна адрэзаў дэпутат і дырэктар саўгаса. — Адзін газон пры ўласным доме абгаспадарыць не могуць, а збіраюцца абгаспадарыць усю краіну! Вось пабачыш: калі я ў гэтым доме гаспадаром сяду, дык зімой і летам і газон у мяне будзе зялёны, і ва ўсёй краіне заквітнее райскі сад!

«Пяро табе ў азадак», — жартаўліва і лёгкадумна пажадаў я гэтаму ўспацеламу чалавеку, пад пякельным сонцам апранутаму ў чорны гарнітур...

Прамінулі два гады, прайшлі ў Беларусі першыя прэзідэнцкія выбары. Райскі сад ва ўсёй краіне не заквітнеў, але ўсё астатняе збылося — і шыльдачкі па знешнім перыметры былога будынку Вярхоўнага Савета, які стаў рэзідэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі, даволі хутка папярэдзілі мяне, каб да газону блізка я не падыходзіў.

Глядзіце таксама:

Уладзімір Някляеў. Знакі прыпынку

Каментары1

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА16

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

«Праца дысцыплінуе». Былых зняволеных адправілі збіраць камяні14

Палітзняволеная, якая выйшла на волю ў канцы лютага, нарадзіла дзіця1

Перавозчык не ўзяў мінчанку ў аўтобус, бо ў яе віза пачынала дзейнічаць праз чатыры гадзіны. А да мяжы было больш17

«Гэтыя карыкатуры дакладна не прымусяць нас змяніць курс». Мелоні дасціпна адказала Салаўёву5

Шэсць беларусак з трох краін рыхтуюцца пераплысці Ла-Манш

Трох мядзведзяў сустрэлі каля дарогі ў Вілейскім раёне

Калі прадаць проста цяпер, грошай на закрыццё крэдыту не хопіць. Колькі страціў Belgee за год?9

Беларускі і іх кавалеры другі год запар ратуюць эканоміку «Мілавіцы», пакуль рускія і еўрапейцы купляюць усё менш7

МЗС Італіі выклікала расійскага пасла пасля таго, як Салаўёў назваў Джорджу Мелоні «шл**ай»6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА16

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць