Тэатр

У Тэатры лялек паставілі спектакль паводле Міцкевіча. Без лялек

Сто палітвязняў сядзяць у турме. Гэта студэнты-філаматы. Яны вучыліся ў Віленскім універсітэце, заснавалі «экстрэмісцкую арганізацыю дэструкцыйнай скіраванасці». Каляды яны сустракаюць у вязніцы...

Гэта «Дзяды» Адама Міцкевіча — класіка польскай літаратуры, свая для беларусаў. Бо Міцкевіч нарадзіўся ў Беларусі, пісаў пра падзеі на нашай зямлі і нават сам абрад Дзядоў, вакол якога закручаная паэма, характэрны для Беларусі, а не для Польшчы.

Адам Міцкевіч таксама мог апынуцца сярод тых вязняў. Ён таксама быў сярод заснавальнікаў «незарэгістраваных арганізацый». Чыстая выпадковасць: аўтар, трохі старэйшы, ужо скончыў універсітэт, працуе ў Коўне настаўнікам лаціны.

Міцкевіч пачаў пісаць «Дзяды» ў 22 гады (столькі цяпер палітвязню Васьковічу). А сканчаў пасля паразы «Плошчы» 1830 года.
Праўда, то быў не мітынг, а паўнацэнная вайна з Расіяй. Вайна за свабоду Польшчы, Рэчы Паспалітай — Беларусь тады яшчэ не аформілася як самастойны суб’ект.

Нездарма з варшаўскай пастаноўкі «Дзядоў» 1968 года пачалася «студэнцкая вясна», якую ўлады раздушылі, але важакі якой праз 12 гадоў пайшлі да рабочых ствараць «Салідарнасць».

«Дзяды» можна расчытаць і як універсальны твор пра свабоду за кратамі. Хоць самыя «палітычныя» часткі паэмы ў спектакль не трапілі.

Дзея пачынаецца са сцэны вечара перад Дзядамі. Гусляр выклікае душы памерлых...

Пацанскі стыль ігры галоўнага героя, Густава-Конрада, у вусны якога Міцкевіч укладаў свае думкі, — спрэчны.

Час ад часу з-за кулісаў, нібы з фільма Кустурыцы, вылятае аркестр.

На сцэне ў гэтым спектаклі Лялечнага — жывыя людзі. Лялькі — толькі шкілеты ды каларадскія жукі. Каларадскія жукі з’явяцца ў сцэне Калядаў у вязніцы. Вязні ядуць іх, закусваюць імі, занюхваюць.
Яны вымушаныя жыць з імі, сярод іх. Вялізны цень ад маленькага каларадскага жука з маленечкім вершнікам на задніку сцэны выглядае як «Медны вершнік» — помнік цару ў сталіцы імперыі. Што страх чалавечы робіць!

Калі адзін з вязняў «зрываецца» і пачынае занадта адкрыта прамаўляць пра свабоду, рэшта налятае на яго, хапае, затыкае рот падушкай...

Густаў памірае, Конрад нараджаецца. У фінале на экране паказваюць кінахроніку — ХХ стагоддзе, сусветныя войны, калектывізацыя, Гітлер ляціць над руінамі Мінска... Рэжысёр выбраў гэтыя кадры, а не, скажам, партрэты Міцкевіча і Марылі Верашчакі.

«Дзяды» паставіў малады рэжысёр Аляксандр Янушкевіч.
Здаецца, у Янушкевіча ёсць творчая будучыня. Калі пастаноўшчык у класічных тэкстах шукае сучаснасць, ён заўжды будзе сучасны. Іначай навошта тэатр? Не на дэкарацыі і касцюмы ж глядзець.

Абодва паказы прайшлі пры аншлагу і скончыліся авацыямі. Моладзь у блогах пра спектакль адгукаецца захоплена. Беларускі тэатр найчасцей шаблонны. Пастаноўкі схематычныя, акцёры граюць тыпова, а рэжысёры баяцца парушыць ідэалагічныя схемы. Прыкладамі гэтых клішэ нядаўна былі выкананыя з найлепшымі намерамі «Сівая легенда» ў Оперы і «Местачковае кабарэ» ў Купалаўскім.

«Дзяды» ў Ляльках спадабаліся моладзі не толькі Міцкевічавым зместам, але і Янушкевічавым пошукам новых формаў.
Напрыклад, Сямён Букчын у «Народнай волі» крытычна адгукнуўся пра выкарыстаныя ў спектаклі мультымедыйныя сродкі — інтэрактыўная трансляцыя з вэб-камеры са стала на экран і г.д. Між тым, моладзі і гэта падабаецца. Бо і гэта нова для мінскай сцэны!

І нават калі інтэлектуальны ўзровень выпускнікоў мінскіх Акадэмій пачатку ХХІ ст. ніжэйшы за ўзровень выпускнікоў Віленскага ўнівера пачатку ХІХ ст., імкненне да творчага пошуку ўрэшце здолее кампенсаваць прабелы ў адукацыі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Улады Ірана назвалі жахлівую лічбу забітых на пратэстах8

Улады Ірана назвалі жахлівую лічбу забітых на пратэстах

Усе навіны →
Усе навіны

Асудзілі экс-начальніка следчага ўпраўлення Магілёва, якому КДБ вырабіла фэйкавы пашпарт «Новай Беларусі»7

Прэм'ер Літвы пра пераезд Ціханоўскай у Польшчу: Не бачу ні выгады, ні страты19

Аляксандр Рыбак зноў рыхтуецца да адбору на «Еўрабачанне»1

У якім месяцы беларусы паміраюць часцей за ўсё?5

Паўднёвая Карэя першай у свеце пачала рэгуляваць штучны інтэлект. Цяпер там абавязкова маркіруюць ШІ-выявы

Старажытныя дубы расказалі, што адбывалася аж за стагоддзе да з'яўлення крэпасці на Менцы3

Трамп заявіў, што Зяленскі гатовы заключыць мірную дамову1

Трамп адклікаў запрашэнне Канады ў Раду міру11

Перамовы Пуціна з Уіткафам і Кушнерам завяршыліся3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Улады Ірана назвалі жахлівую лічбу забітых на пратэстах8

Улады Ірана назвалі жахлівую лічбу забітых на пратэстах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць