Архіў

ДЗЕНЬ БЕЗ ЧУЖОГА СЛОВА

№ 20 (117) 1998 г.

ДЗЕНЬ БЕЗ ЧУЖОГА СЛОВА

 

2 лiстапада

Яшчэ напачатку 80-х менскiя студэнты-фiлёлягi распавядалi показку пра аднаго свайго прафэсара, выкладчыка беларускай мовы, якi ў кафэтэрыi прасiў фiлiжанку кавы. Мажная прадавачка зьмянялася з твару й кiдала прафэсару зьняважлiвае «Чыво?» На што абамлелы мэтр тоненька адказваў: «Стаканчык чаю, пажалуста». Сьмяялiся студэнты ня так зь перамены мовы, як зь перамены зьместу: фiлiжанка кавы ператварылася ў шклянку гарбаты. Але сёньня гутарка пойдзе менавiта пра перамену мовы. Пра тое, што народ па-беларуску не гаворыць, а ў менскiх адраджэнскiх асяродках, у патрыятычных групоўках, у рэдакцыях беларускiх газэт, памiж пiсьменьнiкаў усё часьцей чуваць небеларускае слова. У нас няма нi падставаў, нi права, нi жаданьня выступаць у ролi моўнае палiцыi або асуджаць людзей за тое, што яны штодзённа i штогадзiну раздвойваюцца. Нас цiкавiць сама зьява, калi заяўлены тэбээмавец або бээнэфавец, або майстар прыгожага пiсьменства пасярод нацыянальна-адраджэнскае гаманы перарываецца на тэлефонны званок уласнаму дзiцяцi, каб распавесьцi, што «борщ возьмешь в большой кастрюле в холодильнике». Пасьля гэтага наш герой працягвае заўзятую дыскусiю пра тое, што рабiць, каб беларускi народ нарэшце загаварыў...

«Моўная аўтаномiя» — найбольш пашыраная форма iснаваньня жывога роднага слова. Натуральнае моўнае асяродзьдзе яшчэ застаецца ў вёсцы, а ў вялiкiх гарадах адраджэнцы гуртуюцца ў суполкi й сябрыны, каб адгарадзiцца ад вонкавага пабытовага сьвету. Досьвед апошнiх дваццацi гадоў паказаў на нетрываласьць моўных аўтаномiяў, якiя не разрастаюцца й не зьлiваюцца, як таго можна было б чакаць, а разбураюцца звонку. Бо ўвесь час трымаць сябе ў напружаньнi да зьнешняга жыцьця, у гатовасьцi даць здачы вельмi цяжка. Зь iншага боку, кожнаму зразумела, што Беларусь нiколi ня стане беларускамоўнай, пакуль людзi — i гэта мусяць быць першыя людзi, прыклад для астатнiх, не пераломяць у сабе той псыхалягiчны бар’ер. Дзяржаўная падтрымка, законы i ўсё, што iдзе зьверху, можа мець сэнс толькi пасьля таго, як зьдзейсьнiцца пералом, калi на гарадзкой вулiцы сяды-тады пачуеш беларускае слова, i калi яно, слова, ужо ня будзе шакаваць публiку.

Нешта падобнае адбылося ў нас з рэлiгiяй. Згадайце, як гадоў дзесяць таму прыцягваў увагу абразок у кабiне кiроўцы тралейбуса. Ага, — думалi сабе людзi, — вернiк. Альбо калi бухгалтар Нiна Пятроўна сустракала суседку, таксама бухгалтара Зiнаiду Васiлеўну i тая на пытаньне «А вы адкуль?» адказвала: «З царквы». Для Нiны Пятроўны гэты адказ быў сапраўдным шокам. А потым пайшло-паехала.

Штотыднёвыя радыётрансьляцыi з Чырвонага касьцёлу i штогадовыя ўсяночныя шоў у тэлевiзары. Людзi прызвычаiлiся да праяваў рэлiгii й рэлiгiйнасьцi, і цяпер гэта ўжо нiкога ня ўражвае. Аднак варта згадаць, што пачалося такое стаўленьне зь першых стаiчных учынкаў кiроўцы тралейбуса i Зiнаiды Васiлеўны, якiя вытрымалi тысячы неўразумелых позiркаў i сьцьвердзiлi сваё права на веру.

Напэўна, тое самае мусiць адбыцца i з публiчным стаўленьнем да мовы. З чаго пачаць? Хоць бы з таго, што адзiн дзень пражыць па-беларуску, без чужога слова. Наш праект або, дакладней, прапанова, падтрымаць якую мы заклiкаем усiх нашых чытачоў, атрымала назву «Дзень Мовы»:

ДЗЕНЬ МОВЫ

2 лiстапада, у Дзень памяцi продкаў, у Беларусi праводзiцца Дзень Мовы. На прыклад Сусьветнай Арганiзацыi Здароўя, якая раз у год праводзiць Дзень без цыгарэты, мы прапануем 2 лiстапада правесьцi беларускi Дзень без чужога слова.

Сёньня ў Беларусi ўжо тысячы людзей падтрымлiваюць адраджэньне роднае мовы й нацыянальную iдэю. Але не сакрэт, што ў побыце, па-за культурнiцкiмi суполкамi гэтыя людзi гавораць, як правiла, не па-беларуску. Iм замiнае псыхалягiчны бар’ер i тая палiтыка нецярплiвасьцi да беларушчыны, якая ў нашай краiне праводзiлася не адзiн год. Чалавеку, якi прагне заўсёды й паўсюль гаварыць на мове дзядоў, псыхалягiчна цяжка ўвесь час, у малым i вялiкiм, пераадольваць супрацiў асяродзьдзя, тлумачыць i даказваць, што ён мае права ў сваёй краiне карыстацца сваёй мовай.

Каб выправiць такое ненатуральнае становiшча, мы заклiкаем усiх беларусаў, дзе б яны нi апынулiся ў Дзень Мовы 2 лiстапада: на вулiцы, у краме й грамадзкiм транспарце, у афiцыйнай установе або ў сям’i, — гаварыць, пiсаць, чытаць i слухаць толькi па-беларуску. Мы разьлiчваем, што ў абвешчаны Дзень без чужога слова ў Беларусi шырэй загучыць родная мова, а ўражаньнi й думкi людзей, народжаныя ў гэты дзень, патрапяць на старонкi газэт, у радыё i тэлеперадачы.

Дзень Мовы мусiць стаць для беларусаў Днём нацыянальнага здароўя. Мы мяркуем i надалей праводзiць такi Дзень у другi дзень кожнага месяца i спадзяемся на падтрымку ў гэтай справе ўсiх зацiкаўленых асобаў i арганiзацыяў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Прахадныя балы ў медыцынскія ўніверсітэты ўпершыню істотна ўпалі ЛІЧБЫ

Прахадныя балы ў медыцынскія ўніверсітэты ўпершыню істотна ўпалі ЛІЧБЫ

Усе навіны →
Усе навіны

На Гродна абрынулася моцная залева ВІДЭА2

У сталічныя крамы завезлі сападзілу. Колькі каштуе?4

Узбек прыляцеў працаваць у Беларусь, але не знайшоў тут працы. Вяртаўся дадому ён з дапамогаю дыпламатаў і на мыліцах4

«Ёсць у Беларусі людзі, якім не падабаецца расійскі сцяг, савецкі сцяг». Расіяніну на BMW X7 з нямецкімі нумарамі пашкодзілі аўто ў Мінску47

Дакументальны фільм рэжысёра з Баранавічаў Андрэя Куцілы пакажуць на Венецыянскім кінафестывалі1

Вар'яцтва на аўкцыёне: за мінскую падсобку змагаліся 173 чалавекі

Пры атацы на турбазу ў акупаванай Кірылаўцы Запарожскай вобласці загінуў супрацоўнік Раскамнагляду, які ўдзельнічаў у «СВА», і яго дзеці6

У Латвіі накрылі гіганцкую падпольную фабрыку па вытворчасці цыгарэт. На ёй працавала шмат беларусаў4

Украінскую пару жорстка збілі ва Уроцлаве. Прычынай, паводле іх, стала ўкраінская мова81

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прахадныя балы ў медыцынскія ўніверсітэты ўпершыню істотна ўпалі ЛІЧБЫ

Прахадныя балы ў медыцынскія ўніверсітэты ўпершыню істотна ўпалі ЛІЧБЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць