Архіў

С.Аржанцаў. Яйкі па-клімавіцку

№ 31 (188), 31 ліпеня — 7 жніўня 2000 г.


 

Яйкі па-клімавіцку

 

Правінцыя... Беларуская правінцыя. Тут няма гарачых, звычных для жыхароў вялікіх местаў, спрэчак і палітычнай напружанасьці. Няма практычна ніякіх праяваў сучаснага бурнага жыцьця і цалкам адсутнічае капіталізм. Местачкоўцы спраўна і паслухмяна ходзяць на працу, за якую атрымліваюць дужа сьмешныя для менчукоў і нават для магілёўцаў грошы, вырошчваюць на невялічкіх зямельных лапіках бульбу і буракі, абмяркоўваюць «значныя» мясцовыя падзеі: «… Іван Іванавіч напіўся ўшчэнт гарэлкі, а потым набіў морду Івану Нікіфаравічу…», «… Манька-скура зьвяла мужыка ў Танькі…» Гэтак было сто гадоў таму, гэтак ёсьць цяпер, гэтак будзе праз сто гадоў. Тут спыніўся час. Правінцыя…

Як і кожны шараговы ўсходнебеларускі горад, Клімавічы пачынаюцца, канечне ж, з аўтавакзалу. Аўтавакзал — невялікі, бруднаваты, аднапавярховы будынак, у якім дрэнна пахне і лётаюць вялікія надакучлівыя мухі. Сваім фасадам ён выходзіць на вялікую (па правінцыйных мерках) плошчу, па якой ляніва ходзяць гараджане, раз-пораз праедуць калёсы з запрэжанай у іх клячай ці старэнькі аўтамабіль. На плошчы, акрамя вышэйпазначанага аўтавакзалу, разьмешчаныя відэа-бар, проста бар, «Румачная», «Чабурэчная» і рэстаран. Што ж, гэта цалкам лягічна — прыехаў чалавек аднекуль і, натуральна, яму што-небудзь захочацца зьесьці. Зойдзе чалавек у відэа-бар — там яму прапануюць, акрамя піва і гарэлкі, бутэрброд з ссохлай кілбасой і варанае яйка, зойдзе ў «Чабурэчную» — бутэрброд з іржавым селядцом і яйка, зойдзе ў «Румачную» — адно яйка (хто пажадае — два)… Уздыхне нявесела прыезны чалавек (голад, як кажуць, ня цётка, а есьці невядома калі звараныя, халодныя яйкі, няма ніякай ахвоты), пачухае задуменна патыліцу, памацае няўпэўнена худзенькі кашалёк і накіруецца ў рэстаран. Падымецца туды па зачуханай пажарнай лесьвіцы, бо цэнтральны ўваход рамантуецца вось ужо незьлічоную колькасьць часу, адшукае ў кухонных глыбінях афіцыянтку і, усеўшыся, урэшце, за столік, пачне гартаць мэню. Пра гарачую ежу, калі няма ў запасе гадзіны-другой часу, няма чаго й марыць — суп трэба варыць, а дранікі — надраць. Застаюцца халодныя закускі. У такім выпадку, калі ласка, мясное асарці і салат з памідорамі. Потым прыезнаму чалавеку трэба пачакаць пятнаццаць хвілін, і афіцыянтка паведаміць, што памідораў няма, а ёсьць салат «Беласьнежка» з капустай. Наведнік, безумоўна, згаджаецца — галоднаму чалавеку што Беласьнежка, што Дзюймовачка, што Баба Яга — усё адно, абы хутчэй.

Яшчэ празь пятнаццаць хвілін афіцыянтка нясьпешна прынясе мясное асарці — некалькі колцаў жудаснай, зробленай з храшчоў і паперы кілбасы двух гатункаў і некалькі кавалачкаў жоўтага, дзяручага горла сваёй нясьвежасьцю, сала, а таксама салат… з памідораў. Чаму не абяцаная Беласьнежка ў капусьце?

Але вянцом клімавіцкай рэстараннай кухні сьмела можна назваць белы хлеб! Наўрад ці вы дзе-небудзь адведаеце такога. Вільготны, шэры, а самае галоўнае, да такой ступені прапахлы ці то хлёркай ці то невядома чыімі ванітамі, што толькі й можаш сказаць: «Ух ты!»

А паколькі наш звычайны прыезны чалавек часьцяком бедны, а таму сквапны, дык ён упарта душыцца стравамі «гасьціннага» рэстарану, а потым бягом бяжыць у відэа-бар, каб тэрмінова выпіць куфаль піва. Гэта проста неабходна для папярэдне вымучанага страўніка нашага вандроўніка.

Разам зь півам лагодная прадаўшчыца прапануе купіць яйка…

Ушчэнт ашалелы прыезны чалавек, едучы ў адваротным накірунку ў нясьпешным пыльным аўтобусе, душачыся пякучай адрыжкай, яшчэ вельмі доўга будзе ўзгадваць Клімавічы. І нават празь месяц, седзячы ў магілёўскай кавярні, ён абавязкова перанясецца ў думках у далёкі павятовы горад і з настальгіяй скажа: «Да-а-а! Правінцыя!»

С.Аржанцаў


Каментары

Цяпер чытаюць

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Ілан Маск паабяцаў да канца года выпусціць свой фільм «Адысея»9

Расіяніна, які жыў у Жлобіне, асудзілі па трох палітычных артыкулах за каментары ў тэлеграме

Пяць вежаў да неба: як вядзецца будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра ў Мінску8

Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі12

Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН13

Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію7

Егіпет уводзіць электронныя візы. Як сістэма будзе працаваць для беларусаў?

На Беларусі быў яшчэ адзін крыж, падобны да крыжа Еўфрасінні Полацкай. Што з ім стала?18

Сырскі: У якім бы статусе я ні быў, я буду служыць Украіне да Перамогі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць