Архіў

Уладзімер Ратней. Ружаны. Драўляная рука

№ 44 (253), 29 кастрычніка 2001 г.


Ружаны. Драўляная рука

Стаяў сабе пасярод невялікага старажытнага мястэчка бэтонны Ленін. Стаяў, паказваючы правай рукою на гастраном. Стандартны такі, невядомага аўтара манумэнт, якіх па Беларусі налічваліся сотні, калі ня тысячы. Аж дастаяўся да часоў перабудовы. І тут пачаліся ў яго розныя непрыемнасьці. То яму хамут начэпяць на працягнутую правіцу, то бохан хлеба ў руку ўкладуць, то яшчэ які жарцік асьмялелыя местачкоўцы прыдумаюць. Аднойчы прачнуліся мясцовыя жыхары, а на Ільічу шыльда: “Што, гады, забыліся?” Урэшце ленінская рука ня вытрымала і адвалілася. Тут бы начальству ўзрадавацца і сьпісаць манумэнт “как пришедший в ветхость”, дык не! Замітусіліся: такая, ведаеце, ганьба. Гістарычна-ідэалягічная ж каштоўнасьць! Пачалі спэцыяліста-рэстаўратара шукаць, а дзе яго знойдзеш у глухой правінцыі? Мясцовы мастак наадрэз адмовіўся рамантаваць статую. Знайшлі п’янчугу-добраахвота, які за памяркоўную плату вычасаў правадыру руку зь бервяна. Так-сяк прымайстравалі, разьвесялілі народ. Ні ў кога ж такога няма: Ленін з драўлянаю рукою!

Мястэчка, дзе ўсё гэта адбывалася, называецца Ружаны, і ў дасьведчанага чалавека гэта адразу ж выклікае цэлы ланцужок асацыяцыяў, імёнаў, гістарычных падзеяў. Родавае гняздо Сапегаў, цудоўны колісь палац, мануфактуры і пэрсіярня, папяровы млын ва ўрочышчы Паперня, швэды, Пётар І, чарка “Іван” ёмістасьцю ці ня тры літры і г.д.

Але вернемся да ленінскай рукі. Нядоўга пратрымалася яна на целе правадыра, адвалілася зноў і зьвесілася бездапаможна, паказваючы пальцам у зямлю. Ізноў рагочуць ружанцы. Справа ў тым, што пры масавай вытворчасьці правадыроў у савецкія часы рабяцягі бессаромна кралі і цэмэнт, і арматуру. Мясцовыя ж улады з настойлівасьцю маньякаў ізноў паднялі тую руку і прымацавалі да тулава.

Калі ўехаць ці ўвайсьці ў Ружаны з поўдня, зь Берасьцейскага напрамку, адразу ўбачыш прыгожыя руіны былога сапегаўскага палацу, на штучным узвышшы, што пануе над усім мястэчкам. Гэта — ружанская дамінанта. Далей, на плошчы, Петрапаўлаўская царква і касьцёл Сьв.Тройцы, рэшткі гасьцёўнага двара і будынак кляштару базыліянаў. І капліца на могілках. Усё гэта — XVII—XVIII ст., у асноўным — творы Самуэля Бэкера, прыдворнага архітэктара Сапегаў.

Перад вайной у Ружанах было 5 тыс. насельніцтва, зь іх 4 тыс. — габрэі. Ружанскі галакост адбыўся ўвосень 1943 г. Сёньня ў Ружанах ад усяго даваеннага габрэйства засталася адна камяніца былой сынагогі (другая палова ХІХ ст.), у якой па чарзе месьціліся то склады, то млын, то кацельня. Цяпер, здаецца, гараж.

У спусьцелае мястэчка рынулася вёска. Ружаны пачалі хутка беларусізавацца. Я сканчаў школу ў 50-х, дык у нас было ўжо дзьве дзясятыя клясы: “А” — зь местачкоўцаў і “Б” — з насельнікаў навакольных вёсак, бо там не было яшчэ дзесяцігодак. Працэс беларусізацыі працягваўся нядоўга. На пачатку 60-х паблізу, у Бярозаўскай пушчы, паставілі ракетную базу, а ў Ружанах на плябані, дзе разьмяшчаліся нямецкія могілкі, збудавалі жыльлё для ракетчыкаў: пяць пяціпавярховых каробак, якія ўшчэнт разбурылі архітэктурнае аблічча мястэчка. Будаваліся проста на касьцях, чарапы выграбалі сотнямі. Цяпер базы няма, ракетчыкі — хто ў Расею зьехаў, хто памёр, а большасьць сьпілася і разбэсьцілася, так што цяпер гэтыя пяціпавярховікі (за рэдкім выняткам) — суцэльная кляака. А не будуйце ж на чалавечых касьцях!

Ракетчыкі, што панаехалі з усяго былога Саюзу, прывезьлі ў Ружаны і сваіх жанок, каторыя хуценька пазаймалі самыя цёплыя месцы ў больніцы і школе, аптэцы і выканкаме, за прылаўкамі і ў бухгальтэрыях, прынёсшы з сабою расейскую мову і расейскую мэнтальнасць. Цяпер ружанцы — тыповыя “тутэйшыя”, мова — беларуска-расейска-польская трасянка, нацыянальная сьвядомасьць ледзь цепліцца, асабліва з улікам апошніх сямі інтэграцыйных гадоў. А наагул дык народ харошы.

Некалькі слоў пра лёс галоўнага ўпрыгожаньня Ружанаў — Сапегаўскага палацу. Апошнім ягоным уладальнікам быў Мордух Пінэс, дзед якога купіў палац з аўкцыёну. Царскі ўрад канфіскаваў у Сапегаў усю іхную маёмасьць за ўдзел у паўстаньні 1831 г. А пасьля вайны я бачыў у сваіх аднаклясьнікаў печку, складзеную зь вялізнай плінфы. Выяўляецца, савецкая ўлада дазваляла мясцовым жыхарам для гаспадарчых патрэбаў выломваць або выбіраць з палацавых збудаваньняў цэглу. Бачыў я пісьмовы дазвол на 160 шт. цэглы на афіцыйным гарсаветаўскім блянку...

У Леніна рука адвалілася і ў трэці раз. Якраз перад Днём Перамогі. Аднавілі і ў трэці раз. Цяпер з бэтону.

Уладзімер Ратней


Каментары

Цяпер чытаюць

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры19

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры

Усе навіны →
Усе навіны

Шашлыкі на майскія святы. Параўноўваем цэны ў Беларусі і Польшчы1

«Пара ўскрывацца, бо інакш здохнеш без бою». Севярынец расказаў пра першыя дні на Акрэсціна2

На Міншчыне завялі крыміналку на бацьку, які гвалціў дачку 20 гадоў таму8

Новая веладарожка: хутка можна будзе даехаць да Мінскага мора без прыпынкаў3

Беларусы дапамаглі маладой маці з інваліднасцю зрабіць рамонт у інтэрнаце. Інакш дзіця забралі б у дзіцячы дом13

Сёння ў Расіі зноў гарыць Перм. Выглядае, што СПА ў Прыўраллі больш няма15

Бусел-прыгажун рэгулярна заходзіць у краму ў Маладзечанскім раёне. Яму купляюць сасіскі, не грэбуе птушка і батонам2

«7 пасажыраў, 2 каністры ў прыбіральні». Праз «саляршчыкаў» на мяжы ў Брэсце ўтвараюцца чэргі5

У Заслаўі ў ХІІ стагоддзі мог быць мураваны храм ці княжацкі палац, пра які нічога не ведалі гісторыкі19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры19

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць