Архіў

З усёй краіны

№ 1 (263), 4 студзеня 2002 г.


З усёй краіны

 

Набліжаецца грып

Мэдыкі прагназуюць у Беларусі на канец студзеня эпідэмію грыпу. Хвароба ідзе з Расеі. Дзяржаўныя і недзяржаўныя клінікі актыўна заклікаюць рабіць папераджальныя прышчэпкі. У недзяржаўных прышчэпка каштуе 11 тыс. рублёў. Дзяржаўныя робяць бясплатна – але толькі для пэўных сацыяльных групаў.

Беларускі баль у Атаве

5 студзеня а 18-й у Атаве (Канада) у хаце мастака Пятра Шварцмана (4 Рarkland Сourt, Nepean) пачнецца традыцыйны калядны беларускі баль. Арганізатары запрашаюць і бацькоў, і дзяцей, а таксама просяць, згодна з амэрыканскай традыцыяй, прыносіць з сабой напоі ды закускі. На леташні баль зьехаліся блізу 70 гасьцей. Беларусы Атавы традыцыйна спаборнічаюць з Таронта за гонар лічыцца галоўным цэнтрам беларускага жыцьця ў Канадзе.

Ул.інф.

Дзень нараджэньня Захаранкі

Сёньня спаўняецца 50 год з дня нараджэньня Юр’я Захаранкі, міністра ўнутраных справаў Беларусі ў 1994—96 г. Зьявіўся на сьвет ён у горадзе Васілевічы (Палесьсе). Бясьследна зьнік 7 траўня 1999 г.

 

Новая карупцыйная справа

На кіраўніка Клімавіцкага райвыканкаму У.Канавалава завялі крымінальную справу. А Лукашэнка нядаўна ўзнагародзіў яго ордэнам Пашаны “за ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё”. Вінавацяць Канавалава ў крадзяжах і злоўжываньні службовым становішчам.

Мерзнуць людзі

Ад 10 сьнежня да 3 студзеня ў Беларусі ад пераахалоджаньня пацярпелі блізу 400 чалавек. Ніхто, дзякуй богу, не памёр.

Паводле БелаПАН

Дыягностыка на вуліцы

З тэхнічных прычынаў не працуе флюараграфічны кабінэт Бярозаўскай райбольніцы. Хворых накіроўваюць на вуліцу, у перасоўны флюарограф, зьмешчаны ў салёне грузавіка. Але ж на дварэ зіма. І тэмпэратура часам зьніжаецца да дваццаці марозу. Людзі абураюцца: у салёне ЗІЛ-130 халодна, лекар сядзіць у шубе і шапцы, а каб зрабіць рэнтгенаўскі здымак, распранайся. За апошнія 10 дзён каля 500 чалавек абсьледаваліся. Колькі зь іх працягнула падчас флюараграфіі — невядома.

Тэрарызм па-беларуску

Жыхар вёскі Чамялы (Івацэвіччына) Іван Ермачок, пагражаючы нажом, выгнаў з хаты сына і жонку, унёс газавы балён, адкруціў вэнтыль, крыкнуў жонцы, каб ішла дадому, а сам рушыў у суседнюю вёску. Добра, што кабета не пасьпела дайсьці — адбыўся выбух газапаветранай сумесі (у хаце палілася печ). Хату зьнішчыў пажар. Сям’я засталася на вуліцы, гаспадаром займаюцца міліцыянты.

Аляксандар Горбач, Івацэвічы

Пяцідзёнка

На Берасьцейшчыне са студзеня 2002 г. усе базавыя школы пераходзяць на пяцідзёнку. Такі экспэрымэнт зроблены, каб “разгрузіць” дзяцей, а таксама з мэтай эканоміі грошай (прыкладна 1,5 млрд. рублёў). Урокі, што праходзілі ў суботу, проста перанесеныя на іншыя дні. Вучні 10—11 клясаў працягнуць навучаньне і ў суботу. Таксама гэтая прыдумка не датычыць навучэнцаў гімназіяў і ліцэяў.

Руслан Равяка, Баранавічы

навіны за тыдзень

Мірон памяняў крыжы

У ноч на 1 студзеня хтосьці перарабіў праваслаўныя крыжы, што стаялі на ўезьдзе ў Лёзна з боку Смаленску, на шасьціканцовыя крыжы Эўфрасіньні, зьбіўшы касыя папярэчкі. Адказнасьці за акцыю пакуль ня ўзяў на сябе ніхто.

Кальцавая пойдзе
ў абход Курапатаў

Варта ў Курапатах працягваецца. Тым часам вартавым Курапатаў стала вядома, што будаўніцтва дарогі мяркуецца весьці двума рукавамі. Траса складаецца з шасьці палос — тры паласы ў адзін бок, тры паласы ў другі. Пачынаючы зь перакрыжаваньня з вуліцай Мірашнічэнкі дзьве паласы адводзяцца па Заслаўскай бэтонцы, а праз Курапаты ідуць толькі чатыры паласы. Калі гэткі варыянт рэканструкцыі будзе ажыцьцёўлены, можна будзе гаварыць пра вялікую перамогу валанцёраў.

Крымінальная справа
ў Лечкамісіі

Па фактах парушэньняў у Рэспубліканскай лякарні Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта пракуратура завяла крымінальную справу. Там, нібыта, выявілі факты парушэньняў у часе набыцьця мэдычнага абсталяваньня, выплаты заработнай платы, прэміяў, невыкананьне нормаў выдачы харчу. Страты дзяржавы ацэньваюцца ў 260 млн. рублёў.

Новы збор
за перасячэньне мяжы

У памежных зь Літвой і Польшчай раёнах будзе ўведзены збор за праезд празь дзяржаўную мяжу на кантрольна-прапускных пунктах. Плаціць абавяжуць толькі беларускіх грамадзянаў. Сродкі пойдуць у бюджэт Гарадзенскай вобласьці.

Памеры новага збору будуць вызначацца мінімальным заробкам — можа, 20%, а можа й 50% ад яго: абласное фінінсавае ўпраўленьне яшчэ не падбіла ўсе рахункі. Такі збор існаваў і раней, але ў розных раёнах сума яго адрозьнівалася. Для невялікіх раёнаў (Бераставіцкага або Ашмянскага), дзе мала прадпрыемстваў, памежны збор уяўляў для бюджэту істотную суму, а вось у Гарадзенскім раёне са зборам не атрымалася. Летась дэпутаты зацьвердзілі яго, але на памежным пераходзе ”Брузгі” адразу адбыўся з гэтай нагоды страйк.

На працягу наступнага году памежны збор абавязкова зацьвердзяць ва ўсіх раёнах. Шанцы зарабіць найбольш грошай на КПП мае сёньня Бераставіцкі раён. Пераход на мяжы з Польшчай у Брузгах закрыты на год, і ўвесь транспарт ідзе праз КПП “Бераставіца”.

Паводле радыё “Свабода”

“Культура” на “Радыё-2”

З 1 студзеня на “Радыё-2” пачаў вяшчаць канал “Культура”. Асноўны зьмест — навіны беларускага й замежнага культурнага жыцьця, інтэрвію зь дзеячамі мастацтва й культуры, музычныя праграмы. На першым канале беларускага радыё акцэнт зроблены на інфармацыйнае вяшчаньне — цяпер выпускі навінаў там трансьлююцца штогадзіны.

Новы прафсаюзны лідэр

У тамтую пятніцу адбыўся пазачарговы пленум фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Адзіным пытаньнем было абраньне новага старшыні. Ганчарыка зьмяніў Франц Вітко. За яго прагаласавала абсалютная большасьць удзельнікаў пленуму. Другі намесьнік Мікалай Беланоўскі яшчэ да галасаваньня зьняў сваю кандыдатуру. Вітко родам з Глыбоччыны, да здабыцьця краінай незалежнасьці працаваў на невысокіх пасадах у КПСС.

Э.Л.

Навіны гаспадарскія

Кошт праезду ў аўтобусах і тралейбусах па беларускіх гарадах з 1 студзеня вызначаюць мясцовыя ўлады. Гэткае права дае новы закон аб транспарце.

Менгарвыканкам плянуе збудаваць сёлета у цэнтры сталіцы 5 аўтазаправак. Такі ж тэмп (4—5 новых заправак штогод) хочуць вытрымліваць і надалей. Калі атрымаецца, чэргі за бэнзынам у Менску павінны назаўсёды зьнікнуць да 2010 г.

Міністэрства эканомікі загадала напалову зьменшыць бюджэтныя выдаткі на будаўніцтва школаў, больніцаў і дамоў культуры. Цяпер у новых сацыяльных установах не павінна быць нічога “лішняга” — басэйнаў, вялікіх спартовых залаў, музэяў, пакояў адпачынку пэрсаналу. Апроч таго, будаўнікі мусяць “шукаць дадатковыя крыніцы фінансаваньня” — то бок прасіць грошы ў прадпрымальнікаў.

У Міністэрствах Беларусі, пасьля пераднавагодняга 10-працэнтнага скарачэньня агулам працуюць 3996 чалавек. Найбольш супрацоўнікаў у Міністэрствах эканомікі (485 чыноўнікаў), фінансаў (397), статыстыкі (360), замежных справаў (349), працы і сацыяльнай абароны (320), а найменш — у Міністэрствах культуры й гандлю (па 95), сувязі (81), спорту й турызму (74), інфармацыі (72), аховы навакольнага асяродзьдзя (64), а таксама жыллёва-камунальнай гаспадаркі й энэргетыкі (па 55).

Другі транспартны калідор Берасьце-Менск-Масква (новая чыгунка ды аўтабан) каштаваў бы 2,4 млрд. даляраў. Паводле пляну П.Барадзіна, цягам наступных 10 гадоў мільярд даляраў на яго маглі б выдаткаваць са сваіх бюджэтаў Беларусь і Расея, 0,8 млрд. даў бы «саюзны бюджэт», а 0,6 млрд. хочуць назьбіраць шляхам продажу акцыяў прыватным інвэстарам. У беларускім Міністэрстве транспарту пацьвярджаюць толькі інфармацыю пра тое, што такі праект ёсьць, пра ягоную ж рэалістычнасьць і фі-нансаваньне — маўчаць.

Сяржук Іваноўскі

Новы год у Курапатах

Новы 2002 год у Курапатах сустрэлі 15 чалавек абаронцаў. Нарыхтавалі дроваў, потым сядзелі, слухалі музыку, размаўлялі. У Новы год выйшлі на дарогу і выпілі шампанскага, сказалі тосты за лепшае жыцьцё. Да абаронцаў Курапатаў прыходзіў Дзед Мароз — сябар КХП-БНФ. Прынес цёплыя коўдры й ежу. Зьвязацца з абаронцамі Курапатаў у навагоднюю ноч было немагчыма. Іхныя мабільныя тэлефоны не працавалі — сетка была перапоўненая, усе людзі віншавалі адно аднаго.

Паводле радыё “Свабода”

 

Пачатак году адзначыўся вялікім сьнегападам. Сьнег ішоў увесь першы дзень новага году, уначы гула завіруха. Да раніцы намяло вялізныя сумёты. Ад Раёўкі (Маладачаншчына) да Менску крыху больш за 70 км, але пазаўчора мы з жонкай пераадолелі гэтую адлегласьць за чатыры з паловай гадзіны, нібы на пачатку мінулага стагодзьдзя. З-за сьнегу не пайшлі ў рэйс аўтобусы. Аўтамабілісты, што рызыкнулі ўраньні выехаць зь вёскі, здолелі праехаць толькі да шашы Ілья—Краснае, дзе іх чатырохколавы конік носам зарываўся ў сьнег. Далей машына не ішла, а заднім ходам (разьвярнуцца таксама не было як!) вярталася ў вёску. Дзесьці а 10-й нейкі добры чалавек на трактары пачысьціў шашу. Пераадолеўшы тры кілямэтры пад няспынным сьнегападам, мы злавілі “папутку”. Кіроўца ехаў асьцярожна, бо пад сьнегам зьзяў лёд. Ад сьнегу была ачышчаная толькі адна паласа, і калі на дарозе сустракалася машына, абодва аўтамабілі мусілі зьяжджаць у сьнег, каб разьмінуцца. Яны ўздымалі хмары сьнегавога пылу, нібы знаходзіліся мы не на вясковай дарозе, а бралі ўдзел у аўтаралі.

З-за сьнегавых заносаў зьбіўся рух цягнікоў на розных накірунках, а таксама гарадзкога транспарту на пэрыфэрыйных маршрутах. Увечары 2 студзеня і раніцай 3 студзеня менская гарадзкая аўтаінспэкцыя заклікала менчукоў карыстацца грамадзкім аўтатранспартам, а выяжджаць на ўласным аўто толькі па крайняй неабходнасьці, каб не ствараць праблемаў на дарогах.

Найбольш сьнегу выпала на паўночным захадзе Беларусі (трохкутнік Лынтупы-Мядзел-Вялейка). Там сьнегавое покрыва дасягнула вышыні 40—48 см. Звычайна больш сьнегу выпадае на Магілёўшчыне. Найменш жа сьнегу выпала ў Горадні — 15 см, дзе і заўсёды яго бывае найменей. У Менску на раніцу ўчора сьнежнае покрыва складала 39 см. Але да амэрыканскага Буфала (штат Нью-Ёрк) нам далёка. Там вышыня сумётаў — 2 м, і гэта адзіны буйны амэрыканскі горад, дзе ёсьць сьнег. Беларусы Нью-Ёрку страшна зайздросьцяць, калі ў электронным лісьце пішаш ім пра менскую завею. У Нью-Ёрку ні сьняжынкі.

Але для Беларусі самым сьнежным месяцам зьяўляецца люты. Багата сьнегу бывае і ў сакавіку. У 2000 г. у сярэднім у Беларусі сьнежнае покрыва складала 30 см, у асобных раёнах сьнег сягаў 45 см. 1999 г. быў бедны на сьнег, большую частку зімы сьнежнае покрыва складала 4—7 см, сям-там сягала 13 см. Самай сьнежнай зімой у Менску была зіма 1995–96 гг., калі сьнежнае покрыва ўсталявалася на адзнацы 54 см. Але супрацоўнікі Галоўгідрамэту мяне “супакоілі”, калі зараз ня здарыцца адліга, то сьнежнае покрыва павялічыцца. Ужо 6—7 студзеня (“раз каталіцкія Каляды былі ў лёдзе, праваслаўныя мусяць быць хоць адною нагою ў водзе”, сьцьвярджае прымаўка) прыйдзе “пацяпленьне” (удзень 2—7 градусаў марозу), чакаецца сьнег. Яшчэ пару такіх сьнегападаў, і рэкорд зімы 1995—1996 г. будзе пабіты.

Алег Раявец

 


Каментары

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»8

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Усе навіны →
Усе навіны

Ганец з Ірана ехаў папярэдзіць Насралу, што Ізраіль збіраецца таго забіць. Абодва загінулі ў бункеры2

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар3

Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду5

У Новай Баравой машына на поўным ходзе збіла двух пешаходаў7

Франака Вячорку ўключылі ў спіс «тэрарыстаў»19

Стала вядома прыблізнае месца падзення расійскага БПЛА ў Калінкавічах7

«Мы селі і сядзелі, а што рабіць?» У Старадарожскім раёне тры пенсіянеркі правялі цэлую ноч у лесе1

«Дынама» стартавала ў Лізе канферэнцый з паразы, прычым прапусціла на перадапошняй хвіліне ВІДЭА

Цюркскія дзяржавы дамовіліся пра адзіны лацінскі алфавіт. Убаку толькі Кыргызстан8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»8

На зіму запланаваныя масавыя затрыманні, складзеныя «першы і другі спісы»

Галоўнае
Усе навіны →