«Замак! Яшчэ не бяда, калі цябе пакідаюць людзі. Бяда, калі цябе пакідаюць анёлы...» Гэтая думка, якая шторазу зьяўлялася, калі прыходзіў да апусьцелага замку, вярнулася і 25 сьнежня, назаўтра пасьля трагічнае ночы. На знаёмы сылюэт было цяжка, балюча глядзець. Гістарычны мур, помнік-шэдэўр быццам ператварыўся ў здань (змрочнае будучыні?). Быў добры мароз, я на хвіліну зьняў з галавы шапку і папрасіў анёлаў вярнуцца.
| ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА |
Цалкам у Эўропе
Нясьвіскі замак Радзівілаў вымоўна і годна глядзіць «на Захад». Усім сваім абліччам, традыцыяй ён стаіць менавіта ў Эўропе, размаўляе зь ёю адной мовай. Тут, на абвалаванай высьпе сярод азёрна-паркавага краявіду, і б’ецца сэрца нашай адвечнай спадчыны. Гэты сымбалічны знак падаецца мне праўдзівай будучыняй Нясьвіжу, самай значнай каштоўнасьцю «паміж сваіх і чужакоў».
Убачыць замак — было, ёсьць і будзе духоўнай патрэбай пакаленьняў, рытуалам прысяганьня эўрапейскай славе Радзімы. Заходні кірунак беларуска-нясьвіскай пэрспэктывы застаецца адной з прычын пастрыманьня і зацягваньня рэканструкцыі замку. З гэтага погляду пажар не падаецца выпадковым, нават калі факт разагрэву сыстэмы ацяпленьня адкрытым агнём сумневу ня мае і калі сантэхнік Шкрабін і электрык Дземідовіч цалкам прызнаюць сваю правіну. На фоне зарыва ў Нясьвіжы няцяжка ўбачыць постаці тых, хто не пускаў і не пускае нашай краіны ў Эўропу, дэкляруе нам чужыя каштоўнасьці і заварочвае галовы беларусаў у бок крамлёўскіх, а не цюльпанападобных нясьвіскіх вежаў.
Асьцярожна: ахоўваецца дзяржавай!
Пасьля пажару газэты, нібы пад дыктоўку, праштампавалі паведамленьне, што Нясьвіскі палацавы комплекс — рэальны кандыдыт на ўлучэньне ў Сьпіс сусьветнай прыродна-культурнай спадчыны ЮНЭСКА (пасьля Белавескай пушчы і Міру). Нават гатовыя дакумэнты на разгляд міжнародных экспэртаў. Вось, маўляў, што мы страцілі!
Магчыма, калегі-журналісты не захацелі ламацца ў адчыненыя дзьверы. Але ня скажаш — ня ўсе здагадаюцца. Так, Нясьвіж — сусьветная спадчына, раней ці пазьней гэта будзе прызнана. Адно, што турбуе: перад залучэньнем у высокі Сьпіс яе, гэтую спадчыну, трэба занесьці ў нашу сьвядомасьць, у нашыя мясцовыя распарадчыя граматы, у нацыянальныя акты і пакты. Ці рупімся? На якую будучыню арыентуемся, зьбіраючыся захаваць нешматлікія рэшткі ранейшае велічы? Ці бачым перад сабой мэту, якой мусіць служыць выдатны помнік?
Пройдзем на тэрыторыю замка, дзе зь ліпеня 2001 г. вядзецца «навукова-вышуковая праца». Можа, шукалі агню і знайшлі яго? За паўтара году не дадумаліся, напрыклад, павесіць чырвонае вядро ды іншае звыкла-традыцыйнае супрацьпажарнае начыньне, якое ўбачыш у звычайным кароўніку. Не стаяць навокал і маланкаадводы на выпадак навальніц, якіх апошнімі гадамі значна паболела. І кранік з вадой застаўся чамусьці ўспамінам ад замку-санаторыю (можа, першае, што трэ было аднавіць, — гэта радзівілаўскую студню ў парадным двары?). Урэшце, на тэрыторыі замку не пабудавалі самай просьценькай дашчанай прыбіральні — рабочыя і турысты, прабачце, знаходзілі патрэбныя «зручнасьці» за рогам будынку.
А тут — Парыская канвэнцыя, сусьветная каштоўнасьць! Прыгожыя дэклярацыі замест гаспадарлівасьці і дбайнасьці. На літару Канвэнцыі, прынятай у Парыжы 30 гадоў таму дзеля захаваньня сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны, варта зьвярнуць асаблівую ўвагу: кожная дзяржава, якая падпісала Канвэнцыю, абавязаная «забясьпечваць выяўленьне, ахову, зьберажэньне, папулярызацыю і перадачу будучым пакаленьням» спадчыны, разьмешчанай на яе тэрыторыі. Беларусь падпісала Канвэнцыю, але не засвоіла яе ключавых пастановаў. І не адно Канвэнцыю, але й Мэмарандум, прыняты ў ліпені 2002 г., падчас візыту ў Менск Генэральнага дырэктара ЮНЭСКА сп.Мацууры. Маю на ўвазе ня толькі частку, якая датычыць культуры, але й наш спраўджаны 10 гадоў таму прыродны аб’ект сусьветнай спадчыны — Белавескую пушчу. Сёньня яна абяскроўліваецца аблогай дзяржаўнай «апекі»: высякаецца элітны першабытны лес, чыніцца дзікунства ў дачыненьні да найкаштоўнейшага біялягічнага скарбу Эўропы і сьвету. Я маю на ўвазе і словы адзінага беларускага «гаранта» — «Мы будзем і надалей рабіць усё магчымае...», сказаныя сп.Мацууры. Рабіць усё магчымае, паводле кантэксту, — значыць берагчы і ахоўваць сусьветную спадчыну.
![]() |
| ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА |
Збор сродкаў
Ад жыхароў Нясьвіжу і ягоных ваколіц цікава было пачуць пра ахвяраваньні «на замак»: даваць або не даваць грошы? Я пытаўся ў тых, каго стрэў каля замку ў дзень Раства, у знаёмых і родных, якія жывуць у раёне. Пераважная большасьць хацела б дачакацца вынікаў сьледзтва, у якіх была б відаць віна не аднаго сантэхніка-электрыка, а службовых асобаў усіх рангаў. Чакалі поўнае аб’ектыўнае інфармацыі пра страты, ацэнкі пашкоджаньняў. Нарэшце, хацелі ведаць, у чые рукі трапяць народныя грошы. Гэта цяпер прынцыпова значна. Мяшаць «свае» грошы зь бюджэтам, у якім прэзыдэнцкая ахова адхапіла львіны кавалак? Альбо з грашыма на разбухлы дзяржапарат, які ня ўмее арганізаваць справу і чыніць нядбальства? На падтрымку кволых раённых бударганізацый, што рэгулярна пасылалі «на замак» чорнарабочых, а тыя па-чорнаму прапівалі тут сваю душу ў працоўныя гадзіны?
Сродкі насельніцтва — ахвяраваньні — павінны ляжаць асобна і быць кантраляванымі грамадзтвам. Менавіта пры гэтай умове людзі ахвотныя рабіць «узнос сумленьня» дзеля адбудовы пашкоджанага помніка. Ці ня час успомніць тут пра Міжнародны грамадзкі фонд «Нясьвіж», заснаваны ў студзені 1994 г.?
Намэнклятурна-грамадзкі фонд
Урок Нясьвіжу павучальны ня тым, што трэба захоўваць тэхніку бясьпекі, ставіць на працоўныя месцы цьвярозых прафэсіяналаў і г.д. Хоць менавіта на гэтым будуць рабіць акцэнт дзяржаўныя рупары, замятаючы сьляды дзяржаўнай нядбайнасьці. Урок Нясьвіжу павучальны тым, што супрацьстаяць невуцтву, нахабству, карпаратыўнасці і ўсёдазволу, якія распладзіла улада, можна толькі арганізаванымі высілкамі грамадзкасьці. Гэта ўрок для ўсяе Беларусі, усіх яе куткоў і куточкаў, дзе яшчэ ня скрадзеныя нашы скарбы, дзе не запусьцела наша ніва, дзе пульсуе чалавечая кроў. Так званы трэці, грамадзкі сэктар пакуль вельмі кволы, неразьвіты, малаэфэктыўны.
Міжнародны грамадзкі фонд «Нясьвіж» ствараўся ў свой час і на сваім месцы. Ягоныя «бацькі» Адам Мальдзіс і Ўладзімер Гілеп кіраваліся найлепшымі намерамі, якім, аднак, спраўдзіцца не давялося. Фонд ня стаўся фондам Мальдзіса і Гілепа (кажуць, адзін зь іх і рыхтаваўся быць прэзыдэнтам). Ня стаўся таму, што пагражаў разьвіцца ў багаты і моцны. Прэзыдэнтам абралі Ўладзімера Дражына, тады старшыню райвыканкаму. Урэшце фонд застаўся ў юрыдычна адшліфаваных фразах устаноўчых папер. Сп.Дражын быў першым і апошнім яго прэзыдэнтам. Газэта «Свабода» адказала на тую падзею рэпартажам з красамоўным загалоўкам «Намэнклятурныя цені ў Нясьвіскім замку» (студзень, 1994). З рэпартажу выразна відаць, што фонд памёр у той самы дзень, калі й нарадзіўся.
Фантомнасьць і няіснасьць, аднак, зьнікаюць, калі «намэнклятурныя цені» паўстаюць вельмі рэальнымі дзяржаўнымі постацямі. Праўда, сёньня я радаваўся б нашмат больш, калі б на месцы рэспубліканскага штабу, створанага сёлета ў жніўні дзеля «актывізацыі» работы «на замку», быў Міжнародны грамадзкі фонд «Нясьвіж».
Нерытарычныя пытаньні
Ці паскорыць трагедыя 24 сьнежня ход рэстаўрацыі «на замку»? Пытаньне рытарычнае. Спытаем крыху інакш: які плацім кошт, каб нарэшце брацца за галаву, цьверазець, рабіць тое, што павінны — з павагі да продкаў і адказнасьці перад нашчадкамі, як нацыя і народ, як грамадзтва і як дзяржава? Які плацім кошт, каб зразумець, што на зьмену незадаўненым сьвінагадоўчым комплексам-гігантам прыходзяць лядовыя палацы, а вечныя каштоўнасьці гараць у агні?
Нясьвіж,
25—30 сьнежня 2002
Валеры Дранчук


Каментары