Архіў

Лукашэнка хваліў народ у цэлым і граміў яго па частках

Вываз дзяцей за мяжу на аздараўленьне будзе спынены. Міністар Навумаў адкажа за фары галавой. Прагрэсуючыя хваробы грамадзтва прапануецца лячыць ранейшымі мэтадамі.

Калі б не наяўнасьць на трыбуне новых кіраўнікоў палатаў, можна было падумаць, што па тэлевізары паказваюць запіс інаўгурацыйнае прамовы Аляксандра Лукашэнкі 2001 г., а не цырымонію падпісаньня вынікаў рэфэрэндуму. Іншы раз паўтараліся ня проста тэзы, а і канкрэтныя ўказаньні ўраду: да прыкладу, зьменшыць колькасьць ліцэнзаваных відаў дзейнасьці, каб прадпрымальнікі «маглі адцягнуць з рынку беспрацоўя пару дзясяткаў тысяч чалавек».

З новага — А.Лукашэнка асабіста вызначыў, колькі кіраўнікоў парлямэнцкіх камісій мусяць быць зь якога рэгіёну, забараніў дэпутатам ствараць фракцыі і групы і выклікаць міністраў на справаздачу.

Дэпутаты з нэрвовым захапленьнем на тварах ківалі ў тэлекамэры. Атмасфэру ў Доме ўраду не назавеш прыязнай. Лідзія Ярмошына ў часе першага пасяджэньня палаты прадстаўнікоў двойчы назвала яе замест «палаты представителей» «палатой преступлений».

Яшчэ з новага: разам з забаронай усынаўленьня за мяжу, А.Лукашэнка загадаў спыніць «раз і назаўжды» арганізаваны вываз чарнобыльскіх дзяцей на аздараўленьне, бо малыя адтуль вяртаюцца заражанымі «спажывецтвам». Чарнобыльскія фонды чакаюць цяжкія часы. А дзецям годзе спадзявацца пабачыць, як жывецца простаму чалавеку і як працуе ўлада на захад ад Бугу.

Таксама ўпершыню А.Лукашэнка забіў у звон наконт наплыву імігрантаў з Усходу. Да нас «прыяжджае абы-хто», і нельга «дапусьціць зьмены ў дэмаграфічнай сытуацыі». «Гэта не нацыяналізм, але мы мусім прыняць меры».

Лукашэнка хваліў народ як цэлае за «волю і сьвядомасьць» і адначасова граміў яго па частках. Ён абрынуўся на паўп’яных сантэхнікаў, што «ператварылі ЖЭСы ў нажыву». Гандляроў ён назваў «таргашамі». Перапала дзяржаўным будаўнічым арганізацыям, якія «абурэлі» так, што «толькі прэзыдэнт можа імі кіраваць» і «ўчора мусіў накіраваць начальніка службы аховы прэзыдэнта на адну такую будоўлю», бо такога разбою не было нават у савецкі час, «калі мы былі разбэшчаны» грашыма.

Ён абураўся платнасьцю мэдыцынскіх паслуг, не ўдакладняючы, што яна была ўведзена ім самім. Ён таксама раскрытыкаваў «кніжных эканамістаў»: рынак ня зьнізіць цэны на жытло, што падтрымліваюцца «зговарам будаўнікоў і рыэлтэраў». «Выкараніць беспрадзел з цэнамі на кватэры! За парушэньні пад суд! Толькі дзяржаўная воля можа зрабіць жытло даступным!» — заявіў А.Лукашэнка.

А.Лукашэнка адкінуў магчымасьць вяртаньня да дзяржаўнага разьмеркаваньня кватэраў, але даў загад зьмяніць сыстэму льготнага крэдытаваньня. «Дадатковыя меры па льготным крэдытаваньні» прымаюцца за час прэзыдэнтцва А.Лукашэнкі ў пяты раз. Пры гэтым цэны на кватэры растуць, а якаснае жытло застаецца недаступным большасьці грамадзянаў.

Прэзыдэнт у чарговы раз загадаў памагчы сем’ям з тройнямі, спыніць практыку «абвесу і абшчоту» на базарах, а таксама палепшыць школьнае харчаваньне, бо быў ужо выпадак, калі «дзяўчынка ад голаду пачала спажываць свае ўнутраныя органы».

Ён абрынуўся на работнікаў прамысловасьці, дзе пануюць крадзяжы і халтура, у выніку чаго паўсюдна дачы пафарбаваныя ў колеры МАЗаў і БелАЗаў. Даў ён дыхту і дамам-інтэрнатам: толькі 20% гадаванцаў добра адаптуюцца да жыцьця. Астатнія ў першы ж год пасьля выхаду ў жыцьцё робяцца або ахвярамі, або злачынцамі.

Прадстаўнікам дэмакратычнае апазыцыі гэтым разам дасталося найменш. А.Лукашэнка проста зноў параўнаў іх з фашысцкімі прыхвасьнямі. «Ганебны амэрыканскі Акт пра дэмакратыю мусіць быць адменены, іначай апазыцыі няма на што разьлічваць», — сказаў ён. Ён заклікаў апазыцыю да разьмежаваньня, прызнаньня пазытыўных дасягненьняў у жыцьці грамадзтва, асуджэньня санкцый супраць Беларусі.

Нашмат больш жорстка ён раскрытыкаваў таксама настаўнікаў, што арганізавалі сыстэму пабораў у школах, і выкладчыкаў ВНУ, якія нібыта масава зьдзіраюць грошы за добрыя адзнакі на экзамэнах, ня грэбуючы нават сэксуальнымі дамаганьнямі да студэнтак.

Ад ЛТП было запатрабавана самаакупнасьці. Бацькоў, якія кідаюць дзяцей — колькасьць такіх выпадкаў «калясальна» вырасла — будуць запраторваць на прымусовыя работы. Туды ж ён запатрабаваў выпраўляць і кліентаў выцьвярэзьнікаў. Усе гэтыя зьявы ён загадаў «вычышчаць і выпальваць калёным жалезам».

Краіна рызыкуе ператварыцца ў вялізны працоўны лягер, дзе адны, пакараныя, будуць прымусова працаваць, а другія, ахоўнікі — прымушаць іх да працы, пра ступень эфэктыўнасьці якой можна здагадацца.

Бадай, ніколі раней А.Лукашэнка не прызнаваў так адкрыта наяўнасьці жудкіх сацыяльных і маральных хваробаў у грамадзтве і таго факту, што яны імкліва прагрэсавалі дзесяць апошніх гадоў, але загадаў лячыць іх ранейшымі мэтадамі. На ягоную думку, вінаватая не сыстэма, а канкрэтныя выканаўцы.

Напрыклад, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, якога, мусіць, чакае адстаўка. У якасьці віны яму залічаныя гібель міліцыянта і нават загад аб абавязковай язьдзе з уключанымі фарамі.

Мікола Бугай

Каментары

Цяпер чытаюць

У Еўрасаюзе 550 тысяч беларусаў з дазволамі на жыхарства3

У Еўрасаюзе 550 тысяч беларусаў з дазволамі на жыхарства

Усе навіны →
Усе навіны

У прэстыжным раёне Лондана з'явілася новая скульптура Бэнксі1

Мама Ксюшы Маісеенкі, якой збіралі грошы на лячэнне ад СМА, запісала відэазварот з просьбай дапамагчы ёй вярнуць дзяцей3

У Магілёве падчас руху загарэўся новы тралейбус1

Скандальны беларускі футбаліст вярнуўся на радзіму. Але хапіла аднаго матча, і яго выганяюць з чарговай каманды

У Маскве заявілі, што ў Кіева згоды на перамір'е ніхто і не пытаецца. Хапае і рашэння Пуціна8

Як часта трэба правяраць зрок? Тлумачыць галоўны доктар бальніцы

У Мінску ліквідуюць Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва4

Бельгія не будзе дэмантаваць свае ядзерныя рэактары4

На неадэкватнага пасажыра, які так спяшаўся ў Смаленск, што пабіўся з аховай метро, завялі крыміналку11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Еўрасаюзе 550 тысяч беларусаў з дазволамі на жыхарства3

У Еўрасаюзе 550 тысяч беларусаў з дазволамі на жыхарства

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць