Антыпольскі акт
Баранавіцкі Польскі дом у ноч на 11 сакавіка быў закіданы бутэлькамі з фарбаю. Пацярпеў фасад камяніцы. Насупраць будынку, на плоце, зьявіліся надпісы такой самаю фарбаю: «18.03.1921 — не простим! Не забудем!», «Сталин—Берыя—Катынь!» (на непісьменнай расейскай мове). Побач была прымацавана ўлётка, у якой зьневажаліся палякі — прыгнятальнікі мясцовага насельніцтва. Таксама нагадвалася, каб памятавалі ляхі, што «Баранавічы — гэта расейскі горад».
Вядома, што 18 сакавіка 1921 году была падпісана жахлівая для Беларусі па сваіх выніках Рыская дамова. Панская Польшча і бальшавіцкая Расея «пасеклі наш край папалам», як пісаў некалі наш паэт. Цяпер нехта спрабуе нагадаць пра гэта, але з выразным нацыянал-бальшавіцкім акцэнтам. Зрэшты, большасьць жыхароў гораду, у тым ліку і наведвальнікаў Польскага дому, ужо ня памятаюць, што адбылося ў згаданы дзень. Ды іх гэта і не цікавіць.
Дагэтуль засталіся невядомыя аўтары надпісаў. Адказнасьць за гэтую акцыю на сябе ніводная арганізацыя ці групоўка не ўзяла. Дарэчы, гэта першая за шмат гадоў праява міжнацыянальнай варожасьці.
Недзе ў 1992—1993 г. на цагляных камяніцах вуліцы Леніна, дзе жылі збольшага ганаровыя камуністы і чыноўнікі, зьявілася мноства маленькіх, амаль незаўважных надпісаў «Акупанты, прэч!», зробленых пад трафарэтку. Яны шмат год нікому ня мулялі вока і нейкі час таму пасьпяхова зьніклі пад новай пабелкай. У прыкладна той самы час у адным з раёнаў гораду на плоце будоўлі было напісана: «Паднялі чырвоны сьцяг над Райхстагам — падымем і над Крамлём».
Цяпер сьцены ў Баранавічах размалёўваюць палітычнымі лёзунгамі толькі «зубры»,
Руслан Равяка, Баранавічы
Праблемы вёскі па-асіповіцку
Рэалізацыя праграмы будаўніцтва жыльля ў асіповіцкіх вёсках сутыкнулася зь нястачай сродкаў. Кошт будаўніцтва дому фіксаваны — 18 тыс. даляраў. Аднак пры пастаянным павелічэньні цэн на будаўнічыя матэрыялы асіповіцкія падрадчыкі адмаўляюцца ад шэрагу прадугледжаных праектам работ. Гэтак, 28 дамоў здалі без хлявоў, у іншых не праводзіліся ўнутраныя работы — паклейка шпалераў, фарбаваньне падлогі і да т.п. Нягледзячы на гэта, дамы здаюцца ў эксплюатацыю. Летась здалі 80 будынкаў, а за першыя месяцы гэтага году — 28.
Рыгор Латышэвіч, Асіповічы
З радасьцю ён жыў
У суботу 2 красавіка ў Магілёве прайшла вечарына памяці Валянціна Ермаловіча. Знаны грамадзкі і тэатральны дзеяч памёр перад Калядамі, 22 сьнежня. Красавіцкую імпрэзу зладзілі абласная суполка ТБМ, упраўленьне культуры гарвыканкаму, народны тэатар «Валянцін» і клюб «Чароўны ўспамін». Зь Менску аддаць даніну павагі вядомаму тэатральнаму дзеячу прыехалі Вольга Іпатава, Сяргей Законьнікаў, Радзім Гарэцкі. Вяла вечарыну Зінаіда Бандарэнка. Усе выступоўцы канстатавалі: «Не кажыце — з сумам ён памёр, кажыце — з радасьцю ён жыў». Падчас вечарыны прыйшла вестка пра скон папы Яна Паўла ІІ.
Кожны чацьвёрты — непрыдатны
Летась на Магілёўшчыне кожны чацьвёрты прызыўнік прызнаны непрыдатным да вайсковай службы. Паводле слоў ваеннага камісара вобласьці Івана Краўчэні, за апошнія гады лічба стабілізавалася і вагаецца ў межах 21—25%. А вось у забруджаных чарнобыльскай бядой рэгіёнах колькасьць такіх маладых людзей перавышае 40%.
Горкі невыязныя
У Горацкай сельгасакадэміі скасавалі сыстэму праходжаньня за мяжой студэнцкай вытворчай практыкі. Летась за мяжой працавалі 600 горацкіх студэнтаў, у асноўным на фэрмах Брытаніі. Для маладых людзей гэта была і магчымасьць атрымаць унікальны досьвед, пабачыць, як працуе высокаразьвітая сельская гаспадарка, і легальная мажлівасьць зарабіць грошы.
Паводле слоў в.а. рэктара Васіля Неўдаха, у справе выезду за мяжу ад навучальнай установы нічога не залежыць, аднак прафэсійная падрыхтоўка спэцыялістаў ад гэтага не пацерпіць. Але студэнты, што пасьпелі аформіць усе дакумэнты на выезд за мяжу ўлетку, усё ж спадзяюцца, што іх адпусьцяць сёлета на практыку. Пагатоў за візу і квіткі кожны заплаціў пад 600 даляраў.
Алесь Белагубаў, Магілёў
«Павявае Захадам»
У гарадзкім цэнтры культуры (ГКЦ) Воршы зачынілі выставу мастакоў творчага аб’яднаньня «Аршыца» Анатоля Жураўлёва, Барыса Іванова ды Анатоля Марышава. Аднак у ГКЦ ладзіўся рэспубліканскі сэмінар-практыкум дырэктараў сярэдніх спэцыяльных навучальных устаноў «Ідэалягічная і выхаваўчая праца з навучэнцамі». Таму выставу з абстрактнымі карцінамі загадалі прыбраць, бо, як выказалася адна пані-кіраўнічка, ад яе «павявае Захадам». Летась тут адмовілі ў правядзеньні заплянаванай мастацкай выставы да 490-х угодкаў Аршанскай бітвы. І вось цяпер забаранілі, здаецца, зусім апалітычныя авангардныя творы аўтарства адзіных у Воршы сяброў Беларускага саюзу мастакоў. На сэмінары ж прыгадвалі багаты вопыт выхаваньня моладзі, назапашаны ў савецкую эпоху. А мастакам трэба памятаць клясычныя ленінскія словы аб тым, што «жыць у грамадзтве і быць вольным ад яго немагчыма».
Канцэрт не для ўсіх
Канцэртам у Аршанскім доме культуры чыгуначнікаў распачаўся гастрольны тур Прэзыдэнцкага аркестру РБ. З праграмай «Майскімі кароткімі начамі» выступіла цэлая брыгада зорак беларускай эстрады. Квіткі каштавалі 20 000 руб., і ня кожны ахвочы панастальгаваць па савецкіх песьнях мог аддаць такія грошы. Але заля была поўная — буйныя аршанскія прадпрыемствы выкупілі месцы для сваіх работнікаў. Вэтэранаў вайны на канцэрце было няшмат. Так, для васьмідзесяці сяброў клюбу вэтэранаў вайны і працы «Яшчэ ня вечар» далі ўсяго адзін дармовы квіток. Хоць менавіта для іх падобны канцэрт быў бы сапраўдным сьвяточным падарункам.
Яўген Жарнасек, Ворша
Дзень Волі ў Воранаве
Сябры лідзкіх арганізацый БНФ «Адраджэньне» й ТБМ ушанавалі ў Воранаве памяць генэрала ад інфантэрыі, міністра БНР Цыпрыяна Кандратовіча, усклаўшы кветкі да ягонай магілы.
Гэта адзіная магіла міністра БНР на тэрыторыі краіны. Генэрал Кандратовіч стаяў ля вытокаў стварэньня ўзброеных сіл БНР. Расейскімі гісторыкамі ён занесены ў сьпіс «чатырох вялікіх здраднікаў імпэрыі» поруч з баронам Манэргеймам, гетманам Скарападзкім і генэрал-лейтэнантам Доўбар-Мусьніцкім, якія займалі вельмі высокія пасады ў царскай Расеі, але перайшлі на бок нацыянальных рухаў сваіх народаў.
Станіслаў Суднік («Наша слова»), Воранава
Сельмашаўскі маньяк
У Гомелі арыштаваны 50-гадовы мужчына, якога абвінавачваюць, прынамсі, у пятнаццаці нападах і згвалтаваньнях кабет і непаўналетніх. Напады ўчыняліся цягам апошніх чатырох гадоў у розных кутках гораду, але найбольш маньяк упадабаў раён «Сельмашу», які слыве найбольш крымінагеннай часткай гораду.
Сяргей Балахонаў, Гомель
Каментары