Меркаванні44

Фядута: Нам казалі, што нас не чакаюць

Літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца апублікаваў на сайце Беларускі ПЭН чарговую калонку.

Аляксандр Фядута; Фота: Белсат

Сёння ў дзверы кватэры, у якой я жыву цяпер, у Варшаве, нечакана пазванілі.

— Słucham.

— Pan Alaksandr? To listonosz.

Я адчыніў дзверы. Хударлявы хлопец — магчыма, студэнт на падпрацоўцы — папрасіў мяне распісацца на нейкім гаджэце (прабачце, я забыў за пяць гадоў усе словы, якімі называюць гэтыя бесправадныя прылады), уручыў канверт і пайшоў далей.

Мне прынеслі пластыкавую картку.

Не, гэта не дазвол на жыхарства і не так званы жэнеўскі пашпарт. Гэта дзейны найбліжэйшыя чатыры месяцы дакумент, на падставе якога я магу запісацца ў бібліятэку, схадзіць у архіў і нават купіць білет на цягнік у межах Польшчы. Гэта ўжо штосьці.

Многія з тых, каго везлі разам са мной у снежні мінулага года з мяшкамі на галаве і з рукамі, туга пераматанымі скотчам, ужо атрымалі такую картку. Мая затрымалася на два тыдні. Але я не вінавачу польскую бюракратыю. Бежанцаў і эмігрантаў шмат, а штатны расклад у дзяржаўных установах застаецца ўсё тым жа.

Калі ў пятнашцы мы даведаліся, што першую партыю вызваленых вывезлі ў Літву, сярод палітзэкаў пайшла дыскусія, што лепш: калі вось так, груба, па-хамску цябе выпіхваюць з краіны, на якую ў цябе дакладна такія ж канстытуцыйныя правы, як і ў тых, хто выпіхвае, ці калі ты застаешся ў краіне і жывеш ва ўмовах, калі крок направа або налева робіцца падставай для завядзення чарговай справы, пасля якой ты будзеш існаваць у калоніі ва ўмовах ужо зусім строгага рэжыму… Сумневаў, што нас рана ці позна выпусцяць, не меў ніхто. Пытанне было ў тым, рана ці позна. І — куды.

Потым гэтыя абмеркаванні і развагі перайшлі ў наш з Марынай парадак дня падчас доўгатэрміновага спаткання. Доўгатэрміновае — гэта значыць ноч і прыкладна тры чвэрці дня. Амаль суткі. Гэта шмат. Маглі ж і ўвогуле пазбавіць — такое бывала.

Я папрасіў Марыну: калі раптам там, на ейнай адноснай волі, сёй-той з маіх знаёмых з колішняга жыцця ўсё ж ёй патэлефануе і зойдзе размова пра мяне, няхай яна скажа:

— Саша перадаў вам прывітанне. Ён прасіў: калі ў вас будзе магчымасць, няхай яму пасля вызвалення дадуць тры месяцы ўпарадкаваць свае справы. А потым, калі яны будуць настойваць, што ж… Ён з’едзе.

— У мяне ніхто і нічога пытацца не будзе. І тэлефанаваць мне ніхто не будзе, — горка ўсміхнулася мая «дзекабрыстка».

Марына аказалася «двойчы дзекабрысткай»: у снежні 2010 года мяне ўпершыню арыштавалі, у снежні 2025 года (дзвесце гадоў пасля паўстання на Сенацкай плошчы) мяне выгналі.

Памятаеце, у «Ідыёце» ў Фёдара Міхайлавіча (яшчэ адзін быў беларус-катаржанін, так…) князь Мышкін пераказвае ўспаміны аднаго свайго знаёмага пра тое, колькі можна абдумаць за хвіліну да пакарання смерцю? Шмат, аказваецца. Нават даводзіцца спланаваць гэтую хвіліну, каб на ўсё хапіла часу. А я планаваў гэтыя тры месяцы, якіх мне ніхто не даў.

Планаваў паездку на могілкі да мамы, якой 31 снежня споўнілася роўна сто гадоў. Планаваў паездку ў родны горад, развітанне з сябрамі, вуліцамі, мастамі, успамінамі. Адабраў бы кнігі, якія ўзяў бы з сабой. Так, вядома! — паспрабаваў бы паспець пратэзаваць зубы, што рассыпаліся на маім шляху да вызвалення…

Усе планы засталіся планамі. Нават сумку збіралі за мяне і без мяне, баючыся, што я атрымаю інфаркт, калі ў мяне будуць адбіраць рукапісы.

І мы прыехалі спачатку ва Украіну, потым у Польшчу, дзе зусім чужыя і дагэтуль невядомыя мне людзі сталі маімі новымі сябрамі і маёй новай сям’ёй. І яны клапаціліся пра мяне, нібы я быў маленькім дзіцем з гродзенскага двара на вуліцы Міра…

Але ж я і быў у той момант дзіцем, якое вучылася хадзіць па новых вуліцах, наноў прывыкаючы да зямнога прыцягнення! І без іхнага клопату я не пратрымаўся б гэтыя чатыры месяцы! І тыя, хто выгнаў мяне, вельмі хацелі, каб я — каб мы! — не пратрымаліся! Каб у іх была падстава казаць тым, каго яшчэ не выпусцілі і не выгналі:

— Глядзіце, іх там ніхто не чакаў! І вас усіх ніхто не чакае! Ніхто — чуеце! Вы не патрэбныя не толькі сваёй краіне! Вы не патрэбныя нікому!

А мы чамусьці аказаліся патрэбныя.

Учора яшчэ чужыя людзі збіралі нам грошы і рэчы.

Учора яшчэ чужыя людзі клапаціліся, каб у нас, пакуль мы не пасталелі і не зразумелі, дзе і як мы будзем жыць, быў дах над галавой і нармальная, не зэкаўская ежа.

Яны вадзілі мяне, шасцідзесяцігадовага дзеда, за руку па службовых і медыцынскіх кабінетах, па вуліцах, па крамах. Яны прапаноўвалі мне ўдзел у нейкіх праграмах рэабілітацыі — не прававой, псіхалагічнай. Мы былі іх дзецьмі і іх бацькамі адначасова, і іх дабрыня была нам патрэбная.

І гэтая дабрыня не была змарнаваная, не. Яна засталася ў нас. Мы проста пакуль не можам яе выказаць і ёю падзяліцца.

Хлопец (ну, для мяне амаль што хлопчык, паводле ўзросту ён мог быць мне сынам), з якім мы разам «парыліся» ў СІЗА на Валадарцы і які вызваліўся раней па адбыцці тэрміну і раней прыехаў у Варшаву добраахвотна, хай і вымушана, выцягнуў мяне ў кавярню. Мы ўспаміналі Валадарку, камеру № 17. Як я складаў для іх спісы кніг, якія трэба прачытаць. Як мы змагаліся супраць бясконцых фільмаў жахаў на другім беларускім тэлеканале. Як ён цягаў мяне на сабе ў прыбіральню і ў лазню, калі я зусім абязножаў… Цяпер, праз гады пасля той Валадаркі, гэта выглядала амаль смешна…

На развітанне ён працягнуў мне канверт. Я паглядзеў на яго з жахам.

Ён сказаў:

— Іосіфавіч, вы ж самі казалі нам: нічога не прасіце, але ні ад чаго і не адмаўляйцеся, каб людзей не пакрыўдзіць. Я ж ужо працую. За што вы мяне крыўдзіце?

Мне хацелася заплакаць.

…Я яшчэ не працую. Я хаджу па дактарах, дзякуючы штодня тым, хто аплаціў гэтую дарагую паслугу. Я не адзін такі. І мы разумеем, што гэтыя грошы мы яшчэ не зарабілі. Гэта аванс — на будучыню. Што калі мы будзем у стане, мы таксама зможам дапамагаць іншым. Проста — націскаючы на кнопку тэлефона і пералічваючы працэнт з заробленых намі грошай.

І не таму, што гэтыя грошы — лішнія.

Проста таму, што нехта, невядомы мне, з кім мы дагэтуль не былі знаёмыя і часам наўрад ці пазнаёмімся, у дзень, калі стала вядома, што нас выкідваюць, выганяюць з краіны, націснуў на такую ж кнопку, каб мы маглі першы час ні ў чым не мець патрэбы. Бо калі ты адчуваеш, што нехта падумаў пра цябе… Часам аднаго пачуцця стае, каб ты быў упэўнены ў заўтрашнім дні.

Мы вернем свае даўгі, людцы! Мы вернем тым, хто будзе мець патрэбу ў нашай дабрыні, у нашай дапамозе, у нашай падтрымцы! Бо гэта і называецца — сумленнем.

15 красавіка, калі вы ў Варшаве, прыходзьце на лекцыю Аляксандра Фядуты на тэму «Імперыя супраць моладзі. Гісторыя віленскіх філаматаў».

Каментары4

  • Destruction
    04.04.2026
    ты да улады б...дла прывёу́ .
  • Федзя
    04.04.2026
    Ну ты же сам приложил много усилий к тому, чтобы Рыгорыч пришел к власти? Когда вы уже с Лебедькой начнете изоблечать себя и каяться публично?))
  • Ну
    04.04.2026
    Фёдар Міхалыч, князь Мышкін... Спадар Аляксандр, да чаго яны ў вашым допісе? Ў дупу іх і ўсю расейскую культуру!
    Беларусы/ліцвіны трымаліся, трымаюцца і будуць трымацца дзякуючы дакладна не ёй, а такім людзям, як узгаданы вамі хлопец. Шкада, ён застанецца для нас чарговым ноўнэймам. Але ж - вельмі годным ноўнэймам.

Цяпер чытаюць

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты47

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты

Усе навіны →
Усе навіны

Джорджа Мелоні наведае краіны Персідскага заліву для абмеркавання паставак нафты

Крама закупляла красоўкі па сем рублёў, а прадавала па 200 рублёў2

Кураняты таксама любяць, калі іх гладзяць

«Мы так затрахалі нашых заходніх партнёраў?» Прапагандысты лямантуюць пасля блакіроўкі іх каналаў у ютубе18

СМІ: Пры ўдары па танкеры расійскага «ценявога флоту» загінуў генерал ГРУ, які курыраваў дыверсіі і забойствы за мяжой2

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома36

Звольнілі кіраўніка прадпрыемства, якое выбірае месца пад могільнік для радыеактыўных адкідаў2

Недалёка ад Армузскага праліва разбіўся яшчэ адзін амерыканскі самалёт4

Трамп хоча павялічыць вайсковы бюджэт ЗША адразу на 40%3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты47

У міліцэйскім конкурсе прыгажосці перамагла амапаўка, якая ў 2020 годе разганяла пратэсты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць