Архіў

Нарады і пошта

Нарады падзяляюцца на ўнутраныя (па падразьдзяленьні — роце ці батальёне) і нарады ў межах часьці (у сталоўцы, на КПП, у штабе). Бываюць чарговыя і нечарговыя. У нарад па падразьдзяленьні прызначаюцца вайскоўцы зь ліку найбольш падрыхтаваных. Такі нарад, як і нарад на КПП і штаб, лічыцца ганаровым. А вось у нашай вучэбцы нарад на сталоўку лічыўся пакараньнем. Мабыць, мяне лічылі добрым салдатам, бо за паўгоду вучэбкі я толькі двойчы трапіў у сталоўку, астатні час прастаяўшы на тумбе — днявальным.

Днявальны нясе адказнасьць за парадак у казарме, за выкананьне і падтрыманьне вайсковай дысцыпліны, падпарадкоўваючыся непасрэдна дзяжурнаму па падразьдзяленьні. І ад таго, як павядзеш сябе ў нейкай няштатнай сытуацыі, будзе залежаць, атрымаеш ты нечарговае звальненьне за добрую службу ці будзеш пакараны. А такіх сытуацый шмат. Гэта й высьвятленьне дачыненьняў паміж вайскоўцамі, і самаходы за межы часьці, і няшчасныя выпадкі, і крадзеж маёмасьці. Пра кожнае здарэньне, нават, на першы погляд, дробнае, ты мусіш неадкладна праінфармаваць начальства. Вось і паўстае няпросты выбар — як ня стаць «стукачом» і пры гэтым ня трапіць на дызэль (так у войску называюць дысцыплінарныя часьці). Тыя, каго, рызыкуючы ўласнай свабодай, часам даводзіцца прыкрываць, зусім таго ня вартыя і далёка не таварышы.

Куды спакайней пачуваешся ў сталоўцы, дзе сярод цывільнага пэрсаналу можна на нейкі час адарвацца ад войска, перапрануўшыся ў працоўную вопратку, а зрабіўшы нейкую працу, нават адпачыць на сьвежым паветры.

Свае плюсы службы на КПП: можна паназіраць за знадворным сьветам, адбегчыся ў краму, калі на тэрыторыі часьці няма сваёй. Мінус — знаходзячыся ў нарадзе, у выхадныя дні даводзіцца назіраць, як нехта іншы ідзе ў звальненьне.

Нарад па штабе вызначаецца сваёй нэрвовасьцю — блізка да начальства, але ёсьць і такія, якім падабаецца менавіта тут несьці службу.

Перад заступленьнем у любы нарад вайсковец мусіць прайсьці адпаведную падрыхтоўку. Абавязковая рэч — ідэальны выгляд, асабліва гэта датычыць нараду на КПП і на штаб. Далей настае працэдура разводу. Часам сама працэдура здачы-прыёму нараду выкарыстоўваецца вайскоўцамі ў якасьці дзейснага сродку адпомсьціць камусьці зь непрыяцеляў. Пашукаўшы, можна знайсьці шмат розных хібаў: і падлога дрэнна памытая, і ўзьлётка «запушчаная», і ў прыбіральні далёка ня водар апэльсінаў…

Гэта што датычыць службы шарагоўца. У сяржантаў па-іншаму, яны заступаюць у нарад дзяжурнымі па падразьдзяленьні, старшымі рабочымі па сталоўцы, на КПП (як правіла, у вялікіх часьцях) і вызваляюцца ад фізычнай працы, то бок ня мыюць падлогі ці посуду. Але адказнасьці ў іх больш.

Праверана на вопыце: найлепш трапляць у нарад у суботу, каб пазьбегнуць удзелу ў ПГД, калі ў вас няма плянаў пайсьці ў звальненьне. Найгорш, калі трапляеш у нарад пад прыезд якой праверкі ці вялікага начальства.

Але час у нарадах ляціць хутчэй, а зь ім і служба. Мне нарады падабаліся тым, што давалі магчымасьць пісаць лісты, асабліва ўначы, калі ўсё супакойвалася.

Вайсковая пошта гэта ня толькі ліставаньне. Кожнае падразьдзяленьне выпісвае сабе прэсу, у тым ліку абавязкова часопіс «Армия» і «Белорусскую военную газету». І, зразумела, «СБ» — куды безь яе! Таксама мы выпісвалі «Комсомолку» і «Прессбол». Вялікую папулярнасьць мелі зборнікі сканвордаў і крыжаванак. Усё гэта рабілася на салдацкія складкі.

Прачытаная прэса захоўваецца ў падшытым выглядзе ў пакоі адпачынку і інфармацыі (так называюць былы ленінскі пакой — «ленінку», якую мы празвалі «лукашэнінка», бо там вісеў партрэт прэзыдэнта). Я амаль усю службу адказваў за гэты пакой і хадзіў у клюб па сьвежыя газэты й лісты.

Газэты газэтамі, але больш за ўсё салдаты любяць пісаць, а яшчэ больш — атрымліваць лісты ад сябровак, бацькоў. Цікава было пачытаць ліст сябра, які служыў у іншым месцы, каб зразумець, наколькі мне пашанцавала з часьцю.

Бывае, што ў войску малады чалавек заводзіць паштовае знаёмства зь дзяўчынай (ды не з адной — таварыш даў абвестку ў газэту і быў літаральна засыпаны водгукамі на прапанову пазнаёміцца). Дзяўчаты мусяць быць асьцярожнымі, бо далёка ня ўсе маладыя людзі зазіраюць далёка наперад, часта маючы на мэце проста забіць час. Таму, калі атрымаеце абпалены з краёў ліст, які пачынаецца: «Прывітаньне, мілая, пішу табе з палаючага танка…» — ня верце: ваш Сярожа ці Саша вырашыў пажартаваць, бо далёка ня ўсе за службу пабачаць той танк. Здараецца і наадварот. Бывае, што з найлепшых памкненьняў дзяўчына ўсяляк спрабуе суцешыць ссумаванага байца, часам неразважліва ўжываючы досыць сьмелыя словы і вобразы. А гэтае хлапчанё можа ўспрыняць усё вельмі сур’ёзна і паверыць напісанаму, што прывядзе ў будучыні да непрадказальных вынікаў. Са словамі трэба асьцярожнасьці: у стане адарванасьці ў салдата рэўнасьць, часам цалкам беспрычынная, становіцца частай госьцяй у сэрцы.

Існуе забарона выдаваць пошту салдатам, якія заступаюць у варту, ці тады, калі яны будуць мець справу з баявой зброяй. Ды ня ўсё так змрочна. Бываюць і шчасьлівыя выпадкі, калі захапляльнае і цікавае абаім знаёмства спачатку дапамагае выжыць у войску, а потым мае добры працяг.

Поўны варыянт артыкулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Пачатак тэмы ў нумарах 6, 9, 12. Працяг будзе.

Каментары

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго13

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе купілі самую дарагую кватэру ў Мінску ў верасні?2

У Беларусі некалькі дзён могуць быць праблемы з інтэрнэтам3

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях13

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго13

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →