Меркаванні88

«Ты дэбіл?». Як перадвыбары спатыкнуліся аб галоўную дылему беларускай апазіцыі

З моманту, калі праймерыз — дакладней было б caucuses, партыйныя сходы, — пачаліся ў Гарадку, меркаванне пра іх у сацыяльных сетках было пераважна паблажліва-іранічным.

Дый не толькі ў сацыяльных сетках. На Белсаце, напрыклад, Уладзімір Мацкевіч паслядоўна крытыкуе ўдзел у выбарах як такі.

Але і былі галасы ў падтрымку гэтай ідэі — напрыклад, Юры Дракахруст паслядоўна даводзіў, што крытыкі не могуць прапанаваць ніякай альтэрнатывы.

Першыя сходы былі нешматлікія: ім відавочна бракавала рэкламы.

Да 7 сакавіка Укантакце з’явілася, здаецца, толькі адна абвестка, якая мела вялікую аўдыторыю, у суполцы «Типичный Борисов». Больш як дзесяць тысяч праглядаў, дзясяткі каментароў. Астатнія аб’явы былі на той момант у маланаведваных палітызаваных пабліках.

Так і цяпер лягчэй знайсці паведамленні пра вынікі — а не рэкламу: суполкі «Пинск. Pinsk is Love» (больш за сорак тысяч удзельнікаў), «Подслушано Столин» (трынаццаць тысяч удзельнікаў) паведамілі і абмеркавалі вынікі сходаў у сваіх гарадах. Рэклама радзейшая (напрыклад, бярозаўская суполка).

Але і без належнай рэкламы сходы збіралі людзей. Але, актывісты, але, прыхільнікі апазіцыі, а ўсё ж спрабавалі зрабіць калектыўны «здымак» бягучай сітуацыі, намацаваць ейныя праблемы праз калектыўную гутарку. На кокусах спеліўся дыялог пра Беларусь.

Гэта рабілася не ўпершыню, безумоўна. Але новы гістарычны момант абяцаў раней немагчымыя шанцы і магчымасці. Сустрэча з Севярынцам у Гомелі, нешматлікая offline, сабрала на канале «Страна для жизни» больш як тысячу каментароў, больш за шэсцьдзесят тысяч праглядаў. Як казала Элізабэт Уорэн, колькасць сэлфі мае быць новай мерай дэмакратыі. Нездарма Губарэвіч цяпер гаворыць пра чаты і рэкламу ў сацыяльных сетках.

Гэткіх камунікацыйных магчымасцяў апазіцыя не мела ў 2006 годзе, нават у 2010, нават, здаецца, у 2015. Прарыў «РЧСС» тут абмінуты, бо гаворка ідзе найперш пра выпрацоўванне і абмеркаванне ідэй.

Некалі дзяржава мела поўную манаполію на інфармацыйныя патокі ў грамадстве. І вось новы медыйны свет узнік, інфраструктура, якая можа данесці ідэі і каштоўнасці апазіцыі да шырокай публікі. Безумоўна, структура гэтай публікі ўсё яшчэ незбалансаваная проці ўсяго грамадства. Здаецца, аўдыторыя блогераў і суполак дыспрапарцыйна маладая. Але і гэтая моладзь неаднародная. Не ўсе з іх вучыліся ва ўніверсітэтах і засвоілі расказы пра вялікую гістарычную мінуўшчыну, мілагучную родную мову, еўрапейскую будучыню.

Беларускай палітыцы страшна бракуе між тым рытарычнай падрыхтоўкі. Мастацтва дыскурсу, ягоны занядбаны стан, тонка адлюстроўвае перыферыйны, маргіналізаваны статус палітычнай работы. Балесна было бачыць гэта на дэбатах у часе парламенцкай кампаніі: кандыдаты парою не ведалі нават, што рабіць са сваім часам.

Гэты рахунак трэба выставіць не толькі беларускай палітыцы.

Мішэль Фуко некалі здзіўляўся пытанням, чаму ён цікавіцца палітыкай: бо як можна ёй не цікавіцца? Дэградацыя палітычнага адлюстроўвае і спрыяе дэградацыі самой тканіны беларускага грамадства. Гэтага разумення часта бракуе ў дыскусіях на Facebook, дзе з беларускай палітыкі ахвотна жартуюць.

Schadenfreude, беларускі нацыянальны спорт (беларуская назва збыткоўнейшая за нямецкую: чужая бяда — людзям каляда), недарэчны ў гэтай сітуацыі. Ён множыць блытаніну. Аднойчы пераняты, гэты пункт гледжання на апазіцыю і палітыку не ўмее разгледзець змястоўныя гісторыі.

Першапачатковая канфігурацыя праймерыз, гонка паміж Севярынцам і Губарэвічам, абяцала не толькі інтрыгу. У ёй акрэслівалася асноўная дылема цяперашняй апазіцыйнай палітыкі: вуліца ці кампрамісы, радыкалізм ці цэнтрызм?

Перад Губарэвічам і ўсімі цэнтрыстамі стаіць цяжкі выклік. У незалежных медыя, у сацсетках гучнейшыя і чутнейшыя (так паўсюль) радыкалы. Яны цвёрда перакананыя ў сваіх поглядах і не дапускаюць ніякіх адхіленняў ад іх, адценняў.

У 2015 годзе сярод рэдкіх галасоў, якія засцерагалі радыкалізму, быў Сяргей Дубавец. Дубаўцова ацэнка блізкая ходкай праўдзе нямецкага палітычнага дыскурсу: перамога на выбарах дасягаецца ў цэнтры грамадства, не на ягоных ускраінах.

Сацыялогія паказвала, што Караткевіч без цяжкасцяў здабыла падтрымку, суадносную са звычайным паказчыкам апазіцыйнага кандыдата, паміж 20—25%. Гэтае цэннае адкрыццё не вызваляе Сяргея Чалага і сёння ад пытання, якое задаецца з адмысловай інтанацыяй: «Як Вы ўспрымалі Караткевіч, як успрымаеце яе сёння, як самастойнага палітыка?»

Ледзь-ледзь абгрунтаваны ўчынак Севярынца (і «прымкнулага» Янукевіча) працягвае тую ж традыцыю радыкалізму. А быў кароткі момант, калі здавалася, што Севярынец можа «прыстасавацца», што ён мае палітычны патэнцыял. Ягоныя моцныя бакі — энергія, зацятасць, рашучасць. Ён мае перакананні, не баіцца іх адстойваць. Але і здольны рэагаваць на аўдыторыю, на сітуацыю.

Гэтак можна было аргументаваць пасля сустрэчы ў Гомелі. Але там былі і знакі таго, што радыкалізм застаецца ў ранейшай сіле. Лідар БХД ахвотна чаргаваў заўвагі пра ВУП Беларусі з генетычным кодам беларусаў, у якім сядзіць невытручальны Статут ВКЛ.

Бараніць палітыку радыкалізму на Еўрарадыё пайшоў Аляксей Янукевіч. У імпэтнай спрэчцы колішні старшыня БНФ і Губарэвіч не толькі бязглузда закідалі адзін аднаму супрацоўніцтва з КГБ. У дыскусіі яшчэ раз акрэсліліся дзве альтэрнатывы.

Які адказ Янукевіча? Коратка: лепш быць у бурбалцы, чым у «бюракратычных вантробах». Задача Янукевіча (і, трэба думаць, Севярынца) — стварыць дадатковыя фільтры для ўдзелу ў праймерыз. Не дапусціць туды злачынцаў, паслугачоў рэжыму.

Губарэвіч пярэчыў: Севярынцу не пашкодзіла б зірнуць на іншую Беларусь. У якой далёка не ўсе падтрымліваюць лозунг «Жыве Беларусь!». Задача павінна быць — выйсці з бурбалкі, не баяцца людзей.

Радыкалізм такога падыходу ніколі не прыме. Ён квітнее на Facebook, у каментатарскіх секцыях вядучых анлайн-СМІ. Задача Губарэвіча, як і задача беларускай культуры, — дабіцца разнастайнасці сярод публікі, дабіцца сярод яе плюралізму, спаборніцтва ідэй і поглядаў. Выявіць, які мабілізацыйны патэнцыял у грамадстве маюць ідэі, каштоўнасці апазіцыі — аб’яднаныя вакол вяршэнства закона. Так, як свае ідэі правярае Берні Сандэрс у ЗША.

Выбар на праймерыз быў паміж рэвалюцыйнымі рэцэптамі і традыцыямі трансатлантычнага прагрэсівізму, да якога дужа блізкая была і праграма «Нашай Нівы» 1906 года: руцінная праца на стварэнне новай большасці ў беларускім грамадстве.

Парадокс беларускага радыкалізму ў тым, што ён уласнаруч зняў усе сумненні.

Каментары8

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў10

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскія ўлады пракаментавалі чуткі пра адмену станцыі метро «Прафсаюзная»6

Intercars таксама адмяніла рэйс у Літву

«Пояс крэпасцяў» на Данбасе: чаму ён важны для Украіны1

Што адбываецца з квіткамі на аўтобусы з Мінска ў Вільню пасля масавай адмены рэйсаў? Гэта нешта ненармальнае19

Пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў Еўропу зноў спыніліся3

Кім Чэн Ын узнагародзіў вайскоўцаў, што ваявалі з Украінай8

Хлопец паскардзіўся, што праз калапс на мяжы не можа выехаць з Варшавы ў Мінск. Беларусы падзяліліся лайфхакамі9

Беларусы ў сацсетках абураюцца, што дэкрэтніцам нібыта плацяць больш, чым тым, хто ходзіць на працу30

Бум на бікіні-стрынгі. Гэта бодзіпазітыў ці нешта іншае?28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў10

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць