«Любы артыст, які займаецца сабой, даходзіць да таго, што варта спяваць па-беларуску» — вялікая гутарка з Сяргеем Будкіным
Пра стан беларускай музыкі, кантроль уладаў над музычнай сферай і «адраджэнне» Ганны Шаркуновай «Наша Ніва» пагутарыла з Сяргеем Будкіным — музычным аглядальнікам, стваральнікам першага беларускамоўнага сайта пра музыку «Тузін Гітоў», аўтарам і вядучым праграмы «Belsat Music Live».
— Што змянілася на нашай музычнай сцэне за тыя тры гады, што вы робіце музычную праграму на «Белсаце»?
— Паколькі за музычным працэсам я сачу ўжо каля 20 гадоў, для мяне не адкрыццё, што ў нас вялікая колькасць таленавітых музыкаў. Але ім няма куды выйсці. У нашай студыі шмат хто наогул упершыню дае інтэрв’ю і запісвае якасны жывы сэт. Шмат хто заматываваўся на стварэнне нейкіх эксклюзіўных рэчаў, шмат хто ўпершыню заспяваў па-беларуску, у тым ліку і замежнікі. Дзякуючы гэтаму праекту шмат чаго адбылося, але на сітуацыю ў музыцы ў Беларусі гэта, на жаль, уплывае слаба, таму што ёсць шэраг праблем у нашым культурным коле, якія не дазваляюць гэтай сітуацыі змяніцца.
— Што за праблемы?
— Можна вылучыць дзве галоўныя.
Па-першае, безыніцыятыўнасць саміх музыкаў, якія думаюць, што да іх нехта прыйдзе і іх заўважыць, проста так яны паедуць у тур, прададуць песні на лічбавых платформах і стануць багатымі і знакамітымі.
Гэтая безыніцыятыўнасць — адметная рыса беларусаў. Яшчэ з савецкіх часоў нам укладаецца: «Не высоўвайся, бо будзе яшчэ горш». І гэта працуе на чалавека дагэтуль: ён думае, што ад яго нічога не залежыць. Таму няма ў нашых музыкаў здаровага самалюбства, здаровай нахабнасці.
Другая праблема тычыцца патэнцыйнай аўдыторыі — звычайных слухачоў, якія маглі б існаваць, але ў беларускай музыцы слухача фактычна няма. Бо няма гонару за сваё. Не я адзін гэта заўважаў, мае замежныя калегі, якія сустракаліся з беларускай музычнай сферай, таксама заўважалі, што ў нас вельмі моцнае непрыманне сваіх. Каб гэта зразумець, можна хаця б прачытаць каментары пад любым артыкулам пра беларускую музыку — убачыце, што ўспрыманне сваіх ніжэй за плінтус.
Памятаю, на «Нашай Ніве» бачыў каментар, што чалавек не будзе слухаць музыку, бо яму не спадабаўся загаловак артыкула. Гэта адразу настроенасць на паразу, на аўтсайдарства.
Ну і канечне, дзяржава падмяніла паняцце «беларуская музыка» на тую безгалосую нецікавую правінцыйную з’яву пад назвай «беларуская эстрада», якая гучыць з тэлевізара і радыё.
— Што мусяць зрабіць беларускія музыкі, каб гучна пра сябе заявіць?
— Акрамя таго, як напісаць песню, шмат чаго.
Я рэдка бачу рэкламу рэлізаў. Калі проста заліць песні ў сацсеткі ці на лічбавыя платформы, куды пры гэтым заліваюцца мільёны песняў, нічога не спрацуе. Трэба ўкладвацца ў рэкламу, у прасоўванне. Гэтых ведаў не даюць асабіста, але плаціш 50—100 даляраў — і твой трэк сапраўды могуць пачуць.
Пра беларускую музыку цяпер ведаюць яшчэ менш, чым ведалі ў сярэдзіне 2000-х. У прынцыпе, па рэакцыях і каментарах, напрыклад, і пад нашымі відэа можна заўважыць, што ўзровень ведання нашых гуртоў спыніўся на мяжы 2003—2006 гадоў. Тыя гурты, якія спынілі існаванне, — іх лічаць актуальнымі.
На жаль, поспех маюць толькі тыя, хто працуе на шырэйшую аўдыторыю, укладае грошы ў прасоўванне і спявае па-руску. Але з тым жа поспехам можна раскруціць і беларускамоўны праект, калі прыкласці сілы і правільна абраць сваю аўдыторыю.
— Хто зараз у лідарах у беларускіх слухачоў?
— Цяпер у нас з’явілася нейкая постпанкавая хваля: Super Besse, «Молчат дома», Nürnberg, Dlina Volny. Гэта новая фармацыя музыкаў, якія маюць поспех за мяжой. Ну і плынь псеўдарэпу: Корж, ЛСП, заточаныя, відавочна, на рускамоўны свет, таму што ў Беларусі няма грошай.
Пры гэтым на душу насельніцтва ў нас неверагодная колькасць таленавітых музыкаў. Гэтаму маглі б пазайздросціць шмат краінаў. Але ёсць праблемы з данясеннем і ўпакаваннем. Ну і беларускае грамадства не гатовае ўспрымаць сваё, і тут гаворка не толькі пра музыку. Гэта ўсё з-за нейкіх траўматычных прычын: альбо яны выхаваныя ў іншым культурным асяродку, альбо яны саромеюцца беларускай мовы і тых, хто прыехаў «з вёскі».
Беларускія музыкі ганарацца, што яны трапілі да Урганта, але чаму не ганарацца, што яны ў «Belsat Music Live»? Калі беларусы будуць верыць у сваю культуру і зразумеюць, што яна адрозная ад рускай, а музыкі займуцца маркетынгавымі рэчамі, тады сфармуецца мясцовы рынак і сістэма пачне працаваць.
На многія праграмы ў Беларусі больш рэагуюць украінцы — заўважаюць і рэпосцяць. І ў нас у праграме былі ўкраінцы: і «Воплі Відоплясова», і O.Torvald, і The Hardkiss.
— Дарэчы, самы папулярны выступ на вашай праграме не ў беларускага гурта, а менавіта ў The Hardkiss — 80 тысяч праглядаў на Youtube.
— Мы заўжды рады бачыць і замежных выканаўцаў. Нядаўна ў нас быў брытанскі музыка Fink, які для Эмі Уайнхаўс песні пісаў. У замежнікаў часта з’яўляецца жаданне паэксперыментаваць. Напрыклад, The Hardkiss мы прапанавалі спець па-беларуску іх песню «Журавлі» — і атрымалася «Журавы» ў перакладзе Хадановіча. Яна разышлася на ўра. Ды і ўкраінская публіка была рада: пісала, якія ў нас падобныя мовы, блізкія культуры, наколькі цікавае гучанне набывае ўкраінская песня на беларускай мове і наколькі могуць зразумець адна адну беларускамоўная вядоўца і ўкраінскамоўная выканаўца.
— Як вы наогул абралі музычную сферу?
— Як і ўсе: слухаў у падлеткавым узросце музыку. Напрыканцы 90-х, яшчэ школьнікам, пісаў артыкулы ў газеты. Ну і паколькі вырашыў вучыцца на журналіста, на журфаку пачаў супрацоўнічаць з «Нашай Нівай». Цягам 10 гадоў рабіў музычныя агляды. За гэты час зразумеў, што ёсць абсалютна нішавая з’ява — зрабіць беларускамоўны сайт пра беларускую музыку. Таму ў 2003 годзе я быў адзін з тых, хто заснаваў сайт «Тузін Гітоў».
— А як апынуліся на «Белсаце»?
— Усё маё жыццё звязана з маімі праектамі, якія мы ў тым ліку прадаём ці прасоўваем. Я не супрацоўнік «Белсата», я прадаю «Белсату» свой прадукт. Гэта проста адзін з відаў дзейнасці. Мы шукаем партнёраў, спонсараў і прасоўваем ідэю, што беларускай музыкі павінна быць шмат і шмат людзей мусіць пра гэта даведацца.
— Калі вы працавалі над уласным сайтам, то рабілі праект «Жывы Тузін». Гэта тое ж самае, што і «BML»?
— Гэта была серыя канцэртаў, якія праходзілі ў розных мінскіх клубах. Тады наша ідэя была ў тым, што мы прапаноўвалі гуртам зрабіць праграму ў нейкім акустычным гучанні. Neuro Dubel, напрыклад, ніколі дагэтуль у акустыцы не гучаў. Адрозненне ў тым, што гэта быў канцэртны праект, а «BML» — тэлепраект, там усё пабудавана па-іншаму. Гэта павільён, а не клуб, гэта здымкі, а не канцэрт, тут можа і некалькі дубляў быць, і пераздымкі.
— «Жывы Тузін» закрыўся, таму што ён рабіўся на адным энтузіазме, а попыту на яго не было. Ці не лічыце, што такое можа чакаць і «BML»?
— З таго часу ўжо гадоў сем мінула. Паступова я скончыў дзейнасць па арганізацыі канцэртаў у прынцыпе. Так, гэта, натуральна, не знаходзіла ніякага камерцыйнага апраўдання. Сітуацыя такая, што ў бясплатным выглядзе беларусы маглі ісці на нашыя канцэрты, але плаціць, за рэдкім выпадкам, не былі гатовыя.
Гэта добра апісвае сітуацыю і зараз, калі людзі не гатовыя плаціць за беларускі прадукт: ані за квіткі, ані за канцэрты, ані за трэкі ў інтэрнэце, ані за мерч. Ёсць, канечне, крутыя выключэнні накшталт гурта Nizkiz ці Вольскага. Хаця Вольскі, я перакананы, варты большага, а не залы на 200 чалавек у вялікіх беларускіх гарадах. У Мінску ён збірае Prime Hall, але я ўпэўнены, што ён ужо на стадыён «Дынама» зарабіў.
У гэтым і праблема: пакуль беларуская культура не падтрымліваецца самімі беларусамі, а з’яўляецца сродкам данясення ідэі, таму камерцыйна нічога не атрымаецца.Таму магчымыя пакуль толькі праекты, якія фінансуюцца.
Мой тэлепраект фінансуецца з бюджэту канала, камерцыйна ён апраўдаць сябе не можа, ён можа апраўдаць сябе толькі эфектам, які дае. Што трошкі сітуацыя варушыцца, што ствараецца аўдыторыя, прывабны імідж беларускай музыкі — гэта і ёсць тыя вынікі, якія дае праграма. Ні ў тэлевізары, ні на радыё ў Беларусі я не ведаю нічога падобнага.
— Чаму тады ў праграмы такія нізкія прагляды? «Дзецюкі» — 3 тысячы на Youtube, Shuma — 6 тысяч, Nizkiz — 4 тысячы.
— Па-першае, прагляды ўвесь час растуць. Гэта вечны кантэнт. Праз месяц на відэа з выступам Shuma можа быць 10 ці 15 тысяч. З чагосьці трэба пачынаць. Прагляды — гэта не тое, за што я адказваю, я адказваю за прадукт.
— Але па праглядах мы лічым, прадукт працуе ці не.
— У нас ёсць і ўдалыя прыклады: «Молчат дома» — 50 тысяч, «Дай дарогу!» — 30 тысяч. Толькі па Youtube меркаваць цяжка. Праграма яшчэ выстаўляецца ў сацсетках. Бывае такое, што там, дзе яна правалілася ў фэйсбуку, ва Укантакце сабрала значна больш праглядаў. Розная аўдыторыя, розная публіка, розная спецыфіка праграмаў. У Nizkiz, напрыклад, самы першы выступ у нас не шмат набраў праглядаў, але асобна выразаная песня з праграмы — каля 150 тысяч. Асобна выкладзеная песня «Молчат дома» — каля 200 тысяч. Я гляджу на ўсё ў комплексе, а не на тое, што ёсць праграмы, якія набралі 3 тысячы.
А наконт тых, хто набраў 3 тысячы, — мы часта запрашаем зусім невядомых выканаўцаў, якія, на нашу думку, выртыя ўвагі. Калі Павел Козіч, пра якога ніхто не чуў, таму што ён ніколі не выступаў сольна, з прэзентацыяй сваёй праграмы набірае 3 тысячы, гэта значыць, што ён у 3 тысячы разоў стаў больш знакаміты. Для яго гэтая лічба мае вялікі сэнс.
— І што з ім будзе далей?
— Гэта ўжо таксама ад мяне не залежыць. Мая справа — даць шанец, паказаць гэта як мага больш прыгожа. А далей — справа за выканаўцам. Я ўсё жыццё зыходжу з таго, што, калі нечага няма, гэта трэба стварыць. Я не знайшоў беларускамоўны сайт пра музыку — стварыў яго сам, я хацеў бы мець кучу кантэнту па паэтах 1920—30-х гадоў, і адукацыйнага, і забаўляльнага, — я стварыў праект «(Не)расстраляныя». Я хацеў бы мець праграму ўзроўню BBC пра музыку — я сам яе стварыў.
Няма мэты кагосьці з новых артыстаў узгадаваць, ёсць мэта паказаць беларускую музыку як з’яву, цэласную, дзе ёсць якасная музыка ў якім хочаш стылі і да любога густу — ад оперы, класікі і авангарду да рэпу, панку і металу. І гэтую задачу, я лічу, мы выконваем «на выдатна».
— Працягваю тэму з праглядамі: «Молчат дома» сабралі 50 тысяч праглядаў, на выступе Шаркуновай 9 тысяч праглядаў. Чаму, як вы лічыце, яны больш цікавая для аўдыторыі «Белсата», чым тыя ж «Дзецюкі»?
— Калі мы першы раз здымалі «Дзецюкоў», яны набралі 25 тысяч праглядаў, гэта мы яшчэ раз вырашылі перазняць з гледачамі.
Чым больш ты плаціш грошай за рэкламу ў Youtube, тым больш у цябе будзе праглядаў. Чаму ў Дудзя столькі мільёнаў на відэа? Таму што ён ад пачатку добра ўкладваўся ў рэкламу. Таму ў яго прагляды стартуюць ад двух мільёнаў. Яны ў прынцыпе рэальныя, але частата прапановы гэтага відэа настолькі вялікая, што пасля любога відэа, якое вы скончылі глядзець, аўтаматычна ўключаецца Дудзь. Заўжды ў бюджэце артыста, які працуе ў шоу-бізнэсе, ёсць выдаткі на рэкламу. Гэты бюджэт розны, ён залежыць ад «памеру» артыста і яго паспяховасці.
Простая арыфметыка паказвае, што калі ты плаціш 100 даляраў Youtube, то можаш разлічваць на 10 тысяч праглядаў ад пачатку.
З гуртом «Молчат дома» гісторыя адваротная. Яны залілі на Youtube трэкі, якія сайт выпадкова стаў прапаноўваць.Так яны за пару месяцаў набралі мільён праглядаў. Іх сталі клікаць з канцэртамі, яны сталі раскручвацца ў афлайне. Ва ўсіх еўрапейскіх краінах у іх проста неверагодны поспех. Астатнія ж, хто купляе прагляды, могуць быць паспяховыя на Youtube, але не збяруць і 100 чалавек у зале.
Што тычыцца нашай сітуацыі — у нас рэкламнага бюджэту няма. Некаторыя праграмы мы рэкламуем, але гэта ў межах 50 даляраў. Адпаведна, разлічваць на нейкія высокія прагляды проста нерэальна. Таму што людзі цікавяцца толькі шок-кантэнтам кшталту крыміналу альбо тым, што ім прапануецца. Ды і праглядаў можа быць мільён, але праз тры секунды людзі гэтае відэа закрыюць. Кошт тады гэтаму мільёну нулявы. З тых 3 тысяч, якія глядзяць нашае відэа, усе глядзяць яго амаль цалкам. Гэта якасная аўдыторыя, якую ўсе хочуць.
— Колькі каштуе зладзіць жывы выступ у вашай праграме? Чула, што сума за канцэрт — каля 10 тысяч даляраў.
— Адкуль яна ўзялася? Значна менш грошай. Канкрэтную лічбу не назаву — бюджэт закрыты. Магу толькі сказаць, што мы вымушаны эканоміць жорстка. Мы не можам сабе дазволіць такога млявага варыянта, каб здымаць раз на тыдзень праграму. Мы звычайна збіраемся і здымаем шэсць праграм за суботу-нядзелю, а потым ужо над імі працуем. Фінансава нам абсалютна немагчыма працаваць, як гэта робіць БТ і нейкія падобныя забаўляльныя праграмы ў іншых краінах.
На ўсім прыходзіцца эканоміць, але пры гэтым каманда зматываваная, мы разумеем, што робім цікавы прадукт і ў нас няма канкурэнцыі, як у астатніх краінах.
— Адкуль такое «адраджэнне» Шаркуновай? Здаецца, яшчэ нядаўна яна спявала немудрагелістую «Сердце красавицы», а цяпер у рэпертуары і «Ляпісы», і песня з Вайцюшкевічам.
— Шаркунова заўжды была адной з яркіх артыстак. Я яе памятаю са старту. У прынцыпе, яна рабіла прыемны прадукт, проста рускамоўны. Практыка паказвае, што любы артыст, які займаецца сабой, у якога ёсць асобасны рост і зацікаўленасць у адкрыцці новых граняў творчасці, раней ці пазней усё адно даходзіць да таго, што па-беларуску варта спяваць. Гісторыя не пра тое, выгадна гэта ці не, кан’юктурна ці не, гэтага проста пачынае патрабаваць душа. За 17 гадоў праз «Тузін» прайшло шмат гуртоў, якія адкрывалі для сябе беларускую мову. І тыя артысты, якія крывілі душой зрабіць песню па-беларуску, ужо праз 5 гадоў размаўлялі са мной на беларускай мове.
У працэсе падрыхтоўкі нашых праграм і размоў з артыстамі нашай поп-сцэны я зразумеў, што на дзяржаўным тэлебачанні з імі ніяк не працуюць. Там няма такой задачы — здзівіць і стварыць нешта ўнікальнае, там «не баліць душа». Мне ж важна кінуць творчы выклік артысту — прапанаваць нешта нечаканае.
Я ініцыяваў пераклад на беларускую песні Шаркуновай «Прощай, моя последняя любовь», бо яна мне дзіка падабалася раней, і я хацеў, каб яна прагучала па-беларуску. І я прапанаваў Мікіту Найдзёнаву зрабіць пераклад, а Шаркунова пагадзілася.
— Да чаго было пытанне: ці не лічыце, што ўплыў расійскай поп-сцэны пакрысе цішэе?
— Уплыў расійскай сцэны ёсць, але ён цяпер ідзе не з тэлевізара, а з інтэрнэту. Укантакце выхаваў ужо цэлае пакаленне, а там людзі не глядзяць, які музыкант з якой краіны.
Напрыклад, многія беларусы і не ведаюць, што ўмоўны ЛСП — беларускі музыка, таму што ён ніяк сабе не пазіцыянуе, а песні запісвае на рускай мове. Канечне, у інтэрнэт-прасторы слухачы лічаць яго рускім.
З Бранску чалавек, Ніжнявартаўску, Екацерынбургу, Мінску — не важна, бо каштоўнасці і цікавасці ў іх адны і тыя ж. У плэеры яны захоўваюць адну і тую з музыку, за якую не плацяць.
— Калі сітуацыя можа змяніцца?
— Можна, канечне, казаць, што ўсё зменіцца праз 50 гадоў, але, як па мне, усё можа змяніцца імгненна. Добры прыклад — сітуацыя ва Украіне, дзе да вайны праблемы супадалі з нашымі. Калі пачалася вядома сітуацыя, усё змянілася. Я не кажу, што тут патрэбная вайна, але нейкія падзеі могуць паскорыць палепшанне нашага музычнага стану. Але, па маіх назіраннях, людзі, якія зацікаўленыя ў зменах і ўдзельнічаюць у акцыях, падтрымліваюць дэмакратычных дзечаў, у Youtube глядзяць тую ж Сабчак ці Навальнага, а слухаюць IC3PEAK і БГ. Іх генетычны код рускі. Таму яны на ўзроўні свядомасці не могуць прыняць такія ж таленавітыя беларускія праекты. Яны застаюцца з нечым такім жа вядомым і цёплым — з гуртом «Сплін», напрыклад.
А яшчэ праблема ў тым, што ў нас прыхільнікі аднаго гурта зусім не цікавяцца іншымі. Прыхільнікі Вольскага ці Вайцюшкевіча не пойдуць на канцэрт нейкага новага музыкі.
Як робяць у Еўропе — людзі проста цікавяцца чымсьці новым, яны ідуць на канцэрт выканаўцы, які ўпершыню прыехаў да іх у горад і мяркуюць: раз ён прыехаў, значыць, ён прыкольны, трэба ісці. У нас зыходзяць з таго, што, калі я яго не ведаю, навошта мне на яго ісці? Навошта мне слухаць яго, калі ў мяне ёсць іншы любімы музыка?
— Вы неяк казалі, што музычная сфера ў Беларусі знаходзіцца пад моцным кантролем уладаў. У чым гэты кантроль праяўляецца?
— Па-першае, гэта колішняя забарона канцэртаў, калі ўлады прызначалі творчасць музыкаў «нізкім мастацкім узроўнем». Я нават у судзе абскарджваў рашэнні па забароне канцэртаў. Тады і былі высвеленыя нюансы, пра якія інакш не было магчымасці дазнацца. Камісія прыняла рашэнне пра нізкі мастацкі ўзровень на падставе раздруковак тэкстаў песень — вершаў Алеся Чобата, сябра Саюза пісьменнікаў. Натуральна, яны прымалі рашэнне, гледзячы на прозвішча выканаўца. Гэта дурасць абсалютная. А потым маглі забараніць канцэрт таму, што выканаўца проста завецца рэперам.
Гэта кантроль савецкага ўзору. Кантралююць людзі ідэйныя, пракамуністычнага погляду, які абсалютна разыходзіцца з тым, што робяць беларускія творцы.
Для кантралюючых сапраўдны шок, калі «Дзецюкі» заяўляюць, што Хатынь і Курапаты — гэта фашызм і тое ж самае, што бальшавізм. Такіх выканаўцаў успрымаюць як ідэйных ворагаў.
Яны глядзяць рускія серыялы і ходзяць на канцэрты рускіх поп-артыстаў, гэта выпадковыя, нізкаадукаваныя людзі, якія пастаўлены ў дадзены момант кіраваць культурай. Потым яны пойдуць кіраваць чымсьці іншым. Гэта людзі, якія ідуць 7 лістапада класці кветкі да помніка Леніну. Яны не здольныя зладзіць нейкі беларускамоўны фестываль ці канцэрт «Дзецюкоў», якіх яны баяцца як агню.
— Вы напісалі, што спадзеяцеся, што ў верасні новы сезон Belsat Music Live выйдзе ўжо ў «іншай» краіне з іншым кіраўніком. Якога стаўлення ўладаў чакаеце да музычнай сферы Беларусі? Што мусіць змяніцца?
— Відавочна, чакаю адмены гэтай абсурднай практыкі — атрымання гастрольнага пасведчання. Само гастрольнае пасведчанне — дакумент, які не павінен існаваць, як не існуе ні ў адной еўрапейскай краіне. Дачыненні мусяць адбывацца паміж артыстам, публікай і гледачом. Ніякага чацвёртага пункта кшталту ўлады тут не павінна быць.
Улады мусяць стымуляваць развіццё беларускай культуры. Патрэбны поўны перагляд, а не тыя «дэкаратыўныя» фестывалі, якія ладзяць кожны год. Павінны быць нейкія стымулюючыя меры, каб прасоўваць беларускую мову. Але не так, як калісьці спрабавалі ўвесці 75% беларускай музыкі на радыё — гэта не палепшыла яе стан. У нас з 18 станцый сапраўды размаўляюць на мове 1—2. Пры гэтым там сядзіць тыповы вядучы беларускага радыё, які па-беларуску прадстаўляе госця ў эфіры, а потым кажа яму: «Здравствуйте!». І далей размова паміж двума беларусамі ідзе па-руску.
Але самае галоўнае — кантроль над музыкай мусіць быць зняты.
Усё ж такі беларускай культурай павінен кіраваць чалавек, які мае дачыненне да гэтай культуры, а не выпадкова пастаўлены на пасаду чалавек, якога потым перавядуць кіраваць сельскай гаспадаркай.
— На старонцы ў фэйсбуку вы праводзілі апытанне, каго б з ужо не існуючых гуртоў варта было б адрадзіць дзеля выступу ў вас. Каго прыкмецілі?
— Так, у новым сезоне ў мяне ёсць мэта паказаць тыя гурты, якіх ужо няма, таму што мяне дастала пісаць некралогі і думаць, што з кімсьці мы не паспелі зрабіць жывы сэт. Таму зараз я зацікаўлены ў музыках былых гуртоў, якія дзейныя, але не паставілі добрую кропку на існаванні сваіх гуртоў. Вельмі крыўдна, што пра гурты Ulis, ці «Новае неба», ці таямнічы Zet, якія існавалі ў 1990—2000-х, і згадкі не засталося. І мы хочам прапанаваць ім зноў сабрацца і зняцца ў нас з добрай карцінкай і гукам, каб даць гуртам новае жыццё.
— Дайце нам топ-6 маладых беларускіх музыкаў, якія вартыя ўвагі.
Michael Soul. Поп-музыка найвышэйшага гатунку. Не той музычны трэш, які прынята лічыць беларускай эстрадай, а цалкам прыстойны музычны прадукт, які пры належнай раскрутцы абсалютна сабе спакойна можа пачувацца ў сусветных чартах.
Harmonix College. Гэтае музычнае смакоцце прызначаецца тым, хто любіць Sigur Rós, Mogwai ды іншую ўзорную цягучую гітарную музыку. Построк-гурт, заснаваны ў Рагачове, паступова здабывае сімпатыі слухачоў у Беларусі і за мяжой.
Weed & Dolphins. Цікавы і дзёрзкі індзі-гурт з Мінска, які палюбілі ўжо ў Нідэрландах, дзе яны пабывалі з турам. У гэтых музыкаў няма тармазоў, і яны здольныя здзіўляць на кожным выступе.
Міхаіл Радунскі. 29-гадовы віяланчэліст-віртуоз, які збірае аншлагі як дома, так і за мяжой. Ён спакойна можа выйсці за межы класічнай музыкі — запісаць відэа ў вобразе Фрэдзі Мэрк’юры ці падыграць рок-гурту.
Nürnberg. Беларускамоўны гурт з айчыннай постпанкавай хвалі (Super Besse, Dlina Volny, «Молчат дома»), якая скарае сусвет. Мінімалізм (гітары + біт), змрочнасць і загадкавасць, — тое, чым яны прыцягваюць слухачоў з Еўропы і нават Лацінскай Амерыкі.
Фіналісты «Заспявай-6». Конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай» быў прысвечаны цэлы выпуск Belsat Music Live, у межах якога свае творы на вершы сучасных беларускіх паэтаў паказалі чатыры артыста: Марыя Чапрасава, LEAR, «юность» і PyLai. Конкурс і эфір даў ім штуршок і матывацыю, так што цалкам магчыма, што пра кожнага з іх мы яшчэ пачуем.
Каментары