Афіцэр ГУБАЗіКа, які перадаваў інфармацыю руху за свабодныя выбары, даў першае інтэрв'ю: Хай думаюць, што я адзін такі, хай супакойваюць сябе
Успамінаем найцікавейшае за 2021 год. Карэспандэнт «Нашай Нівы» пагутарыў з падпалкоўнікам міліцыі Станіславам Лупаносавым, які цяпер знаходзіцца ва Украіне. У фільме на канале «Беларусь-1» расказалі, што менавіта ён перадаў руху за свабодныя выбары вялізны масіў унутранай інфармацыі пра спецслужбы.
Стала вядома прозвішча афіцэра ГУБАЗіКа, які перадаваў інфармацыю руху за свабодныя выбары
— Ці глядзелі вы сюжэт пра сябе?
— Я глядзеў, я пасмяяўся з кагнітыўных памылак аўтараў. Значыць, спачатку спадарыня Чамаданава кажа, што ўсе «аўдыязапісы — фэйкі», а потым па БТ мяне называюць вінаватым у злівах. Вызначцеся, спадарства.
— Ці працавалі вы ў ГУБАЗіКу?
— Я служыў у ГУБАЗіКу, я падпалкоўнік міліцыі, краіну я сапраўды пакінуў — напісаў заяву на адпачынак і з'ехаў машынай ва Украіну, пакуль граніцы яшчэ былі адкрытыя.
Я працаваў ва ўпраўленні па барацьбе з карупцыяй у медыцыне. Да таго я працаваў у ГУУС Мінгарвыканкама ва ўпраўленні «К», яшчэ да таго — у крымінальным вышуку, агулам не хапіла пару месяцаў выслугі да «запаветных» 20 гадоў службы.
Тое, чым я ганаруся — гэта расследаваннем угонаў машын. Усе самыя адметныя затрыманні з 2009 па 2013 год — гэта я. Потым заняўся злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій. І ў ГУБАЗ я прыйшоў толькі ў ліпені 2020 года з аддзела «К». Займаўся работай з big data.
— Чаму выехалі з Беларусі?
— Я бачыў, як развіваецца сітуацыя ў краіне, да якога краху вядуць нас гэтыя ўлады, як калегі займаюцца відавочнымі злачынствамі, як начальнікі іх да гэтага падбухторваюць. Ва ўсім гэтым я ўдзельнічаць не хацеў.
Выказаць сваю нязгоду шляхам напісання рапарта аб незаконнасці падзей у краіне я не мог, бо з маім доступам да інфармацыі мяне б пасадзілі ў турму.
Аператыўнікі ГУБАЗа — адныя з самых інфармаваных супрацоўнікаў у краіне, гэта не СК і не пракуратура. Мне б не даравалі.
А проста сысці і назіраць моўчкі, як грамяць маю краіну? Не. Я вырашыў на карысць радзімы выкарыстаць свае веды, што з Беларусі б было зрабіць немагчыма.
— Чым цяпер займаецеся?
— Па нейкіх пытаннях кансультаваў Байпол. Але я не ў арганізацыі, працую ў ІТ ва Украіне.
— Як вам кадры ў Байполе?
— Я думаў, будзе горш, а аказалася што спецыялісты талковыя, кожны ў сваёй сферы — майстар спорту.
— На Байпол азіраюцца беларускія сілавікі ў сістэме?
— Адназначна.
— Як ад'езд успрынялі калегі?
— Калі я скажу і вы напішаце, будуць штурмаваць усіх. Не скажу, у ГУБАЗе ведаюць адказ на гэтае пытанне. Рух супраціву ў органах ёсць.
— Нашы органы спрабавалі вас вярнуць?
— Яны не ведалі да 15 снежня, што я выехаў. 16 снежня мне пазванілі з ГУБАЗіКа: «Станіслаў, а ты дзе? Ва Украіне?».
Я адказаў, што напісаў рапарт і з'ехаў, прапанавалі мне тут добрую работу, а вам там удачы. Потым званілі яшчэ: «Вярніся, мы ўсё даруем». Ну я ж у гэта не паверу, маючы такі досвед.
Майго непасрэднага начальніка прымусілі звольніцца ў помсту за тое, што ён не змог мяне праверыць усебакова.
— Ладна, чым займаліся 9 жніўня?
— Я стаяў з двума джыпамі ССА на выездзе з Мінска па брэсцкай трасе. Выбарачна спынялі машыны, шукалі зброю, нейкую жалезную арматуру, што можа быць выкарыстана супраць міліцыі. Стаялі недзе да 23-й, потым паехалі на базу ГУБАЗіКа. У непасрэднай блізкасці ўсё гэта адбывалася, нехта працаваў на вуліцы, я з часткай работнікаў быў унутры, гадзіны ў 3 ночы нас адпусцілі, а 9-й раніцы сабралі зноў і мы 10-га сядзелі там.
— Пра што гаварылі?
— Інтэрнэту тады не было, мы не валодалі сітуацыяй. Я толькі ў раёне абеду 10-га жніўня ўсталяваў псіфон, пачаў глядзець інтэрнэт і ўразіўся маштабамі зладзействаў, учыненых маімі былымі калегамі, і маштабамі пратэстаў.
Тое, што супраць бяззбройных людзей будуць ужываць гранаты, агнявую зброю, іншыя спецсродкі, я не мог сабе ўявіць. Агулам у калектыве адразу пайшоў нейкі негатыў да ўсяго гэтага, але некаторыя пачалі рабіць выгляд, маўляў, што трэба разбірацца, як яно было насамрэч. То-бок рэакцыя не тое што супярэчыла нормам права, але і нормам звычайнай чалавечай маралі. Тады я задумаўся пра тое, што працягваць службу не буду.
— А апошняй кропляй што стала?
— Забойства Бандарэнкі. Мы ведалі, што адбылося, раней за ўсіх: яшчэ ў абед я з калегамі ездзіў у БХМД па іншым пытанні, гаварылі з галоўным доктарам, які сказаў, што Бандарэнка ў такім стане, з якога не дастаюць ужо. Мы ведалі, што ён памрэ. Мне стала ясна, што вось яна — рэальная колькасць людзей, гатовых забіваць за Лукашэнку проста ў дварах: дзесяць чалавек з бліжэйшага кола, якія страцяць усё ў выпадку змены ўлады.
Калі Бандарэнка памёр, я спаць не мог, што я яшчэ мог адчуваць?
Гэта ілюстрацыя права ў краіне. Табе, няважна хто ты, можа праламаць галаву няважна хто, галоўнае, што нехта лаяльны, і яму за гэта ні-чо-га не будзе. Вось якая «законнасць». Сітуацыю зменіць і выправіць памылкі толькі новая ўлада, і я гэтаму буду дапамагаць.
— А чаго, па-вашаму, не хапіла пратэсту ў жніўні, каб перамагчы?
— Народ не паверыў у сваю моц і не зразумеў, якой сілай валодае. Выказаў абурэнне, але ўладу не ўзяў. Бессэнсоўнае выказванне абурэння. Не было ніякага сумневу ў тым, што Лукашэнка з трэскам прайграў выбары «хатняй гаспадыні», але не было лідараў, не было арганізацыі.
— Вы бралі ўдзел у палітычных рэпрэсіях? У сюжэце БТ вас называюць датычным да справы Ціханоўскага.
— Мяне прымушалі ўдзельнічаць у ідэнтыфікацыі людзей, якія хадзілі на мітынгі, каб потым прыцягваць іх да адміністратыўнай адказнасці.
Што датычыць Ціханоўскага, то калі я прыйшоў на службу ў ГУБАЗіК, то Бедункевіч запрасіў мяне да Карпянкова, разам яны населі, што я павінен падключыцца да справы супраць Ціханоўскага, што ён развальвае краіну. Я далучыўся па-італьянску. Ніхто там не разумеў тое, што я ўмею. Я мог абгрунтоўваць сваю работу на той час, які мне хацелася, а не на той, колькі рэальна патрабавала работа.
Таксама я маляваў тую «схему» афіляванасці апазіцыянераў, маляваў са словаў Бедункевіча і яго намесніка Алёксы. Яны казалі, што давай стрэлачку сюды, давай туды. Для чаго гэта рабілася, зразумець цяжка, гэтых схем быў мільён. І яны далёкія ад праўдападобнасці.
— Чым увогуле займаецца ГУБАЗіК у Беларусі? У нас ёсць арганізаваная злачыннасць?
— Арганізаваных крымінальных груп у нас няма. Адно ўпраўленне фактычна кантралюе старых злачынцаў і «аўтарытэтаў», але крымінал запалоханы. Якія там аўтарытэты! Іх затрымліваеш, яны ўжо гатовыя: «Не біце, не біце».
Іншае ўпраўленне да ўсіх падзей кашмарыла анархістаў і фанатаў, гэта пустая, надуманая работа, яшчэ адно ўпраўленне займаецца найвышэйшымі асобамі дзяржавы. Сочаць за імі, вядуць справы аператыўнага ўліку.
— А які сэнс, што яны сочаць за топ-чыноўнікамі? Вельмі мала выпадкаў, каб такіх людзей прыцягвалі да нейкай адказнасці. Не крадуць?
— Канечне, крадуць, усе схемы вядомыя і будуць апублічаныя. Пакуль не будзем называць прозвішчы, але ў аднаго былога міністра люстра дома — 60 тысяч долараў. Адкуль? А «падарылі». Яго не пасадзіш і пытанняў не задасі, хоць ён за мільярд люстру павесіць, бо сістэма пабудаваная так: калі чалавек у кадравым рэзерве Лукашэнкі, то без яго згоды нічога адбыцца не можа.
Хочаш абгрунтавана адправіць у СІЗА міністра? Трэба пісаць рапарт на імя Лукашэнкі з усёй фактурай, апісаць супрацьпраўную дзейнасць, а ён пачытае і накладзе рэзалюцыю, як яму захочацца. Можа быць рэзалюцыя «Дзейнічайце» — значыць, можна браць. А можа быць рэзалюцыя «Працягваць назіранне», каб яму дакладвалі ўсё, слухалі, збіралі кампраматы. Гэта можа ніякай справай і не скончыцца, але спатрэбіцца для кіравання чалавекам у будучыні, каб маніпуляваць ім пагрозай пасадкі. Вось такія людзі ў нас на высокіх пасадах.
Калі справа ў рэгіёне, то аператыўніку яшчэ цяжэй. Рапарты трэба пісаць на імя начальніка, той — вышэй, і гэтак далей. Яму прасцей займацца нейкай лухтой, чым расследаваць карупцыю ва ўладзе.
— Якія псіхалагічныя партрэты кіраўнікоў арганізацыі? Той жа Карпянкоў, у яго дэманізаваны медыявобраз, ці збольшага адпавядае рэальнаму?
— Карпянкоў — гэта чалавек, адданы службе дыктатару. У яго з ім нейкая містычная сувязь, гэта немагчыма патлумачыць, аддадзены бязмерна. Я пацвярджаю арыгінальнасць запісу, на якім гэты чалавек кажа пра канцлагеры для нязгодных. Я не скажу, хто гэты запіс апублікаваў, але тую сустрэчу запісвала мінімум 4 чалавекі — гэта тыя, пра каго ведаю толькі я.
У той дзень ён толькі прыехаў з нарады ў Лукашэнкі і пачаў на гэтым драйве выступаць.
Бедункевіч… Усё дзікунства, якое робіцца — ад яго. У мяне пра яго няма добрых словаў. Я перакананы, што Бедункевіча будуць дапытваць яго ж супрацоўнікі, некаторыя — з асаблівай радасцю.
З Ціхінем я амаль не перасякаўся, яго выпусцілі з СІЗА (начальніка ўпраўлення ГУБАЗіКа затрымлівалі нібыта за карупцыю — «НН»), каб праводзіць езуіцкую работу з крымінальнымі элементамі, якіх ён ведаў па сваёй ранейшай дзейнасці. Ім выдалі арыенціроўкі на бізнэсменаў, з якіх яны павінны былі вытрасаць грошы нібыта на «фінансаванне пратэстаў». Разлік быў на тое, што камерсанты пайшлі б з заявамі ў міліцыю, і асабоваму складу іншых падраздзяленняў было б прадэманстравана, якімі метадамі дзейнічаюць прыхільнікі перамен — праз крымінальных аўтарытэтаў. Але «блатныя» або сабатавалі заданне, або папярэдзілі бізнэсменаў, адкуль растуць ногі. Ён так і прасядзеў усе падзеі на сваёй дачы.
Пра Чамаданава я нічога кепскага не скажу. [Пасля адстаўкі Ціхіні пасаду начальніка 2-га ўпраўлення ГУБАЗіКа МУС заняў яго намеснік Дзяніс Чамаданаў. — «НН».]
— Вы сказалі, што мінімум чатыры чалавекі запісвалі выступленне Карпянкова. Для чаго?
— Для доказаў учынення злачынстваў рэжымам. У ГУБАЗіКу не ідыёты працуюць. Многія разумеюць, што адбываецца, і фіксуюць працэсы, каб выратаваць сябе ў патрэбны момант.
— Чаму ў жнівеньскія падзеі сілавікі не перайшлі на бок народа?
— А ніхто ім не казаў нічога. Што будзе заўтра? Хто крэдыты будзе плаціць? Ім проста казалі — «сыходзьце». Але трэба жыццё памяняць усё за раз. Я вось сышоў, але так лёгка, бо ў падраздзяленні не так доўга працаваў, не прырос. З ГУУС я б так лёгка не сышоў, дзе 11 год адрабіў.
— А работнікі ГУБАЗіКа, па-вашаму, разумеюць, чым яны займаюцца?
— Некаторыя дакладна разумеюць, не ведаю, як яны ў гэтым жывуць. Большасць жа сыходзіць з пазіцый — «усе робяць — і я раблю». Тое, ад чаго нас засцерагалі нашы мамы, так бы мовіць.
— Яны сапраўды спадзяюцца, што Лукашэнка іх перажыве?
— Яны думаюць, што ім дапаможа калі не Лукашэнка, дык Расія. Слепа вераць у гэта. Вось, маўляў, прыйдзе Расія, аб'яднаемся, заробак будзе высокі, усё добра будзе — вось што думаюць у ГУБАЗіКу. Начальнікі вечна расказвалі, што ва Украіне ўсё кепска, там бандэраўцы, а вось у Расіі — «добра», там «работнікі міліцыі больш зарабляюць». Гэта недалёкая матывацыя. Службы Беларусі там няма, няма там патрыятызму беларускага. Патрыёты, для якіх Беларусь нешта значыць, — на невялікіх пасадах.
— Дзе вы былі 16 жніўня?
— Я быў на рабоце. Хадзіў на марш, быў у натоўпе людзей, назіраў, эйфарыя была. Вядома, я далучацца не мог, мы павінны былі ахоўваць будынак, але было абсалютна ясна, што ніхто на яго нападаць не будзе, таму супрацоўнікі разыходзіліся і далучаліся да натоўпу. Але вось Карпянкоў і Бедункевіч былі ў ярасці, ледзь не да таго, што «як гэта дапусцілі? Аўтаматы ў рукі трэба браць і расстрэльваць». Я быў у шоку. Ну як? Жанчыны такія прыгожыя, усе ўбраныя, ідуць з кветкамі. Забіваць іх?
— Што скажаце пра Караева?
— А што пра яго сказаць? Тое ж самае, што ўсе астатнія выкінутыя кіраўнікі ведамстваў. Яны не зрабілі тое, што ад іх патрабавалі ў поўнай меры, але ўсё роўна прайгралі і напрацавалі сабе на стос крымінальных артыкулаў. На іх — адказнасць за пачатак масавых, сістэматычных і, як казаў Церцель, мэтанакіраваных парушэнняў закона.
— Дык якія вашы персанальна «злівы»?
— Яны ўсё на мяне вешаюць, але прамых доказаў у іх няма. Калі я прызнаюся — то далучаць да крымінальнай справы. А я скажу публічна, што гэта не я. Павесілі на мяне, бо я з'ехаў ва Украіну. Ну хай думаюць, што я адзін такі, добра. Хай супакойваюць сябе.
— Добра, гэта вы злілі перамовы «Масандры»?
— Я не буду ні ў чым прызнавацца пакуль што. Ведаю, што гэта самы цікавы момант, але — без каментароў. Магу толькі сказаць, што ёсць супрацоўнікі КДБ, затрыманыя за перадачу інфармацыі тэлеграм-каналам.
— Верылі, што на пратэстах праплочаныя наркаманы і алкаголікі?
— Спісы затрыманых праходзілі праз мае рукі. Там спрэс людзі з вышэйшай адукацыяй. Якія бандыты і крымінальнікі? Дый немагчыма праплаціць столькі людзей.
Акурат-такі «пралетарыят» збольшага напляваў на беззаконне і не далучыўся да пратэстаў, у гэтым, у тым ліку, прычына жнівеньскага правалу. Але ў перспектыве ім стане няма на што жыць па меры зацягвання Беларусі ў эканамічную бездань, і ім прыйдзецца выходзіць на вуліцы, каб абараніць свае правы.
— Колькі сілавікоў пасля змены ўлады трапіць пад суд?
— Тых, хто аддаваў злачынныя загады, і тых, хто іх выконваў, далёка не тысячы. Ёсць людзі, якія затрымлівалі без ужывання спецсродкаў, а ёсць тыя, хто біў ляжачых, ужываў спецсродкі, фізічную сілу, катаваў людзей.
— Якая частка сілавой сістэмы самая нелаяльная Лукашэнку?
— МУС — цэнтральны апарат. Каля 400 людзей падпісалася за Бабарыку.
— Вы бачылі з таго боку палітыкаў, хто самы моцны па-вашаму?
— Бабарыка — самы моцны. У яго вялізная падтрымка. Як толькі ён заявіў, што вылучаецца — людзі натхніліся. Калі б не ён, нічога б не было.
— І чаму яго не адстаялі пасля пасадкі?
— А надта доўга рабілі ў сістэме з людзей рабоў. 26 гадоў культывацыі рабства. Падумалі, што вось была надзея, прамільгнула — і ладна.
— Што параіце грамадству?
— Аб'ядноўвацца, не быць адным чалавекам, быць у суполцы па агульных інтарэсах. Адзінства, якое адчулі людзі 16 жніўня, — яго трэба захоўваць, нельга даць сябе раз'яднаць. Разам мы ўсё можам, можам змяніць краіну. Цэнтральнае разуменне — мы перамаглі ў жніўні, трэба замацаваць перамогу.
— Якое слабое месца ў сілавым блоку?
— Слабое месца ў тым, што бесталкоўшчыны на адказных пасадах, а талковыя спецыялісты бягуць. Гэта і разваліць сістэму.
— Чаму 9 жніўня міліцыянеры на ўчастках бачылі, што адбываецца, і не адмаўляліся выконваць загады і затрымлівалі незалежных назіральнікаў?
— Пачынаючы з 2008 года, калі Мікалай Казлоў убачыў фальсіфікацыі, міліцыі забаранілі ўмешвацца ўвогуле па любых пытаннях у дзейнасць камісій, а толькі рэагаваць на забеспячэнне грамадскага парадку на прылеглай тэрыторыі. Гэта ўбівалася на кожным інструктажы.
— У чалавека няма сваіх вачэй?
— Ну вось неяк гэта ўсё ўспрымалі, плюс наверх накідвалі за спраўнасць прэміі, невялічкія, насамрэч, па 200 рублёў.
— А якія заробкі ў ГУБАЗіКу?
— Самы папулярны заробак — 1700 рублёў. Ну цяпер павысілі, можа, 2 тысячы ёсць. Асноўная матывацыя — кіраўніцтва паабяцала кватэры тым, хто «найбольш праявіць сябе». Абяцаў Карпянкоў, я сведка.
— І далі кватэры?
— А ведаеце, даюць. Вось проста цяпер актыўная фаза, як іх раздаюць згодна з сакрэтным загадам. Дамовы заключаюць людзі вось проста зараз.
— Калі ГУБАЗіК пачаў выходзіць на маршы і біць калону па хвастах, як гэта адбывалася?
— Карпянкоў кажа: «Бяром палкі, ідзём усе за мной», — і пабеглі людзі. Бегла 60%, напрыклад, калі ён біў шкло ў O'Petit, працэнтаў 40 засталося «ахоўваць» будынак.
— Было такое, што на мітынгах цярпелі вашы работнікі?
— Камічная гісторыя была, што камітэтчыкі пад камеры раздавалі грошы «за ўдзел», нейкія школьнікі іх нават усур'ёз бралі. А нашы накінуліся на камітэтчыкаў і ў выніку адграблі, бо тым дапамаглі людзі.
— Што за гісторыя з вагнераўцамі?
— Яны былі пралётам, канечне. У лясах там сотня яшчэ не хадзіла, але кагосьці затрымлівалі на арандаваных кватэрах і перадавалі дзяржбяспецы, далейшы лёс гэтых людзей мне невядомы, пра ўсе абставіны прамаўчу.
— У сілавых органах традыцыйна культывавалася грэблівае стаўленне да апазіцыі, а ў які момант усё змянілася?
— Ды не тое што грэблівае. Я ў апазіцыі бачыў людзей, якія змагаюцца за свае ідэалы і не маюць шырокай падтрымкі, а ўлада — мае. Усё змянілася і стала наадварот.
— Што вас не задавальняе ў Лукашэнку?
— Задача палітычнага лідара ў тым, каб рабіць жыццё грамадзян, якія яго абралі, лепш. Стала жыццё якасней? Становіцца магчымасцяў больш? Не і не. На адным узроўні і горш. Быў адзін плюс у яго — доступ да танных рэсурсаў з Расіі. Але гэта ніяк не было выкарыстана, мільярды закапаныя ў зямлю, інвестыцыі змарнаваныя, мы, беларусы, аказаліся з такім кіраўніком голымі і босымі. Грашыма і рэсурсамі распараджацца гэтыя ўлады не ўмеюць. Беларусь заслугоўвае больш эфектыўнага менеджменту. Яго мэта — толькі асабістая ўлада.
— А што сістэма зрабіла няправільна?
— Ды яны адарваныя ад жыцця і нічога не разумеюць у тым, што адбываецца. У «плафоны» тыкаць не ўмеюць, чым жыве краіна, не разумеюць, спадзяюцца, што заўсёды будзе як раней, яны адсталі ва ўсім. І я думаю, што спецыяльныя работнікі, якія павінны былі «ўбачыць» пагрозы ў тым жа Ціханоўскім ці Пуціле, калі ён яшчэ быў у Мінску, — «не ўбачылі» спецыяльна, бо дастала ўжо.
— Якія аргументы працуюць у размовах з сілавікамі?
— Цяжка сказаць, асабліва цяпер. Усе закрыліся ў сабе, ніхто нікому не давярае, не гавораць адзін з адным, да такога даходзіць. Баяцца ўсе, што хтосьці іх здасць таму ці іншаму боку.
«Я нічога не ўмею» — гэта галоўны аргумент для супрацоўніка міліцыі, каб не сыходзіць. Маўляў, я ж круты, не пайду ж я на пост аховы ў супермаркеце працаваць.
Яны думаюць, што яны крутыя, але сэнс у тым, што іх самаацэнку заніжаюць ідэолагі, забіваюць веру ў сябе, знішчаюць здольнасць прымаць рашэнні і браць адказнасць за сваю будучыню. Калі ўжо разабрацца, то ў сілавікоў метадычна знішчаюць іх мужчынскі незалежны пачатак, нібыта наяўнасцю якога яны так ганарацца. На кожнай агітацыі: «Вас нідзе не чакаюць», «Вы нікому не патрэбныя», — і людзі пачынаюць так думаць, яны маніпуляваныя.
Не разумеюць таксама простай рэчы, што толькі моцная эканоміка можа плаціць заробкі, за якія не сорамна. Тыя ж польскія заробкі нашым дэтэктывам і не сніліся, не кажучы пра нямецкія ці амерыканскія. А як яны хочуць жыць, калі заганяюць людзей у галечу? Беднае насельніцтва — бедныя афіцэры, гэта аксіёма. Нехта нешта і займее, але не большасць.
— А што б вы сказалі сваім калегам?
— Я б параіў дзеля іх жа будучыні кіравацца законам і рэгулярна перачытваць Канстытуцыю, пачаць думаць сваёй галавой, а не нарэзкамі БТ на ідэалагічных пяціхвілінках.
— Як вылічваюць адміністратараў чатаў?
— Адсочваюць па трафіку. Напрыклад, нехта ў чат скінуў карцінку, у яе пэўная электронная вага ў байтах. Правяраецца, хто ў гэты канкрэтны час у краіне перадаваў на сервер тэлеграма паведамленне з такой колькасцю байтаў, да секунды. Так і знаходзяць.
Каментары