Эканоміка

«Зялёны вадарод» — заўтра сусветнай эканомікі. Вось як гэта будзе працаваць, на прыкладзе Намібіі

Гэтую зямлю Бог абдзяліў. Так доўгі час думалі пра паўднёваафрыканскую тэрыторыю, дзе гарачае сонца і моцныя вятры ператварылі ўсё ў пустыню. Цяпер гэтыя прыродныя асаблівасці робяць Намібію патэнцыйным кландайкам новай энергетыкі. Краіна здольная выпрацоўваць танную электраэнергію на сонечных і ветравых электрастанцыях. А вадародныя тэхналогіі даюць магчымасць лёгка транспартаваць носьбіт энергіі з раёнаў, дзе выраб электраэнергіі танны, у краіны, дзе попыт на яе вялікі, а крыніц — мала.

Фота «Уол-стрыт джорнал».

Людэрыц (Lüderitz), Намібія. Стары горад на скалістым узбярэжжы Атлантычнага акіяна. А назва чаму такая нямецкая? Таму што яго заснавалі нямецкія каланісты, калі «Паўднёва-Заходняя Афрыка», назвы Намібія тады яшчэ не існавала, валодала гэтымі гіганцкімі тэрыторыямі. Горад перажыў свой росквіт у пачатку ХХ стагоддзя, калі ў блізкіх дзюнах былі знойдзены алмазы.

Цяпер Намібія выходзіць у лідары рынку іншай сыравіны: зялёнага вадароду, піша «Уол-стрыт джорнал». Зялёным называюць той вадарод, які вырабляецца з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц электраэнергіі.

300 дзён у годзе ў Людэрыцы — сонечныя. А злыя вятры проста шкамутаюць 1000-кіламетровае пустэльнае ўзбярэжжа. Краіна мае велізарны патэнцыял для вытворчасці аднаўляльнай энергіі. Гэта выклікае зацікаўленасць інвестараў, што ўкладаюцца ў актывы зялёнай энергіі.

Намібія ўжо атрымала амаль 40 млн еўра ад Германіі на распрацоўку тэхніка-эканамічнага абгрунтавання і пілотных праектаў вытворчасці так званага зялёнага вадароду. Зялёны вадарод вырабляюць пры дапамозе аднаўляльных крыніц энергіі, такіх, як вецер або сонца. А вадарод, выраблены з выкарыстаннем электрычнасці, выпрадукаванай на электрастанцыях, што працуюць на выкапнёвым паліве (газ, вугаль, нафтапрадукты), называюць «шэрым вадародам» або «блакітным вадародам» (гэты апошні — калі ўлоўліваюцца выкіды выкапнёвага паліва). Большасць вадароду, які вырабляецца сёння, не адносіцца да катэгорыі «зялёнага».

Вадарод можна спальваць у рухавіках аўтамабіляў і самалётаў замест нафтавага паліва або на электрастанцыях замест вугалю ці прыроднага газу.

Ветраная турбіна каля прыморскага горада Людэрыц, побач з месцам, дзе мае паўстаць вытворчасць вадароду. Фота: ALEXANDRA WEXLER / THE WALL STREET JOURNAL

Урад Германіі лічыць, што, дзякуючы сваім прыродным перавагам Намібія здольная вырабляць самы танны ў свеце зялёны вадарод. А пераход на вадарод — аснова стратэгіі скарачэння выкідаў вуглякіслага газу да нулявой адзнакі да 2050 года.

Зялёны вадарод — гэта таксама просты і бясшкодны спосаб доўгатэрміновага захоўвання аднаўляльнай энергіі. Намібія разлічвае пачаць экспарт зялёнага вадароду ўжо ў 2025 годзе.

Намібія не адзіная краіна, якія імкнецца пачаць зарабляць на экалагічна чыстай энергіі. Ад Марока да Аўстраліі і Чылі, ва ўсім свеце нарошчваюць магчымасці вытворчасці вадароду. Дэпартамент энергетыкі ЗША заявіў, што гонка за стварэнне тэхналогій вырабу чыстага вадароду — гэта як барацьба за тое, хто першы паляціць у космас у свой час.

Паводле кансалтынгавай фірмы Wood Mackenzie, за апошнія 12 месяцаў колькасць праектаў па вырабе экалагічна чыстага вадароду, пра якія ёсць інфармацыя, вырасла ў 50 разоў. Але такія праекты патрабуюць дарагой інфраструктуры.

Шлях да шырокага выкарыстання зялёнага вадароду доўгі: для зніжэння выдаткаў і цэн дарагія тэхналогіі павінны выкарыстоўвацца больш масава, а аб'ёмы вытворчасці — вырасці.

Яшчэ адна перашкода — лагістыка экспарту гатовай прадукцыі. Для прыёму танкераў, здольных перавозіць вадарод, у Людэрыцы давядзецца збудаваць новы глыбакаводны порт. Урад Намібіі разлічвае прафінансаваць яго ўзвядзенне за кошт дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

І, улічваючы што Намібія пустынная краіна, вытворчасць зялёнага вадароду ўлады хочуць спалучыць з апрасненнем марской вады. Апрасняльныя ўстаноўкі — задавальненне дарагое, у той жа час урад Германіі пралічыў, што гэты працэс, калі яго спалучыць з вытворчасцю вадароду, будзе павялічваць яго сабекошт усяго на 1%.

Людэрыцу спатрэбіцца новы глыбакаводны порт для прыёму танкераў. Урад Намібіі разлічвае прафінансаваць яго пабудову за кошт дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Фота: HOBERMAN/UNIVERSAL IMAGES GROUP/GETTY IMAGES

«Вялікіх краін, якія маюць патэнцыял нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці энергіі з аднаўляльных крыніц, не так і шмат, і Намібія адна з іх», — сказаў Ноэль Томні, кіраўнік аддзела праблем развіцця вадароднага паліва сусветнага кансалтынгавага гіганта Wood Mackenzie. Томні назваў і праблемныя месцы. «Інфраструктура, прыдатная вада і проста няпэўнасць, звязаная з тым, што раней у вялікіх маштабах ніхто такога не рабіў», — сказаў ён.

Некалькі глабальных гульцоў выказалі зацікаўленасць, пасля таго як урад Намібіі прапанаваў інвестарам на выбар дзве асобныя, але сумежныя пляцоўкі, дзе мае паўстаць вялікі апрасняльны завод. Аб'екты маюць таксама ўключаць ветравую і сонечную электрастанцыі, а таксама электралізатары — сістэмы, якія выкарыстоўваюць электрычнасць для расшчаплення вады на вадарод і кісларод — якія будуць выкарыстоўвацца для вытворчасці зялёнага вадароду і аміяку на экспарт.

Намібія атрымала дзевяць заявак ад шасці кампаній, у тым ліку паўднёваафрыканскай Sasol Ltd., аўстралійскай Fortescue Metals Group Ltd. і нямецкай Enertrag AG — акцыянера Hyphen Hydrogen Energy (Pty) Ltd., якая ў выніку і перамагла ў тэндары.

Кампанія Hyphen, якая займаецца праектам, створаным для распрацоўкі, будаўніцтва і эксплуатацыі аб'ектаў па вытворчасці зялёнага вадароду ў Намібіі, кажа, што праект коштам 9,4 мільярда долараў мае на мэце да 2030 года выйсці на вытворчасць 300 000 тон зялёнага вадароду ў год і 5 гігават электраэнергіі.

Міжнародная супольнасць падтрымлівае гэтыя амбіцыйныя планы. Урад Намібіі ўпершыню быў запрошаны на Сусветны эканамічны форум у студзені ў швейцарскім Давосе, каб прэзентаваць свой план аднаўлення эканомікі пасля пандэміі Covid, у якім зялёны вадарод адыгрывае цэнтральную ролю.

У цэнтры праекта — Людэрыц, сонны прыморскі горад, забудаваны катэджамі ў стылі нямецкага ар-дэко. Праектныя ўчасткі знаходзяцца прыкладна за гадзіну язды ад горада сярод пустыні — вакол пясчаныя выдмы і рэдкі хмызняк. Новае прадпрыемства зойме тэрыторыю плошчай 1800 квадратных кіламетраў — гэта як сярэдні беларускі раён.

Прэзідэнт Намібіі Хаге Гейнгоб удзельнічаў у кліматычным саміце COP26 у Глазга ў лістападзе. Фота: HANNAH MCKAY/ZUMA PRESS

У сусветнай гонцы за зялёным вадародам Намібія пазіцыянуе сябе ў якасці патэнцыйнага цэнтра вытворчасці зялёнай энергіі. Намібія не адна такая. У Кеніі 365 ветравых турбін ветраэнергетычнага праекта ля возера Туркана цяпер вырабляюць каля 17% электраэнергіі.

Але чаму цэнтрам мегавытворчасці вадароду бачыцца Намібія? У яе ёсць не толькі кліматычныя перавагі. Краіна займае высокае шостае месца з 49 краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары ў індэксе карупцыі Transparency International. Акрамя таго, Намібія — дэмакратычная прававая дзяржава, а на гэта інвестары глядзяць у першую чаргу.

Акрамя таго, урад дазваляе прыватнаму сектару развіваць праекты самастойна.

«Мы не лічым, што [урад] павінен быць кіроўцам. Прыватны сектар можа зрабіць лепш», — кажа Іпумбу Шыімі, міністр фінансаў Намібіі.

«Цяпер раптам пустыня стала каштоўнай», — кажа міністр фінансаў Шыімі.

Месца прапанаванага зялёнага вадароднага праекта ў пустыні Намібіі. Фота: ALEXANDRA WEXLER / THE WALL STREET JOURNAL

Чытайце таксама:

Northvolt: Шведы пабудавалі гіганцкую вытворчасць батарэй для электрамабіляў

Жыццё пасля нафты: Расія плануе стаць сусветным лідарам у вытворчасці вадароду. Вось як яна думае гэта зрабіць

Каментары

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

У Грузіі пратэсты ідуць чацвёрты дзень. Апазіцыя патрабуе эфіру на ТБ2

Спявак Герман Цітоў на Алексіевіч: Ты павінна быць з Лукашэнкам на «вы» і шэптам35

Украінцы з «Хаймарса» накрылі ганаровае пастраенне расійскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. 12 загінулых9

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

У Польшчы ёсць свае сёстры Груздзевы — сёстры Гадлеўскія ВІДЭА2

У цэнтры Мінска з'явілася кафэ ў афрыканскім стылі. Каб яго адкрыць, уласніца прадала кватэру5

Хто такія садыкі? Расійскія вайскоўцы ў Сірыі нарадзілі адмысловы слэнг16

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску78

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →