Некаторыя цяжкасьці на шляху беларускай апазыцыі тлумачацца якасьцямі чалавечай памяці. Яна занадта кароткая. А трэба яшчэ ўлічыць, што шэрагі змагароў за дэмакратыю абнаўляюцца за кошт моладзі, для якой і падзеі дзесяцігадовай даўніны – сівая гісторыя. Але ж не дарма Герадот лічыў гісторыю маткаю навук. Яна дазваляе пазбегнуць паўтарэньня памылак. Бо расплатаю за гэта ёсьць згуба часу. Кавалка свайго жыцьця, якое магло б прайсьці ў лепшых умовах.

Першы Кангрэс

Першы Нацыянальны Кангрэс у абарону Канстытуцыі адбыўся 18 кастрычніка 1996 г. Яму папярэднічала ініцыятыва Старшыні Прэзідыума ВС XIII скліканьня С. Шарэцкага, які ў канцы жніўня запрасіў на таемную нараду прадстаўнікоў пяці найбуйнейшых партый. Побач з прадстаўнікамі АГП, ПКБ і Аграрнай партый, якія мелі свае фракцыі ў ВС, сядзелі прадстаўнікі БСДП (НГ) і ПБНФ (М. Статкевіч і Ю. Хадыка), якія фракцый ня мелі. Гэта быў мужны крок з боку С. Шарэцкага. Толькі тры месяцы таму ён публічна асудзіў «беспарадкі» падчас Чарнобыльскага шляху, пасля якіх больш за 200 чалавек звярнуліся за медычнай дапамогаю, а В. Сіўчык і Ю. Хадыка апынуліся на Валадарцы. Але цяпер ён адчуў пагрозу, якую нёс абвешчаны Лукашэнкам рэфэрэндум і рашыў абаперціся на ўсе палітычныя сілы, што выступалі супраць дыктатуры.

С. Шарэцкі зразумеў, што спыніць Лукашэнку, які да гэтага часу 18 разоў парушыў закон, што зафіксаваў Канстытуцыйны Суд, можа толькі імпічмэнт. Але ў складзе ВС ён меў толькі невялікую і хістскую большасьць сярод 199 абраных дэпутатаў. Таму ён і вырашыў абаперціся на «вулічную дэмакратыю». Так утварылася шырокая апазыцыя, дзе ўпершыню побач з БНФ зьявілася і ПКБ.

На працягу некалькіх сустрэч быў ня толькі распрацаваны план імпічмэнту, але і вырашана супрацьпаставіць лукашэнкаўскаму Усебеларускаму Сходу Нацыянальны Кангрэс. Яны і адбыліся адначасна, толькі ў розных месцах. Дэлегаты вызначаліся партыямі ў адпаведнасьці з атрыманымі квотамі. Было шмат запрошаных гасьцей. У прэзідыуме сядзеў Я. Брыль. З бліскучаю прамовай выступіў славуты кінарэжысэр В. Дашук. Кангрэс прыняў узгодненыя рэзалюцыі ў падтрымку імпічмэнту.

Таму, калі 15 лістапада лукашэнкаўскія целаахоўнікі не пусьцілі ў ЦВК В. Ганчара, прызначанага Вярхоўным Саветам старшынём гэтага органа, людзі занялі плоўшу Незалежнасьці. Ад некалькіх соцень да некалькіх тысяч мітынгоўцаў у дзень і ў ночы віравала на плошчы цэлы тыдзень. Слухалі трансляцыю драматычных паседжаньняў ВС, сьпявалі, грэліся чым маглі. Кіраўніцтва ВС не згадзілася на прапанову заняць мітынгоўцамі будынак Дому Урада. Наадварот, вечарам у пятніцу [22 лістапада], калі прыляцела з Масквы злавесная тройца ў складзе В. Чарнамырдзін, Я. Строеў, Г. Селязнёў, С. Шарэцкі заклікаў людзей разыйсьціся. Далейшае вядома.

Другі кангрэс

Аднак закладзеныя прынцыпы ўзаемадзеяньня розных груповак апазыцыі ў хуткім часе былі скарыстаныя зноў. Галоўнаю мэтаю апазыцыі ў той час было давесьці навакольнаму сьвету, што ў Беларусі адбыўся дзяржаўны пераварот і легітымны ВС адхілены ад улады прэзыдэнтам. Увесну 1997 г. у Мінск быў накіраваны пасол Эўразьвязу Марэна з заданьнем наладзіць перамовы паміж двума галінамі законнай улады. Прэзыдыум ВС склікаў Кангрэс, каб зацьвердзіць умовы магчымага пагадненьня з прэзідэнтам. Сярод іх было патрабаваньне вяртаньня Канстытуцыі-94 і стварэньня Канстытуцыйнай камісіі для ўнясеньня ў яе паправак з улікам рэфэрэндума 1996 г. Было патрабаваньне аднавіць працу разагнанага ВС у поўным складзе. Дя правядзеньня перамоў была зазьвержана трохасабовая камісія на чале з намеснікам Старшыні Прэзідыума Г. Карпенкам. І створана кансультацыйная рада з аналітыкаў і прдстаўнікоў партый, якая павінна была дапамагаць падчас перамоў.

Аднак пасля трох візітаў Марэны ў Мінск спробы ўлагодзіць канстытуцыйны крызіс былі спынены, бо перамовы не далі плёну. Таму 17 верасня таго ж году ЭЗ прыняў рашэньне абмежаваць кантакты з уладамі РБ. З гэтага году ў складзе беларускай апазіцыі акрамя шэрагу дэмакратычных партый апынуліся каля 90 законна абраных дэпутатаў ВС, большая частка Прэзідыума ВС начале са Старшынем і двума ягонымі намеснікамі. А таксама ўплывовыя прадстаўнікі выканаўчай улады – першы прэм’ер?міністр лукашэнкаўскага Урада М. Чыгір, былыя міністры абароны П. Казлоўскі, нутраных спраў Ю. Захаранка, працы і сацыяльных адносінаў А. Сасноў, замміністра замежных спраў А. Саннікаў. Але апазіцыя стала цалкам пазасістэмнай, бо ні адзін яе прадстаўнік не ўваходзіў ні ў які ўладны орган.

Трэці кангрэс

Важнейшай праблемай для ўсіх прыхільнікаў незалежнасьці і дэмакратыі ў Беларусі пасьля канчатковага замацаваньня вынікаў дзяржаўнага перавароту 1994г. стала небяспека страты суверэнітэту ў выніку паглыненьня РБ расійскай Федэрацыяй. Нельга было дапусьціць прызнаньня заходнімі дэмакратычнымі краінамі законнасьці створанага ў Беларусі рэжыму. Таму Прэзідыум ВС вырашыў абвесьціць чарговыя прэзідэнцкія выбары ў 1999 г., як таго патрабавала Канстытуцыя-94. Арганізацыя выбараў даручалася В. Ганчару – законнаму старшыні ЦВК.Правесьці такую магутную кампанію «паралельных» выбараў без дапамогі і актыўнага ўдзелу дэмакратычных партый было немагчыма.

Аргкамітэт, які ўзначаліў Г. Карпенка, склікаў трэці КДС 30-31 студзеня 1999г. План выбарчай кампаніі быў падтрыманы. АГП вылучыла прэтэндэнтам на кандыдата М. Чыгіра, а ПБНФ – З. Пазьняка. Рэпрэсіўны апарат рэжыму ня быў яшчэ даведзены да дасканаласьці. Каманды абодвух прэтэндэнтаў сабралі неабходныя 100 тыс. подпісаў. Але ўжо ў час збору подпісаў выявіліся амбіцыі аднаго з прэтэндэнтаў. З. Пазьняк надрукаваў артыкул «Праект Чыгір», у якім абвяшчаў свайго суперніка «маскоўскім праектам». Выбухнуў скандал, але кампанія працягвалася. Тым часам быў арыштаваны М. Чыгір, і раптоўна памёр Г. Карпенка. 2?га мая пачалося датэрміновае галасаваньне і В. Ганчар пачаў агучваць неверагодныя лічбы прагаласаваўшых. 7?га мая быў захоплены невядомымі і зьнік Ю. Захаранка, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам у МУС. 8?га мая Сойм БНФ заклікае В. Ганчара строга прытрымлівацца закона, а сваіх прыхільнікаў давесьці кампанію да канца. На наступны дзень З. Пазьняк сваім лістом з?за мяжы і тэлефоннымі званкамі прымушае сваіх неразважаючых прыхільнікаў пакідаць выбарчыя камісіі. Кампанія «паралельных»выбараў канчаткова развальваецца.

Ніхто не паверыў лічбам, якія агучыў В. Ганчар пасьля 16 мая. Сацыялагічнае апытаньне паказала, што ён павялічыў іх у 10 разоў. Насамрэч прагаласавашых было толькі 5,3%. Але гэта – 400 тыс. чалавек. Калі б не канчальны скандал і невытлумачальная хлусня ЦВК В. Ганчара, кампанію можна было б лічыць пасьпяховаю. Яна не высветліла толькі таго, хто — радыкал Пазьняк ці памяркоўны М. Чыгір – больш прымальны для беларускага электарату ў найбліжэйшы час. Але здолела ізноў прыцягнуць увагу свабоднага сьвету да Беларусі.

У чэрвені ў Бухарэсьце адбылася нарада кіраўнікоў буйнейшых апазыцыйных партый з прадстаўніком Эўразьвязу. У ліпені ЭЗ прымае славутыя чатыры ўмовы дэмакратызацыі беларускага рэжыму. Ад яго патрабуюць: спыніць рэпрэсіі, даць доступ дэмакратычным партыям да электронных СМІ, прыняць новы выбарчы закон і пашырыць правы парламента. У выніку ў жніўні пад эгідай пасла ЭЗ Ханса?Георга Віка пачала дзейнічаць КРАПП – каардынацыйная рада апазіцыйных палітычных партый.

Пасол Вік прыклаў вялікія намаганьні, каб наладзіць прамы дыялог апазіцыі і ўрада. Яго спробы доўжыліся да мая наступнага году. Але адсутнасьць жаданьня з боку Лукашэнкі, што да дыялогу, што да дэмакратызацыі, прымусілі апазіцыю склікаць чарговы КДС, каб вызначыцца з удзелам у выбарах у Палату прадстаўнікоў НС.

Чацьвёрты КДС

Упершыню Кангрэс адбываўся без эгіды легітымнага Прэзідыума ВС. Яго старшыня эміграваў у Літву а першы наместнік бязследна зьнік. Але пытаньне было надзвычай важнае. З боку заходніх краін пачасьціліся кантакты з рэжымам Лукашэнка. Набліжаліся першыя выбары (а не прызначэньне) дэпутатаў ПП НС. Таму паўстала небяспека прызнаньня створаных паводле Канстытуцыі-96 органаў улады законнымі. На фоне пезперапынных спробаў стварэньня саюзнай з Расіяй дзяржавы ўдзел апазіцыі ў выбарах мог перакрэсліць усе папярэдніі намаганьні зафіксаваць у сьвядомасьці заходніх дэмакратый нялегітымнасьць створанага Лукашэнкам рэжыму.

Пасьля працяглых спрэчак было прынятае ўзгодненае рашэньне аб байкоце палатачных выбараў. Аднак цалкам яго выканалі толькі тры партыі – ПБНФ, АГП і КХП?БНФ. БСДП(НГ) і ПКБ дазволілі сваім сябрам персанальна вырашаць праблему ўдзелу. ЛДПБ Гайдукевіча на выбары пайшла і с таго часу ў апазіцыі не лічыцца.

Непасьлядоўнасьць пазіцыі камуністаў і сацыял-дэмакратаў выявілася ў тым, што на выбары пайшлі іх лідэры. Але рэжым не ацаніў такога ўчынка. Ні С. Калякін, ні М. Статкевіч у палату не прайшлі. Больш таго, вечарам дня выбараў Л. Ярмошына заявіла, што менавіта на тых акругах, дзе балатаваліся згаданыя вышэй асобы, выбары не адбыліся. Аднак наступным вечарам абвергла сваё выказваньне.

Разам з тым сацыялагічныя апытаньні сьведчылі, што байкот быў пасьпяховым больш чым на 40% участкаў. Менавіта пасьля канфузу 2000г. рэжым удасканаліў сваю выбарчую тактыку. Людзей сталі настойліва гнаць на датэрміновае галасаваньне, а незалежныя назіральнікі і сацыёлагі ператварыліся ў «тэрарыстаў».

Пяты КДС

Адразу пасьля палатачных выбараў паўстала праблема выбараў прэзыдэнцкіх. Узмацненьне палітычнай рэакцыі не дазваляла драбіць сілы апазіцыі, падтрымка якой у грамадзтве замерзла на ўзроўні прыкладна 30%. Таму перамовы пра вылучэньне аднаго кандыдата ад апазіцыі пачаліся ў сярэдзіне восені 2000 г. Ужо ў лістападзе АГП спынілася на кандыдатуры М. Чыгіра. БСДП (НГ) лабіравала кандыдатуру прафсаюзнага лідэра У. Ганчарыка. ПБНФ выбрала С. Домаша, былога мэра Гародні і намесніка С. Шарэцкага ў Прэзідыуме ВС XIII скліканьня. ПКБ пасьля мінулага КДС і разыходжаньняў па пытаньні байкоту пачаткова ў кансультацыях не брала ўдзелу.

Але пакуль створаныя групы экспертаў параўноўвалі перавагі і хібы вылучаных партыямі прэтэндэнтаў, гэтыя прэтэндэнты ўзялі справу ў свае рукі. І далучылі ў сваё кола яшчэ двух – старшыню ПКБ С. Калякіна і П. Казлоўскага і энергічна пачалі шукаць грошы на свае індывідуальныя выбарчыя кампаніі. Лідэры партый, якія імкнуліся выбраць непартыйнага прэтэндэнта, што спрашчала аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сіл, зрабілі памылку, выпусьціўшы з?пад кантролю працэс вызначэньня адзінага кандыдата. «Пяцёрка» паабяцала, што яны самі зробяць такі выбар.

Час цёк, а выбар усё не адбываўся. Кожны з пяцёх стварыў сваю каманду і разам яшчэ з добрым дзесяткам «вольных стралкоў» пачаў збіраць подпісы за сваё вылучэньне. У галовах электарату запанаваў поўны хаос. Толькі пасьля таго, як высветлілася, што больш за 100 тыс. подпісаў сабралі двое – С. Домаш і У. Ганчарык – справа адблру адзінага зрушыла з месца. 21 ліпеня пад ціскам В. Лявонава «пяцёрка» назвала адзіным У. Ганчарыка.

Так быў рэалізаваня «арыстакратычны» варыянт вызначэньня адзінага апазіцыйнага кандыдата. Ён паказаў, што нават у людзей, якія не маюць вялікіх заслуг перад дэмакратыяй, асабістыя амбіцыі могуць зашкаліваць за разумныя межы. Бо нават пасьля абраньня «адзінага» сітуацыя не стала прасьцей. Трэба было пісьмова зафіксаваць абавязкі «адзінага» і падтрымліваючаё яго дэмакратычнай супольнасьцю, якая і мусіла арганізаваць яго выбарчую кампанію. Трэба было ўлагодзіць адносіны з «другой» асобаю, якая прэтэндавала не меней як на пасаду прэм’ера. Нарэшце, трэба было мабілізаваць дэмакратычны актыў на падтрымку «адзінага», хаця да гэтага кожная партыя працавала на свайго фаварыта. Абыйсьціся без Кангрэса ў такой сітуацыі было немагчыма.

Ён сабраўся 18 жніўня. Абедзьве VIP-персоны прадсталі перад сходам з кароткімі прамовамі і пакінулі залю. Потым лідэры партый закліклі людзей аб’яднацца і прыкласьці ўсе сілы для перамогі. Да дня выбараў заставалася тры тыдні. Але і гэты час быў згублены з?за фактычнай адмовы каманды С. Домаша працаваць на У. Ганчарыка.

Тым ня менш, па дадзеных НІСЭПД рэйтынг У. Ганчарыка з 3% у пачатку жніўня імкліва вырас і ў верасні дасягнуў 30%. Яго практычна падтрымала ўся апазіцыйна настроеная частка электарату. Ня гледзячы на бляклыя выступы па БТ і скамечаную агітацыйную кампанію. Толькі за званьне адзінага. Падтрымка народам У. Ганчарыка ў 2001 г. была вышэй, чым А. Мілінкевіча і Казуліна ў 2006г. разам.

Шосты КДС

Пяты КДС быў апошні, які склікаўся паводле квотнага прынцыпу. Была ўлічана прапанова АГП абіраць «адзінага» па-амерыканску, праз «праймерыз» - сходы мясцовага дэмакратычнага актыву. Летам 2005г. было праведзена больш за 120 раённых сходаў і абрана каля чвэрці дэлегатаў КДС. Дэлегатмаі сталі таксама былыя дэпутаты ВС XII і XIII скліканьняў і удзельнікі выбарчай кампаніі 2004г.,якія сабралі за сваё вылучёньне больш за 1000 подпісаў. Астатнія былі вызначаныя, як і раней, па квотах ад партый і грамадзкіх арганізацый. Разам набралося каля 900 асоб.

Працэсам падрыхтоўкі КДС кіравала Палітычная рада. Яна ўтварылася ў 2004г. з лідэраў буйнейшых партый – ПБНФ, АГП, ПКБ, ПП і БСДГ. На працягу 2005г. колькасьць сяброў Палітрады павялічылася да 10 за кошт далучэньня больш дробных арганізацый. У баку засталіся БСДП(НГ)і БСДП(Г).

Для ўдзелу ў выбарах кандыдата аб’яднанай апазіцыі было неабходна атрымаць падтрымку большасьці на адной з сямі канферэнцый – мінскай гарадской ці абласных. Такія мяккія ўмовы былі зроблены, каб прыцягнуць да ўдзелу «уплывовых асоб», па трапным выразе А. Вайтовіча. Аднак ні адна такая асоба праверыць сваю ўплывовасьць на канферэнцыі АДС не рызыкнула. У змаганьні ўзялі ўдзел чатыры прэтэндэнты – С. Калякін, А. Лябедзька, С. Шушкевіч і А. Мілінкевіч. Беспартыйны актывіст NGO быў вылучаны ПБНФ і партыяй «зялёных».

КДС адбыўся 1-2 кастрычніка 2005 г. У другім туры з перавагаю ў 8 галасоў перамог А. Мілінкевіч. І адразу зрабіў першую памылку. Ён утварыў сваю каманду не з прыхільнікаў, як гэта робіцца ў цывілізаваным сьвеце, а са сваіх апанентаў. Выбарчы штаб узначаліў С. Калякін, а інтэлектуальны цэнтар – Нацыянальны камітэт – А. Лябедзька. Зразумела, што яны не праяўлялі ініцыятывы, а чакалі яе ад «адзінага». Яе ж не было. Акрамя таго не было зроблена эфектыўных захадаў да прыцягненьня ў агульную кампанію А. Казуліна, вылучанага БСДП(Г), і не ўлічана магчымасьць датэрміновых выбараў.

Што з усяго гэтага сталася – вядома. Але недахоп творчых, крэатыўных здольнасьцяў экс-кандыдата з шакуючай яснасьцю выявіўся пасьля выбараў. А. Мілінкевіч, які абяцаў адкрыта прызнаць сваю паразу ў выпадку прйгрыша выбараў, ня толькі яе не прызнаў але і заявіў пра непатрэбнасьць справаздачы перад людзьмі, якія надалі яму годнасьць «адзінага».

Ці будзе сёмы КДС?

Як вядома, агульных сусветных сабораў хрысьціянскай царквы было толькі сем. Далей імкненьне да адзінства саступіла больш практычным інтарэсам. Ці скончыцца гісторыя змаганьня за адзінства дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі яе сёмым Кангрэсам? Ён мусіць адбыцца гэтай вясною. Папярэдне названая дата – 18 сакавіка.

Апісаная вышэй гісторыя сьведчыць, што Кангрэсы збіраліся ня толькі для абраньня лідэра. Часьцей для ўмацаваньня адзінства і вызначэньня накірунка агульнай палітыкі. Гэтая ж гісторыя сьведчыць, што палітычная культура, як прэтэндэнтаў на лідэрства, так і дэмакратычнага актыву расьце вельмі павольна.

Таму бяру на сябе адказнасьць сфармуляваць некалькі ўрокаў гэтай гісторыі.

Няма лепшага механізму ўмацаваньня адзінства АДС, чым Кангрэс.

Спачатку адзінства а потым лідэр а не наадварот. Абраньне толькі дае магчымасьць стаць лідэрам.

Той, хто не можа прызнаць паразу на КДС, мусіць адыйсьці ў бок а не замінаць справе. Таксама і той, для каго абаяньне яго лідэра каштоўней за інтарэсы Беларусі.

Працаваць трэба на таго, хто атрымаў падтрымку большасьці.

Я думаю, што сёмы КДС адбудзецца. Нават, калі якая-небудзь плынь дэмакратычнай апазіцыі адмовіцца браць у ім удзел. Гэта – лепш, чым замінаць яго працы. Трэба памятаць, што зрыў Кангрэса – гэта поўная дыскрэдытацыя АДС і стварэньне найзручнейшых умоў для палацавых пераваротаў унутры пануючай клікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?