Беларускія ўлады на форуме «Эўропа: вынікі году перамен» прадстаўляў Сяргей Гайдукевіч.
Апазыцыю — акадэмікі Аляксандар Вайтовіч і Анатоль Міхайлаў, экс-рэктар БДУ Аляксандар Казулін і кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас. З штатных менскіх мозгазнаўцаў прысутнічаў Андрэй Суздальцаў. Менавіта Суздальцаў разам з Паўлоўскім узначалілі экспэртную групу па Беларусі.
Артыкул Рамана Якаўлеўскага.
Адначасова зь менскім Зьездам славян сьвету ў Маскве адбыўся міжнародны форум «Эўропа: вынікі году перамен», дзе агучваліся ідэі Ўсходне-Эўрапейскага саюзу. У ім бралі ўдзел Паўлоўскі, Ніканаў, Караганаў, Цыпко, Затулін. Гэтыя прозьвішчы добра знаёмыя беларускім тэлегледачам, якіх цікавіць тое, што пра Беларусь думаюць у элітарнай Маскве. Гэтыя тлумачальнікі ўсяго і ўсіх вядомыя таксама сваім суўдзелам ва ўкраінскай рэвалюцыі на баку «сініх», Януковіча. Дарэчы на блатным жаргоне «сінімі» называюць татуяваных крымінальнікаў.
Накаўтаваныя «аранжавымі», маскоўскія мозгазнаўцы пэўны час ачомваліся, і вось цяпер да іх ізноў зьвярнуўся Крэмль, які не разумее, што ўсё-такі адбываецца на постсавецкай прасторы, дзе Расея церпіць адну паразу за другой? Улада спалохалася каляровых рэвалюцый. Тэма гэтая пачала публічна абмяркоўвацца. І ня столькі ў пляне магчымасьці ажыцьцяўленьня каляровай рэвалюцыі ў той ці іншай краіне, колькі ў пляне яе папярэджаньня. І як бы ні казалі ў Маскве пра стабільную Беларусь, ад таго, што адбываецца на постсавецкай прасторы, ніхто не застрахаваны.
Паводле слоў некаторых удзельнікаў «Расейскага гуманітарнага Давосу», як вырашылі сябе абазваць тыя, хто сабраўся на маскоўскім форуме, сам тэрмін «рэвалюцыя» ў дачыненьні да тых палітычных працэсаў, якія мелі месца ў Грузіі, Украіне і Кыргызстане, на пленарных паседжаньнях і ў межах круглых сталоў форуму быў аднагалосна адкінуты з прычыны поўнай яго неадпаведнасьці маштабу падзей. Нідзе дзяржаўны лад скінуты ня быў, дзеяньне Канстытуцый фармальна захоўвалася. Так што гаварыць можна толькі пра варыянты дзяржаўных пераваротаў (Кыргызстан), рэвалюцыянізаваныя спосабы адстойваньня вынікаў высокатэхналягічных выбараў (Украіна)… і, як вынік, адбіраньне ўлады ў кіроўнай эліты. А любыя праявы грамадзянскай актыўнасьці трэба расцэньваць як антыдзяржаўную дзейнасьць.
Калі стала вядома, што сярод запрошаных на гэты форум значыцца і кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Віктар Шэйман, падумалася, што Паўлоўскі &Co задумалі правесьці нейкі КВК. Цяжка прыгадаць, каб такая сур’ёзная фігура беларускай улады, якой лічыцца Шэйман, наважылася ўшанаваць сваёй прысутнасьцю такую маскоўскую тусьню. Аднак пазьней стала вядома, што запрашалі на «расейскі Давос» і кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Праўда, падзякаваўшы за запрашэньне, ён спаслаўся на моцную занятасьць (праводзіў з ЦВК сэмінар чыноўнікаў па правільным правядзеньні выбараў) і даслаў свайго намесьніка Ўладзіслава Суркова. А гэты кадар вядомы як лялькавод партбудаўніцтва, СМІ і «смотрящий» за ўнутранымі працэсамі ў краінах СНД.
Кіраўнік адміністрацыі беларускага прэзыдэнта вырашыў гэты «Давос» праігнараваць, і беларускія ўлады прадстаўляў дэпутат ніжняй палаты парлямэнту Сяргей Гайдукевіч. А апазыцыю — экс-прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук акадэмік і экс-сьпікер Савету Рэспублікі Вайтовіч, рэктар выгнанага зь Беларусі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту акадэмік Анатоль Міхайлаў, а таксама экс-рэктар БДУ Аляксандар Казулін. Запрошаны быў і кіраўнік незарэгістраванай «Рады беларускай інтэлігенцыі» Ўладзімер Колас. Што да штатных менскіх мозгазнаўцаў, то на форуме іх не назіралася. Хіба што палітоляг Андрэй Суздальцаў, дыягназы і аналізы якога ў сфэры расейска-палітычных адносінаў часьцяком друкуюць апазыцыйныя беларускія газэты.
Менавіта Суздальцаў разам з Паўлоўскім узначалілі нейкую экспэртную групу, створаную на форуме па прапанове акадэміка Вайтовіча. Кажуць, гэтае рашэньне, прынятае пры відавочным патураньні Крамля, выклікала нэгатыўную рэакцыю ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.
Сярод менскіх мозгазнаўцаў дамінуе думка, што мерапрыемства «контрарэвалюцыянэра» Паўлоўскага, які адзначыў 10-годзьдзе сваёй «канторы» — Фонду эфэктыўнай палітыкі (ФЭП), мела выключна маніпуляцыйны характар. З аднаго боку, Захаду дэманстравалася гатоўнасьць Расеі размаўляць з рознымі палітычнымі сіламі ў Беларусі; з другога боку, Аляксандру Лукашэнку давалася зразумець, што запрашаюцца да «размовы» толькі тыя беларускія палітыкі, каго Расея не разглядае ў якасьці сур’ёзных самастойных кандыдатаў на выбарах 2006 году. Тым ня менш, як уяўляецца, на маскоўскім форуме мозгазнаўцаў гучалі ўсё-такі і вельмі цікавыя меркаваньні. Напрыклад: «Ніякія ЗША, Расея альбо Кітай ніколі не змаглі б і ня змогуць разгайдаць палітычную сытуацыю ў гэтых краінах у тых жа маштабах, як яе разгойдваюць мясцовыя палітычныя рэжымы, што выхваляюцца праславутай стабільнасьцю і псэўдадабрабытам». Адзін з удзельнікаў форуму — зьбеглы экс-прэзыдэнт Аскар Акаеў — не пагадзіўся з такім сьцьверджаньнем, што цалкам зразумела…
У кулюарах форуму можна было пачуць і такое: «Усе працэсы, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы — найперш, ва Ўкраіне, у Грузіі, — зьяўляюцца натуральнымі працэсамі. А вось тыя, хто спрабуе стрымліваць разьвіцьцё гэтых краін па дэмакратычным шляху, спрабуюць зьдзейсьніць контрарэвалюцыю. Рэжым, які існуе ў Беларусі, не адпавядае ні часу наагул, ні таму, што трэба самім беларусам. І не павінна быць аніякіх сумненьняў, што гэткі рэжым мае вельмі кароткае жыцьцё».
Каментары