Архіў

«Мэты ў нас тыя ж»

Стэнаграма прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Вайтовіча, Васіля Лявонава, Валер’я Фралова 8 верасьня.

Аляксандар Вайтовіч: Насьпела неабходнасьць аб’яднаньня нашых сілаў дзеля барацьбы за канкрэтныя выгоды. У кастрычніку адбудзецца Кангрэс дэмакратычных сіл паводле працэдуры, якую ўхваліла партыйная частка апазыцыі. Будзе выбраны адзіны кандыдат ад партыйных структур. Але, па вялікім рахунку, частка непартыйнай апазыцыі ня ўключана ў гэты працэс. І гэта ня наша віна, а вынік арганізацыі працэсу, калі, напрыклад, мяне ці Ўладзімера Коласа не ўключылі ў агульны сьпіс. Партыі нас адштурхнулі. Але гэта — у мінулым. Трэба дзейнічаць супольна, мы падпісалі пагадненьні, а таксама зварот да грамадзян краіны.

Наша мэта — зьмяненьне ладу ў краіне з дыктатуры на дэмакратыю, каб грамадзтва магло само ўдзельнічаць ў грамадзкім і палітычным жыцьці. Наша найбліжэйшая задача — каб нелегітымны ўдзел Лукашэнкі ў выбарах не адбыўся. Бо гэта будзе мець цяжкія вынікі для краіны. Будзем часта зьбірацца, абмяркоўваць пляны работы, тактычныя й стратэгічныя задачы.

Васіль Лявонаў: Мэты ў нас тыя ж, што ў «Пяцёркі» й «Дзясяткі», — стварэньне нармальных, дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня краінай. У нас зь імі розныя падыходы й мэтады наконт таго, як дасягнуць задач, а таксама рознае бачаньне таго, што будзе далей. Бо ўдзел у выбарах па гэтых правілах — гэта легітымізацыя чарговага перавыбраньня Лукашэнкі. У электарату няма паняцьця, што падпісалі Вайтовіч, Лявонаў, Мілінкевіч ці Хадыка. Выбары адбыліся. Апазыцыя іх чарговы раз праваліла. Ужо відавочна, што мінімум два да аднаго адзінага будуць яшчэ. Як людзям вызначаць клясыфікацыю, дзе адзіны-двуадзіны? Так, скажаце, ва Ўкраіне абаранілі вынікі галасаваньня. Але ж тое былі рэальныя вынікі! А нам што з нашымі адзінымі рабіць, да якіх дададуць яшчэ некалькі падстаўных?

Трэба вырашыць стратэгічную задачу, выпрацаваць адзіную стратэгію. Пра дэталі цяпер гаварыць няма сэнсу. У красавіку Лукашэнка й Пуцін дамовіліся правесьці ў лістападзе пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету й падпісаць Канстытуцыйны акт. Дай божа, каб яго не было. Але ў мяне ёсьць прадчуваньне, што мы да чарговага рэфэрэндуму так і будзем гуляцца ў сваёй пясочніцы.

Валеры Фралоў: Мы задаволены, што «Пяцёрка» правяла раённыя сходы. Гэта патрэбная й карысная справа, гэты працэс трэба вітаць. Але ў выніку атрымаецца кандыдат ад партыйных структур. А што ж Выбарчы кодэкс? А як жа няўдзел у выбарах Лукашэнкі — гэта ж і ёсьць галоўнае, бо бяз гэтага ўсе рухі трацяць усялякі сэнс! Апроч сустрэч «на вышэйшым узроўні», апроч кансультацый трэба рабіць нешта рэальнае. Нейкую агульную справу, якая б змагла быць стрыжнем, што аб’яднае дэмакратычную супольнасьць нашай краіны. Мне пэрсанальна даручана займацца правядзеньнем рэспубліканскага рэфэрэндуму з чатырма пытаньнямі:

1) зьмены ў Выбарчы кодэкс;

2) скасаваньне кантрактнай сыстэмы;

3) зьмяненьне схемы аплаты камунальных паслуг;

4) падтрымка малога й сярэдняга прадпрымальніцтва.

Пад кожнае пытаньне ўзгоднены й распрацаваны законы. Ёсьць адказ Лазавіка з ЦВК. Ёсьць 260 натарыяльна завераных і пададзеных у ЦВК заяў ад грамадзян, а да канца верасьня іх будзе пададзена ад 1,5 да 2 тысяч. Гэта будуць людзі — сябры ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэфэрэндуму, пасьля гэтага распачнецца вялікая інфармацыйна-агітацыйная кампанія. Гэта агульная справа, пытаньні для ўсіх цікавыя. Гэта стрыжань, які дазволіць кансалідаваць усе плыні ў краіне.

— Што наконт падтрымкі Расеяй вашых ініцыятыў?

ВФ: Падтрымка ёсьць. Можна пайсьці ў партызанскі атрад, можна выйсьці на плошчу. Але мы разьлічваем дзейнічаць у межах прававога поля, хоць, ня выключана, давядзецца абараняць вынікі выбараў і рэфэрэндуму.

— Што Вы будзеце рабіць, калі Лукашэнка ўсё ж не пагодзіцца ня ўдзельнічаць у выбарах?

ВФ: Мы ня будзем рыхтавацца да дня, калі ён паставіць бэтээры й танкі.

АВ: Пасьля першага этапу трэба ісьці на этап рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, а пасьля гэтага садзіцца і аналізаваць сытуацыю.

ВФ: Робім крокі, каб да моманту выбараў Лукашэнка ўжо ня мог удзельнічаць ў іх. Лявонаў быў сакратаром абкаму, Вайтовіч — прэзыдэнтам Акадэміі навук і сьпікерам, я — генэрал. Людзей натхняе , што не палітыканы займаюцца палітыкай, а людзі, якія прайшлі жыцьцёвы шлях і пацьвердзілі свой патэнцыял.

АВ: Па Расеі. Калі станавіцца на пазыцыі расейскага істэблішмэнту, дык цяпер нявыгадна казаць «так» ці «не», лепей трымаць Лукашэнку на вяроўцы ў няведаньні і «патрэсваць», вырашаючы адначасова свае задачы. Будучыня ў тым, каб будаваць дэмакратычнае грамадзтва. Мы нікуды ад Расеі не падзенемся. Хто б ні прыйшоў, ён павінен будзе гэта ўлічваць.

ВФ: На працягу месяца будзе вядома, зь якім узроўнем мы сустракаемся і з кім знаходзім паразуменьне.

— Дык Вы ўжо казалі летась, што ёсьць падтрымка і што будзе рэфармаваны Выбарчы кодэкс.

ВФ: Шлях падтрымкі аказаўся нашмат больш складаны, чым падавалася ад пачатку. Але, як кажа Лябедзька, «я — палітычна актыўны». Дык і мы актыўныя. Трэба па-філязофску гэта ўспрымаць. І колькасьць пяройдзе ў якасьць.

— Ці можна разумець Вашы словы так, што вы прапануеце паўтарыць працэс 2001 году, Вы кожны будзеце зьбіраць подпісы сам за сябе, а потым спрабаваць дамаўляцца паміж сабою?

АВ: Ад нас будзе нехта адзіны. Трох ня будзе.

— А ці ня лічыце Вы вартым зьвярнуцца да аргкамітэту Кангрэсу дэмсілаў разгледзець на кангрэсе і, магчыма, ухваліць Вашу прапанову па арганізацыі рэфэрэндуму?

АВ: Такая прапанова днямі ўжо пададзена. Мы хочам там выступіць.

ВФ: Да таго ж кангрэс можа вылучыць дэлегатаў на Ўсебеларускі народны сход. А то й нейкая фэрма можа. А нас там будзе шмат. Прапануем і паўдзельнічаем.

— Дык а калі ўсё ж Лукашэнка на Вашы ініцыятывы ня зважыць, а гэта цалкам магчыма, і ніякія рэфэрэндумы не дапамогуць?

ВФ: Прыгадваю Швэйка: «Усё было добра, пакуль у справу не ўмяшаўся аўстрыйскі генэральны штаб…» Мы гэта зробім.

Каментары

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро16

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро

Усе навіны →
Усе навіны

У Туапсэ пасля атакі дронаў гарыць мясцовы НПЗ, ёсць ахвяры

У цэнтры Мінска пашыраць музей міліцыі. Каб прыбудаваць трохпавярховы шкляны корпус, зменяць закон2

Трамп анансаваў першыя за 34 гады перамовы Ізраіля і Лівана

Z-блогер «Ваявода вяшчае» са 170 тысячамі падпісчыкаў паабяцаў скончыць жыццё самагубствам. Але, здаецца, выжыў6

Чаму ў дзяцінстве час ідзе павольней?

Каранік у Маскве залез у скафандр касманаўта ВІДЭА11

У Мінску жанчыну затрымалі на даху і завялі крымінальную справу

Мінскае «Дынама» вылецела з Кубка Гагарына, чвэрцьфінал прайгралі ўсухую7

Падлетка са зламанай рукой знайшлі за 42 кіламетры ад Мінска

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро16

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць