Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»

Пошукі залатой бочкі

"У нас былі эпізадычныя кантакты, але далей справа не пайшла…". Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

З нагоды візыту дэлегацыі ПАР хто-кольвек кпіць: во, маўляў, хоць афрыканцам нашыя тэхналёгіі здаюцца перадавымі! Але надта сьмяяцца ня трэба. Непаліткарэктныя жартачкі пра "мумбу-юмбу" тут недарэчы.

Паўдзённа-Афрыканская Рэспубліка — бадай, самая разьвітая на Чорным кантыненце. Гадавы ВУП на душу насельніцтва перавышае 12 тысячаў даляраў (болей, чым у нас!). У іх там амаль што ўсе чыгункі электрыфікаваныя. А прэзідэнт Таба Мбэкі, кажуць, настолькі падсеў на інтэрнэт, што дае туды нырца на некалькі гадзін штодня :-)

Ды і нам ПАР прапануе, між іншым, найперш не бананы з памаранчамі, а высокатэхналягічныя прадукты, у прыватнасьці — аўтаматызаванае абсталяваньне.

Увогуле не зусім справядліва лічыць, што ў беларускага кіраўніцтва нейкая хваравітая цяга да сусьветных ізгояў. Кім Ір Сэна на бронецягніку не сьпяшаюцца ў Менск запрашаць :-) З экзатычных рэжымаў наша начальства выбірае тыя, у якіх можна нештачка ўзяць. Ці каму можна сплавіць свой тавар. Напрыклад, Іран ды Вэнэсуэла, з аднаго боку, багатыя нафтай, зь іншага — маюць грошы ды інтэрас набываць узбраеньне і яшчэ тое-сёе (не таму, што тавар такі ўжо якасны, а таму, што на нажах з Амэрыкай). ПАР жа і ўвогуле да ізгояў не належыць. Дэмакратыі там па афрыканскіх (дый па беларускіх) мерках аж з каптуром. У той жа час іхні Мбэкі быў супраць нападу на Ірак. І да афіцыйнага Менску тамтэйшае кіраўніцтва не чапляецца.

Карацей, чым не партнэры? Нездарма ж зараз прымаюць дэлегацыю ПАР з надзвычайнай пашанай. Адной міністарцы далі званьне ганаровай прафэсаркі БДУ, а другую заахвоцілі тытулам ганаровага геоляга Беларусі. Ну а што? Некалі Хрушчоў з палітычных меркаваньняў не пашкадаваў для эгіпецкага прэзыдэнта Насэра нават званьня Героя Савецкага Саюзу!

Што ж да прагматычнага боку справы, то з прадстаўнікамі ПАР абмяркоўваецца, у прыватнасьці, праект перапрацоўкі бурых вуглёў у вадкае паліва.

Праўда, ня ўсё ідзе гладка. Вось вам цікавы эксклюзіў пра сустрэчу кіраўніка нашай Акадэміі навук зь іхняй міністаркай. "У нас былі эпізадычныя кантакты, але далей справа не пайшла, — распавёў Мясьніковіч гісторыю стасункаў з сусьветна вядомай кампаніяй "Sasol", што займаецца тымі бурымі вуглямі. — Калі б вы з вашага высокага міністэрскага ўзроўню сказалі: "Давайце, зь беларусами працуйце!" — гэта было б важка...".

Нашае начальства, здаецца, не зусім улічвае, што там у іх хоць і Афрыка, але ж эканоміка не сэлектарная, а рынкавая (таму і падняліся!).

Між іншым, піва "Залатая бочка", якое на слыху і ў беларусаў, вырабляецца паўдзённаафрыканскай кампаніяй САБ. Зараз іхні капітал зацікавіўся і нашымі броварамі, у прыватнасьці "Крыніцай".

Карацей, нейкая выгада цалкам імаверная. Але ўвогуле спробы знайсьці на іншым канцы сьвету залатую бочку, якая б цудадзейным чынам стала сілкаваць нашу эканоміку, падаюцца манілаўскімі пражэктамі. Так званая "вялікая дуга вонкавай палітыкі" магла б стаць хіба экзатычным дадаткам, адгалінаваньнем. Магістральным жа кірункам мусіць быць цалкам натуральная і лягічная каапэрацыя з суседзямі. У тым ліку і ў балючым пытаньні энэргетычнае бясьпекі, супольнага процістаяньня дыктату "энэргетычнай імпэрыі".

Вунь літоўскі прэзыдэнт Адамкус прапаноўваў траісты (плюс Украіна) альянс у гэтай галіне. Было б пэўна ж болей эфэктыўна, чым перарабляць бурыя вуглі на пару з ПАР :-) Але ж Літва — у тым чортавым Эўразьвязе, што бярэ нашу гордую рэспубліку за горла сваімі 12 шчупальцамі-умовамі ў галіне, брыдка вымавіць, дэмакратызацыі ды правоў чалавека! Не дачакаюцца. Лепей будзем шукаць залатую бочку ў Афрыцы!

Каментары

Цяпер чытаюць

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце60

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце

Усе навіны →
Усе навіны

Рыбак пад Мінскам злавіў аграмезнага шчупака5

Парад у Маскве ўсё ж будзе, і Лукашэнка на яго паедзе10

Дальнабойшчыка з Дружнага, які працаваў у Еўрасаюзе, асудзілі па палітычнай справе2

Лукашэнку перадалі ліст, напісаны ім яшчэ ў маладосці. Што там?35

«Лепш бы я гэтага не бачыла!» У Threads абурыліся велікоднай інсталяцыяй у Dana Mall. Але не ўсе14

Нягледзячы на чатыры «так» ад журы, беларуска-ўкраінскі хор SPIEVY не выступіць у фінале польскага шоу талентаў9

Ад страты касцявой масы да пагаршэння зроку: як космас уплывае на арганізм чалавека5

Лукашэнка расказаў, што самае любімае для яго ў храме21

ДТЗ у Талачыне: кіроўца збіў пенсіянерку на паркоўцы і з’ехаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце60

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць