Грамадства3636

Беларуска ўцякла ў Польшчу ў 2021-м, у эміграцыі перажыла рак і развод. Цяпер адна з двума маленькімі дзецьмі просіць дапамогі

«Муж аказаўся добрым работнікам, але ніякім бацькам».

Аляксандра з дочкамі Яраславай і Уладзіславай. Фота з Фэйсбуку гераіні

Аляксандра з’ехала з Беларусі цяжарнай з адным дзіцём на руках і адным чамаданам. У Польшчы пачала жыццё з нуля, нарадзіла другую дачку, перажыла анкалогію, развод і зацяжную барацьбу за аліменты ад былого мужа.

Сёння Аляксандра Крук жыве ў Гданьску з дзвюма маленькімі дочкамі. Яна працуе, спрабуе стаць на ногі і адначасова змагаецца з дэпрэсіяй.

Цяпер Аляксандры патрэбная дапамога, каб пакрыць выдаткі на вымушаны пераезд, новае жыллё і даць сабе час аднавіцца. Вось яе гісторыя. 

У Беларусі я будавала дарогі

«Мяне завуць Аляксандра. Я родам з Бярозы, што на Брэстчыне, але апошнія гады перад ад’ездам жыла ў Мінску.

Па прафесіі я інжынер-будаўнік, вучылася ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Працавала ў дарожна-будаўнічай сферы — была тэхнолагам на бетонным заводзе. Мы будавалі дарогі, у тым ліку другую кальцавую вакол Мінска і ўзлётную паласу ў аэрапорце.

Перадапошні самалёт

Мы ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020-м, як і ўсе. Калі пачаліся рэпрэсіі і затрыманні, вырашылі з'язджаць, пачалі рыхтавацца да гэтага. Я прадала сваю кватэру ў Бярозе, машыну, якую я набыла яшчэ да шлюбу, каб у нас была фінансавая падушка бяспекі на новым месцы.

Я зацяжарыла другім дзіцём, і пачаліся сумневы. Можа, пачакаць, нарадзіць у Беларусі? Муж ужо паехаў у Польшчу, а я яшчэ павінна была вырашыць пэўныя справы. Але ў маі 2021 года я зразумела: чакаць больш нельга. Калі майму аднагрупніку ноччу выбілі дзверы і забралі ў ізалятар за тое, што ён засвяціўся на відэа з акцыі, стала ясна — прыйдуць і па нас, гэта пытанне часу.

Я сабралася літаральна за адзін дзень — тады, калі пасадзілі самалёт Ryanair з Пратасевічам. Мы вылецелі ў Варшаву на перадапошнім рэйсе. На наступны дзень неба над Беларуссю закрылася.

Я з'язджала на пятым месяцы цяжарнасці, трымаючы за руку паўтарагадовую дачушку. Так з адным маленькім чамаданам і вялікім жыватом я апынулася ў Польшчы.

Удар, якога не чакала

Першыя два гады ў Гданьску здаваліся пачаткам новага жыцця. Мы атрымалі міжнародную абарону, я нарадзіла другую дачку, займалася дзецьмі, побытам, муж працаваў зваршчыкам. Мы жылі як усе, без вялікіх планаў, проста стараліся стаць на ногі.

Але пасля я захварэла. Мне паставілі дыягназ: рак шыйкі маткі. Я не магла дазволіць сабе проста ляжаць у бальніцы, была на дзённым стацыянары. Мой графік выглядаў так: завезці дзяцей у садок, бегчы на кропельніцы і хіміятэрапію, а пасля — зноў у садок, быць мамай, гатаваць, гуляць. Незалежна ад таго, наколькі мне было кепска. Сёння гэта пройдзены этап, я ў рэмісіі, але гэтая перамога далася мне дарагой цаной.

Я ўсім раю рабіць прышчэпку ад ВПЧ — віруса папіломы чалавека. У Польшчы гэта ўжо звычайная практыка, і вельмі хацелася б, каб мамы таксама думалі пра гэта для сваіх дачок. Гэтая вакцына існуе, яна сапраўды працуе, і гэта рэальны шанец папярэдзіць такі від раку.

Адзінота ўтрох

Эміграцыя і хвароба сталі тэстам для нашай сям’і, які мы не прайшлі. Падчас хваробы пачаліся фінансавыя праблемы, а потым — развод.

Гэта доўгі і вельмі цяжкі працэс. Апошні год, як мы жылі разам з мужам, быў, шчыра кажучы, пеклам. У яго сваё бачанне сітуацыі. Тое, што я хварэла, для яго нібыта не мае значэння, быццам гэтага і не было. Тое, што мы прыехалі зусім з маленькімі дзецьмі, ён таксама не ўлічвае. Часта ж бывае так: спачатку мужчына кажа «сядзі дома, не працуй», а калі надыходзіць складаны момант, раптам гучыць іншае пытанне: «Чаму ты не працуеш?».

Калі муж з’ехаў, я адчула палёгку. Але разам з гэтым прыйшло іншае разуменне: я застаюся зусім адна, без грошай і працы. 

Цяпер я жыву ў Гданьску з двума малымі — ім 6 і 4 гады. У мяне няма тут родных і блізкіх сяброў. Ёсць знаёмыя, але гэта не тая дапамога, на якую можна абаперціся штодня. 

Я рабіла ўсё, каб выжыць і каб гэта як мага менш закранула дзяцей. Нейкі час атрымлівалася, але цаной свайго здароўя. У выніку — дэпрэсія, антыдэпрэсанты і стан, у якім проста цяжка функцыянаваць.

Муж аказаўся добрым работнікам, але ніякім бацькам. За апошні год ён бачыў дачок усяго чатыры разы, хоць жыве за дзесяць хвілін язды. Грошай на дзяцей я амаль не бачу. Але я хачу, каб ён выконваў свае абавязацельствы ў адносінах да дзяцей.

Я падала ў суд на аліменты, але мяне папярэдзілі, што адбудзецца ён няхутка. У польскай сістэме ёсць магчымасць атрымаць выплаты яшчэ да суда, так званае забеспячэнне. Мне сказалі, што гэта зойме месяц. Я падала заяву ў чэрвені мінулага года. Рашэнне прынялі толькі ў канцы кастрычніка. Потым ліст з суда мне проста не даставілі — паштальён вярнуў яго назад. Я чакала, тэлефанавала, хадзіла ў інстанцыі, і ў выніку атрымала гэты дакумент толькі праз тры месяцы, у канцы студзеня.

Адразу ж звярнулася да судовага выканаўцы, каб спагнаць грошы з былога мужа. Але, на жаль, да гэтага часу я атрымала толькі адну выплату — 595 злотых (каля 470 рублёў — НН). Гэта кропля ў моры, калі ў цябе арэнда, садок і двое дзяцей, якіх трэба апранаць і карміць.

З усім я разбіралася сама: шукала інфармацыю, вывучала польскую судовую сістэму. Паслугі адваката каштуюць тут вельмі дорага, я не магу сабе такое дазволіць. 

Мяжа трываласці

Я інжынер па адукацыі, але ў Польшчы не працавала па спецыяльнасці: я прыехала цяжарная з маленькім дзіцём, потым захварэла, потым развод. У выніку я асвоіла новую прафесію — SMM. Дзякуючы знаёмым навучылася мантаваць відэа і будаваць стратэгіі, працаваць з маркетынгам. Гэта дапамагло мне выжыць, бо я магу працаваць з дому. Але гэтага пакуль недастаткова, каб поўнасцю забяспечыць сябе і дзяцей.

Зараз я спрабую настрыфікаваць дыплом інжынера, каб вярнуцца ў прафесію. Шукаю працу, але ўсё ўпіраецца ў графік і ў тое, што дзяцей няма з кім пакінуць. А яшчэ — у мой псіхалагічны стан. За гэты год я проста выгарэла. Арганізм даў збой. Хіміятэрапія і пастаянны стрэс выліліся ў цяжкі трывожна-дэпрэсіўны стан. Мне кажуць: «Трэба ў шпіталь», а я адказваю: «Не магу, мне няма на каго пакінуць дзяцей».

У Польшчы ў мяне няма сваякоў. Ёсць сястра, яна жыве ў Англіі. У яе свая сям’я, свае дзеці, яна не можа прыехаць, але ўвесь гэты час вельмі мяне падтрымлівае фінансава. Па сутнасці, яна трымае на сабе адразу некалькі сем’яў: сваю і нас з дзецьмі. І калі б не яна, нам было б значна цяжэй, мы маглі б проста застацца без нічога.

Крок у невядомасць

Цяпер я стаю перад новым выклікам. Гаспадыня кватэры, дзе мы жылі пяць гадоў, просіць выселіцца — у яе свае планы. Мне трэба тэрмінова знайсці новае жыллё, а ў Польшчы гэта велізарныя грошы: кауцыя (заклад), аплата за першы месяц. Плюс мне трэба закрыць даўгі за цяперашнюю кватэру. Толькі пераезд пацягне на 8000 злотых (6300 рублёў — НН), якіх у мяне проста няма.

Я не люблю прасіць дапамогі. Гэта вельмі няпростае рашэнне — расказваць пра сябе такія рэчы. Але ў мяне ёсць дзеці. І калі я не магу нешта зрабіць сама, я павінна пераступіць праз сябе.

Я не хачу нічога лішняга. Я хачу проста перазагрузіцца: перавезці дзяцей у новае месца, падлячыць нервы і пайсці працаваць. Мне патрэбна крыху часу і рэсурсу, каб прыйсці ў сябе і зноў стаць той мамай, якая можа нармальна жыць і забяспечваць сваіх дзяцей. Мае дочкі Яраслава і Уладзіслава — мая адзіная матывацыя не здавацца.

Я ўжо вельмі ўдзячная беларусам. Цягам апошняга года мяне не пакінулі ў складанай сітуацыі. Людзі падтрымлівалі, прапаноўвалі нават забраць дзяцей на час, каб я магла лячыцца. Гэта неверагодна кранальна.

Я веру, што змагу даць рады. Дзякуй кожнаму беларусу, хто не прайшоў міма. Ваша падтрымка — гэта тое, што не дае мне ўпасці.

Як дапамагчы

Калі ў вас ёсць магчымасць падтрымаць, нават невялікая сума мае значэнне.

Blik: +48 791 547 275

Aliaksandra Kruk

Revolut: LT60 3250 0370 8648 5162

Aliaksandra Kruk

PayPal: [email protected]

Каментары36

  • Яська
    12.04.2026
    [Рэд. выдалена]
  • сацыял-демакрат з Беларусі
    12.04.2026
    Трэба дапамагчы, мы ж Беларусы. Тым больш ёсць банкавы рахунак, значыць можна пералічыць грошы безпасрэдна, а не праз нейкія пасярэдніцкія структуры тыпу бел........ Нас за мяжой кажуць 300 000 толькі зьехала за апошнія 6 гадоў. Калі б па 10 злотых кожны...
  • Василий
    12.04.2026
    Часта ж бывае так: спачатку мужчына кажа «сядзі дома, не працуй», а калі надыходзіць складаны момант, раптам гучыць іншае пытанне: «Чаму ты не працуеш?........мда....

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія дактары ўпершыню выратавалі немаўля без паловы дыяфрагмы

Пад Самарай пасля ўдару Украіны другія суткі гарыць адно з найбуйнейшых сховішчаў нафты ў Еўропе1

У Літве ўрачыста адзначылі 100‑годдзе былога прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Быў і сам юбіляр ФОТЫ1

У Мінску кіроўца наляцеў на машыну, якую гаспадар рамантаваў пасярод вуліцы ВІДЭА3

У Дубровенскім раёне лось выбег на дарогу перад маршруткай з пасажырамі1

У Літву не ўпусцілі 7 тон беларускіх радыеактыўных лісічак6

Хутчэйшага разгляду заяў на польскі ДНЖ беларусам чакаць не варта, але тэрмін дзеяння праязных дакументаў могуць падоўжыць5

Самы багаты беларускі бізнэсмен закрывае сваю самую буйную кампанію

ЗША забаранілі дзяржаўным ведамствам выкарыстоўваць софт Acronis, зроблены выхадцамі з Расіі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць