Меркаванні99

Што лічыць беларускім рокам?

Піша Скрыпа, саліст гурту «Жыгімонт Ваза».

За ўвесь час існаваньня року на Беларусі ня сьціхаюць спрэчкі на тэму: «А што ж гэта такое — беларускі рок?». Удзельнікаў дыскусыі можна падзяліць на два прынцыпова супрацьлеглыя лагеры. Першыя сьцьвярджаюць, што беларускі рок — гэта рок‑музыка з беларускамоўнымі тэкстамі. І ніяк інакш! Другія настойваюць на тым, што беларускі рок — гэта рок‑музыка, створаная на тэрыторыі Беларусі. І мова выкананьня тут ужо ня мае значэньня. Вырашальным зьяўляецца гэаграфічны чыньнік. Для чалавека, што назірае гэтую дыскусыю, але яшчэ не акрэсьліўся з уласным меркаваньнем, даволі няпроста заняць чыйсьці бок. Таму, што прадстаўнікі абодвух лагераў прыводзяць вельмі пераканаўчыя аргумэнты у абарону сваіх сьцьвярджэньняў.

Як быць? Ш што ж лічыць беларускім рокам?

Адной з прычынаў паўстаўшае пытаньняў мне бачыцца нявысьветленасьць некаторых паняцьцяў і трывалае знаходжаньне дыскутуючых асобаў у палоне некаторых міфаў. Паразважайма на гэтую тэму.

Міф, які разбураюць, звычайна замяняецца іншым. Ня будзем углыбляцца у праблемы псыхалагічнага ўспрыняцьця, — нашая задача ня ў гэтым. Да прыкладу, калі напрыканцы 1980‑х стаўся разбураным міф пра «воссоединение Белоруссии с Россией, борьбой белорусского народа с литовскими феодалами‑захватчиками» і да таго падобнымі маразматычнымі сьцьвярджэньнямі расейскае гісторыяграфіі, мы атрымалі чарговы міф. Міф аб гістарычнае еднасьці народаў Першай Рэчы Паспалітай. Маўляў, калі разам мы — ВКЛ і Карона, — сталіся захопленымі Расейскай Імперыяй, то мы — саюзьнікі і браты па нядолі.

Але.

Міф сьцьвярджае, што страта незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага сталася праз акупацыю нашае тэрыторыі Расейскай Імперыяй.

Аднак, чамусьці НІХТО ня хоча бачыць відавочную рэч — ВКЛ юрыдычна страціла самастойнасьць у выніку прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня. Расея захапіла ўжо прылучаныя раней Польшчай землі ВКЛ!

Але гэта ня цікава. Аксыёма: Расея — вораг, Польшча — сябр. Дыскусіяў ня прадугледжана. Факт і ўсё тут! Калі нашыя апазыцыянеры, якія спавядаюць вернасьць гістарычнае справядлівасьці etc., выправіліся ў Польшчу на сьвяткаваньне ўгодкаў Канстытуцыі 3 траўня, я быў шакаваны. Гэта ТОЕ Ж САМАЕ, калі мы абураемся, што афіцыйна адзначаецца 7 лістапада ці 23 лютага — угодкі падзеяў, якія аніяк пазытыўнымі для Беларусі не назавеш. Маецца нямала і іншых падобных міфаў. Ды я ж зараз не аб тым.

У палоне ж якога міфу апынуліся ўдзельнікі спрэчкі пра акрэсьленьне беларускага року?

Напрыканцы 1980‑х па ўсім Савецкім Саюзе паўсталі хвалі нацыянальнага абуджэньня і адраджэньня. Ствараліся рухі — культурніцкія, навуковыя, пазьней — палітычныя. Адное з праяваў нацыянальнага адраджэньня сталася зьяўленьне рок‑гуртоў, якія сьпявалі на сваех нацыянальных мовах. Беларусь ня была выключэньнем. Пазьней віхура палітычных падзеяў сталася непадкантрольнай цэнтру ў Маскве і СССР разарваўся на 15 самастойных краін. Аднак і ў 1987, і ў 1993 гадох усе суседзі глядзелі адзін на аднаго — а што у вас, а як вы з гэтым паступаеце, а як тое ды гэтае?

Прадстаўнікі беларускіх нацыянальных плыняў глядзелі на падзеі ў суседзяў і ўсім здавалася, што у нас будзе тое ж самае. Прызнаюся, што я сам працяглы час уяўляў будучыню краіны менавіта так. Што працэсы агульныя, што звароту ня будзе і г.д. Трэба прызнаць, што большасьць сацыяльных пературбацыяў на абсягу «от Бреста до Курил» сапраўды мела аднолькавую спецыфіку і аднолькавы накірунак.

Аднак. На што забыліся нашыя нацыянальна‑арыентаваныя лідэры — як палітычныя, так і культурныя?

На тое, што Беларусь не зьяўляецца беларускамоўнай краінай.

Мы спрабуем параўнаць сябе з суседзьмі, але там — усё ПРЫНЦЫПОВА ІНАКШ у моўным аспэкце. Я сьвядома не кранаю Польшчу і краіны Варшаўскае дамовы, бо там ня толькі мова, а нават дзяржаўная сімволіка захавалася некранутай пасьля прыходу саветаў, так — трохі прысавецілі. Напрыклад з герба Польшчы прыбралі карону (гэта калі б БССР мела за герб «Пагоню» і ў вершніка на шчыце быў не Ярылаў крыж, а серп і молат). У Летуве, Латвіі, Грузіі, Азэрбайджане ўся сістэма адукацыі была «заточана» пад нацыянальную мову. Пад час знаходжаньня ў савецкім войску я шмат гутарыў з прадстаўнікамі суседніх саюзных рэспублік. І мая сьвядомасьць адмаўлялася нармальна ўспрымаць той факт, што ва Ўкраіне сярэдняя і сярэдняя спецыяльная адукацыя паслугоўваецца украінскай, а не расейскай (як у БССР) мовай.

Так, мне хацелася б, каб нашыя школы былі беларускамоўнымі, каб дзеці ведалі СВАІХ, а не чужынскіх гістарычных персанажаў. Каб усялякія Суворавы‑Сьвярдловы‑Жукавы і іншая навалач успрымаліся людзьмі менавіта праз прызму іх сапраўдных адносінаў да нашае краіны. Каб студэнты ВНУ не адказвалі, што Кірыла Тураўскі — «это какой‑то был князь» (з уласных назіраньняў). Хацелася б, але…

Але так ня ёсьць. Украінцы могуць параўнаць сваю сітуацыю з летувіскай, а мы НЯ МОЖАМ. Непараўнальныя паняцьці — нацыянальна арыентаваная дзяржава і антынацыянальная. Усе ведаюць, з якімі праблемамі сутыкнуліся выпускнікі першай хвалі беларускамоўнай адукацыі 1991—2001: на хера мы вучыліся па‑беларуску, калі ў ВНУ паслугоўваюцца расейскай мовай?

Дык казаць, што беларускі рок — гэта рок‑музыка з беларускамоўнымі тэкстамі, ня выглядае лагічным у краіне, дзе расейская мова не зьяўляецца замежнай. Больш за тое, расейская мова ў Беларусі мае першаснае значэньне, што да скразной міжасабовай камунікацыі ўвогуле.

Ва ўсім сьвеце, дарэчы, няма падзяленьня на ўласна нацыянальныя плыні. Сусьветны топавы шоў‑бізнэс існуе ў канкрэтна акрэсьленым абшары — так званым «англа‑саксонскім» сьвеце. Іншыя вымушаны быць ізаляванымі. Назавіце не англамоўныя супэр‑гурты. Колькі іх — пяць, сем? Калі артысты не з англа‑саксонскага асяроддзя спрабуюць выбрацца на вяршыню сусьветнага значэньня, яны вымушаны адмовіцца ад сьпеваў па‑свойму. Інакш не прабіцца.

Так, зразумела, што расейскамоўныя праекты з Беларусі аўтаматычна пачынаюць працаваць на расейскую культуру. Аднак гэта не пазбаўляе іх аўтаматычна беларускасьці. Як выкананьне песьняў па‑ангельску не пазбаўляе ABBA, Europe, Secret Service, Roxette, Bathory швэдзкасьці, а U2, Shinead O’Connor ці Cranberries — ірландзкасьці. Bjork зьяўляецца сапраўднай гераіняй Ісландыі, хаця не сьпявае па‑ісландзку. Інакш мы былі б змушаныя называць «Gods Tower» ангельскім калектывам, а «J_Морс» — расейскім.

Мы вымушаныя успрымаць культурную сітуацыю на Беларусі такой, якой яна зьяўляецца. І не выдаваць тое, чаго б хацелася за тое, што маем насамрэч. Так, шмат падобнага існуе ва ўсім сьвеце, але гэта не азначае, што ЎСЁ мусіць быць падобным. Беларуская моўная сытуацыя ўнікальная, калі яе параўноўваць з суседзьмі.

Гэта пра беларускасьць. А што з уласна рокам?

Нядаўна мяне спыталі: «Skrypa, а как вы относитесь к суждению, что белорусский шоу‑бизнес находится в зачаточном состоянии?». Я нядоўга думаў і адказаў, што беларускі шоў‑бізнэс знаходзіцца не «в зачаточном, а ПРОТИВОЗАЧАТОЧНОМ состоянии». Калісьці я ўжо казаў, што які ў краіне ўвогуле бізнэс, такі і шоў‑бізнэс. Усялякая прыватная ініцыятыва ў нас адразу прэсуецца і прадпрымальніку застаецца альбо змагацца з ветракамі, альбо прыняць умовы дзяржаўнае сыстэмы — гэта значыць мімікраваць. Адпаведна і тым, хто вырашае займацца прадпрымальніцтвам у сферы мастацтваў.

Што ў выніку? У выніку прадпрымальнік не дэманструе ўласную ўнікальнасьць мысьленьня, нетрадыцыйны спосаб вырашэньня вытворчых задач альбо па‑просту фантазыю. Ён вымушаны ў сваех рашэньнях і учынках адпавядаць узроўню мысьленьня і фантазыі дзяржаўных прадстаўнікоў. Таму прайдзіцеся па менскіх барах, клубах, ці паглядзіце перадачы айчыннае тэлевізыі.

Калісьці я вывеў такі сацыяльны тып — «бсср‑аўскі чыноўнік». Ён вельмі проста апісваецца. Калі эстонскія камуністы марылі пра камуністычную Эстонію, узбэцкія камуністы марылі пра камуністычны Узбекістан і г.д., дык беларускія камуністы марылі пра кватэру ў Маскве, андатравую шапку і «Волгу» с вадзіцялям». У найноўшыя часы нічога не зьмянілася — тая ж панічная боязь праявіць ініцыятыву, ня вытрымаць адпаведнасьць візыі вышэйстаячых начальнікаў. Аднак УСЯ грамадская дзейнасьць у краіне падпарадкавана дзяржапарату. І чыноўнікі ўвесь час бяруць удзел у распрацоўцы тых ці іншых праектаў, у тым ліку — і культурніцкіх. А я даўно заўважыў, што бсср‑аўскі чыноўнік — гэта цар Мідас наадварот. Той за што ні браўся, тое пераўтвараў у золата. Нашы ж за што ня возьмуцца, усё ператвораць у гаўно. Узгадайма праекты «Хуткае харчаваньне», «Дні славянскага пісьменства» альбо «Дажынкі». Паўсюль — слушная задумка, заснаваная маўляў на мясцовых традыцыях, аднак… Аднак, абы ні‑ні! Галоўнае — «костачкай» усё выбрукаваць! Калі мазгі залітыя бетонам, то і фантазыя абмежаваная толькі заліваньнем бетону.

Уласна пра музыку. Яшчэ ў нядаўні час, калі канцэрты рок‑гуртоў было магчыма правесьці бяз розных паранаідальных перашкодаў, улады наганялі у залы мянтоў, каб слухачы незарэгістраванай сімволікай не махалі і лозунгаў ня выкрыквалі. Увогуле «увесь гэты рок’н’рол» ніколі не падабаўся чыноўнікам. Тыя забароны, якія маюць месца апошнім часам, вельмі лагічна ўпісваюцца ў канцэпцыю візыі «дзяржаўнай моладзевай палітыкі». Заўважым, што не меньш лагічнымі яны выглядаюць на фоне агульнае вайны супраць праяваў беларускамоўнасьці — і ў музыцы, і паўсюль.

Аднак трэба ж ня толькі «накарміць народ», але і прапанаваць яму «духоўную ежу». Значыць трэ шчыльней кантраляваць творчыя працэсы. Музычны рух у краіне, паміж іншым, прадстаўлены шэрагам фэстываляў — і класічнай музыкі, і эстраднай, і джазу. Прычым патрон паўсюль адзін — «маэстра Фінберг», своеасаблівы «смотрящий» ад улады за культурай. Для мяне дагэтуль загадка: чаму яшчэ ня існуе ДЗЯРЖАЎНЫ РОК‑ФЕСТЫВАЛЬ? Гэта ж было б супер! Гурты, якія б парухаліся там і сям, паўсюль налятаючы на бар’еры, стаміліся б змагацца з сістэмай. А хочацца ж выступаць, дэманстраваць слухачам свае ідэі, сваё ўменьне. А тут вам калі ласка: «Рэспубліканскі фестываль «БЕЛАРОК». Мастацкі кіраўнік фестывалю — маэстра Фінберг». Прычым, зрабіць АБАВЯЗКОВЫМ пэўны працэнт (напрыклад 75%) песьняў на беларускай мове. За палітычны аспэкт можна не хвалявыцца — палітычна некарэктныя тэксты адфільтруюць на самым пачатку. Але для большасьці маладых музыкаў удзел у «Басовішчы» перастане бачыцца нечым патрэбным. Навошта перціся ў гэтую Польшчу, калі ўсё ёсьць тут — на Беларусі! Тым больш, што ў вадрозьненьне ад суседзяў з Летувы ці Польшчы, нашая моладзь у большасьці АБСАЛЮТНА ня мае аніякага імкненьня ў бок Еўропы — ані палітычнага, ані эканамічнага. Лепш паехаць у будатрад у якую там Саратаўскую вобласьць, папрацаваць за сімвалічную аплату, затое быць у зразумелым асяроддзі! Дарэчы можна стварыць рок‑фестываль Союзного государства Белоруссии и России пад якой‑небудзь абядноўваючай назвай. Напрыклад, «ЕДИНОРОК».

Непрыемнасьць у тым, што гэта можа стацца зусім рэальным. Прыклады маем — эстрадная музыка так званага «формата ОНТ». Зараз жа эстрадным артыстам‑пачаткоўцам на раз‑два можна зрабіць кар’еру. Так, мясцовую, непараўнальную з кар’ерай у Маскве, але, калі трэба, — і на лімузінчыку для антуражу падкінуць, і ролічак такі‑сякі здымуць, і на радыё і тэлевізыі ў ратацыю паставяць. Галоўнае — адпавядаць дзяржаўным правілам паводзінаў і выконваць парады афіцыйных прадусараў.

Галоўнае, што артысту забяспечваюць неабходную ўмову — даступнасьць для слухачоў. Спытайцеся на вуліцы пра вядомых беларускіх артыстаў і ў адказ пачуеце на 90% імёны ТОЛЬКІ ТЫХ, якія прадстаўленыя на радыё і ТВ. І гэта абсалютна лагічна. Беларускамоўны, напрыклад, рок ня прадстаўлены ЎВОГУЛЕ ДЗЕ‑КОЛЬВЕК. Таму зьяўляецца, нажаль, зьявай маргінальнай. Прыхільнікі беларускамоўнага року на 99% складаюцца з нацыянальна арыентаваных асобаў. І тут паўстае такая праблема, што мастацкі ўзровень выканаўцаў адыходзіць на другі план. Маўляў, мне ўсё адно, як яны там граюць, абы па‑беларуску! Адсутнасьць канкурэнцыі ў нашым року — канкурэнцыі ўзроўню выкананьня, канкурэнцыі ў продажы дыскаў, канкурэнцыі ў раскрутцы сродкамі масавай інфармацыі, — не спрыяе якому‑кольвек разьвіцьцю. Няма канкурэнцыі і ў галіне гуказапісу. Зараз кожны — сам сабе гукарэжысэр. Але гэта — хутчэй тэма для асобнае гутаркі.

Канцэрты беларускамоўных гуртоў у Польшчы — зьява асобная. Там таксама нашых рокераў ня ўспрымаюць, як уласна рокераў. А як нейкія дзівосы з‑за «рускай граніцы». Тым больш, што пасыянарнасьць у вадносінах да беларусаў палякі маюць ня меншую за расейцаў. «Вось жа зноў, мы дамагліся свабоды, а вы — не. То мы вам будзем дапамагаць, браты вы нашыя МЕНШЫЯ». Пры гэтым нейкай інкарпарацыі у польскі шоў‑бізнэс не адбываецца (і ня можа адбіцца, — хочаш быць польскім артыстам, то й сьпявай па‑польску), а на Беларусі гэтыя канцэрты нічога не зьмяняюць (лішне казаць, што пра самыя гэтыя канцэрты большасьць насельніцтва нават і не здагадваецца).

Дарэчы, пра расейскамоўны рок. Як вядома, у выніку пэўных гістарычных працэсаў (мангольская спадчына, адсутнасьць Магдэбургскага права і г.д.) у Расеі існуе толькі адзін горад — МАСКВА. Іншыя гарады — не гарады, а правінцыя. Усе расейскія культурніцкія праявы мусяць быць пададзеныя сьпярша ў Маскве. Тады яны маюць пэўны шанец стацца агульнанацыянальнымі. І гэта нават пры тым, што маюцца альтэрнатыўныя культурныя цэнтры — Піцер, Екацерынбург, Уладзівасток. Але любы расейскамоўны праект паўстаўшы па‑за Масквой ЗАСУДЖАНЫ лічыцца правінцыйным. Так і з расейскамоўнымі праектамі на Беларусі. Для Расеі яны ўсе будуць таксама ўважацца за правінцыйныя. А адносна Беларусі, уся справа будзе толькі ў лаяльнасьці да дзяржаўнае сыстэмы. Я заўважыў, што тыя з маех знаёмых, хто зьехаў рабіць кар’еру ў Маскву, ніколі ня лічылі сябе датычнымі да ўласна беларускае культуры, але — толькі да расейскае. Ці сьвядома сталі спавядаць прынцыпы расейскае культуры, адмовіўшыся ад беларускіх. Ім так лягчэй зрабіць кар’еру. Бо беларускі культурны ўзровень значна слабейшы за расейскі — прынамсі ва ўмовах іх «канкурэнцыі». У двукосьсі, бо ў рэчаіснасьці няма аніякае канкурэнцыі. Бо разьвіцьцё нашых культураў пастаўленае ў непараўнальныя ўмовы. Калі расейская па‑просту пазбавілася савецкіх цугляў і крочыць наперад, то нашая так і топчацца на месцы, загнаная ў мадэрнізаванае бсср‑аўскае стойла. Зноў тыя ж прынцыпы: калі беларускае, то абавязкова гэта ручнікі, саламяныя брылі і псэўдафолькавыя сьпевы калектываў раённых ДК на розных дзяржаўных сьвятах.

Як «IKEA» ніколі пры існуючых умовах ня ўпусьцяць у Беларусь (бо адразу ЎСЯ нашая мэблевая прамысловасьць беспаваротна «ляжа»), так і існуючая дзяржаўная парадыгма разьвіцьця культуры ніколі не дапусьціць вольную канкурэнцыю ў музыцы і іншых відах мастацтва. Бо адразу «ляжа» беларуская сістэма эстраднае (у шырокім сэньсе) музыкі. Фінберг, Ярмоленка, Ціхановіч з Паплаўскай (пры ўсёй павазе да іх за колішнія дасягненьні за савецкім часам) пачуваюцца абсалютнымі манапалістамі ў сваёй сфэры дзейнасьці. А, значыцца, не дапусьцяць аніякае канкурэнцыі звонку. Бо йначай прыйдзецца кардынальна зьмяняцца, прымаць іншыя правілы гульні. А навошта, калі можна самім прапаноўваць гэтыя правілы і кантраляваць іх выкананьне.

І тут сыстэма сама загнала сябе ў кут. Не атрымаецца выставіць на «Еўравізыю» (ці які любы іншы міжнародны конкурс) якасны праект, калі ТУТ дагэтуль выкарыстоўваюцца напрацоўкі 1970‑1980‑х гадоў!

Таму Калдуну нанімаюць Кіркорава, а тое што прапануецца самім беларусам і зроблена тут — гэта гіпэрпарнаграфічны і ўвогуле антыкультурны праект «Две Звезды».

МАСА. Людзі ў масе лянівыя. Людзі ў масе ня стануць вышукваць цікавае вакол. Людзі ўспрымуць тое, што ім прапануе сістэма. А беларускі рок знаходзіцца па‑за сістэмай. Таму ён не вядомы бальшыні жыхароў. Паўсюль свае тусачы — у Магілёве свае, у Менску, Віцебску — свае. Беларускі рок не сягае па‑за тусоўку, не перакрочвае межаў уласна свайго жанру і не стаецца агульнанацыянальнай зьявай. Не кажучы ўжо пра тое, што беларускі рок практычна невядомы ў суседзяў. Мы ня маем сваех «Океана Ельзи», «Мумий Троля» ці «Sdob Si Zdub». Тых, хто вырваўся на абшары былога СССР можна літаральна пералічыць па пальцах — «Ляпіс Трубецкой», «Леприконсы», Серега. Усе яны распрацоўваюць тэмы, якія бяз цяжкасьцяў успрымаюцца расейскамоўнымі жыхарамі СНД. І, пры гэтым, не прапануюць чагосьці такога «уласна беларускага». Апроч хіба, трасянкі «Ляпісаў». У вадрозьненьне ад іх Васіль Быкаў, Алесь Разанаў ці «Песьняры» прапаноўваліся спажыўцам і ў арыгінале, і ў перакладах. І ставаліся зразумелымі. Пры гэтым, яны заставаліся спрэс і наскрозь беларускімі. Зараз жа сістэма прапануе іншыя прадукты. З усьмешкай заўважу, што, калі раней самае распаўсюджанае і ёмістае слова з трох літараў было «Х…Й», то зараз хлопцы пішуць (і носяць на грудзёх) «КиШ», а дзяўчынкі — «HIM». Людзі ведаюць толькі тое, што ім дазваляюць ведаць.

Ёсьць меркаваньне, што толькі там, дзе музыкаў прэсуюць, не даюць «расправіць крылы» і да т. п., толькі там ствараецца нешта гэткае «сапраўднае», «вартаснае». Маўляў галодны мастак займаецца чыстым мастацтвам, а сыты — кан’юнктурай.

ФУФЛО!

Галодны мастак будзе думаць толькі пра тое, як выжыць самому і забясьпечыць адукацыю дзецям. Таму беларускія рок‑музыкі на 99% займаюцца ў жыцьці нечым іншым, а музыка стаецца заняткам па‑за асноўнаю працаю. Паводле ўсіх паняткаў, беларускі рок — ЗЬЯВА АМАТАРСКАЯ. І гэтак будзе й найдалей, пакуль рок‑музыкі будуць заклапочаныя не прафэсыйнай канкурэнцыяй, а здабычай грошаў на побыт. Усёж‑ткі прафэсыйны занятак музыкай уключае ў сябе ня толькі прафэсыйнае выканальніцкае майстэрства (яно апрыёры), а ўвесь тракт «запіс — рэалізацыя». Пакуль мы маем толькі «прафэсыйна граючых/сьпяваючых аматараў».

Існуючай дзяржаўнай сыстэме беларускі рок пакуль прынцыпова і істотна не замінае. Але кожная сыстэма самаўдасканальваецца. І ўжо вырасла пакаленьне, якое ў здаровым розуме і цьвярозае памяці ўпэўнена заяўляе: «У нас у краіне ўсё ОК!». Маладыя чыноўнікі дабяруцца і да року. Справа толькі ў часе.

Ляўрэатам «БЕЛАРОКУ» прапануюць дзяржаўны ангажэмент, запіс і выпуск дыскаў. Паціху‑патроху створаць свой адмысловы беларускі рок — на капыл «поп‑музыкі фармату ОНТ». Вось тады мы ўзгадаем, што калісьці можна было сваім коштам выдаць дыск, разьнесьці яго па крамах і на нешматлікіх, што праўда, але МАГЧЫМЫХ У РЭАЛІЗАЦЫІ канцэртах, рабіць такое‑сякое прома запісанага матэрыялу.

Скрыпа, Жыгімонт Ваза

Каментары9

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны11

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Усе навіны →
Усе навіны

Як мінімум 68 мігрантаў загінулі ля берагоў Емена ў выніку крушэння лодкі, дзясяткі зніклі без вестак3

Расія моцна пашкодзіла важны мост у Херсоне. Ці кажа гэта пра падрыхтоўку да дэсанту на правы бераг?2

Лукашысты вераць, што змогуць зняць санкцыі ні за што. Гэта рэальна?25

У Вільні ў смеццевым кантэйнеры непадалёк ад амбасады Расіі знайшлі часткі цела забітага падлетка8

Японцы з дапамогай 3D-друку пабудавалі дом з зямлі, а не бетону1

У Беларусі з'явілася вакансія з заробкам 33 тысячы рублёў. Каго шукаюць?1

У Празе на хакейным турніры на лёд выбегла раз'юшаная маці аднаго з гульцоў ВІДЭА1

У Сочы затрымалі дзяўчат і хлопца, якія рабілі сэлфі на фоне палаючай нафтабазы5

«Дар Марэны». На Дзятлаўшчыне знайшлі неапаганскае надмагілле6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны11

Дзмітрый Лукашэнка хоча паставіць пад кантроль усе мабільныя тэлефоны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць