Тэатр66

«Дзяды»: унікальны спектакль у Мінску, публіка вітала патрыятычныя эпізоды

Піша Аляксей Ластоўскі.

17 і 18 красавіка на сцэне Палаца прафсаюзаў адбыліся прэм’ерныя паказы «Дзядоў» — у пастаноўцы новапаўсталага прыватнага тэатра «Ч».

Фактычна, гэта першы спектакль дадзенай антэрпрызы. Калі мяне не падводзіць логіка, то «Ч» — гэта ад прозвішча прадзюсера Андрэя Чорнага, які і стаў заснавальнікам тэатра. Сам ён нарадзіўся ў Панявежы (Літва), напэўна, гэта таксама паўплывала на выбар стратэгіі па рэалізацыі спектакля: аб’яднаць літоўскіх пастаноўшчыкаў і беларускіх акцёраў.

Адразу скажу, што літоўская тэатральная рэжысура і сапраўды знаходзіцца на вельмі высокім узроўні,

прынамсі, тэатральную Маскву яны сабе практычна падпарадкавалі, а гэта істотнае дасягненне. Таму надзеяў на спектакль было досыць шмат, вось толькі ня ўсе яны рэалізаваліся.

І напэўна, большасць паўсталых пытанняў адрасуюцца да рашэнняў рэжысёркі Рамуне Кудзманайце, хоць па візуальнай частцы ўсё было досыць прыгожа. Асноўнае афармленне сцэны складалася з вялізных падвешаных шчытоў на рэлігійныя сюжэты. Праўда, на мой прафанны погляд яны пераважна адносіліся да праваслаўнай іканаграфічнай традыцыі — можа, для літоўцаў усё за ўсходняй мяжой здаецца праваслаўным і таму яны так адаптаваліся пад мясцовыя ўмовы?

Але самае моцнае здзіўленне выклікала менавіта першая частка з вясковага рытуала Дзядоў, якая па стылістыцы больш нагадвала буфанаду ў духу «Маскі-шоу».

Калі хто не ведае, такімі клаўнадамі (з дурнымі дзядкамі ў вушанках і расфарбаванымі дзявіцамі ў міні-спадніцах) проста перапоўненыя літоўскія тэлеканалы, і я спачатку падумаў, што гэта такі своасаблівы культурны імпарт. Але ўрэшце вырашыў, што маем справу з мастацкай алегорыяй на сучасную Беларусь як на звар’яцелы калгас. Яно можа хай сабе, толькі на халеры дзеля гэтага не вельмі арыгінальнага месэджу выкарыстоўваць такую далікатна і чулліва прапісаную Міцкевічам сцэну сустрэчы з Дзядамі?

Потым выявілася, што фарсавая эстэтыка — гэта толькі адна лінія інтэрпрэтацыі паэмы, астатнія сцэны былі рэалізаваныя ўсё ж у больш традыцыйным ключы (хоць і з эпізадычнымі вяртаннямі дурнаватых вяскоўцаў у вушанках на заднім фоне — ціпа, калгасная Беларусь нікуды не дзенецца).

Размова Густава са святаром хутчэй нагадвала вяртанне да рамантычнай эстэтыкі (служкі з капюшонамі, свечкі) і відавочна дысаніравала па ўспрыняцці з пачаткам спектакля. Побач са мною сядзелі дзве бурклівыя бабулькі, дык яны адразу ж збеглі па сканчэнні першага дзеяння.

Можа і дарма, бо другая частка была больш вытрыманай, з памяншэннем фарсавых інтанацый, і з патрыятычным надрывам. Хоць менавіта ў сцэны ўвязнення філаматаў Міцкевіч закладваў шмат самаіроніі, і тут гумарыстычныя адценні больш арганічныя і прымальныя, чым падчас традыцыйнага выклікання Дзядоў. Мне найбольш спадабаўся ў спектаклі момант, калі на пачатку другога дзеяння анёлы плятуць па ўсёй сцэне белыя і чырвоныя ніткі Лёсу, паміж імі бегаюць чорцікі, але Густаў іх разрывае і абвяшчае сябе Конрадам — надзвычай удалае рашэнне, якіх, на жаль, было не так і шмат агулам.

Калі гаварыць пра публіку, то яны радасна пляскалі пераважна на патрыятычных лозунгах, кшталту крыку зняволенага маладзёна «Жыве мая Радзіма!». На мой погляд, якраз гэтыя матывы, уведзеныя Міцкевічам у запале пасля паразы Лістападаўскага паўстання, і варта было б пераасэнсоўваць у сучасным тэатры — напрыклад, узняць пытанне, што сталася са згаданай Радзімай, бо яна, відавочна, некуды знікла…

Але зноў жа, літоўская рэжысёрка пайшла тут шляхам спрошчанай ідэалагічнай індактрынацыі — калі беларусам бракуе моцнага нацыянальнага пачуцця і натхнення змагацца з тыраніяй, то, калі ласка, атрымоўвайце неабходныя імпульсы з «Дзядоў». Аўдыторыя была за гэта ўдзячнай (якраз у тых людзей, што прыцягнуліся на спектакль, з нацыянальнымі пачуццямі больш-менш у парадку). Толькі ў мяне ўзнікла адчуванне, што самі літоўцы пайшлі значна далей у сваім пераасэнсаванні спадчыны Міцкевіча, але вымушаныя вяртацца назад, дзеля ўяўнай культрэгерскай місіі ў дачыненні да беларусаў.

Сам спектакль шматслойны, не ўсё мне ўдалося зразумець (да таго ж, з-за ўласнай расцярушанасці вымушаны быў сядзець у 12-м шэрагу, адкуль не ўсё было відаць і чуваць). Прынамсі, жаданне перачытаць сам тэкст класічнай паэмы у мяне ўзнікла, дык і тое залічым досыць добрым вынікам.

Цікава было таксама параўнаць уражанні са свежымі «Дзядамі» ў пастаноўцы Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Там, пры ўсёй апантанасці рэжысёра Алеся Янушкевіча авалодваннем новымі медыямі для перадачы зместу, я адчуваў нейкае містычнае вымярэнне, якое заўжды было важным для Міцкевіча, але якое зусім для мяне непрысутнае ў новым літоўска-беларускім (ці беларуска-літоўскім?) тэатральным пачынанні.

Ад Рэдактара. Рэдкі выпадак, калі новая антрэпрыза пачынае сваю дзейнасць з такога «рэфлексійнага» спектакля. «Дзяды» — гэта не дрындушкі, гэта прымушае задумацца. Таму НН была б радая апублікаваць і іншыя водгукі на пастаноўку. Калі ласка, дасылайце нам іх як у каментах, так і, большага фармату, на [email protected].

Каментары6

Цяпер чытаюць

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Усе навіны →
Усе навіны

Байдэн судзіцца з адміністрацыяй Трампа праз уласныя мемуары1

Знойдзены манускрыпт чарнакніжніка з Радашковіч, які лічылі страчаным7

Іран заявіў аб удары па амерыканскай авіябазе. ЗША нанеслі новыя ўдары па Іране7

Японія ў палоне маштабнай алергіі. У гэтым вінаваты праект 1950‑х гадоў2

«Арменія — гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна». Пашынян рашуча адказаў Лукашэнку18

У праваслаўнай парафіі на поўдні Польшчы царкоўная ўрачыстасць ператварылася ва ўслаўленне Расіі. З пратэстам выступілі лемкі33

Драма ў жывым эфіры: чорны бусел прагнаў ад гнязда арлана-белахвоста ВІДЭА

У Мінску пачалі будаваць першы аб'ект трэцяй кальцавой дарогі

На гродзенскіх пляжах з'явілася незвычайная тэхніка. Яна будзе працаваць усё лета2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць