“Жыве Беларусь!” — вядомы лозунг нязгодных беларусаў. Ад таго сама назва абавязвае. Яна належыць многім. Але гэта першы фільм у сваім родзе — і ад таго рэжысёр меў права на гэткую назву (першапачатковая назва — “Мірон”). Назву, у якой ёсць шанец зацікавіць масавага беларускага гледача і еўрапейскую супольнасць. Назва гучная, рэвалюцыйная, шматабяцальная, у нечым нават ваяўнічая.

Фільм выкліча шквал крытыкі — справядлівай і несправядлівай. Сітуацыя, намаляваная ў ім, не пакідае абыякавымі людзей з розных бакоў беларускіх барыкадаў. Фільм будуць хаяць і хваліць. Хваліць, бо гэтая жывая Беларусь — баліць. Хаяць — з той самай прычыны.

Тэма яшчэ жывой, але ўжо ўшчэнт запалоханай краіны прыелася, бы манка ў яслях. Тэма жывой знявечанай краіны — паўналетняая, як і яе рэжым. Але ўпершыню агучаная ў дадзеным фармаце.

Гэты фільм мусіў з’явіцца раней. Мусіў — і не мог. І ад таго на яго ўскладзена столькі чаканняў, з чаго — і шмат расчараванняў будзе ў тых, хто столькі чакаў на яго. Але Франку Вячорку (асноўнаму рухавіку, натхняльніку кінастужкі) толькі 25, ён не мог зрабіць гэта раней — да таго, як сістэма «ламала яго праз калена», каб атрымалася гісторыя, вартая быць расказанай многім.

Учынак у мастацтве

Фільм №1 — шматкроць. І гэта трэба ўлічваць. І гэтым усцешыцца: цяпер мы ўрэшце маем, з чаго пачаць. Першы фільм пра найноўшую гісторыю Беларусі, зняты замежным рэжысёрам. Першы палітычны ігравы фільм пра цяпершніх нас. Ужо само яго з’яўленне — добры сімптом для беларускай рэчаіснасці. Па сутнасці на сёння “Жыве Беларусь!” — больш чым фільм, гэта ўчынак у мастацтве, у культуры.

Беларуская місія

Фільм скрозь палітызаваны. І выглядае на тое, што ўсе беларусы, якія працавалі над фільмам — сам Франак Вячорка (другі рэжысёр, сцэнарыст), Антось Цялежнікаў (асістэнт рэжысёра), Лявон Вольскі (кампазітар), нашы акторы сваю беларускую місію выканалі.

І агучанай стваральнікамі карціны задачы — паставіць Беларусь на парадак дня у свеце, даць дарогу беларускім гісторыям у Еўропу — аўтары кінастужкі далі рады. Іншая справа — сітуацыя досыць сумнеўная, калі мастацтва ад пачатку вымушана ставіць за мэту перадусім сацыяльныя ці палітычныя вынікі. Бо мастацтва — яно не абавязанае і не мусіць.

Навошта праўда?

У фільме аўтары спрабавалі знайсці кампраміс паміж праўдай жыцця і праўдай мастацтва. І пераважыла ўсё ж другая.

Хаця ў публічнай прасторы фільм адразу займеў прыстаўкі “фільм пра Франка” (альбо нават “фільм Франка”), між тым — мы маем не дакументальны фільм і фільм не пра Франка. Бо гэта гісторыі многіх людзей, якія ў ім паказаныя: гісторыя Насты Палажанкі, гісторыя Змітра Жалезнічэнкі, Віталя Каратыша, і многіх іншых. І глядзець тое варта як мастацкі твор, а не як экранізацыю жаўнерскага дзённіка палітычнага актывіста.

“Менавіта мая гісторыя, — кажа Вячорка-малодшы, — гэта ўсё, што тычыцца забору ў войска. І ўсё, што там адбывалася: балатаванне на выбары, улёткі, публікаванне дзённіка ў інтэрнэце. Была і кароста, і свіны грып. Была і Плошча, і ўсё што за Плошчай… Мы спрабавалі паказаць не столькі тое, што адбываецца з краінай, колькі тое, што адбываецца з людзьмі ў Беларусі”.

Але дзеля чаго праўда? Гэта мастацкі фільм — і так яго і варта ўспрымаць. І шукаць у ім варта праўду матывацый і перспектыў, праўду ўчынкаў герояў і сябе між імі, а не біяграфічных адпаведнасцяў.

Беларусь як зона

Фільм доўга не можа ўздыхнуць — першая траціна зацягненая, кульгавая. Але потым нарэшце карціна ўдыхае… І набывае гарманічнасць, намацвае і ўваходзіць у свой, патрэбны гука-глядацкі тэмпарытм.

У пачатку ты злуеш, бо баішся расчаравацца, а пачынаеш расчароўвацца. Але ўспамінаеш сваё ўнутранае правіла: судзіць твор маем права выключна паводле законаў і правілаў, усталяваных ўнутры твору самімі аўтарамі. А не паводле супадзення ці не супадзення твора з уласнымі ўяўленнямі пра жыццё і праўду. Твор не дае гатовых адказаў, а хутчэй — уздымае ўдакладняльныя пытанні выбару ў беларускай рэчаіснасці, якая жыве настолькі нездаровымі законамі, што часта пазбаўляе цябе нават яго.

У фільме Беларусь паўстае ў выглядзе Зоны (трох яе колаў), метафарычнага таталітарнага Чыстца. Першае, самае вялікае кола — сама краіна, дзе “нацыянальны чарнобыль” адчуваецца лакальна — месцамі, воспінамі па целе краіны. І акурат з такіх воспінаў і сканцэнтраванае першае кола, менавіта ў іх адчуваем яго відарыс.

Другое — больш вузкае кола — зона Чарнобыльская (фізічны чарнобыль); і трэцяе кола — апошняе, цэнтральнае, дзе мы назіраем “духоўны чарнобыль”, канцэнтруецца на тэрыторыі адной узятай вайсковай часці.

Страх раскіданы, як воспіны, па целе краіны — лакальнымі болямі, прыватнымі страшнымі гісторыямі з прыніжэннямі, калецтвамі, фізічным і маральным гвалтам. У фільме ён сканцэнтравана ў адной зоне з лысымі дзецьмі, разбуранымі каруселям, з маўклівымі акцыямі апладысментаў. Сюррэалістычная, страшная і беспрасветна зона, у якой баль правяць невукі і нелюдзі. Такія як сяржант Руслан (увасоблены харызматычным Паўлам Крыксуновым), якія ламаюць праз калена існа годных, вартых маладзёнаў. Такіх як жаўнер Шэры (Максім Каржыцкі), які і ёсць тым ментальным зрухаром, які робіць крок насустрач Мірону (Зміцер ‘Вінсэнт’ Папко), што паказвае прыклад прысяганню праўды, рызыкуючы самім сабой. А Мірон — робіць крок насустрач, становячыся сабой, сабой неабыякавым. Не проста выканаўцам, салістам гурту, а тым, ад каго залежыць будучыня і людзі.

Жыццё жаўнераў напоўненае ў зоне брудам — тварамі ў клазеты, абляваныя, абражаныя, прыніжаныя, з дулам у роце, збітыя да паўсмерці, яны ідуць да сваёй мэты. І сярод усяго гэтага беспрасвету гадуюцца, растуць, разумнеюць і свядомеюць маладыя беларусы. І дзякуючы гэткім сталкерам на зоне як Шчука (Дзяніса Тарасенка) — у іх ёсць шанец выйсці жывымі.

Галоўны герой — Мірон Захарка, саліст моладзевага гурту “Форца” — напачатку фільма паўстае, як і бальшыня, — звычайны, баязлівы і нават абыякавы, ён вагаецца, баіцца, стараецца не заўважаць праблемы навокал сябе, спрабуючы рабіць сваю свабодную музыку па-за палітыкай. Але пазней (дзякуючы аднавайскоўцы Шэраму і сваёй дзяўчыне Веры Геніюш (польская акторка Катарына Грушка)) прымае рашэнне зразумець і павесці за сабой людзей, якія гатовыя за ім ісці, і робіць выбар, — тым самым падпісваючы сабе прысуд.

І ў выніку страчвае ўсё: і каханне, і музыку, і свабоду. Страчвае каханую (яна ў жаночай калоніі і верагодна здрадзіла з яго ж сябрам-музыкам гурту Змітром (Раман Падаляка), страчвае кар’еру (гурт пад забаронай), страчвае сябра (ён завербаваны адпаведнымі органамі), здароўе (скалечаны фізічна і псіхалагічна) — выкінуты, нікому непатрэбны, хіба апрача такіх самых, як ён, — трапляе на Плошчу (якая, да слова, праходзіць зусім не галоўнай тэмай, хутчэй фонам), а з яе — у аўтазак, дзверы якога замыкаюцца перад яго тварам.

Ці не метафара гэта самой Беларусі? Ці можа асоба вырвацца на свабоду — ці яе на так званай свабодзе чакаюць толькі пакаранні і жудасныя наступствы гэткага выбару?

Фільм пра несправядлівасць. Са, здавалася б, маленькіх прыватных несправядлівасцяў і замоўчванняў і складаецца адна вялікая жудасная несправядлівасць, адно вялікае замоўчванне, у якіх і жывуць героі фільма. Да часу. Адсюль і вынікае, што толькі невялікімі прыватнымі справамі і можна прыйсці да свабоды, сваімі маленькімі перамогамі і незамоўчанымі галасамі зрабіць (не атрымаць — ніхто яе не дасць) вялікую перамогу. І менавіта такое цяжкое беспрасветнае, здавалася б, кіно дае магчымасць прыйсці часу зняць фільм пра тое, якія мы адважныя і пераможныя. Пазней.

Пра маўчанне Вінсэнта

Галоўныя героі не адназначна пазітыўныя, яны ўвогуле — неадназначныя, не белыя, і не чорныя, да якіх звычная публіка, а сплеценыя з паўтонаў. Аўтары максімальна часта ставяць іх перад выбарам. Цягам стужкі героі змяняюцца, і ўвесь час — да моманту прыняцця рашэння — знаходзяцца ў стане хістацыі: Вера вагаецца, здрадзіць ці не здрадзіць Мірону, а Мірон у сваю чаргу — стасоўна сваёй грамадзянскай пазіцыі: прамовіць, рушыць, падтрымаць (салдата Шэрага пад час адмовы ад прысягі) ці застацца і маўчаць. Яны растуць унутры сябе — і ў выніку іхнія хістанні пераходзяць у рашэнні і ўчынку, у выбар. Яны нібыта па чарзе робяць крок адзін насустрач іншаму. Уплываюць на лёсы, учынкі і рашэнні адзін аднаго.

Зміцер Папко у пачатку, на ўздыху фільма, нібыта толькі прымяраецца да ролі. Актор Вінсэнт — прыгожы, па-добраму мачо. Але найбольш пранікнёна і таленавіта, скажам шчыра, у яго атрымліваюцца сцэны, дзе ён папросту маўчыць. Маўчыць і пазірае. У іншых — голас яго гучыць не гнутка, цяжкавата, месцамі нават металёва, інтанацыйна-ненатуральна (і за гэтым чытаецца адсутнасць майстэрства, што не дзіва, бо дэбют), што імаверна ёсць плюсам для выканання рэп-кампазіцый, але не грае на руку як актору. Умелае абыходжанне з голасам — немалаважны інструмент актора. А ўсе яго інтанацыі — дэкламуючыя, адрывістыя. Але паўтаруся, маўчыць Вінсэнт напраўду таленавіта.

Памылкова лічыцца, што акторскае майстэрства Змітра Папко магло нейкімі чынам узрасці ад фільма «Вышэй за неба» Андрэя Курэйчыка, хаця б таму, што спачатку пачалася праца на “Жыве Беларусь!”. Проста першым гледачы ўбачылі «Вышэй за неба». З таго памылкова казаць пра якое-кольвек развіццё актора Вінсэнта ў такім парадку. Аргумент на тое прывёў Франак Вячорка, маўляў, для здымак у войску Вінсэнту пагалілі галаву, хаця напачатку фільму той мае валасы сярэдняй даўжыні — і ад таго ў “Вышэй за неба” ён амаль паўсюль ходзіць у шапачцы, бо валасы яшчэ не паспелі адрасці.

Пацалункі Грушкі

Таленавітая прыгожая прафесійная Катарына Грушка на першы погляд выглядае не зусім дарэчна. Да таго ж бянтэжыць яе відавочны польскі акцэнт. На добры лад — браць бы сваю акторку і раскручваць. Але спрацоўвае кан’юктура: фільм трэба прадаваць Польшчы — мусіць быць хаця б адзін пазнавальны і вядомы для замежнага гледача твар. Да таго ж, стала вядомым, што беларускія акторкі адмовіліся ад удзелу праз рызыку кар’ерай (што і здарылася з Анатолем Катом, які сыграў намміністра абароны).

З іншага боку, Грушка прыгожа цалуецца і, бачна, вельмі дапамагае Вінсэнту на здымачнай пляцоўцы (у тым ліку і ў інтымных сцэнах), як бы наігрывае яго на сябе, разнявольвае. Тут бачыцца знак для прымхлівага мастацтвазнаўцы: Грушка грае Веру — беларуску з польскім акцэнтам і маці-полькай — якая спрабуе скіраваць Мірона на шлях змаганне за сваё, за нацыянальную годнасць. Так і Польшча, польская здымачная група, польскі рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч з беларускімі каранямі з-пад Баранавічаў, што дапамагаюць у стварэнні (ствараюць!) фільма “Жыве Беларусь!” — тым самым дапамагаючы разбудзіць краіну, яе людзей і натхніць свет, паглядзець на праблемы ўнутры нашай краіны. Да слова, гэта першы фільм з аголенай Катарынай Грушкай, які пабачыць, як польскі, так і еўрапейскі глядач. Дарэчы, як і з аголеным Вінсэнтам — таксама.

З польскім акцэнтам

Пра мову фільма варта казаць асобна. З аднаго боку, вельмі выбівае з мастацкай рэчаіснасці польскі акцэнт, які сустракаецца практычна ва ўсіх польскіх актораў. Моцны акцэнт і ў самой Грушкі. Хаця аўтары пераконваюць, што гэта ўвогуле цуд, што за такі кароткі прамежак часу акторка — што ўвогуле ніколі не чула беларускую мову! — навучылася размаўляць па-беларуску, і што амаль неверагодна для полькі — вымаўляць нашае “л”. Аднойчы яна і ўвогуле пераходзіць на расійскую (недагляд?) — пры размове з гэбістамі. Зрэшты, гэты падзел акурат можна высакародна патлумачыць: з чужымі — па чужому, каб мовы сваёй аб іх не пэцкаць.

А напраўду, чым, уласна кажучы, акцэнт польскі горшы, прыкладам, за расійскі, якім папросту перапоўненае беларускае дый і беларускамоўнае кіно? Нічым. Хіба што да першага мы больш звыклыя. І тое зусім не ўсцешнае апраўданне.

Таксама цікава аздабляе, дадае каларыту фільму і трасянка. Часам ёй робяцца празмерныя смайлікавыя акцэнты, што таксама выклікае сумневы і крыху выкідвае па-за экран. Асобныя сцэны папросту знятыя ў розных адчуваннях гумару — недзе іронія, чорны гумар, гратэск, недзе папросту даходзіць да фарсу (як са сцэнай рэканструкцыі падліку галасоў — гэта хутчэй цягне на асобны стылістычна вывераны мініфільм унутры самога фільму), а недзе чысты абсурд, нагняцёнка і жах. І ўжо зусім не смешна. І ўсё яго чаргуецца і скача.

Усё гэта ёсць і ў беларускай рэчаіснасці. Толькі на экране абсурд і жах больш відавочны, без паўценяў, чорна-кантрастны. І той кантраст — што дзіва — аднабаковы.

Для каго фільм?

Першы глядач — унутраны беларус, які сам прайшоў праз Плошчу. Гэта, бадай, самы крытычны глядач. Яму будзе рэзаць вочы наравістая празмернасць, перабольшванне, перагруз ідэалагічнай атрыбутыкай, сярпамі-молатамі, помнікамі правадырам і вяшчаючымі галовамі ў тэлескрынях. Для яго гэта — у лоб. Унутраны беларус немінуча будзе параўноўваць фільм са сваімі досведам і жыццём, са сваёй Плошчай. І гэта — памылкова. Але будзе — так.

Другі глядач — вонкавы беларус, які жыве паводле показкі: “Я б хацеў жыць у Беларусі, якую паказваюць у тэлевізары”, для яго фільм станецца адкрыццём, той самай нечаканай праўдай, калі той, вядома, здолее расплюшчыць вочы, каб стужкі даглядзець — няхай не прыняць — але зразумець, паспрабаваць паверыць.

Трэці глядач — замежннік, патэнцыйны суперажывальнік беларускага, для якога падзеі фільма ці чыстай вады экзотыка (далёкія еўрапейцы) і яны асабліва нічога і не ведаюць пра Беларусь, ці наша гісторыя для іх — адна з непажаданых перспектываў развіцця яго краіны, якой не палёсіла спраўдзіцца (так, прыкладам, будуць глядзець фільм палякі, чэхі — глядзець з паразуменнем і усцешанасцю уздыхаць, што іх, дзякуй Богу, гэткі лёс мінуў), глядзець, як старэйшыя браты, што мусяць працягнуць руку дапамогі…

Чацвёрты глядач — вайсковая публіка. Пры чым як прафесійныя вайскоўцы, так і ўсе, хто папросту прайшоў праз войска, альбо чые сыны альбо хлопцы праз яго прайшлі.

Пяты — самы цікавы глядач — чынавенства. Ад яго і варта чакаць першых рэакцый, вядома, на “забарону”. Шкада і сумна — фільм зняты для кінатэатраў, у якіх яго не пакажуць. Для беларускіх кінатэатраў.

“Мне будзе балюча, калі я пагляджу…”

“Я паглядзела трэйлер і не хачу гэта бачыць, бо я расстроюся, буду перажываць, успамінаць і плакаць, мне будзе балюча, калі я пагляджу..” — сказала мне беларускамоўная полька Вераніка.

“Нават калі так — абавязкова паглядзі!” — адказала ёй. Я, прыкладам, плакала. Першы раз, калі радавы Шэры адмовіўся даваць прысягу і Зампаліт (Аляксандр Малчанаў, брава!) адказаў яму так, што было зразумела — радавы падпісаў сабе прысуд. І магчыма — смяротны. І менавіта на словах, прамоўленых Зампалітам, я расплакалася і незалюбіла яго. Другі раз я заплакала, калі гераіня Вера трапіла за краты і за ёй у халоднай камеры-адзіночцы — вырачанай, прыніжанай, дрыготкай, але адважнай, моцнай маленькай жанчынай замкнуліся кратаваныя дзверы. Трэці раз — вядома, гэта была сцэна Плошчы, знятая больш чым праўдападобна.

А як няпроста было сабраць людзей, менавіта беларусаў, для масавых сцэнаў, але яны сабраліся. Няхай і былі потым памножаныя кампутарам. І няхай сцэны тыя здымаліся на варшаўскіх пляцах, а потым накладаліся на панарамы мінскіх плошчаў. І няхай. Я плакала. І думаю, вы, унутраныя беларусы, таксама — будзеце...

Беларусь як перабольшванне

Увага да дэталяў і іх колькасці можа падацца празмернай, зачастая фіксацыя камеры на гратэскных плакатах, дэталях вопраткі, усугублена-савецкі дэкарацыях. Перанасычанасць атрыбутыкай: плакаты, помнікі, бюсты правадыроў, што адсылаюць нас да засавецкіх часоў. Гэткі канцэнтраваны СССР у межах адной зоны, гэткі музей савецкага перыяду. Гіпербала месцамі даведзеная да абсурду. Зрэшты, гэта і ёсць мастацкі прыём, які спрацоўвае. І перагібы здольны пабачыць хіба што ўнутраны беларус.

Што ж да гледача вонкавага, замежнага, ён папросту мусіць мець арыенціры Беларусі. Каб не зблытаць яе з сучасным Кіевам, Масквой ці Варшавай. Цяпер дакладна не зблытае. І фільм — гэта не жарт! Ужо ёсць дамоўленасць! — будзе паказвацца польскім школьнікам у якасці прыкладу функцыянавання мадэлі камунізму.

Але часам перагібы настолькі юнача-максімалісцкія і парыўныя, што выклікаюць замілавальную ўсмешку, як у моманты, калі “салдацкі дзённік” (а па сутнасці — блог) Мірона прыцягвае неверагодную ўвагу і суперажыванне ў моладзі, што тая адгукаецца рэвалюцыйнымі хваляваннямі, акцыямі салідарнасці, падтрымкі і ледзь не рэвалюцыяй, што нават на кампутар. Намесніку міністра абароны (Анатоль Кот) у выглядзе наццыянальнага віруса прыходзіць спам-банер “Размаўляй па-беларуску!” (такія маштабы салідарнасці!), што і штурхае яго — натуральна, загадам зверху — на выданне прысягі па-беларуску.

З прысягай увогуле асобная гісторыя. Гісторыя Змітра Жалезнічэнкі, які паслужыў прататыпам салдата Шэрага, які адмаўляўся прысягаць па-расійску і прысягаць на імя прэзідэнта. Шэры адзіны, хто ў фільме ўвасабляе стоаадсоткавага змагара-ахвяру, паўстае супраць сістэмы ад самага пачатку: за што яго макаюць у талчок, зневажаюць як толькі можна, заміхваюць у рот і змушаюць жэрці старонкі “Нашай Нівы” і “Народнай волі”, а потым збіваюць да (паў)смерці… Менавіта з яго вуснаў мы чуем галоўны мэсыдж: “Будзеш баяцца — будзеш заўсёды па срацы атрымліваць…” — гэтыя словы адрасаваныя Мірону.

Але фінал фільма падказвае, што калі і не будзеш баяцца — атрымаеш, і яшчэ мацней, ды так, што могуць зламаць табе не толькі рэбры, але і жыццё. І не толькі табе, але і тваім родным. Мірон пачынае, як можа, змагацца з сістэмай і несправядлівасцю… І ў тым ён застаецца верным сабе і сваёй свабодзе, але менавіта несправядлівасць, увасобленая ў сістэму, — перамагае.

Перспектывы

Бадай, не выпадае казаць пра камерцыйны поспех стужкі. Але можам — пра поспех фільму як справы, як учынку. “Жыве Беларусь!”, што да ўдзелу беларусаў па сутнасці — місія. У яго ўкладаліся грошы, каб не атрымаць іх назад. Польскі інстытут кінамастацтваў, Міністэрства культуры, рэжысёр хацелі дапамагчы беларускай культуры і справе.

Беларусы рабілі ўсё, што маглі, для гэтага фільма, у бальшыні сваёй на валанцёрскіх пачатках, калі не браць пад увагу актораў адмыслова адабраных на ролі. Рэжысёр Кшыштаф Лукашэвіч хоць і паляк, беларус з паходжання і ў душы. Але мае польскі пашпарт, як, зрэшты, і польскае бачанне беларускай гісторыі. Трошкі зверху, крыху паблажлівае, але ў шчырым жаданні дапамагчы — зноў жа як старэйшы брат брату малодшаму. Зрэшты, чаму не? Калі пры тым яшчэ ёсць магчымасць прагучаць у культурніцкай і палітычнай еўрапейскай прасторы — новым экзатычным і першым.

Паглядзеўшы гэты фільм, прыемна ўсвядоміць, што мы сапраўды маем актораў еўрапейскага класу: Анатоль Кот, Алесь Малчанаў, Дзяніс Тарасенка, Алег Сідорчык, Раман Падаляка. Роля апошняга, відавочна, на мантажы была парэзаная, ад таго персанаж выйшаў не дарэшты раскрытым. Але і з таго, што мы маем, магчыма ацаніць маштаб і далейшыя перспектывы ўжо склаўшагася, хоць яшчэ і маладога, беларускага актора. Дай Бог, каб іх, нашых, заўважылі цяпер і еўрапейскія рэжысёры і далі ім далейшую дарогу і рэалізацыю. Бо цяжка жыць і спраўджвацца з такім талентам і гэткай пазіцыяй на тэрыторыі краіны, дзе ўсё на далоні. Сапраўдным патрыятычным крокам удзел у фільме быў для Анатоля Ката, з якім ужо адмовіліся працаваць беларускія студыі. Хлопцы рызыкавалі — і дзякуй ім за гэта.

Таксама немагчыма не адзначыць унёсак сцэнографа Анджэя Галінскага і аператара Вітальда Стока — іх праца зроблена настолькі прафесійна, што застаецца папросту незаўважнай, усё так натуральна і не выклікае ніякіх лішніх пытанняў.

Музыка больш чым аздабляе фільм, задае ягоны мелас, падказвае гледачу герояў і іх учынкі… Кампазіцыі Лявона Вольскага (вось з кім не прагадалі) няслаба дапамаглі стужцы. Уразілі нават не столькі песні (хаця, безумоўна і яны), колькі папросту музычныя трэкі (напрыклад, той, што граў пад час уцёкаў Мірон з выбарчай камісіі, дзе той зняў на мабільнік фальсіфікацыю — трывожная да дрыжыкаў і прадчуванняў музычная тэма). Песні ж абавязкова засядуць у галовах — і будуць там круціцца:

Для генерала краіна — вайна.
Для нефармала краіна — чума.
Для радыкала краіна — турма.
Але для большасці краіны няма.

“Жыве Беларусь!” моладзевы палітычны трылер для неабыякавых. Фільм цяжкі і гарачы, і малады, фільм — для маладых. Безнадзейна-беспрасветны фінал, калі кагосьці і зможа ўзрушыць і падняць на дзеянне, то хіба адрэналінавых наркаманаў, якія гатовыя змагацца супраць несправядлівасці на злом галавы, ахвяруючы ўсім — жыццём, кар’ерай, каханнем, роднымі. Альбо. Адрэналін, злосць, абуранасць, што накапіліся цягам фільму — узрушаць вельмі маладых. І гарачых. Зрэшты, ім ён і адрасаваны… Яны ў такой справе і патрэбныя.

Фінал абяцае працяг, ёсць у ім і знак пытальніка. Невядома што будзе далей з той моладдзю, што вырвецца з клеткі на свабоду. Ці здольны будзе посткамуністычны рэжым яе прыдушыць і звязаць ёй крылы?

А па вялікімі рахунку — “Жыве Беларусь!” — фільм вельмі патрэбны для Беларусі. Верагодна, фільм залічаць да экстрэмісцкіх, — ад чаго яго захоча пабачыць яшчэ болей людзей. Дакладна — ён выкліча скандал, бо гэтае кіно — нарэшце пра нас, наша кіно, чаканая нечаканка, бомба жывой Беларусі.

Канчатковы рахунак — Мірон-Сістэма: 1:0. Але працяг будзе. Сустрэнемся — на закрытых праглядах.

ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ ПРА ФІЛЬМ

Квіток у польскіх кінатэатрах на фільм “Жыве Беларусь” каштуе ад 10 да 30 злотых.

Масоўка ў войску здымалася ў рэальнай вайсковай частцы ў Польшчы. Збольшага гэта салдаты. Ім страшэнна не хацелася апранаць кірзачы і парцянкі. Яны вельмі мучыліся, бо ў польскім войску ўсё інакш.

На ахове КПП, дзе здымаліся сцэны вайсковай казармы, стаялі хлопцы з прыватнай фірмы.

Для здымак давялося адмыслова пабудаваць прыбіральні з нуля ў самім КПП, бо нідзе ў Польшчы такіх дапатопных клазэтаў не было. Нават загаджваць тыя прыбіральні давялося адмыслова — рэжысёры з дружнай кампаніяй беларускіх актораў з гэтым справіліся.

Фільм ужо атрымаў невялікія ўзнагароды (журы чэшскага кінафэсту «Fabiofest» уганаравала стужку 2-м месцам). Падчас прагляду журы плакала. Таксама запланаваны паказы фільма на іншых еўрапейскіх кінафестывалях.

У фільме Франак Вячорка сыграў невялікую ролю — беларускага міліцыянта.

Першапачатковы сцэнар быў напісаны на падстве інтэрв’ю Франака Вячоркі, якое той даў польскаму журналісту, які, у сваю чаргу, нават хацеў судзіцца з рэжысёрам, бо менавіта паводле яго інтэр’вю быў створаны першы варыянт сцэнара.

Мацюкі для фільма аўтары прыдумлялі самі.

Канчатковы бюджэт карціны невядомы. Але замоўлена было каля 1,8 млн даляраў. Каля 500 тыс. з іх пайшло на камеру. Набылі "Алексу" — на той час, калі ішлі здымкі, яна была адной з найлепшых камераў у Еўропе для здымак кіно. Толькі праз год з’явілася новая камера ад Sony.

Галасамі дыктараў БТ з гледачамі гавораць журналісты і вядоўцы радыё "Свабода" — Аляксей Знаткевіч і Алена Ціхановіч, — а таксама дыктары Белсата.

Шчыты і ўсё аздабленне выраблялі па макетах на ліцейным заводзе ў Польшчы, па адмысловай замове. Аказваецца, мігалкі і некаторыя прыстасаванні для беларускай міліцыі вырабляюць у Польшчы, на заводзе ў Белай-Падляшскай.

Плакаты Франак самаручна купляў у Ваенгандлі, тлумачыў свае закупы патрэбай іх для фільма пра расійска-беларускія вучэнні “Запад — 2009” для “Беларусьфільма”.

Аўтары бачылі фільм ужо некалькі дзясяткаў разоў.

У сцэне Плошчы не выкарыстана ніводнага хранікальнага кадра. Тэхнічны бок: праз розніцу ў якасці, колерах, немагчыма было зрабіць каліброўку, каб сумясціць дакументальныя кадры Плошчы з адзнятым матэрыялам. Стваральнікі вымушаны былі карыстацца гіганцкім Green screen, які ёсць у Варшаве. Знялі сто чалавек, размножылі — і паставілі на фон плошчы Перамогі і Прывакзальнай плошчы.

Макеты, сцэнаграфія, аздабленне былі зроблены на падставе задакументаванага ў некалькіх вайсковых часцях — Чарнобыльская зона, Прыпяцкі запаведнік, куды аўтары нелегальна трапілі, вёска Канатоп на мяжы з Чарнобыльскай зонай, Мазыршчына, непасрэдна вайсковая частка Франака Вячоркі, і яшчэ некалькі іншых вайсковых часцей.

Форму, аздабленне вазілі праз мяжу. Вывезлі амаль 40 кг атрыбутыкі вайсковай і спецназаўскай, якую потым распрадалі ў адмысловыя крамы.

Увесь здымачны перыяд склаў каля двух месяцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?