Грамадства1111

Адстаўны падпалкоўнік міліцыі, які адсудзіў кватэру ў роднай дачкі, расказаў сваю версію гэтай гісторыі

Бабуля, якая падарыла ўнучцы кватэру, у судзе сказала, што не памятае, як падпісвала паперы. Натарыусу, які стаў на бок унучкі і казаў, што бабуля была адэкватная, не паверылі — брэсцкая фатографка Улада Тэмпераментава раней расказала пра свой боль у сацсетках. Цяпер Onliner пагаварыў не толькі з ёю, але і з яе бацькам. У яго — зусім іншая карціна. 

Улада Тэмпераментава

«Ці можаце вы ўявіць, што ў Беларусі, у горадзе Брэсце, родны бацька з бабуляй з дапамогай махлярскай схемы адсудзілі ў сваёй дачкі/унучкі кватэру? А мне і ўяўляць не трэба. Як гэта распаўсюдзіць, каб пра гэтую гісторыю даведалася як мага больш людзей?» — напісала ў сацсетках пра свой боль брэсцкая фатографка Улада Тэмпераментава.

Паводле слоў дзяўчыны, бабуля Антаніна падарыла ёй кватэру. Усё афіцыйна, праз натарыуса. Улада адзначае, што разам з мужам чатыры гады рабіла там рамонт з нуля: «Мы ўклалі ў рамонт каля 25 тысяч даляраў. Ніхто, акрамя нас, там не жыў».

«Натарыус у судзе сведчыў, што прыкмет заблытвання або прымусу не было, бабуля сама запісалася на прыём і выразна выказала жаданне падарыць кватэру. Аднак суд не прыняў гэтыя аргументы», — распавядае брэстчанка.

Суд прызнаў дарэнне несапраўдным, а значыць, кватэра — ужо адрамантаваная — вернецца бабулі. 

Расповед Улады раней пераказвала «Наша Ніва».

Цяпер Onliner даў бок яе бацькі — падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Яраслава Тэмпераментава. Праўда, выданне яго імя не называе і фота не паказвае.

Гісторыя са слоў бацькі

Яраслаў, бацька Улады, адразу згаджаецца распавесці гісторыю са свайго боку. І яго версія значна адрозніваецца ад версіі дачкі.

— У мяне ёсць тысячы ролікаў з маленечкай Уладай, я вёў хранаметраж нашага жыцця, — сцвярджае Яраслаў. — Я яе выхоўваў, утрымліваў ва ўніверсітэце — гэта пацвердзіць яе былы жаніх. Бабуля ездзіла да яе ў Гродна, прала, прыбірала. А маршрутчык пацвердзіць, што я ёй кожны тыдзень перадаваў у сумках па 50 кг ежы. Мы аддалі ёй усю душу.

У 2019 годзе я з’ехаў працаваць за мяжу — Германія, Польшча, Расія, Нарвегія, бо была мэта купіць кватэру. У тым жа годзе пазнаёміўся са сваёй жанчынай, з якой жывём дагэтуль. Маме я паставіў задачу: «Пакуль я не ў Беларусі, ты шукай мне кватэру».

Яраслаў коратка апісвае вясельны канфлікт. Яго абурыў той факт, што на сустрэчы-знаёмстве сем’яў мама Улады была з мужчынам, які нібыта «прадстаўляў бацьку».

— Мяне гэта абурыла. Тэлефаную Уладзе: «Табе не сорамна перада мной?» Адказ: «Не, не сорамна». У выніку яна мяне на вяселле не запрасіла, на вяселлі дачкі я так і не быў. Выгадаваўшы яе. Усе мае сябры, калі даведаліся пра гэта, былі не тое што абураныя, яны прыйшлі проста ў шокавы стан.

Ну, натуральна, я ёй сказаў, што больш для мяне яна не існуе, і на гэтым нашы зносіны скончыліся.

Што адбываецца далей? Мужчына дакладна прагаворвае інфармацыю пра тое, што, знаходзячыся за мяжой, «даў грошы сваёй маме, каб яна купіла кватэру».

— Улада казала, што кватэра была купленая за бабуліны грошы ад продажу мінулай кватэры. Не, гэта абсалютная хлусня. Так, палюбоўнік маёй былой жонкі купіў нашу старую кватэру, бацькоўскую, у якой я зрабіў шыкоўны рамонт. Маці аддала яе за $33 000. Гэтыя грошы сышлі на ўтрыманне аўтамабіля, на рамонт у доме, на ўтрыманне ўнучкі. З гэтых грошай засталося $7000. Астатнія грошы на куплю даў сваёй маці я.

Я кажу: «Мам, купляем кватэру, няхай пакуль будзе на табе аформленая». Мне няма чаго баяцца, я адзіны спадчыннік. Грошы даваў я, менавіта я.

Паводле слоў Яраслава, у новых метрах ён планаваў жыць са сваёй жанчынай, але мама прапанавала пераехаць у дом, а ў кватэры пакуль даць пажыць унучцы. Так і зрабілі.

— Я планаваў яшчэ з годзік пакатацца, каб прывезці трохі грошай, каб, як кажуць, зрабіць рамонцік, памяняць машыну. Пагаварыў з мужам Улады. Кажу: давайце так, па-мужчынску, станавіцеся ў чаргу. Кажу: чым зможам, дапаможам. Потым, калі я прыехаў, яны так і не вызвалілі кватэру.

Потым пачаўся каранавірус. Мама Яраслава, будучы сардэчніцай і чакаючы аперацыю на сэрцы, яшчэ і захварэла на кавід. Мужчына падкрэслівае:

— Сардэчнікі стаяць на першым месцы сярод людзей, якія паміраюць ад кавіду пасля 70 гадоў.

У той момант мая дачка працавала ўрачом агульнай практыкі і часта была ў чырвонай зоне. Ведала статыстыку, усё разумела. 2 студзеня 2022 года памерла мая родная цётка. І дачка, разумеючы, што бабуля таксама можа, прабачце, аддаць душу арханёлу, стала прыязджаць да яе кожны дзень.

Паперу з тастаментам, складзеную год таму, Яраслаў знайшоў выпадкова ўжо пасля інсульту маці.

— Яна заплакала, кажа: «Хачу папрасіць у цябе прабачэння». Ну і маці распавяла мне ўсю праўду, што Улада ўгаворвала яе тайна ад мяне падпісаць завяшчанне. Пераконвала, што мая жанчына ў нас усё забярэ. Я кажу: «Мам, ну як ты магла паверыць? Я ж шанаваў вас з бацькам як багоў».

Кажу: «Ну я ж выдатны сын, за што ты так паступіла?» Затым паехаў у псіханеўралагічны дыспансер, напісаў заяву, выклікаў брыгаду, каб пацвердзіць, што маці можа даваць ацэнку сваім дзеянням. На падставе гэтага дакумента заказаў натарыуса на дом. Выклікаў Уладу і сказаў ёй: «Будзь дастойнай, папрасі прабачэння перада мной, і потым наладзім адносіны». У мяне яшчэ ёсць два сыны (ад іншых шлюбаў. — Заўв. Onlíner), якія таксама хочуць нейкі кавалачак спадчыны.

Паводле слоў мужчыны, пра дагавор дарэння стала вядома пазней, калі ён папрасіў дачку з’ехаць з кватэры. Яраслаў зноў звярнуўся з пытаннем да маці.

— Мама сказала: «Я на Бібліі табе клянуся, што ніякага дагавора дарэння я ёй не рабіла. У нас быў з ёй толькі адзін дагавор на спадчыну».

Я ўжо па сваіх, скажам так, сувязях даведаўся, што сапраўды ў 2022 годзе па дадзеным адрасе была зарэгістраваная мая дачка на падставе дагавора дарэння.

Ну а далей — пазоў і суды:

— Пачалося самае цікавае. На пытанне суда, якія дакументы Улада ў натарыуса забрала сабе, яна адказала: каб пра здзелку не даведаўся біялагічны бацька, яна забрала сабе ўсе дакументы, у тым ліку бабулін асобнік дагавора дарэння. Гэта парушае правы дарыцеля, бо, прыйшоўшы дадому, мая маці магла сесці, спакойна прачытаць усе дакументы і зразумець, што яна падарыла кватэру.

Пра выдаткаваныя на рамонт грошы ў мужчыны таксама свае звесткі. Ён сцвярджае, што сумы Улада заўсёды называла розныя: ад $10 000 да $25 000. Пры гэтым ранейшы рамонт ён лічыць абсалютна прыдатным для жыцця.

Цяпер, калі суды прайшлі, і Яраслаў атрымаў сваё, ён усё яшчэ згадвае пра дачку эмацыйна:

— Калі я паказаў маці пост у Threads, у мяне здарыўся гіпертанічны крыз. Затым яны выклалі ролік, у якім абвінавачваюць нас у махлярстве. Я, знаходзячыся на кухні, пачуў крык і плач маці. У яе пачаўся прыступ, выклікалі хуткую. Маці не магла супакоіцца, усю ноч плакала. На наступны дзень яна ўпала ў кому і цяпер знаходзіцца ў бальніцы. У яе зноў інсульт, яна практычна ў непрытомным стане, маўленне знікла поўнасцю, рот скрыўлены. За давядзенне маці да такога стану мы, магчыма, будзем падаваць на завядзенне крымінальнай справы.

На момант публікацыі бацька гераіні звязаўся з Onlíner і паведаміў, што «скарга ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Вярхоўнага суда вернутая без разгляду, справа накіраваная ў першую інстанцыю».

Каментарый юрыста

Як пісьменна падрыхтавацца да заключэння дагавора дарэння, распавяла юрыст Таццяна Равінская:

— Дарэнне кватэры — гэта здзелка, па якой уласнік кватэры, гэта значыць дарыцель, бясплатна перадае яе іншай асобе — адоранаму (ч. 1 п. 1 арт. 543 ГК). Дагавор дарэння павінен быць складзены ў пісьмовай форме, засведчаны і зарэгістраваны. Таксама павінен быць зарэгістраваны пераход права ўласнасці на кватэру ад дарыцеля да адоранага (ч. 1 п. 1, п. 3 арт. 545 ГК).

Нярэдкія выпадкі, калі такія ўгоды могуць быць прызнаныя несапраўднымі судом па патрабаванні зацікаўленай асобы, калі яны парушаюць закон ці правы трэціх асоб. Напрыклад, дагавор дарэння нерухомасці можа быць прызнаны несапраўдным, калі такая здзелка здзейсненая:

— недзеяздольным чалавекам;

— пад уплывам зману;

— пад уплывам падману, гвалту, пагрозы, зламыснага пагаднення прадстаўніка аднаго боку з іншым бокам ці ў выніку збегу цяжкіх абставін.

Статус дарыцеля — гэта першае, на што трэба звярнуць увагу пры заключэнні дагавора дарэння, асабліва калі дарыцелем з’яўляецца чалавек пажылога ўзросту. Стандартнай мерай засцярогі, якая пацвярджае адэкватнасць дарыцеля, з’яўляецца атрыманне даведкі з псіханеўралагічнага і наркалагічнага дыспансераў.

Нельга ўплываць на дарыцеля ў перыяд падрыхтоўкі да здзелкі, яго волевыяўленне павінна быць добраахвотным і свабодным, і, вядома, ён не павінен памыляцца наконт прыроды здзелкі.

Важна звярнуць увагу, ці ёсць у дарыцеля іншае месца жыхарства, улічваючы адчужэнне ім жылога памяшкання, а ў выпадку яго адсутнасці — вырашыць пытанне аб захаванні за ім права карыстання ў дадзеным памяшканні.

Калі дарыцель у сілу свайго ўзросту ці іншых асаблівасцяў адчувае цяжкасці ў канчатковым напісанні ці прачытанні дакумента, лепш запрасіць на заключэнне здзелкі незалежнага сведку.

Каментары11

  • И
    18.02.2026
    Не верю
  • Filipp
    18.02.2026
    И, Так, я таксама не веру версію дачкі.
  • Ваўкалак
    18.02.2026
    "А маршрутчык пацвердзіць, што я ёй кожны тыдзень перадаваў у сумках па 50 кг ежы."
    Далей гэтую брахню можна не чытаць.

Цяпер чытаюць

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы16

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская вітала ўвядзенне Зяленскім санкцый супраць Лукашэнкі3

Беларус зрабіў вінтажны рамонт у 178‑гадовай кватэры ў стылі «бабушатнік» і робіць на ёй бізнэс. Паглядзіце, як выйшла7

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць Лукашэнкі33

Улады Швецыі лічаць Расію галоўнай пагрозай

Уначы тэмпература апускалася да мінус 28°С

Школьнік спалохаўся, што ў Беларусь прыляцяць дроны, і аддаў кур'еру $30 000. А той схаваў грошы ў падштаннікі2

У Беларусі пакажуць расійскую кінаагітку — здымалі ў Крыме, Данецку і Марыупалі14

Адзінаццацікласнік мінскай школы скончыў жыццё самагубствам4

Сем тысяч еўра на патрэбы сям'і Паўла Севярынца сабралі за лічаныя гадзіны5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы16

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць