Грамадства1515

На арганізатара прытулку для бяздомных завялі крыміналку за «незарэгістраванае грамадскае аб’яднанне»

Такога наўмысна не прыдумаеш. У вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна мясцовы вернік Аляксей Шчадроў адкрыў дом міласэрнасці для «пакінутых і абяздоленых». Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу па артыкуле 193.1 КК «Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці».

Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту тэрмінам да шасці месяцаў ці пазбаўленнея волі на тэрмін да двух гадоў.

Сам Шчадроў кажа, што ён проста дапамагае людзям, да якіх няма справы дзяржаве:
«Мы адкрылі першы дом міласэрнасці 1 снежня 2011 года. Затым для патрэбаў дома міласэрнасці мы набылі яшчэ два будынкі ў Аляксандраўцы — нам іх саступілі танна, за 500 ды 700 даляраў».

Ад таго часу ў доме міласэрнасці пабывала 97 чалавек.
Паводле словаў Шчадрова, сюды прыходзяць не толькі бяздомныя. Праходзяць рэабілітацыю і тыя, хто нядаўна вызваліўся з турмаў. Прыязджаюць нават людзі, у якіх узніклі складанасці ў сям’і… Звычайна людзі праводзяць у доме міласэрнасці некалькі месяцаў, а потым хтосьці знаходзіць працу, хтосьці вяртаецца ў сям’ю. Ёсць і тыя, хто, перазімаваўшы, вяртаецца да ранейшага ладу жыцця.

«Была, напрыклад, жанчына з дзіцём, — расказвае спадар Аляксей. — Яна грукалася ў манастыры, але ёй адмаўлялі ў дапамозе. Прыйшла ў дом міласэрнасці — мы яе накармілі, дапамаглі з аддзеннем. Яна сказала «дзякуй» і пайшла далей. Цяпер у нас жыве чалавек, які прыехаў з Ваўкавыскага рэабілітацыйнага цэнтра — там ён знаходзіўся пасля вызвалення з турмы. Ён кажа, што з’ехаў адтуль, бо там рэжым, што ў той турме. А з Аляксандраўкі з’язджаць не хоча — падабаецца яму тут».

Шчадроў кажа, што

людзі праходзяць рэабілітацыю з дапамогай працы і малітвы. У дома міласэрнасці ёсць свая гаспадарка: гароды, куры, козы, свінні. Дапамагаюць дому міласэрнасці вернікі розных канфесій.
«З рамонтам дамоў дапамог мясцовы фермер. Ён і прадукты прывозіць часта», — кажа Шчадроў.

«Для малітваў мы зладзілі невялікую капліцу імя маці Тэрэзы. У ёй службу праводзіў гродзенскі ксёндз Аляксандр Шэмет. І я бачыў, як людзі мяняюцца ў лепшы бок, як яны адкрываюцца Богу».

Аднак менавіта рэлігійны кампанент дзейнасці дома міласэрнасці, як сцвярджае Шчадроў, стаў дамінантай у справе супраць яго.

«Чыноўнікі ведалі пра дом міласэрнасці. Упершыню прыехалі 10 снежня 2011 года. Там былі і са шчучынскай міліцыі, і з сельсавета. Казалі, што трэба рэгістраваць аб’яднанне. Але я адказаў, што не буду з імі сварыцца, а буду далей маліцца Богу ды дапамагаць людзям.

Але праз нейкі час, ужо пасля стварэння капліцы, адзін з жыхароў дома міласэрнасці расказаў міліцыі, што ў прытулку «моляцца».
Тады ўжо прыехалі людзі з КДБ, прыехаў пракурор, Ігар Папоў з аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гарадзенскага аблвыканкама.

Тады канфіскавалі ўсю нашу літаратуру, у тым ліку Бібліі. Вазілі іх на экспертызу ў Гродна, затым у Мінск. Нічога нелегальнага не знайшлі, аднак па мясцовым тэлебачанні і радыё паказалі, нібыта ў вёсцы Аляксандраўка выкрылі і разагналі дэструктыўную секту.

Праз гэту сітуацыю мы страцілі нашага святара. Папоў мае на ксяндза Аляксандра Шэмета зуб, бо той у 2006 годзе ў Гродна зладзіў галадоўку пратэсту — улады не дазвалялі пабудаваць касцёл. Таму Папоў пайшоў да біскупа, і біскуп у лютым гэтага года забараніў Шэмету праводзіць у нас службы. Цяпер біскуп кажа, што дазволіць святарам у нас ладзіць набажэнствы, толькі калі афіцыйна зарэгіструем рэлігійную суполку. Таксама сказалі нам да таго часу капліцу ператварыць ізноў у спальны пакой», — кажа Шчадроў.

Пакуль крымінальная справа знаходзіцца ў распрацоўцы, дзейнасць дому міласэрнасці ў Аляксандраўцы не спыняецца, а Аляксей Шчадроў кажа, што будзе спрабаваць афіцыйна зарэгістраваць дабрачынную арганізацыю.

«Нас падтрымліваюць людзі, падтрымлівае і Касцёл. Нунцый Гуджэроці цёпла выказваўся пра дом міласэрнасці ў Аляксандраўцы. Ёсць чалавек, які ўзяўся дапамагчы са зборам дакументаў і працэдурамі, бо я далёкі ад усяго гэтага. Мне прасцей падабраць абяздоленага, абмыць яго, накарміць. Трэба дапамагаць такім людзям, бо дзяржава імі не займаецца».

Выканаўца абавязкаў старшыні аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Скрабко адмовіўся каментаваць сітуацыю вакол дома міласэрнасці ў Аляксандраўцы. «Толькі рашэнне суда канчаткова вызначыць, чым насамрэч з’яўляецца гэты прытулак. Да гэтага моманту рана нешта заяўляць», — паведаміў ён.

У Следчым камітэце справу Шчадрова таксама не каментуюць.

Каментары15

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць27

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць

Усе навіны →
Усе навіны

Фельчар Арсень з праблемамі слыху з мінскай бальніцы хуткай дапамогі спявае на мове жэстаў і скарае сацсеткі ВІДЭА2

Эвакуяваны з Беларусі Аляксей Санчук — барабаншчык пратэстаў-20201

«Парк медыцыны» з'явіцца ў Партызанскім раёне1

УСУ нанеслі ўдар па складзе Wildberries пад Уладзімірам1

Ратавальнікі знайшлі цела альпініста Нірмала Пурджы. Ён загінуў пад лавінай у Пакістане

У Белгарадзе пасля атакі дронаў гарыць універсітэт, дзе распрацоўвалі беспілотнікі

Навукоўцы назвалі самыя несумленныя краіны свету. Еўрапейцам і тут ёсць чым ганарыцца7

Джаан Роўлінг даслала кнігу з аўтографам украінскаму вайскоўцу, які ў палоне пераказваў іншым «Гары Потэра»

У Адэсе мужчына адкрыў агонь па вайскоўцах ТЦК, чацвёра параненыя5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць27

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць